Вы тут

Дрэва мастацтва з гомельскімі каранямі


Унікальны падарунак — выставу “100 гадоў. 100 імёнаў” — зрабіў Гомелю Беларускі саюз мастакоў. Яна прысвячалася 100-годдзю музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, 80-годдзю БСМ і Году малой радзімы.


Але­на Калугіна

Даўно вядома: дзе нарадзіліся мы — да таго месца, як пісаў калісьці Францыск Скарына, заўсёды “вялікую ласку маем”. Тое, безумоўна, тычыцца й людзей мастацтва. У арт-праекце “100 гадоў. 100 імёнаў” мы ўпершыню паказалі каштоўны зрэз “дрэва мастацтва” менавіта з гомельскімі каранямі. Можна было не толькі любавацца тым, як “ласка” патаемная выяўляецца ў творах. Наведнікі выставы разважалі. Параўноўвалі. Ганарыліся!

Хоць Беларускі саюз мастакоў сёлета 80‑годдзе адзначае, ды архіўныя старонкі сведчаць: у 1927‑м ужо ў Мінску зладзілі Усебеларускае аб’яднанне мастакоў, і ў Гомелі ў тым жа годзе запрацавала філія суполкі. Склад яе ўдзельнікаў спачатку — не больш за 10 чалавек, на чале з Мікалаем Русецкім. Яго даваенная карціна “Змярканне” захавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі, па ёй мастацтвазнаўца Вольга Архіпава назвала творцу “беларускім Ван Гогам”. Сяргей Каўроўскі, Гіля Шыфрын, Аляксандра Галубкіна, Усевалад Зорын, Міхаіл Раманоўскі, Аляксандр Яўмененка — яны былі ў складзе згаданай творчай суполкі ў Гомелі. Мноства змен адбылося з тае пары, але па-ранейшаму знаходзіцца ў шэрагах Беларускага саюза мастакоў для майстроў — і вялікая адказнасць, і немалы гонар.

Выставу “100 гадоў. 100 імёнаў”, куратарам якой была я разам з намеснікам старшыні Беларускага саюза мастакоў Глебам Отчыкам, зладзілі пад дахам знакамітага Палаца Румянцавых і Паскевічаў. Збіралі творы з усіх куткоў Беларусі. Адкрывалі выставу працы народных мастакоў СССР Яўсея Майсеенкі, Георгія Ніскага, народных мастакоў Беларусі Віталя Цвіркі, Гаўрыіла Вашчанкі, Акіма Шаўчэнкі, Віктара Казачэнкі. Гэта яны сваёй творчасцю папоўнілі скарбніцу матэрыяльна-духоўнай культуры Бацькаўшчыны, іх ведаюць і ў замежжы. Многіх і маладзейшых нашых землякоў-мастакоў няма ў жывых. Творы Віктара Дубровы, Мікалая Дубровы, Яўгена Пакаташкіна, Генадзя Жарына, Уладзіміра Лосева, Васіля Фея, Пятра Захарава ды некаторых іншых адтуль, з мінулага нібы ў духоўным кантакце з намі.

Другі ўжо год шэраг розных грамадскіх культурных імпрэзаў праходзіць у Беларусі пад эгідай Года малой радзімы. Больш і лепш, як мовай мастацтва, пра тое месца, дзе нарадзіўся, і не скажаш. А якая цудоўная гомельская зямля — пра тое засведчылі на выставе творы жывапісу ў жанры пейзажу. Яўген Іванешка, Васіль Пяшкун, Віктар Ландарскі, Валеры Сідоркін, Аляксей Панцюк-Жукоўскі, Віктар Баранаў, Міхаіл Няхайчык, Мікалай Кулеш, Аляксандр Шароін ды многія-многія іншыя прыклалі нямала сіл, апяваючы ціхую прыгажосць Гомельшчыны. А без светлых, “заснежаных” карцін Віктара Барабанцава нам цяжка ўжо ўявіць сабе чароўны свет народных святаў на Беларусі.

Сяргей Ігнаценка. Жыхар зоны. 2008 г

Прадстаўлены былі на выставе й партрэт, і тэматычная кампазіцыя, і авангарднае мастацтва. Вядомы партызан “бацька Мінай” (Мінай Шмыроў), выбітны архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, мастакі Барыс Звінагродскі, Святлана Курашова ды Валянцін Пакаташкін, вучоны-краязнаўца Еўдакім Раманаў, аграном Вараб’ёў і дзяўчына Надзя “з калгасу Побе- да” задуменна ці ўсміхаючыся думкам сваім глядзяць з мінулага на нас. А якое майстэрства ў гомельскага мастака й педагога Сяргея Ігнаценкі! З асабліваю моцай ды пранікненнем у характар стварыў ён партрэт аднаго з жыхароў Чарнобыльскай зоны. Глядзіце, разважайце. Карціна ў Вялікай зале палаца дзякуючы сваёй праўдзівасці, напалу драматызму, спачування аўтара свайму герою была ўвесь час выставы ў кантакце з гледачом. І цяпер помніцца.

