Вы тут

Колькі прадуктаў закладзена ў стабілізацыйныя фонды


Харчовая незалежнасць дзяржавы ацэньваецца па дзесяці групах прадуктаў: збожжа, малако, мяса, цукар, алей, бульба, агародніна, садавіна і ягады, яйкі, рыба. Яны вызначаны ў зацверджанай Саветам Міністраў Дактрыне нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года. На практыцы клопат аб харчовай бяспецы жыхароў нашай краіны праяўляецца ў стварэнні стабілізацыйных фондаў. У Беларусі яны закладваюцца штогод.


Чым адрозніваецца бяспека ад незалежнасці?

Унясём яснасць у разуменне гэтых паняццяў. У адпаведнасці з вышэйназванай Дактрынай харчовая бяспека азначае стан эканомікі, пры якім незалежна ад уплыву кан'юнктуры міжнародных рынкаў і іншых знешніх фактараў жыхарам усёй краіны гарантуецца даступнасць харчавання ў колькасці, неабходнай для актыўнага і здаровага жыцця, спажыванне асноўных прадуктаў на рацыянальным узроўні.

Харчовая ж незалежнасць — гэта максімальная аўтаномнасць і эканамічная заможнасць нацыянальнай харчовай сістэмы, яе здольнасць прыстасоўвацца да кан'юнктуры сусветнага рынку пры рацыянальным выкарыстанні вытворчага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу і актыўнай знешнеэканамічнай дзейнасці.

Узровень — аптымістычны

Згодна з той жа дактрынай, харчовая незалежнасць дзяржавы можа мець некалькі ўзроўняў. Аптымістычным з'яўляецца ўзровень харчовай незалежнасці, дастатковы для забеспячэння патрэб унутранага рынку за кошт уласнай вытворчасці на 80-85 %, імпарту — 15—20 %.

Ёсць і недастатковы ўзровень харчовай незалежнасці. Гэта калі ўласная вытворчасць забяспечвае патрэбы ўнутранага рынку больш чым на 60 %, але менш чым на 80 %.

Хоць крытычны ўзровень нам не пагражае, але агучым і яго значэнне. Гэта той стан вытворчасці, ніжэй за які пачынаецца паслабленне эканамічнай бяспекі краіны. Пры гэтым спажыванне прадуктаў харчавання можа знізіцца да 2300—2800 кілакалорый на аднаго чалавека ў суткі, ці, інакш кажучы, пераходзіць на ўзровень простага ўзнаўлення народанасельніцтва. У нас, супакою, сёлета запасы харчавання адпавядаюць аптымістычнаму ўзроўню.

Кантроль за забеспячэннем спажывецкага рынку харчовымі таварамі ў міжсезонны перыяд ускладзены на аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Іх работу па стварэнні стабфондаў каардынуе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі. Сённяшняя публікацыя ў асноўным заснавана на інфармацыі, прадстаўленай яго ўпраўленнем арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання.

Не бульбай адзінай...

У сярэдзіне лістапада фарміраванне стабілізацыйных фондаў было завершана. У выніку закладзена 44,6 тысячы тон бульбы, 23,7 тысячы тон капусты, 12,5 тысячы тон морквы, 8,5 тысячы тон буракоў, 12,9 тысячы тон цыбулі, 13,4 тысячы тон садавіны. Мінскім гарвыканкамам таксама закладзена: свініны 600 тон, ялавічыны — 150 тон, сметанковага масла — 370 тон. Гэтыя аб'ёмы адпавядаюць узроўню мінулага міжсезоннага перыяду, за выключэннем цыбулі рэпчатай. Яе закладкі ў цэлым па краіне павялічаны на 8 %, у Мінску — на 20 %.

Адладжаны механізм

Працэс фарміравання і механізм выкарыстання стабілізацыйных фондаў у Беларусі дзейнічае надзейна ўжо не першы год. Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам штогод зацвярджаюць аб'ёмы і наменклатуру стабілізацыйных фондаў.

Які кантроль за рацыянальным выкарыстаннем запасаў? Захоўваць іх будуць 162 арганізацыі, з якіх 116 — сельгасвытворцы, 33 арганізацыі спажывецкай кааперацыі. Патрэба ў асноўных відах свежай агародніны, якія вырошчваюцца на тэрыторыі краіны, задавальняецца пераважна за кошт айчыннай вытворчасці.

Зноў жа аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам зацвярджаюць графікі штомесячнага выкарыстання стабілізацыйных фондаў, кантралююць іх выкананне. У выпадку зніжэння аб'ёмаў рэалізацыі прадукцыі са стабфондаў і значнага іх перавышэння да ўстаноўленых графікамі расходавання дапускаецца рэалізацыя лішкаў за межы краіны.

Назапасілі ўсяго многа

Восень спрадвеку была часам нарыхтовак у хатніх гаспадарках. Гэтая звычка захавалася да сённяшняга дня. Праўда, не ў тых памерах і аб'ёмах, як раней, але ўсё ж... Таму ў перыяд масавай уборкі ўраджаю ў рэгіёнах краіны праводзіліся сельскагаспадарчыя кірмашы, у мікрараёнах гарадоў і раённых цэнтраў на спецыяльна вызначаных пляцоўках па выхадных ішоў даволі бойкі продаж сельскагаспадарчай прадукцыі.

