Вы тут

«Важна, каб у працэсе адпрацоўкі інтэграцыйных пытанняў не ўзнікалі новыя правілы»


Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі парламентарыяў падчас пасяджэння Савета і пленарнага пасяджэння Міжпарламенцкай Асамблеі краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, што прайшлі на мінулым тыдні ў Санкт-Пецербургу. Парламенцкую дэлегацыю Беларусі ўзначаліў спікер Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.


Пераадолець бар'еры

У рамках запланаваных мерапрыемстваў старшыня Савета Рэспублікі сустрэўся са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай МАЦВІЕНКАЙ.

У інтэрв'ю журналістам па выніках гэтай сустрэчы Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што на парламенцкім узроўні ёсць поўнае паразуменне па адпрацоўцы механізмаў паглыблення інтэграцыі, над якімі працуюць урады, паведамляе прэс-служба верхняй палаты беларускага парламента.

— Пытанне ідзе эвалюцыйна, безумоўна, не без бар'ераў. У кожнага боку ёсць пэўныя інтарэсы, і трэба знайсці тыя рашэнні, якія маглі б усім дагадзіць, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі. — З Саветам Федэрацыі ёсць поўнае паразуменне па падыходах, зыходзячы з таго прынцыпу, што дамаўляюцца дзве суверэнныя дзяржавы, якія праводзяць сваю ўласную палітыку.

Старшыня Савета Рэспублікі выказаў упэўненасць у тым, што бакі змогуць знайсці пункты судакранання.

Важна, каб у працэсе адпрацоўкі інтэграцыйных пытанняў не ўзнікалі новыя правілы, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. «На жаль, даводзіцца канстатаваць, што адбываецца так, што дамовіліся, ідзе адпрацоўка тых ці іншых дакументаў, а потым крыху змяняюцца правілы, і гэта ўносіць пэўны дысбаланс, калі вымушаныя працаваць не толькі эканамічныя, але і палітычныя структуры», — дадаў ён.

Аўтарытэтная экспертная ацэнка

Міжпарламенцкую Асамблею можна лічыць эфектыўнай пляцоўкай для супрацоўніцтва краін СНД, лічыць старшыня Савета Рэспублікі. Гэта датычыцца і пытанняў арганізацыі назіранняў за выбарамі. «МПА СНД карыстаецца высокім міжнародным аўтарытэтам як эксперт у сферы выбарчага працэсу і назірання за выбарамі, — заявіў па пасяджэнні Савета МПА СНД Міхаіл Мясніковіч. — Створана і функцыянуе аб'ектыўная сістэма ацэнкі выбарчага заканадаўства і правядзення выбараў». Важна, што ўся работа будуецца не толькі на суб'ектыўнай альбо карпаратыўнай ацэнцы назіральнікаў, а на аснове сур'ёзнай прававой базы — Канвенцыі СНД «Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах — удзельніцах СНД». Гэта комплексны ўніфікаваны дакумент, які ўлічвае нормы міжнароднага выбарчага права, выбарчага права СНД, а таксама вопыт постсавецкіх краін.

На пасяджэнні Савета МПА СНД былі разгледжаны вынікі апошніх пасяджэнняў cаветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Садружнасці. Удзельнікі пасяджэння таксама абмеркавалі работу над праектамі Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года, плана мерапрыемстваў МПА СНД да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама праект Перспектыўнага плана мадэльнай заканатворчасці ў СНД на 2020—2022 гады. Акрамя таго, на парадку дня знаходзіліся арганізацыя назірання за выбарамі ў краінах СНД і іншыя пытанні.

Аб'яднаць намаганні

На юбілейным 50-м пленарным пасяджэнні МПА СНД, якое прайшло 22 лістапада, Міхаіл Мясніковіч агучыў прапановы, накіраваныя на ўмацаванне Міжпарламенцкай Асамблеі. Яны датычацца ўдасканалення выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў і абавязковасці іх выканання.

— Для гэтага ў нас ёсць галоўнае — палітычная воля кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, якая канструктыўна і сістэмна была выкладзеная на іх саміце 11 кастрычніка 2019 года ў Ашхабадзе, — заявіў ён.

Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў аб'яднаць намаганні парламентарыяў СНД у працэсе актуалізацыі Канцэпцыі далейшага развіцця СНД і распрацоўкі праекта Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года. Работа над гэтымі дакументамі ідзе ў асноўным па лініі ўрадаў і Выканкама Садружнасці. У той жа час МПА СНД можа прапанаваць механізм выкарыстання дзяржавамі-членамі ўніфікаванага і гарманізаванага прававога рэгулявання, у тым ліку на аснове рашэнняў органаў Садружнасці ў рамках іх паўнамоцтваў, падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі. Такі падыход дасць магчымасць паспяхова фарміраваць безбар'ерную прастору СНД.