Згадваю з цеплынёй і нацюрморты, якія вабяць да сябе гармоніяй вядомых з дзяцінства формаў і колераў прадметаў. Найвядомая ў гэтым жанры зямлячка нашая — Валяр’яна Жолтак. Нарадзілася, дарэчы, у Жлобіне ў 1919‑м: сёлета 100‑гадовы юбілей. Творчасць яе мы прадставілі адной з дзвюх карцін, якія захоўваюцца ў фондах нашага музея — гэта быў раскошны па каляровых нюансах “Белы нацюрморт”. І зусім па-іншаму гучалі на выставе кампазіцыі Зоі Літвінавай, Леаніда Хобатава, Уладзіміра Зінкевіча, Васіля ды Аляксандра Касцючэнкаў, Сяргея Цімохава, Глеба Отчыка, іншых сучасных жывапісцаў. Кідкі ці далікатны ў залежнасці ад густу аўтара каларыт, стылізаваная манера, гульня ўяўлення, загадкавасць… Ёсць над чым паразважаць. А якая адметная творчасць у Ганны Сілівончык, яна ў Мінску цяпер жыве, у гамяльчан Анжалікі Шабалтас і Яўхіма Мінявіцкага, у земляка са Светлагорскага раёна Сяргея Каваля! Іх працы здалёк пазнаеш, іх немагчыма ні з чым і ні з кім зблытаць.

Гаўрыіл Вашчанка. Памяць Пампея. 1985 г

Майстры сумежнай галіны мастацтва — графікі — пашыраюць нашы ўяўленні пра таленавітых землякоў. Рыгор Сітніца, напрыклад, — вядомы мастак-графік, узначальвае цяпер Беларускі саюз мастакоў. На выставе быў такі ягоны твор: акрылавымі фарбамі на палатне намаляваны фрагмент вясковае хаты. У выніку складаных маніпуляцый з фактурнымі палямі (рыскі, мазкі, кропкі) тыповы для беларускай глыбінкі ганак хаты выглядае нібы дэкаратыўнае пано з самацветаў. Майстар, адно слова! Графіцы ў чыстым выглядзе прысвячалася вітрына з эскізамі кніжных вокладак Якава Целішэўскага ды наборам чорна-белых рэпрадукцый Льва Смехава. Абодва мастакі нарадзіліся ў Гомелі на пачатку XX стагоддзя, набылі шырокую вядомасць за межамі Беларусі — жылі ў Маскве.

З грамадскім жыццём, найперш, звязана мастацтва плаката. Перыпетыі канца XX стагоддзя знайшлі адлюстраванне ў працах Уладзіміра Лосева і Мікалая Шклярава. Вельмі блізкая да плакатнай маляўнічая мова Пятра Лук’яненкі. Ягоная карціна пад шматслойнай назвай “Цішыня” — гэта бясслоўная размова пра экалагічныя праблемы, на тэму выжывання чалавецтва. Уявіце сабе: узыход сонца над планетай, і яго сустракаюць толькі горлачкі бутэлек, што тырчаць з пяску.

Многія мастакі з гомельскімі родавымі каранямі паспяхова рэалізуюць свае таленты ў такіх галінах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як мастацкая кераміка, шкло, батык, габелен. Для Гомеля знакавае імя Ірыны Данілавай: габелены, што яна стварыла ў пары з мужам, упрыгожваюць буйныя культурныя, адукацыйныя ўстановы горада. На выставе ж паміж габеленаў Валянціны Крывашэевай ды Святланы Абрамовіч зіхацеў мажорнымі фарбамі ў Зале з прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацюрморт у батык Ірыны Данілавай “Лета”. У скульптара Паўла Вайніцкага надзвычай удалым атрымаўся партрэт у мяккім матэрыяле выбітнага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Ёсць і вялікае падабенства з арыгіналам, і ў меру лірыкі, грамадзянскага пафасу.

Беларус з Кішынёва Вячаслаў Ігнаценка — удзельнік выставы

Шмат цудоўных водгукаў мы атрымалі, калі працавала выстава (“сляды” пра тое ёсць на сайце музея palacegomel.by, а таксама на маёй старонцы ў facebook — https://www.facebook.com/ helen.kalugіna.1), згадваюць пра яе гамяльчане й цяпер, калі праект ужо ў мінулым. Працы, дарэчы, прадаставілі фонды нашага музея, Беларускага саюза мастакоў з Мінска, гомельскія ды мінскія мастакі, Буда-Кашалёўская Галерэя імя Яўсея Майсеенкі (ёй асаблівая ўдзячнасць). А ўсяго прадстаўлена было каля сотні твораў ды імён, і можна было, як кажуць, акінуць вокам дзівосны дыван мастацтва, сатканы з нітак, якім на Гомельшчыне выток. Ацаніць якасць, мастацкі ўзровень творцаў, іх магчымасці.

Мару пра тое, што ў нас яшчэ будзе магчымасць паўтарыць з часам такое свята мастацтва пад назвай “100 гадоў. 100 імёнаў”. Бо прадстаўлена было, вядома ж, далёка не ўсё, вартае ўвагі землякоў. А дрэва мастацтва з гомельскімі каранямі штогод павялічваецца, падрастае, набывае новыя фарбы, рысы, адценні.

Алена Калугіна, навуковая супрацоўніца музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.