Вы тут

Ці лёгка развіваць бізнес у малых населеных пунктах


Героі гэтага матэрыялу на ўласным вопыце даказваюць, што бізнес у малых населеных пунктах мае будучыню. Безумоўна, прадпрымальнікам з сельскай мясцовасці неабходна больш увагі і падтрымкі. Але значнасць іх дзейнасці немалаважная. Яны не толькі развіваюць самазанятасць, але і ствараюць новыя рабочыя месцы. Дзе і якім чынам, чытайце ў рэпартажы карэспандэнта «МС».


Вокны ў будучыню

У вытворчым памяшканні ў вёсцы Зарудзічы кіпіць работа. Супрацоўнікі прадпрыемства па стварэнні экалагічных шклопакетаў канструююць, вымяраюць, шліфуюць драўляную «аправу» для будучых акон. Адна з заснавальнікаў фірмы Аляксандра Чыжэўская, сустракаючы журналістаў, удакладняе, што яе вытворчасць асаблівая — высокатэхналагічная.

Усё пачалося з сямейнага бізнесу — звычайнай сталяркі, у якой бацька Аляксандры вырабляў мэблю, дзверы. Потым прыйшла ідэя дадаць у асартымент яшчэ якія-небудзь рэчы. «Пачулі пра школу ў Камарове, захацелася павучыцца, атрымаць новыя веды, сувязі. Якраз мы мелі думку заняцца драўлянымі вокнамі, — расказвае прадпрымальнік. — Гэта экалагічны прадукт, і ў нашым рэгіёне (Смаргоншчына. — «МС») быў толькі адзін іх вытворца, які працаваў на экспарт. Мы вырашылі паспрабаваць».

З цягам часу той адзіны вытворца з канкурэнта ператварыўся ў партнёра. Па словах Аляксандры, школа ў Камарове стала штуршком, які дапамог зразумець: два маленькія бізнесы могуць працаваць разам. «Мы мелі нешта адно, яны — другое. Працуючы разам, цяпер мы дапаўняем адно аднаго», — кажа жанчына.

Аляксандра паказвае прыгожыя драўляныя рамы і адзначае, што амаль 90 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт — у асноўным на расійскі рынак. «Гэта дарагія вокны. Сыравіна дарагая. Робім іх з якаснага брусу, які сам па сабе каштуе шмат. Дадайце апрацоўку, фурнітуру (яна выключна нямецкая), якасныя пакрыцці», — тлумачыць прадпрымальнік.

Дарагія матэрыялы — гарантыя выдатнай якасці і ўпэўненасці ў даўгавечнасці прадукцыі.

«Ёсць людзі і ў нас, якія зацікаўлены ў экалагічным прадукце, якія хочуць жыць у чыстых дамах з добрым мікракліматам, гадаваць сваіх дзяцей у экалагічным асяроддзі», — адзначае Аляксандра.

Пасля падтрымкі бізнесмены стварылі пяць новых рабочых месцаў. Усяго акрамя заснавальнікаў на вытворчасці працуе сем чалавек. Час ад часу на сезонныя заказы запрашаюць яшчэ некалькі работнікаў.

Колькі зарабляюць супрацоўнікі, Аляксандра не адказала. Але ўдакладніла, што сярэдні заробак па рэгіёне ў іх ёсць. Калі грашовыя пытанні — камерцыйная тайна, то пра вопыт і кваліфікацыю сваіх рабочых жанчына расказала больш падрабязна: «Хтосьці прыйшоў з нуля, хтосьці з падобнай вытворчасці, хтосьці з зусім іншай сферы, далёкай ад прамысловасці».

Такім «навічком», дарэчы, з'яўляецца і яна. Працавала эколагам у горадзе, кожны дзень хадзіла ў офіс. Але аднойчы вырашыла кардынальна змяніць і месца работы, і дом: «Але я ўсім задаволена. У вёсцы дзяцей гадаваць прасцей, а магчымасці для сям'і ўсё тыя ж».

Яшчэ адной нагодай вярнуцца на малую радзіму была сямейная традыцыя. Саўладальнік вытворчасці, бацька Аляксандры Алег Ліс расказаў, што іх продкі з даўніх часоў займаліся работай з дрэвам. Што яшчэ, як не майстэрства дрэваапрацоўкі, могуць выдатна асвоіць беларусы ў краі, багатым лесам?

