Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, якіх правіл трэба прытрымлівацца, каб адзенне не прычыніла шкоды здароўю


Як кажуць знаўцы, модна — не толькі прыгожа, але і зручна. Ёсць нават такое паняцце — небяспечнае адзенне. І гэта не жарты, узоры яго можна знайсці на сайце Дзяржстандарта ў рэестры прадукцыі, забароненай для ўвозу і (або) звароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Паглядзелі? А цяпер замацуем веды разважаннямі нашых экспертаў.


«Гумавыя» джынсы

У інтэрнэце не праблема знайсці інфармацыю на гэтую тэму. Эколагі, напрыклад, б'юць трывогу, што навакольнае асяроддзе ўсё больш забруджваецца мікрапластыкам, які вымываецца з нашага сінтэтычнага адзення. Што тыя хімікаты, якія прымяняюцца для таго, каб надаць адзенню пэўныя ўласцівасці, могуць выклікаць сур'ёзныя захворванні. Яны збіраюцца ў тканках арганізма і выклікаюць парушэнні работы эндакрыннай і нервовай сістэм, шчытападобнай залозы. Не лепшым чынам могуць уздзейнічаць на арганізм фарбы, якія выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай галіне. Асаблівую небяспеку ўяўляюць прынты і налепкі з ПВХ-асновай, для пластыфікацыі якой выкарыстоўваюць фталаты. А гэта эндакрынныя разбуральнікі, якія перашкаджаюць нараджэнню дзяцей і правільнаму развіццю маленькага чалавека. Магчыма, дзесьці аўтары гэтых тэкстаў і перабольшваюць, але доля праўды ў іх словах ёсць. Ну хто з нас хоць раз у жыцці не сутыкаўся з тым жа абуткам з жахлівым хімічным пахам? Або не мераў сукенку, якая трашчала ад статычнага напружання? Ці нармальна ўсё гэта? Цана прывабная, але ж здароўе даражэйшае. Асабліва дзяўчаты любяць вырабы з прыстаўкай «стрэйч» — яны ж так прыгожа аблягаюць фігуру. Але што такое стрэйч? Сінтэтычны палімер — замяняльнік гумы. Ці здарова гэта — насіць не здымаючы гумавыя джынсы або гумавую сукенку?

Як тут не згадаць добрым словам нашых прабабуль, якія забяспечвалі сям'ю экалагічна чыстым і здаровым адзеннем. Цяпер у чыстым выглядзе натуральную тканіну, як, напэўна, і каўбасу, не знойдзеш. Пасля апрацоўкі яна набывае таварныя ўласцівасці, але страчвае частку сваёй натуральнасці.

Гіграскапічнасць і паветрапранікальнасць

Гэта тое, чым часцей за ўсё грашыць адзенне, якое нам прапануюць. Гіграскапічнасць — гэта здольнасць матэрыялу паглынаць і аддаваць вільгаць. Калі гэтага няма, узнікае адчуванне чалавека ў футляры — не ў пераносным сэнсе, пра які пісаў Антон Чэхаў, а ў прамым. І гэта вельмі дрэнна ўздзейнічае на самаадчуванне і, адпаведна, здароўе, пачынаючы ад скурных захворванняў і заканчваючы прастуднымі.

Дарэчы, самую высокую гіграскапічнасць маюць ваўняныя тканіны. Прырода дазваляе жывёлам выжываць у спякоту і ў холад, у субтропіках і ў пустынях. Пры нармальнай вільготнасці навакольнага паветра ваўняныя валокны могуць паглынаць да 17 % вільгаці, а пры высокай — да 40 %. Высокай ступенню гіграскапічнасці — да 40 % — валодаюць таксама шоўк і віскоза, напалову меней гэтая здольнасць у лёну і ўсяго 8 % мае бавоўна. Гіграскапічныя тканіны ў абсалютна сухім паветры не трацяць ваду імгненна: працэс высыхання ідзе павольна. Акрамя паказчыка гіграскапічнасці гігіеністы ацэньваюць таксама паветрапранікальнасць і парапранікальнасць матэрыялаў. Добрыя тканіны могуць паглынаць вільгаць, прапускаць выпарэнні і паветра.

Але шмат прыкладаў, калі гэтага не адбываецца, заўважае начальнік аддзела дзяржнагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў Алег Буракоў.

— За дзевяць месяцаў намі было пракантралявана на адпаведнасць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза 1732 найменні прадукцыі з Кітая, Расіі, Кіргізіі, Турцыі, Францыі, Узбекістана, Польшчы, Чэхіі, — кажа ён. — Аналізу падвергліся адзенне, абутак, пледы, коўдры і іншыя тавары тэкстыльнага паходжання. Было ўстаноўлена, што 1720 (99,31 %) найменняў прадукцыі не адпавядалі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў. Па 73 найменнях тавараў з 86, якія былі выпрабаваны, атрыманыя адмоўныя вынікі. Сярод асноўных парушэнняў, якія былі выяўлены, — невыкананне нормаў бяспекі.

