Вы тут

Навука з кардону і пластыліну


Чаму залатая жанчына не замерзла? Ці можна зацяжараць, з’еўшы брусніцы? Як адкрыць страўсіную ферму? Гэтымі пытаннямі азадачыліся (ніколі не здагадаецеся)... фінскія школьнікі. Праект педагогаў з гэтай краіны «Калевала ідзе вучыцца» быў прадстаўлены ў рамках еўрапейскага фестывалю Sсіеnсе оn Stаgе («Навука на сцэне»), прайшоўшы папярэдні нацыянальны адбор.

«Калевала» — гэта ўнікальны карэла-фінскі паэтычны эпас, які складаецца з 50 рун. Школьнікі выбралі 13 тэм для абмеркавання, і кожная група прыдумала навуковае пытанне, заснаванае на сюжэце. Затым навучэнцы працягнулі работу, шукаючы тэарэтычную інфармацыю і займаючыся практычнымі даследаваннямі, а сваімі вынікамі дзяліліся на сайце.


10 беларускіх настаўнікаў упершыню сталі ўдзельнікамі еўрапейскага фестывалю «Навука на сцэне».

Мультыдысцыплінарны падыход

У пачатку лістапада 10 беларускіх настаўнікаў упершыню сталі ўдзельнікамі грандыёзнай падзеі, якая сабрала 600 педагогаў з 38 краін. Іх паездка ў Партугалію на найбуйнейшы адукацыйны кірмаш для STЕM-педагогаў стала магчымай дзякуючы праграме Еўрапейскага саюза MОST.

— У горадзе на беразе акіяна на чатыры дні сабраліся настаўнікі матэматыкі, робататэхнікі, хіміі, фізікі, інфарматыкі, геаграфіі, біялогіі, пачатковых класаў і выкладчыкі ВНУ, гатовыя дапамагаць школам. Ва ўсіх, хто выкладае цікава, праводзячы на ўроку эксперыменты і даследаванні, хто не баіцца нешта зрабіць сваімі рукамі і з дапамогай вучняў, было некалькі дзён, каб і сябе паказаць, і іншых паглядзець, і пазнаёміцца, і пагутарыць, і завязаць кантакты. І нават калі англійская мова «кульгала», наглядныя стэнды, дэманстрацыя вопытаў, цікаўнасць настаўнікаў і дапамога гугл-перакладчыка змяталі ўсе бар’еры і стваралі глебу для новых ідэй, — расказвае STЕM-амбасадар асацыяцыі «Адукацыя для будучыні», намеснік дырэктара прыватнай школы Stеmbrіdgе, настаўнік інфарматыкі Яўгенія ГУШЧЫНА.

— Sсіеnсе оn Stаgе Еurоре — гэта сетка настаўнікаў, якія абменьваюцца ідэямі і найлепшымі практыкамі ў STЕM. Канчатковая мэта — падтрымаць педагогаў у іх прафесійным развіцці, — падкрэслівае старшы выкладчык кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі АПА, навуковы кансультант інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі STЕАM-адукацыі, STЕM-амбасадар асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Анжаліка МЕШЧАРАКОВА. — Сетка аб’ядноўвае цяпер педагогаў з 34 еўрапейскіх краін і не толькі. Напрыклад, у Партугаліі на апошнім фестывалі 34 краіны ўдзельнічалі афіцыйна, а чатыры — у якасці гасцей. Акрамя нас, запрашэнне атрымалі педагогі з Кітая, Бразіліі і Славакіі.

Фестываль «Навука на сцэне» праводзіцца раз у два гады. У 2001 і 2003 гадах гэта мерапрыемства было нацэлена выключна на настаўнікаў фізікі, але з 2005 года на ім былі прадстаўлены ўжо ўсе прыродазнаўчыя навукі. Між іншым, сёння паняцце STЕM значна пашырылася. Пад STЕM-падыходам разумеюць мультыдысцыплінарны падыход, калі настаўнік ставіць нейкую праблему, але не кажа, што яе рашэнне можна знайсці ў пэўным параграфе падручніка. Фактычна вучню прапануецца правесці ўласнае даследаванне. А рашэнне можа ляжаць часткова ў вобласці фізікі, часткова — у вобласці хіміі, біялогіі ці нават гісторыі і літаратуры. Ты сам вырашаеш, якія веды і па якой дысцыпліне табе патрэбныя ў канкрэтны момант.

