Вы тут

Паглядзелі, як праходзіць народнае абрадавае ігрышча «Ката пячы»


«Дзень добры гаспадару і гаспадыні! Ці гатовы ўжо кот?» — у адзін з пакояў Скірмантаўскага дома культуры, што ў Дзяржынскім раёне, уваходзіць немалая чарада святочна адзетых мужчын і жанчын з «музыкай» — гармонікам: бубнам ды барабанам — і рознымі прысмакамі: ад марожанай каліны-маліны да пахкіх дранікаў ды кішкі. Так ужо шмат гадоў 27 лістапада напярэдадні Піліпаўскага посту тут праходзіць народнае абрадавае ігрышча «Ката пячы», якое з 2017 года мае статус рэспубліканскай гісторыка-культурнай каштоўнасці. У Скірмантаве гэта дзяжурны жарт, але, каб не раніць нічые пачуцці, пацвердзім: падчас свята ніводны кот не пацярпеў.


Месцічы на загадчыцу дома культуры Наталлю Радзько не нарадуюцца: «Яна болей за ўсіх за «ката» перажывае, дзякуючы ёй гэты абрад захоўваецца і працягваецца, і кожны год збірае гасцей — прыязджаюць з суседніх вёсак, з Путчына, з Логавішча, з Дзяржынска, нават з Мінска. А каб вы ведалі, як цудоўна яна спявае! Сёння, можа, якраз пачуеце».

Сама ж Наталля Пятроўна кажа, што галоўная заслуга не яе: «Пра тое, што існавала такое ігрышча, мне расказала свякроўка Соф'я Адольфаўна, якая згадвала, як цікава даўней у вёсцы праходзілі вечарынкі для моладзі. І мы адрадзілі спачатку вечарынкі з песнямі і танцамі, а потым наважыліся і на «ката». Асабіста мяне ўсцешвае, што ў абрадзе ўдзельнічае і старэйшае пакаленне, наш народны хор «Весялуха», і творчая моладзь, хай яе зараз нямнога, але яна ёсць, і гэта наша будучыня. Значыць, традыцыя не забываецца, а перадаецца».

...Раней гэты абрад праводзілі ў вялікай хаце, каб было вольна спяваць і танцаваць, але паступова колькасць удзельнікаў павялічылася, таму дзею перанеслі ў Дом культуры, дый тое, усе ахвотныя ледзь змяшчаюцца ў адным пакоі. «Нічога, — смяюцца, — галоўнае, нашаму кату месца хапае». «Кот», сабраны з булак (галава, тулава і лапы), сала (вушы), каўбасы (хвост) ды іншых элементаў — вусы з макароны, вочы з разынак, рот з морквы ці памідора — падвешваецца на тканым поясе пад столь насупраць чырвонага кута. Потым кожны па чарзе «пад'язджае» да ката верхам на вілках ці чапяле і стараецца адкусіць кавалачак, а іншыя ўдзельнікі смешаць і перашкаджаюць. Пры гэтым трэба гучна прамаўляць: «Ад парога да кута еду на лысага ката!» Хто не спраўляецца з задачай, выконвае «фант» — спявае прыпеўкі, альбо «ходзіць пеўнем вакол курыцы», альбо, калі гэта маладая дзяўчына, становіцца на табурэтку ды крычыць: «Мама, рыхтуй падушкі — замуж хачу!» Самыя рызыкоўныя кабеты пагаджаюцца на «габляванне». Гуляць можна доўга, але калі ўжо ўсе стаміліся, даюць умоўны знак — музыканты выконваюць песню «Час дадому, час...».

Абрад, дарэчы, разлічаны выключна на дарослых, бо і застолле, і некаторыя народныя гульні ды жарты разлічаны строга на «18+». Але каб пазнаёміць дзяцей з традыцыяй, некалькі разоў арганізатары рабілі для вучняў 3—4 класаў салодкі варыянт печанага «ката» — з зефірнымі вушкамі, яблыкамі і мармеладам, а таксама паказалі простыя гульні і танцы — асабліва папулярным у дзятвы аказаўся «раменьчык».