«Я лічу, што сямейная справа павінна прыцягваць. І калі ў бацькі ёсць справа, хтосьці з дзяцей абавязаны яе падтрымаць», — упэўнена Аляксандра Чыжэўская.

Працаваць на сваім прадпрыемстве даводзіцца не толькі галавой, але і рукамі. Яна навучылася шліфаваць загатоўкі, можа дапамагчы з выкананнем простых аперацый. Але самае частае месца работы — за камп'ютарам. Аляксандра прымае замовы, устанаўлівае кантакты з заказчыкамі, робіць у спецыяльнай праграме праекты вокнаў.

«Нам, канешне, патрэбны спецыялісты — людзі, якія жадаюць вучыцца і развівацца. Многія хочуць прыйсці і атрымаць 500—700 долараў са старту, нічога не ўмеючы, — заключае прадпрымальніца. — Кадраў у рэгіёне, якія адразу ўмеюць рабіць вокны, не знойдзеш: даводзіцца вучыць».

Сёння аб'ём яе вытворчасці ад 200 да 400 квадратных метраў драўляных вокнаў у месяц. «Вельмі амбіцыйныя планы не ставім. Галоўнае — плаўна рухацца наперад, — канстатуе Аляксандра. — Я лічу, што ёсць пэўная мяжа, да якой ты павінен імкнуцца. Трэба своечасова спыніцца і на нейкі час затрымацца, выдыхнуць, працаваць на адным і тым жа ўзроўні, паглядзець, чаго ты хочаш — расці або заставацца на месцы».

Але пункты росту для сваёй сферы прадпрымальніца ўжо вызначае. Адной з іх можа быць мантажны аддзел. Цяпер замерамі і мантажам вокнаў займаюцца прыцягнутыя спецыялісты.

І рыбам, і людзям

Яшчэ адзін спецыяліст са Смаргоншчыны Ілья Агаркаў расказаў, як зрабіць бізнес з адходаў ды... чарвякоў. Пакуль малюнкі не вельмі прывабныя? І насамрэч вытворчасць досыць спецыфічная, але тым і цікавая. «Экабіяферм» займаецца вырошчваннем апарышаў і вырабам зоапратэіну.

Ілья Агаркаў закупляе на птушкафабрыцы ў Лідзе адходы курынага мяса механічнай абвалкі. У гэтую масу змяшчае загадзя выведзеных лічынак мясной мухі. Там яны растуць і харчуюцца. Потым апарыш захоўваецца ў халадзільных камерах і адпраўляецца пакупніку. Перад продажам яго ахалоджваюць, бо пры транспарціроўцы ў цёплым асяроддзі лічынка за некалькі гадзін можа ператварыцца ў кукалку. Прыкладна так выглядае працэс вырошчвання апарыша.

Цяпер фермер выводзіць рыбалоўнага апарыша і робіць дакументы на вытворчасць лічынак для спажывання сельскагаспадарчымі жывёламі (птушкамі, буйной рагатай жывёлай, рыбамі).

«Ідэя ўзнікла гадоў дзесяць таму, калі такіх прапаноў было на рынку мала. Беларусь увогуле такой вытворчасці не мела. Я сам рыбак і вырошчваў апарыша для сябе. Прааналізаваў дакументальнае афармленне справы і зразумеў, што неабходны сродкі. Прапрацоўваў ідэю некалькі гадоў, а пасля атрымаў грант у школе Камарова. Так пачаў свой бізнес», — падзяліўся Ілья Агаркаў.

Вучыўся весці бізнес прадпрымальнік па відэароліках у інтэрнэце, пераймаў вопыт польскіх, расійскіх фермераў, ездзіў да мінскіх калег. На першым этапе давялося нават увязацца ў сапраўдную вайну... з жукамі, якія атакавалі вырашчаных лічынак. Таму асноўнае патрабаванне да вытворчага памяшкання — адмежаванасць ад знешняга свету. Асабліва гэта неабходна летам, калі любая «залётная» муха можа змяшаць пароду і сапсаваць прадукцыю.