Адна з намінацый фестывалю для STEM-педагогаў «Астраномія і даследаванні космасу ў прыродазнаўчай адукацыі».

Што знайшлі на сметніцы...

Галоўны «цвік» праграмы фестывалю «Навука на сцэне» — двухдзённы кірмаш педагагічных ідэй: удзельнікі прадстаўляюць свае праекты і эксперыменты на стэндах выстаўкі. Пад апошнія былі адведзены вялікія плошчы кангрэс-хола. Кожны можа падысці, пагутарыць, задаць свае пытанні і, так бы мовіць, выпрабаваць усе прылады, абсталяванне, эксперыменты на сабе. Прычым аўтары праекта не ведаюць, хто да іх падышоў: проста іх калега ці член журы. А на другі дзень наведаць кірмаш могуць усе ахвотныя — педагогі і вучні з любой школы.

Некаторыя з праектаў адбіраюцца праграмным камітэтам фестывалю і прэзентуюцца ў катэгорыях «Майстэрня» і «На сцэне» (як, напрыклад, «Калевала ідзе вучыцца»). На сцэнічныя прэзентацыі адводзіцца 20 хвілін. Канешне, каб удастоіцца такой увагі, у праекта павінна быць прыгожая «ўпакоўка» і легенда. Як пераканаліся беларускія педагогі, ад гэтых двух фактараў залежыць вельмі многае. Мала прыдумаць ідэю, яе яшчэ трэба ўмець паднесці шырокай публіцы са сцэны.

Усяго на фестывалі было прадстаўлена 217 праектаў у наступных намінацыях: «Навука для самых маленькіх», «Лічбавая асвета і прыродазнаўчая адукацыя», «Прыродазнаўчая адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», " Астраномія і даследаванні космасу ў прыродазнаўчай адукацыі«, «Недарагая і перапрацаваная навука», «Інклюзіўная навука» і «Сумесныя праекты» (выкананыя педагогамі з розных краін, але з умовай, што хоць адзін з іх павінен быць удзельнікам папярэдняга фестывалю).

Прыклад таго, як можна выкарыстоўваць 3D-прынтар на ўроках геаграфіі.

— Хачу заўважыць, што Sсіеnсе оn Stаgе — гэта не фестываль школ, а фестываль для настаўнікаў-практыкаў. У цэнтры ўвагі знаходзіцца педагог і вынік яго працы, а галоўная дзеючая асоба — навука, — разважае Ірына АДАМОВІЧ, настаўнік матэматыкі з сярэдняй школы № 20 Барысава, кіраўнік першага ў краіне STЕM-цэнтра, створанага на базе гэтай установы, і STЕM-амбасадар. — Гэта месца, дзе сціраюцца ўсе межы паміж краінамі, а настаўнікі аб’ядноўваюцца ў агульным патоку новых ідэй, любові да сваіх прадметаў, жаданні дзяліцца сваімі знаходкамі з усёй педагагічнай супольнасцю. Асноўная мова — англійская. Для кагосьці яна родная, а хтосьці на ёй дрэнна размаўляе і дрэнна яе разумее. Але нават у гэтым выпадку мова жэстаў, адзіная навуковая лексіка, разуменне сутнасці таго, што бачыш, дазваляюць людзям кантактаваць, знаходзіць агульныя тэмы і наладжваць кантакты. Для мяне асабіста стаў нечаканасцю той факт, што я разумела больш, чым сама ад сябе чакала.

Праекты былі прадстаўлены розныя. І вельмі простыя і знаёмыя вопыты, пра якія мы ведалі, бачылі іх, але яны былі сабраныя ў адну канву, складна і цікава прадстаўлены. І больш глабальныя рэчы, напрыклад, «фізічныя цацкі для дашкольнікаў» альбо мабільная праграма для смартфона — вызначальнік відаў раслін з прывязкай па карце да ўсяго арэала, дзе сустракаецца тая ці іншая расліна. Шмат было праектаў з кідкімі назвам: «Гульні з гукам», «Рознакаляровая хімія», «Памідорны праект», «Матэматычная магія», «Матэматыка ў агародніне і садавіне». Аўтары апошняга, напрыклад, вылічвалі плошчу скуркі, знятай з апельсіна, — усё насамрэч проста. Многія праекты былі з канкрэтнай прывязкай да той мясцовасці, з якой прыехалі педагогі, напрыклад, «Руффах, зямля вінаграда і віна» — яго прэзентавалі французы.