Маркіроўка таксама бывае з падманам

Загадчык аддзялення нагляду і кантролю за гігіенічнай бяспекай тавараў Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дзмітрый Бузюк звяртае ўвагу на тое, што да выбару адзення трэба ставіцца з розумам.

— Кантроль за адзеннем вядзецца пастаянны, — кажа ён. — Звычайна няякасныя вырабы паступаюць да нас з трэціх краін і прадаюцца ў дробнааптовых гандляроў. У іх, як правіла, няма дакументаў на тавар, якія б пацвердзілі неабходныя параметры Тэхнічнага рэгламенту, а значыць, няма пацвярджэння, што пры вытворчасці выкарыстоўваліся тыя тканіны, пра якія напісана на ярлыках. Мы нават не бяром на экспертызу такі тавар, ён проста канфіскуецца. Сёлета, напрыклад, намі былі вынесены прадпісанні аб зняцці з рэалізацыі з-за адсутнасці маркіроўкі і дакументаў 451 адзінка дарослага адзення і 685 дзіцячага. А вось тыя вырабы, якія маюць дазвол на рэалізацыю, перыядычна ўсё адно правяраюцца. Бо партыя партыі не роўная. Тым больш што сертыфікаты выдаюцца на некалькі гадоў, а пакідаць прадукцыю без кантролю нельга.

У рамках наглядных мерапрыемстваў лабараторыяй абласной санслужбы сёлета было даследавана 43 узоры тавараў для дарослых і 100 для дзяцей. Прэтэнзіі паўсталі толькі да цацак. У маштабах краіны парушэнні выяўляліся і да дзіцячага адзення — па паветрапранікальнасці і гіграскапічнасці.

— Мы правяраем вырабы на наяўнасць хімічных рэчываў, у прыватнасці фармальдэгіду, а таксама такіх хімічных элементаў, як мыш'як, свінец, хром і гэтак далей. У залежнасці ад фарбавальніка яны нарміруюцца, — заўважае эксперт.

Сёння вельмі шмат людзей карыстаюцца адзеннем з сэканд-хэндаў. Але, па словах эксперта, гэта на страх і рызыку саміх спажыўцоў:

— На сэканд-хэнд няма санітарных нормаў і правілаў. Тэхнічныя рэгламенты на яго таксама не пашыраюцца. Лепш купляць прадукцыю там, дзе ты цалкам упэўнены ў яе якасці і бяспецы. У сэканд-хэндзе гэтага не гарантуюць.

Дзмітрый Бузюк раіць звяртаць увагу на маркіроўку вырабу: яна павінна быць на беларускай або рускай мове. Павінны таксама быць выразна ўказаны вытворца, састаў вырабу, узроставая адрасаванасць. Калі прадукцыя ўвезеная афіцыйна і прадаецца з пацвярджаючымі дакументамі, прайшла ўстаноўленую беларускімі патрабаваннямі праверку, яна будзе замаркіраваная адзіным знакам абарачэння на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза — ЕАЭС.

Увага: фармальдэгід

Начальнік тэкстыльнай лабараторыі магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» Святлана Караткевіч добра ведае, якія небяспекі могуць напаткаць неразборлівага пакупніка:

— Можна, напрыклад, купіць рэч з высокім утрыманнем фармальдэгіду, — кажа яна. — Ад гэтага не застрахаванае нават адзенне ад вядомых брэндаў. Такое здараецца пры прымяненні дрэнных фарбавальнікаў, парушэннях тэхналогіі вытворчасці, наогул пры апрацоўцы тканіны. Пігментныя фарбавальнікі, а яны выкарыстоўваюцца і пры вытворчасці дзіцячага адзення, зніжаюць паказчыкі гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці. Пры куплі адзення для дзетак трэба звяртаць увагу і на швы. Яны павінны быць звонку. Некаторыя ўпрыгожваюць дзіцячае адзенне бліскаўкамі, што таксама небяспечна для немаўляці: яно можа параніцца. Могуць быць хібы па гігіенічных, біялагічных паказчыках — той жа індэкс таксічнасці, які залежыць ад правільнасці падрыхтоўкі тканіны, апрацоўкі яе рознага роду апрэтамі для надання спажывецкіх якасцяў. У якасці вырабу можна не сумнявацца, калі на ім стаіць знак Мытнага саюзу — ЕАЭС. Гэта значыць, што прадукцыя сертыфікаваная. Як правіла, вялікія прадпрыемствы сертыфікуюць прадукцыю ад пачатку яе вытворчасці і да выпуску. У іх ёсць гігіенічныя сертыфікаты на ўсе фарбавальнікі, дапаможныя рэчывы, сыравіну. Такая прадукцыя будзе цалкам адпавядаць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту.