Збывае апарыша бізнесмен аптовым прадпрыемствам, якія прадаюць яго ў магазіны. Сёння аб'ёмы карысных лічынак у гаспадарцы Ільі — 100—150 літраў у суткі. У зімовы перыяд збыт невялікі, таму спрабуюць прадукцыю сушыць, рыхтаваць на корм. Летам попыт дасягае 200—300 літраў.

Калі прапаноў на рынку было мала, апарыш каштаваў прыкладна 14 долараў за літр. Цяпер попыт забяспечваюць свае і расійскія вытворцы, таму цана знізілася да васьмі рублёў.

Вытворчасць на адходах і сама безадходная. Угнаенне — яшчэ адзін кірунак бізнесу біяфермы. «Пасля перапрацоўкі мяса апарышам застаюцца прадукты яго жыццядзейнасці, з якіх атрымоўваецца карыснае ўгнаенне», — паведамляе Ілья.

Магчымы вектар развіцця — вырошчванне апарыша для людзей. «То-бок людзі яго есці будуць?» — пытаюцца напужаныя журналісты ў бізнесмена. «Так. Гэта ж чысты бялок. У любым выпадку да 2050 года па прагнозах каля 30—40 % бялка будуць атрымліваць з альтэрнатыўных крыніц — гэта мяса з прабіркі, вырошчванне насякомых і раслінны бялок», — удакладняе ён.

Калі смаргонец наладзіць вытворчасць апарышаў для харчавання не толькі рыбак, а яшчэ і людзей, ён стане першым у гэтай справе ў СНД. «Культура еўрапейцаў не дазваляе есці насякомых, але 25 % жыхароў планеты ядуць іх і не хвалююцца», — жартуе Ілья. Ён адзначае, што тэхналогіі перапрацоўкі адходаў мухамі распрацаваны ў 1960-я гады ў СССР. На радзіме, у краінах СНД, гэтыя тэхналогіі не вельмі развітыя. Але запыт на муху на рынку ёсць.

Айчынныя фермы па вырошчванні рыб закупляюць імпартныя кармы. Па словах Ільі, яго аб'ёмы ім не вельмі цікавыя, бо гаспадаркам неабходныя 200—300 кілаграмаў сушанага апарыша ў суткі. «Мы адкрыліся як невялікае прадпрыемства. На цяперашні момант няма ні тэхналогій вытворчасці кармоў, ні дакументаў, ні нарматыўнай базы, якім павінна быць прадпрыемства для кармоў з насякомых. Таму ўсё даводзіцца распрацоўваць і ўкараняць самім», — скардзіцца Ілья.

Сваю ферму ён адкрыў у маі і наняў чатырох чалавек. На спецыфічнай вытворчасці працуе і дзяўчына — даглядае мух у інсектарыуме. Мужчыны сартуюць лічынак. Асноўнае патрабаванне пры прыёме на работу да Ільі — адсутнасць грэблівасці. Правярае гэта ён проста: дае вядро апарыша і кажа зафасаваць. І, безумоўна, такі тэст праходзяць не ўсе.

«А ўвогуле, ці можна на апарышы зарабіць грошы?» — звяртаемся да Ільі.

«Добрае пытанне. Пакуль не адкажу, налета магу падзяліцца думкамі», — адказвае мужчына.

Гісторыі бізнесменаў-пачат-коўцаў натхняюць неабыякавых і даказваюць, што бізнес у невялікіх населеных пунктах можна рабіць і на традыцыйных высакаякасных матэрыялах, і на адходах. А пры шчырым, зацікаўленым падыходзе аднадумцы і памочнікі знойдуцца заўсёды.

Нагадаем, у вёсцы Камарова на Мядзельшчыне ўжо некалькі гадоў існуе бізнес-інкубатар. Ён дапамог жыхарам Астравецкага, Мядзельскага, Пастаўскага і Смаргонскага раёнаў атрымаць веды і фінансавую падтрымку для адкрыцця ўласнай справы. У 2017—2018 гадах для рэалізацыі гэтай задачы працавала «Школа сельскага бізнесу», навучанне ў якой прайшло больш за 60 чалавек. Самыя цікавыя і важныя ініцыятывы атрымалі гранты на суму ад 2 да 10 тысяч еўра ад праекта Еўрапейскага саюза.

Марыя ДАДАЛКА, фота аўтара

Смаргонскі раён

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».