Шэдэўр з кардону і паперы: мадэль Сонечнай сістэмы ў скрынцы.

Самая цікавая намінацыя «Недарагая і перапрацаваная навука» — гэта значыць, што ў ход ідзе ўсё, што зроблена з паперы, кардону, палак, нітак і іншых падручных матэрыялаў. Гэта маглі быць і губкі, і трубачкі для кактэйлю. Вырабы ствараліся з другаснай сыравіны. Некаторыя праекты так і называліся: «З таго, што мы знайшлі на сметніцы». Былі і сапраўдныя шэдэўры з кардону і паперы, кшталту мадэлі сонечнай Сістэмы ў скрынцы, якая падсвечвалася ліхтарыкам.

Сярод пераможцаў былі і нашы суседзі-ўкраінцы, якія ў катэгорыі «Інклюзіўная навука» прадставілі праект «Сэнсарная інтэграцыя ў матэматыцы», заснаваны на тактыльных адчуваннях дзяцей. Увогуле ўкраінскія педагогі выставілі на еўрапейскі фестываль чатыры свае праекты.

Сакрэт паспяховага пенальці

— Я ўпэўнена, што амаль кожны беларускі настаўнік варты таго, каб трапіць на гэты фестываль, таму што мы штодня спрабуем на сваіх уроках фантазіраваць з падручнымі матэрыяламі, з нічога зрабіць штосьці, — дзеліцца сваім меркаваннем настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 20 Барысава, выкладчык курсаў па Sсrаtсh-праграмаванні Надзея ПРАКОПЧЫК. — А адзін з крытэрыяў конкурснага адбору — гэта мінімальныя выдаткі, даступнасць і магчымасць выкарыстоўваць ідэю на звычайных штодзённых занятках.

Праект, прысвечаны стварэнню «разумнага дома».

Калегі з Казахстана, напрыклад, прадстаўлялі праект «Крэатыўны пластылін», скіраваны на развіццё ў навучэнцаў абстрактнага мыслення. Педагогі працуюць у прыватнай школе, дзе ў іх 8 гадзін матэматыкі на тыдзень. Ідэя з пластылінам з’явілася ў старшых класах пры вывучэнні стэрэаметрыі. Дзеці пасля завяршэння вывучэння раздзела выконваюць творчы праект з пластыліну і дзеляцца затым сваімі вынікамі з малодшымі школьнікамі. Гэта абсалютна даступная для ўвасаблення ідэя.

Яшчэ адна фішка фестывалю — 40 майстар-класаў, але ты можаш выбраць з іх толькі два. Каб не атрымалася як у той прытчы, калі шэсць мудрацоў пайшлі «глядзець» слана, а потым адзін вырашыў, што слон — гэта дрэва, а другі — што змяя, беларускія настаўнікі падзяліліся — усе пайшлі на розныя майстар-класы, каб потым аб’яднаць свае ўражанні.

Дарэчы, на сайце httрs://www.sсіеnсе-оn-stаgе.еu/ «Навука на сцэне» можна бясплатна спампаваць вучэбныя матэрыялы, распрацаваныя еўрапейскімі STЕM-педагогамі. Напрыклад. якая ідэальная крывая траекторыі мяча? Якім павінен быць ідэальны газон? Які баланс СО2 на чэмпіянаце Еўропы УЕФА? Футбол прапануе вялікую разнастайнасць пытанняў і праблем для вучэбных заняткаў STЕM: 20 настаўнікаў з 15 еўрапейскіх краін распрацавалі дванаццаць навучальных блокаў, якія прадстаўляюць цікавыя эксперыменты па футболе для біялогіі, хіміі, камп’ютарных навук, матэматыкі і фізікі. Брашура змяшчае шырокі спектр міждысцыплінарных задач для сярэдняй школы: ад вымярэння масы паветра ўнутры мяча, уплыву энергетычных напояў на прадукцыйнасць гульцоў і да разліку шанцаў забіць падчас серыі пенальці. Школьнікаў заахвочваюць адкрыць навуковыя феномены папулярнай гульні.

