Вы тут

Да пракату рыхтуецца карціна, праз якую можна стаць лепшым


Анансуючы прэм'еру ігравога фільма «ІІ» Улады Сяньковай, аўтары інтрыгавалі тэмай, якую нібы не прынята абмяркоўваць у беларускім грамадстве. У пэўны момант у буднях дзесяцікласнікаў здараецца нешта такое, што пераварочвае іх жыцці і выкрывае непрывабную сутнасць герояў.


Нешта такое — гэта ВІЧ, і я разумею магчымую прычыну, чаму рэжысёру не хацелася загадзя раскрываць сутнасць драмы: мы чуем «ВІЧ» і пераключаемся на адхілены рэгістр, маўляў, сацыяльная рыторыка мусіць стаць на першы план, і ўсё, бывай, мастацтва, да таго ж мы сапраўды выкрутліва пазбягаем такіх далікатных тэм.

Але не ўсё так прадказальна ў выпадку з карцінай «ІІ»: пазбаўленая той фармальнай павучальнасці, яна праз дзве палоскі, якія правакуюць цэлую серыю досыць уражальных сцэн, паказвае падлеткавую жорсткасць, закаснелую свядомасць і жыццесцвярджальнае сяброўства. І фільм у рэшце рэшт уяўляе сабой не сацыяльны ролік аб прэвентыўных мерах супраць заражэння, а мастацкі твор, у якім тэст на ВІЧ як індыкатар і правакатар становіцца тэстам нашаму грамадству.

Цяпер стужка — нават дазволю сабе назваць яе адной з найбольш удалых ігравых беларускіх кінакарцін апошняга часу — рыхтуецца да пракату ў Беларусі. Яе сусветная прэм'ера адбылася на Варшаўскім кінафестывалі, дзе «ІІ» удзельнічала ў адной з конкурсных праграм і была ўдастоена спецыяльнай згадкі журы. А беларуская прэм'ера, што адбылася пры поўнай зале, была адной з самых «абыграных» падзей кінафестывалю «Лістапад». 11 снежня паказ фільма ў кінатэатры «Масква» стане пачаткам пракату: з 12-га стужку можна будзе паглядзець у пяці мінскіх кінатэатрах.

У цэлым гісторыю, што разварочваецца на экране, можна лічыць універсальнай: жылі-былі сябры і сяброўкі, вучыліся ў 10 класе, пражывалі свае «першыя разы», рыхтаваліся да будучыні, любілі і жадалі выклікаць рэўнасць, цярпелі здзекі і абаранялі адно аднаго, хадзілі на дыскатэкі, марылі паступіць у польскі ўніверсітэт (гэта ўжо беларуская метка), але «вот, новый поворот».

Паварот і ўсё, што адбываецца пасля яго, па-першае, робяць фільм няпростым відовішчам, а па-другое, пераплаўляюць як бы ўніверсальныя рэчы ў нейкую заяву аб беларускім грамадстве. Тое, што фільм з'яўляецца меседжам пра вялікую катэгорыю — нацыю, краіну, аб'яднаных адной тэрыторыяй людзей, паказвае сам яго змест, бо быццам наўмысна ўтрымлівае ў сабе з'явы рэчаіснасці, якія ў нас у пэўным сэнсе замоўчваюцца, тым больш замоўчваюцца ў мастацкім кіно. Гомасексуалізм, булінг у школах і сам вірус імунадэфіцыту могуць не толькі раздражніць кансерватыўных альбо безуважных людзей, але і паказаць ім, што прызнаваць усё гэта варта, а галоўнае, нармальна.

Таму прыемна бачыць — дажыліся, — як нетрадыцыйная арыентацыя і ВІЧ з'яўляюцца ўсяго толькі арганічна ўпісанымі ў канву элементамі сюжэта, а не прадметамі нейкіх дэкламацый, а гэта ўжо само па сабе ёсць сэнсаўтваральная рэч. Калі кіно заклікана ў тым ліку заводзіць размову аб рэчаіснасці, то карціна «ІІ» — за доўгі час у нашай краіне адна з найбольш шчырых і некрывадушных.

І далей — болей: калі дзве палоскі аказваюцца ў сюжэце, мы бачым, як яны мяняюць наваколле. У гэтых зменах і ганебных праявах хаваецца асноўны жах фільма і не толькі фільма: шэраг эпізодаў, справакаваны навіной аб тым, што ў школе ёсць ВІЧ-станоўчы чалавек, уяўляе сабой цалкам магчымы сцэнарый і транслюе рэалістычны вобраз беларускага грамадства. Я ўсяму, што адбываецца, веру, хоць карціна відавочна згушчае сцэны і праз іх блізкасць узмацняе эмацыянальнае ўздзеянне. Са школьнага асяроддзя сцэнарый выціскае ўсе магчымасці для паказальнасці і прымушае яго стройна праяўляць сябе праз стаўленне да, скажам так, нетрадыцыйных рэчаў.

Тут увярну пра тое, што поўнаметражны фільм рабіўся з рэсурсаў, якія разлічваліся на кароткаметражку. Так, складаныя ўмовы для кінапрацэсу — заезджаная тэма, куды ні плюнь, усім цяжка і нечага не стае, але ў гэтым выпадку малы бюджэт не становіцца рысай фільма, а, наадварот, падладжвае пад сябе аўтарскія метады. Бязладная камера, прыглушаныя колеры і акцёрская ігра, што стварае партрэты мазкамі, набліжаюць выказванне да таго, на што і самі мы глядзім кожны дзень, толькі не бачым.

Шмат трапна падмечаных дэталяў, крыху маніпуляцый і разумнага ўтрыравання — гатова: сцэна за сцэнай фільм Улады Сяньковай пацвярджае, калі хочаце, дзікасць нашага грамадства. Дзікаму грамадству глядзець абавязкова.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Тэст на цывілізаванасць грамадства

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.

Культура

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Сёння 40 дзён, як кампазітар пайшоў з жыцця.