— Як эканаміст мяркую, што асаблівую ўвагу варта пры гэтым удзяліць стварэнню ў СНД вытворчасцяў высокіх перадзелаў, а таксама маштабнай мадэрнізацыі вытворчага базісу, — дадаў Міхаіл Мясніковіч. У краін СНД ёсць для гэтага ўсе патэнцыйныя магчымасці: інтэлектуальныя, матэрыяльныя. Імі трэба скарыстацца, каб павысіць прадукцыйнасць працы, ствараць магутныя трансеўразійскія кампаніі, нарошчваць канкурэнтаздольнасць і эканамічны патэнцыял Садружнасці, упэўнены ён.

На выніковай прэс-канферэнцыі спікер Савета Рэспублікі акцентаваў увагу на гэтым пытанні.

— Мы выступаем за тое, каб у нас былі сумесныя кампаніі, як з удзелам краін Садружнасці, так і з прыцягненнем трэціх дзяржаў, — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — Калі яны будуць, будзе вялікі камерцыйны інтарэс і ў меншай ступені спатрэбіцца выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Пры гэтым старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што на прасторы Садружнасці ўрэгуляваны гандлёвыя рэжымы, якія ў асноўным пабудаваныя па прынцыпе зоны свабоднага гандлю, абароны інвестыцый.

— Але разам з тым у нас існуюць выключэнні і абмежаванні ў дзяржзакупках і іншых кірунках, няма ў поўным аб'ёме свабоднага рынку, — канстатаваў ён. — Задача ў тым, каб ліквідаваць гэтыя бар'еры, у тым ліку праз прыняцце адпаведных нарматыўна-прававых актаў, якія гарманізаваны з калегамі па Садружнасці.

Сярод сфер, у якіх краіны СНД маглі б паспяхова ўзаемадзейнічаць і ствараць СП, Міхаіл Мясніковіч назваў сістэму аўтакампанентаў, мікраэлектроніку, оптыку і дакладную механіку.

Для адзінага падыходу

На пленарным пасяджэнні Міхаіл Мясніковіч таксама агучыў прапановы, якія будуць спрыяць умацаванню МПА СНД. Яны датычацца ўдасканалення выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў і абавязковасці іх выканання.

Свайго роду рэчышчам для інавацыйнага бізнесу можа служыць мадэльнае заканадаўства, якое дастаткова эфектыўна распрацоўваецца МПА і запатрабавана.

— Па наяўных у мяне звестках больш за 2/3 мадэльных актаў імплементаваны альбо выкарыстоўваюцца з мадыфікацыямі ў нацыянальных прававых сістэмах краін Садружнасці. Гэта добры паказчык, — упэўнены старшыня Савета Рэспублікі. У Беларусі з улікам мадэльных законаў, адобраных Міжпарламенцкай Асамблеяй, рэгламентаваны працэсы адміністрацыйных працэдур у электроннай форме, запазычаны падыходы пры распрацоўцы законапраектаў у сферы вытворчасці і абарачэння арганічнай прадукцыі, дзяржаўна-прыватнага партнёрства і многіх іншых.

Дарэчы, на пленарным пасяджэнні МПА СНД былі разгледжаны мадэльныя законы аб абавязацельным праве, рэкламе, сацыяльным і экалагічным турызме. Парламентарыі абмеркавалі праекты рэкамендацый па ўжыванні прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права пры супрацьдзеянні тэрарызму і гвалтоўных праявах экстрэмізму, а таксама па арганізацыі нацыянальных цэнтраў экалагічнай бяспекі.

Асаблівую ўвагу Міхаіл Мясніковіч удзяліў маладзёжнаму парадку дня Садружнасці. «Трэба больш актыўна нарошчваць маладзёжныя сувязі, праекты, праграмы, усё тое, што фарміруе будучыню нашай Садружнасці. Нельга страціць час. Давайце рэальна паглядзім на сітуацыю, — заявіў ён. — Ва ўмовах СНД ужо вырасла і сфарміравалася новае пакаленне нашых грамадзян. Як глыбока яны прасякнуты ідэямі нашай Садружнасці? Мы ў пэўнай ступені нясём за гэта адказнасць».

Старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў падумаць над тым, каб МПА ініцыяваў разгляд пытанняў маладзёжнага вымярэння ў СНД у Савеце кіраўнікоў дзяржаў на аснове комплекснага і сістэмнага падыходу.

У цэлым восеньскую сесію МПА СНД Міхаіл Мясніковіч назваў канструктыўнай. «Нягледзячы на тое, што ў нас адбылося юбілейнае 50-е пленарнае пасяджэнне МПА СНД, прагучала шмат цікавых прапаноў па ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства на прасторы Садружнасці», — падсумаваў Міхаіл Мясніковіч.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.