Вы тут

Рэгіянальны форум прадпрымальніцтва прайшоў у Брэсце


Больш за 300 дэлегатаў з усіх абласцей краіны ўзялі ўдзел у першым рэгіянальным форуме прадпрымальніцтва, які прайшоў у Брэсце 21 лістапада ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва.


Форум аб'яднаў прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў бізнес-саюзаў і асацыяцый, экспертнай і акадэмічнай супольнасці, мясцовых і цэнтральных органаў дзяржаўнай улады, міжнародных арганізацый. Першы рэгіянальны форум прадпрымальніцтва праведзены пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, актыўным удзеле Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і ў партнёрстве з Міністэрствам эканомікі нашай краіны.

У рамках форуму адбыўся шэраг мерапрыемстваў для прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў мясцовых органаў дзяржаўнай улады. Удзельнікі змаглі абмяняцца вопытам і меркаваннямі па ключавых пытаннях развіцця прыватнага бізнесу ў рэгіёнах, а таксама вывучыць міжнародны вопыт у сферы развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва, альтэрнатыўнага фінансавання бізнесу і фінансавых тэхналогій для развіцця малога і сярэдняга бізнесу.

На форуме створана камунікацыйная платформа для аптымізацыі ўзаемадзеяння бізнесу, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх саветаў і арганізацый, якія займаюцца падтрымкай прыватнай ініцыятывы, малога і сярэдняга бізнесу.

«Правядзенне першага рэгіянальнага форуму прадпрымальніцтва сведчыць пра паступальны і мэтанакіраваны рух дзяржавы ў сферы развіцця рэгіёнаў. Гэтым вялікім і знакавым мерапрыемствам у Брэсце мы хочам прадэманстраваць, што менавіта ў рэгіёнах інавацыйнае прадпрымальніцтва можа выйсці на новы ўзровень свайго развіцця. Дзяржава зацікаўленая ў развіцці мясцовага прадпрымальніцтва і прыкладае ўсе намаганні для таго, каб дапамагчы мясцоваму бізнесу ўпэўнена стаць на ногі», — адзначыў намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч.

«Еўрапейскі саюз актыўна падтрымлівае намаганні ўрада Беларусі па далейшым паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне, падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і прыватнай ініцыятывы. Гэтыя намаганні з'яўляюцца найважнейшымі элементамі мадэрнізацыі беларускай эканомікі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці», — заявіў на цырымоніі адкрыцця форуму кіраўнік праграмы супрацоўніцтва дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Беранд дэ Грат.

На тое, што сучасны свет прад'яўляе шэраг новых выклікаў і дае новыя магчымасці для росту і развіцця, звярнула ўвагу пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь Аляксандра Салаўёва. Яна адзначыла, што інавацыі і прадпрымальніцтва не павінны быць прэрагатывай вялікіх гарадоў, буйных навуковых і прамысловых цэнтраў. «Пазіцыя ПРААН — рухацца туды, дзе наша падтрымка найбольш неабходная. Інвестуючы ў чалавечы капітал — дапамагаючы жанчыне з аддаленага раёна пачаць свой бізнес або аддаючы работу чалавеку з інваліднасцю, — мы робім значны ўнёсак ва ўстойлівае развіццё Беларусі. Ствараем рабочыя месцы, пункты росту, адкрываем таленты», — заявіла Аляксандра Салаўёва.

Падчас форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцы Нацыянальнай прэміі «Ментар года». Ім стаў Кірыл Валошын, бізнес-анёл, у мінулым дырэктар, а цяпер сузаснавальнік папулярнага інтэрнэт-рэсурсу і шэрагу ІT-кампаній, прафесіянал, чые ментарства і кансультаванне ў галіне бізнесу дапамаглі стартапам па ўсёй Беларусі.

Праект ЕС і ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» рэалізуецца на тэрыторыі 12 пілотных раёнаў краіны: Бярозаўскага і Кобрынскага Брэсцкай вобласці; Браслаўскага і Аршанскага Віцебскай; Брагінскага, Жлобінскага і Хойніцкага Гомельскай; Лідскага Гродзенскай; Быхаўскага і Клічаўскага Магілёўскай; Барысаўскага і Маладзечанскага Мінскай.

У рамках праекта прадугледжаны ініцыятывы, накіраваныя на развіццё інфраструктуры развіцця прадпрымальніцтва, падтрымку стартапаў і кластарных ініцыятыў, арганізацый, зацікаўленых стаць пастаўшчыкамі паслуг мікрафінансавання, а таксама прадпрыемстваў, накіраваных на рашэнне сацыяльна значных праблем.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: utmagazine.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».