Святлана Анатолеўна раіць асцярожна выбіраць тавар у дробнааптовага прадаўца, заўсёды цікавіцца, ці ёсць сертыфікат на прадукцыю. Там будзе прапісана, што выраб адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў. «Няправільна абранае адзенне як мінімум можа выклікаць алергію, скурныя запаленні, — кажа спецыяліст. — А індэкс таксічнасці, дарэчы, уплывае на мужчынскую палавую сістэму. Таму бялізну і спецадзенне выбірайце асабліва прыдзірліва».

Модна ці бяспечна?

Эксперт WоrldSkіlls Беларусь у кампетэнцыі «Тэхналогія моды» Наталля Юхневіч таксама звяртае ўвагу на тое, што да куплі адзення трэба падыходзіць з усёй сур'ёзнасцю:

— Ёсць рэчы, якія збіраюць статычную электрычнасць. Гэтым грашаць сінтэтычныя тканіны або тыя, дзе ёсць вялікае ўтрыманне сінтэтыкі. Выходзім, напрыклад, з машыны, бяромся за дзверкі або паціскаем руку знаёмаму і атрымліваем электрычны разрад. Мала таго, што гэта непрыемна, дык з часам можа прывесці і да тых жа сардэчных збояў. На тэкстыльных прадпрыемствах павінны здымаць статычнае напружанне, але не ўсе гэта робяць. Апрацоўка антыстатыкам у дамашніх умовах часам не дапамагае, напрыклад, калі сінтэтычны напаўняльнік унутры паліто. Бывае, што рэчы псуюць не вельмі якасныя фарбавальнікі — гэта таксама рызыка для спажыўца. Але ад іх куплі ніхто не застрахаваны. Калега з Расіі ў сацсетках неяк паведаміла, што купленая ў вельмі дарагім буціку сукенка пасля першага ж мыцця ўся «паплыла».

Наталля нагадвае таксама пра небяспечныя дэталі, якія могуць сапсаваць нават бяспечнае адзенне. Напрыклад, тыя ж металічныя кольцы на паліто або плашчы, якімі можна зачапіцца і параніцца. Да спецадзення наогул патрабуецца асаблівы падыход. На ім не павінна быць лішніх элементаў накшталт шнуркоў, тых жа кольцаў і іншых модных штучак, бо рызыка зачапіцца і траўміравацца ўзрастае ў разы.

Пры ацэнцы ўдзельнікаў спаборніцтваў WоrldSkіlls эксперт улічвае канструяванне, мадэляванне, пашыў вырабаў — усе тыя навыкі, якімі павінен валодаць мадэльер. Калі нешта зрабіць няправільна, кажа яна, гэта праявіцца ў гатовым вырабе, а значыць, таксама адаб'ецца на яго якасці.

Парады ад экспертаў

  • Звяртайце ўвагу на тавары мясцовай вытворчасці. Але не ігнаруйце састаў і паходжанне тканіны.
  • Купляйце адзенне з натуральных тканін. Так у навакольнае асяроддзе паступіць менш мікрапластыку.
  • Арыентуйцеся на арганалептычныя паказчыкі. Калі ёсць сінтэтычны пах, не сумнявайцеся: нейкія не вельмі добрыя хімічныя складнікі там ёсць.
  • Танны абутак не карысны для здароўя. Абутак са скуразамяняльніку негігіенічны, нага ў ім не «дыхае», а значыць, будзе ацякаць. Зімой наогул можна пераахаладзіцца ад перападу тэмператур.
  • Адзенне павінна быць гіграскапічным. Пажадана, каб нацельная бялізна была па максімуме натуральная. Чым болей натуральных валокнаў, тым больш гігіенічна. Гэтыя тканіны ўбяруць пот, не дадуць размнажацца мікраарганізмам. Выключэнне — святочнае адзенне, бо яно надзяваецца на невялікі час і не прызначана для паўсядзённага нашэння.
  • Няўстойлівая афарбоўка. Гэта хімічныя рэчывы, якія могуць выклікаць алергію. Адзін з магілёўскіх экспертаў згадаў выпадак, калі ў дзіцячым металічным посудзе была выяўлена міграцыя металаў. Уяўляеце, гэта ж усё магло трапіць у ежу!
  • Фармальдэгід — самы распаўсюджаны небяспечны паказчык, сустракаецца амаль паўсюль. Ёсць дапушчальныя ўзроўні, але, на добры лад, яго не павінна быць увогуле. Аднак, як кажуць хімікі, наяўнасць фармальдэгіду ў канкрэтным узоры яшчэ не сведчыць пра тое, што ён будзе ва ўсіх астатніх вырабах з гэтай партыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».