Вы тут

Як на АНТ праходзіць кастынг вядучых


Спачатку іх было каля 300, вочнае сумоўе прайшлі 70, а на этапе імітацыі прамога эфіру ў студыю трапіла ўсяго 30 чалавек. Усе яны — удзельнікі кастынгу вядучых на АНТ.


Нагадаем, яшчэ на пачатку восені тэлеканал абвясціў, што шукае новых вядучых — мужчын ва ўзросце 30+, з вышэйшай адукацыяй, добрай дыкцыяй і выдатным веданнем рускай і беларускай. Адгукнуліся некалькі соцень чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі. Сярод кандыдатаў — як больш-менш публічныя асобы (акцёры, вядучыя мерапрыемстваў, журналісты рэгіянальных тэле- і радыёкампаній) так і далёкія ад мас-медыя інжынеры, эканамісты, дзяржслужачыя, былыя вайскоўцы, якія вырашылі адкрыць новую старонку ў жыцці.

«Гэта вядучы канал краіны, які ўвесь час развіваецца, — і я хачу ісці разам з ім, каб знаходзіцца ў авангардзе гэтага руху, — прыгожа фармулюе сваё імкненне на экран вядучы і акцёр Аляксандр Серыкаў. — Няхай гэта прагучыць крыху самаўпэўнена, але спадзяюся, што навіны я перарасту і змагу весці, напрыклад, вячэрняе забаўляльнае шоу. Энергетыка прафесіяналізму адразу захоплівае, і я зрабіў менш памылак, чым мог бы, — асобны дзякуй за парады, над чым яшчэ варта працаваць».

Мінск, Брэст, Мазыр, Гомель, Ліда, Маладзечна, Віцебск — у кадры з'яўляюцца жыхары розных гарадоў, і кожны чымсьці па-свойму прываблівае. «Мне падабаецца голас», «Затое папярэдні ніводнага разу не памыліўся ў прозвішчах і назвах», «Дзяўчаты, гэты кандыдат дакладна павысіць рэйтынгі нашага канала!» — нават шкада, што ўдзельнікі кастынгу не чулі перамоў вопытных тэлевізійнікаў у рэжысёрскай, магчыма, хваляваліся б нашмат менш. Тым, хто механічна чытае тэкст з суфлёра і ніяк не можа «ўключыць харызму», дапамагае кіраўнік дырэкцыі ранішняга вяшчання і вядучая «Нашай раніцы» Таццяна Рудакоўская: «Давайце паспрабуем разам. Не сутулімся, усміхаемся — на вас глядзяць мільёны!»

— Таццяна Вячаславаўна, каго наогул шукае АНТ?

— Разнастайныя, сучасныя мужчынскія тыпажы — не канкрэтнага чалавека пад канкрэтную праграму, а наогул новыя твары. Тым больш апошні раз мужчынскі кастынг на АНТ быў сямнаццаць гадоў таму, непасрэдна падчас стварэння тэлеканала (тады мы якраз знайшлі Аляксандра Аверкава і Аляксандра Сярэбранікава, якія для многіх сталі ўвасабленнем АНТ), і прыйшоў час уліць свежую кроў... Я думала, што будуць ісці ў асноўным выпадковыя людзі. Але ўжо на першым этапе аказалася, што тыя, хто даслаў анкеты, насамрэч матываваныя, і, маючы зусім розныя прафесіі, ад слесараў да спевакоў, у розныя перыяды жыцця яны так ці інакш праяўлялі сябе ў КВЗ, на сцэне, у мастацкай самадзейнасці, радыёэфіры — словам, маюць творчы вопыт. І вельмі прыемна адчуваць сябе датычнай да адкрыцця новых імёнаў, сярод якіх, магчыма, заўтрашнія зоркі тэлебачання. Нават калі яны не стануць новымі тварамі АНТ, хацелася б не згубіць сувязі ні з кім і так ці інакш задзейнічаць іх у новых праектах.

Кацярына Тумас-Цішкевіч на ўласным вопыце ведае, што такое прыйсці на тэлебачанне з іншай сферы, — настаўніца англійскай мовы, яна скончыла курсы вядучых, перш чым прайшла «баявое хрышчэнне» навінамі. «Падрыхтоўка вядучага патрабуе вялікага часу, і калі чалавек прыйшоў сюды сёння — гэта не гарантыя, што ўжо заўтра ён будзе ў эфіры, а першая прыступка на шляху», — заўважае яна і раіць патэнцыйным вядучым: каб запомніцца, вучыцеся падаваць сябе, эмацыянальна раскрывайцеся — аўдыторыя хоча бачыць не чалавека ў футарале, а таго, хто выклікае давер, мае не толькі прывабную знешнасць, але і ўнутранае напаўненне, харызму і пэўныя кампетэнцыі.

Дарэчы, кажуць тэлевізійнікі, па выніках кастынгу некаторыя ўдзельнікі могуць атрымаць запрашэнні не толькі на тэлеканал, але і ў студыю радыёстанцыі «Цэнтр FM», а таксама ў інтэрнэт-дырэкцыю, якая актыўна развіваецца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Хто апошні «ў тэлевізар»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?