Па звестках міністэрства, гэтай восенню было праведзена амаль дзве з паловай тысячы традыцыйных кірмашоў, на якіх можна было набыць свежую садавіну і агародніну. Іх рэалізавалі насельніцтву 19,2 тысячы тон, у тым ліку 7 тысяч тон бульбы. І гэта афіцыйныя лічбы. А колькі бульбы было завезена гараджанамі ад вясковых сваякоў, набыта ў знаёмых моцных гаспадароў? Між іншым, і ўнёсак дачнікаў у падтрымку ўласнай харчовай бяспекі немалы. Толькі як падлічыць?

Адказнасць за тое, што нам прадаюць

Уся прадукцыя, якая трапляе на спажывецкі рынак краіны, у тым ліку і ў стабілізацыйныя фонды, суправаджаецца адпаведнымі дакументамі. Яны пацвярджаюць бяспечнасць паставак. А тыя прадукты, якія паступаюць у гандлёвую сетку Беларусі з краін Мытнага саюза, павінны адпавядаць тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза. Інакш рэалізацыя такіх прадуктаў на нашым рынку будзе забаронена.

Уся сельгаспрадукцыя таксама праходзіць візуальны кантроль. Вядома, ажыццяўляецца і перадпродажная падрыхтоўка: каліброўка, сартаванне, пераборка, фасоўка. Таксама прадукцыя правяраецца на ўтрыманне нітратаў і радыенуклідаў.

Новыя гарызонты харчовай бяспекі

Дзіўная рэч: яшчэ адносна нядаўна, гадоў 25—30 таму, калі слова «дэфіцыт» літаральна панавала ў нашым лексіконе, прылаўкі і вітрыны крам зіхацелі пустымі паліцамі, а па звычайную доктарскую каўбасу ці сасіскі трэба было пастаяць у чарзе, паняцце «харчовая бяспека» ведала вельмі абмежаванае кола людзей. Цяпер жа вось ужо два гады дзейнічае адпаведная дактрына, а да яе прыняцця выкарыстоўвалася Канцэпцыя нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі
ад 10 сакавіка 2004 года.

Сёння пры шырокім выбары айчынных і замежных прадуктаў разуменне харчовай бяспекі значна пашырылася, на першы план выйшлі якасныя характарыстыкі харчавання. Час працягвае ставіць чарговыя задачы ў гэтай сферы. Згодна з дактрынай, мы выходзім на новы ўзровень вырашэння праблем харчовай бяспекі. Ужо недастаткова стварыць запас асноўных прадуктаў на перыяд з 15 лістапада да 31 мая ўключна: трэба яшчэ ўкараняць нормы правільнага і здаровага харчавання. Апошняе яшчэ называюць навукова абгрунтаваным харчаваннем. Каб забяспечыць аптымальныя ўмовы жыццядзейнасці чалавека, яно павінна ўтрымліваць асартымент бяспечных харчовых прадуктаў з дастатковай колькасцю пажыўных рэчываў, макра- і мікраэлементаў у аптымальных суадносінах. Прытым, заўважце, у залежнасці ад полу, узросту, стану здароўя і характару дзейнасці чалавека.

Новыя задачы паўсталі ў сувязі з тым, што праблема харчовай бяспекі ў Беларусі ў колькасным плане вырашана. Як вырашаны і пытанні фізічнай, сацыяльнай і эканамічнай даступнасці харчавання. Цяпер насельніцтвам Беларусі дасягнуты нормы спажывання практычна па ўсіх прадуктах харчавання, аднак рацыён застаецца незбалансаваным па якасці. Спецыялісты лічаць, што надышоў час пераходу да якаснага харчавання ўсіх сацыяльных груп.

Жыць трэба смачна!

З гэтым лозунгам экспазіцыі аднаго з удзельнікаў міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Прадэкспа-2019», якая нядаўна завяршылася ў Мінску, яе наведвальнікам цяжка не пагадзіцца. На ёй былі прадстаўлены найлепшыя харчовыя прадукты і напоі. Больш за 200 вядучых вытворцаў і гандлёвых прадстаўнікоў Беларусі, краін СНД і Еўрапейскага саюза прадэманстравалі і далі магчымасць прадэгуставаць як свае брэнды, так і новыя прадукты, якія неўзабаве з'явяцца на беларускім рынку. Дарэчы, большасць з іх была прадстаўлена на выстаўцы менавіта вытворцамі з рэгіёнаў. Яе ў гэтым сэнсе можна назваць яшчэ выстаўкай харчовых рэгіянальных дасягненняў.

Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Дворнік у прывітальным слове ад імя ўрада ўдзельнікам «Прадэкспа-2019» адзначыў, што Беларусь уваходзіць у лік краін з самадастатковай вытворчасцю сельгаспрадукцыі. Ён агучыў цікавыя звесткі. Так, у СНД мы з'яўляемся лідарамі па вытворчасці на душу насельніцтва бульбы, мяса, малака. Займаем прыкметнае месца па вытворчасці збожжа і гародніны. Па экспарце малочнай прадукцыі ў нас чацвёртае месца ў свеце! Увогуле за дзевяць месяцаў гэтага года мы прадалі сельгаспрадукцыі за мяжу амаль на тры мільярды долараў ЗША. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько ўдакладніў інфармацыю: мы сёння выпускаем больш за 1500 відаў якаснай малочнай прадукцыі і 900 відаў мясных прадуктаў.

Смаката!

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».