Вы тут

Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа рыхтуецца адзначыць юбілей


4 снежня споўніцца 60 гадоў з моманту адкрыцця тут першай экспазіцыі.


yakubkolas.by.

Як сведчаць дакументы, музей Якуба Коласа быў створаны Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб увекавечванні памяці народнага паэта БССР Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) у жніўні 1956 года, пасля смерці народнага паэта Беларусі. Арганізацыяй музея ў тым самым доме, дзе з канца 1944-га да апошніх дзён жыў пісьменнік з сям'ёй, займаўся яго старэйшы сын Даніла Канстанцінавіч, які стаў і першым дырэктарам установы. Для падрыхтоўкі экспазіцыі спатрэбіўся пэўны час, таму першых наведвальнікаў дом-музей прыняў толькі 4 снежня 1959 года.

На сённяшні дзень музей — гэта дзесяць выставачных залаў, прычым у двух пакоях (кабінеце і спальні) захаваны прыжыццёвы інтэр'ер коласаўскага дома, а ў астатніх знаходзяцца мэбля і рэчы, якімі карыстаўся паэт. Асноўны музейны фонд налічвае звыш 30 тысяч адзінак, у тым ліку асабісты архіў, рукапісы, кнігі і ўзнагароды пісьменніка, разнастайныя кінафотадакументы, мастацкія творы і г. д. Яшчэ адна частка музея — філіял «Мікалаеўшчына» — знаходзіцца на радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне.

Адмыслова да юбілею сумесна з калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым супрацоўнікі музея народнага паэта Беларусі падрыхтавалі выстаўку «Песняры зямлі беларускай. Міцкевічы: ад Адама да Канстанціна». «Нягледзячы на тое што два таленты, народжаныя на Беларусі ў розныя стагоддзі, карысталіся рознымі мовамі, ім абодвум удалося ўвасобіць геній мясцовага духу ў сваіх лірычных эпасах. Адам Міцкевіч у нейкі момант вымушана пакінуў радзіму, Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас быў укаранёны ў родную зямлю, але і адзін, і другі чэрпалі натхненне ў духоўнай і матэрыяльнай спадчыне беларусаў», — адзначаецца ў прадмове да выстаўкі. Як расказалі «Звяздзе», гэтая экспазіцыя складаецца з некалькіх тэматычных блокаў і ўключае старыя паштоўкі і асабістыя рэчы, якія належалі двум вялікім паэтам. Наведвальнікі змогуць убачыць яе ўжо з 5 снежня. А 4-га музей павіншуюць з юбілеем ганаровыя госці — чакаюцца паслы з 20 краін свету, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, кіраўнікі дзяржаўных ведамстваў, у тым ліку Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: У госці да дзядзькі Якуба

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.