«Кананічны» рэцэпт ката нязменны: 1 кг мукі, 450 мл малака, 40 г дражджэй, 2 яйкі, 2 сталовыя лыжкі цукру, чайная лыжка солі, крыху (каля 50 г) маргарыну ці масла. Калі цеста падыдзе ў цёплым месцы, яго трэба абмяць і даць падрасці яшчэ, потым пакачаць як след на стале, зляпіць галаву, тулава, лапкі, на бляху — і ў печку. Пакуль гаспадар яго дастае і збірае фігуру на шпажкі, госці распяваюцца, гуляюць ды танцуюць.

«Што танчым? Па-рознаму: «Стукалку-грукалку», падэспань, кадрылю, «лысага», кракавяк, — пералічвае мастацкі кіраўнік Дома культуры Сяргей Янкоўскі. — Спяваем «Дробну драбніцу», «Была ў мяне курачка», «Паляцеў галуб», нашу мясцовую «Зялёнае лісце» ды іншыя народныя песні, ладзім гульню-знаёмства «падушачка», танец з дзеркачом, гульню ў «раменьчыкі», ды шмат чаго — кожны раз атрымліваецца крыху іначай, чым папярэдні.

Чаму наогул кот? Пераемнікі традыцыі тлумачаць: «Кот — ахоўнік шлюбу, сімвал сямейнага шчасця і дабрабыту, урадлівасці і пладавітасці. Таму гуляць у яго могуць як маладыя хлопцы і дзяўчаты, так і ўжо замужнія і жанатыя, сталыя людзі — хіба каму не хочацца, каб усё пладзіла ды радзіла і ў доме, і на агародзе? Наш кот — руды, бы сонейка, ён клапоціцца пра людзей, і чорнага ката, які сімвалізуе няшчасце, ён не любіць і праганяе прэч, каб нікому не шкодзіў і пары не разбіваў». Летась скірмантаўскі кот пацвердзіў сваю славу і «звёў» яшчэ адну пару — Аляксандру і Дзмітрыя; маладыя людзі пазнаёміліся менавіта на свяце і вырашылі быць разам, а сёлета зноў прыйшлі — па новую порцыю сямейнага шчасця.

Пасля ўнясення абраду ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі цікавасць да яго значна вырасла. «Вы гатовыя, калі што, да наплыву турыстаў? — пытаемся ў скірмантаўцаў. — Гасцям мы заўжды рады: калі трапяць акурат на «ката», на Піліпаўку ці ў студзені на Каляды, можна ўбачыць абрад на свае вочы, калі прыедуць у іншы час — усё адно зможам расказаць і паказаць, бо ў Доме культуры сабрана вялікая фотавыстаўка за розныя гады, ёсць добры фільм».

Для шырокай публікі «ката» ўпершыню паказалі ў сярэдзіне 80-х — у праграме «Запрашаем на вячоркі», якая некалі ішла на айчынным тэлебачанні. Архіўны запіс на касеце, кажуць, недзе захаваўся дагэтуль.

Сёлета ж саўдзельнікамі і назіральнікамі абраду сталі не толькі журналісты «Звязды», але і калегі-тэлевізійнікі з «Беларусь 3» — у студзені наступнага года пра скірмантаўскага «ката» раскажа выпуск праграмы «Жывая культура», вядучая якой Кацярына Ваданосава прызналася, што ўпершыню ў жыцці далучылася да выпечкі ката: «Цеста сама мясіла, таму якасць гарантую: кот смачны!».

Пад песні і танцы, гульні і жарты некалькі гадзін пралятаюць незаўважна. «Ката» ўдалося адкусіць, абрад завяршаецца, і вядучая-Свашка Наталля Юшкевіч раздае ўсім па кавалачку, ды не проста так, а з пажаданнямі: скажам, «вушкі — каб муж не хадзіў да падружкі», «лапы — каб мужык быў ля хаты», але найчасцей усе просяць «дайце мне каціны хвост, бо ўжо хутка пост!».

Паколькі па кавалачку печыва ў абавязковым парадку дастаецца ўсім прысутным, засведчым і мы: скірмантаўскі «кот» — смачны! А людзі, якія захоўваюць гэты абрад, — гасцінныя, актыўныя, жыццярадасныя, далікатныя, творчыя і дасціпныя. Здаецца, у аграгарадку пад Дзяржынскам жыве і не кот зусім, а нейкі дух-ахоўнік, які дае людзям зарад бадзёрасці перад доўгай зімой і налета абяцае вярнуцца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: На спіне ў... печанага ката

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».