Галоўны цвік праграмы — двухдзённы кірмаш педагагічных ідэй: удзельнікі прадстаўляюць свае праекты і эксперыменты на стэндах выстаўкі. Пад апошні былі адведзены вялікія плошчы кангрэс-хола.

— На фестывалі я часта ўключала «злоснага блогера» і задавала правакацыйныя пытанні, — усміхаецца Яўгенія Гушчына. — Калегі з Францыі прадстаўлялі праект, прысвечаны наступствам кліматычных змяненняў. На маё пытанне «А што мы можам змяніць, бо экалагічныя наступствы — гэта ж больш аддаленая перспектыва, якая закране наступныя пакаленні» мне адказалі: «Так, сёння мы насамрэч нічога не можам зрабіць, пакуль не зменяцца нашы кіраўнікі. Але мы можам выхаваць людзей, якія з дзяцінства думаюць пра тое, як захаваць гэты свет, як яго не забруджваць, і калі яны прыйдуць да ўлады, то змогуць уплываць на многія рэчы». Гэта значыць, што там ніхто не сумняваецца ў высокай місіі педагогаў.

Выхад на міжнародны ўзровень

Наступны фестываль «Навука на сцэне» пройдзе восенню 2021 года ў Чэхіі. Для таго каб паехаць туды ўжо паўнапраўнымі ўдзельнікамі, у Беларусі восенню 2020 года павінен быць арганізаваны нацыянальны адбор. Нацыянальны кіруючы камітэт цяпер знаходзіцца ў працэсе стварэння. Між іншым, у журы павінны ўвайсці не менш чым тры замежныя эксперты. Астатні час можна будзе прысвяціць падрыхтоўцы і вывучэнню англійскай мовы. Трэба мець на ўвазе, што ў нас прынята рабіць усё вельмі пампезна і кідка, але на фестывалі ў Партугаліі было зусім мала паліграфіі на стэндах. Нават праграму не раздрукоўвалі на паперы, клапоцячыся пра экалогію. І нідзе не было аднаразовага посуду. Усе траты рэсурсаў былі мінімізаваныя...

Яшчэ адзін важны нюанс — фінансаванне паездкі. У многіх краінах галоўнымі спонсарамі становяцца вядучыя кампаніі і вытворцы. Нядаўна было афіцыйна заяўлена, што ў Беларусі налета адкрыецца яшчэ 100 STЕM-класаў. Акрамя таго, за 2020 год ПВТ і асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» плануюць навучыць STЕM-падыходу 300 настаўнікаў. У STЕM-класах вучні змогуць бясплатна займацца праграмаваннем, робататэхнікай, 3D-мадэляваннем, дакладнымі і прыродазнаўчымі навукамі, развіваць навыкі інжынернай творчасці. У новых STЕM-цэнтрах будуць адкрыты пяць новых напрамкаў: машыннае навучанне і штучны інтэлект, Аrt (сучасныя кірункі ў мастацтве і дызайне), FіnTесh і выкарыстанне высокіх тэхналогій у хіміі, біялогіі, медыцыне.

Членства Беларусі ў Sсіеnсе оn Stаgе Еurоре дасць нам магчымасць атрымліваць перадавы вопыт STЕM-педагогаў, так бы мовіць, з першых рук і выведзе STЕM-супольнасць беларускіх педагогаў на міжнародны ўзровень.

Даведка:

Ва ўсім свеце расце армія прыхільнікаў пераходу ад STЕM-адукацыі (абрэвіятура расшыфроўваецца як «sсіеnсе, tесhnоlоgу, еngіnееrіng і mаthеmаtісs» — «прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерыя і матэматыка») да STЕАM-адукацыі (тыя ж навукі плюс творчасць). У краінах, дзе развіваюць высокатэхналагічную вытворчасць, STЕАM-адукацыя, якая развівае крэатыўныя навыкі, становіцца прыярытэтнай.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота з сайта і беларускіх удзельнікаў фестывалю

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.