Вы тут

Асаблівасці ХІІІ абласнога фестывалю нацыянальных культур у Маладзечне


Развіццё патэнцыялу культуры  — важная задача для любога грамадства. Кожная культурная традыцыя  — магчымасць зразумець асаблівасці функцыянавання жыцця народа, яго ўклад. Сёлета шляхі нацыянальных культур зноў перасякліся ў Маладзечне: у выхадныя прайшоў ХІІІ абласны фестываль нацыянальных культур, дзе генерыраваліся цікавыя і крэатыўныя ідэі сучаснага пазіцыянавання культуры. На гэты раз Мінская вобласць аб’яднала прадстаўнікоў 13 краін, для якіх Беларусь стала другім домам.


Фестываль прайшоў у гарадскім Палацы культуры. Звычайна яго называюць святам адзінства, дружбы і згоды. Кожны з удзельнікаў сваім талентам, творчасцю ўзбагачае не толькі самабытную культуру, але і ў цэлым культуру Беларусі. Штогод фэст праводзіцца ў мэтах гарманізацыі міжнацыянальных адносін, папулярызацыі найлепшых узораў паэтычнага, музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальных супольнасцей вобласці, для даследавання пераемнасці нацыянальных мастацкіх традыцый, умацавання творчых і дзелавых адносін паміж установамі культуры і грамадскімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі нацыянальных супольнасцей.

Абласное свята адкрыла выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў фае Палаца культуры. Яна стала вынікам карпатлівай і натхнёнай працы майстроў. Удзельнікаў узнагародзілі адмысловымі дыпломамі ў розных творчых намінацыях і каштоўнымі падарункамі. З віншавальнай прамовай да мікрафону была запрошана дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, якая ўручыла дыпломы за падтрымку і развіццё нацыянальных культурных традыцый, за развіццё і пераемнасць мастацкіх традыцый рамяства, за ўмацаванне творчых адносін паміж установамі культуры і грамадскімі арганізацыямі нацыянальных супольнасцей, а таксама за захаванне і пераемнасць нацыянальных кулінарных традыцый, прапаганду нацыянальнай літаратуры і шматгадовы ўдзел у Абласным фестывалі нацыянальных культур.

Гасцей парадавала канцэртная праграма «Скарбы нацый  — спадчына зямлі». Гледачоў чакалі парад прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар, танцавальныя і вакальныя нумары. На свята прыехалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творчыя калектывы грамадскіх нацыянальных аб’яднанняў і індывідуальныя выканаўцы з розных рэгіёнаў Міншчыны. Сярод іх  — удзельнікі культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў «Краяны» (г. Маладзечна) і культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў «Обрий» (Мінскі раён), Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», народнага аматарскага аб’яднання прадстаўнікоў нацыянальных культур «Шматгалоссе» Печынскага гарадскога Дома культуры Барысаўскага раёна, культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» з Нясвіжа, Стоўбцаў і Івянца, цыганскі ансамбль «Эльпіс» з Луцка, прадстаўнікі армянскай, яўрэйскай, азербайджанскай, узбекскай культур і іншыя.

Дыяспары з Мінскай вобласці прэзентавалі традыцыйныя рамёствы і стравы нацыянальнай кухні. Пакаштаваць іх мог любы ахвотны. Ад разнастайнасці прадстаўленых народных касцюмаў, кулінарных шэдэўраў, каларытных сувеніраў разбягаліся вочы. Не паспеў паспрабаваць татарскага кыстыбая, як палякі ўжо падносілі галушкі і бігас, а грузіны прапаноўвалі хачапуры і чурчхелу. Толькі танцаваў армянскі качары, а ногі ўжо самі вялі ў запальны беларускі танец. Выйшаў з казахскай юрты, а азербайджанцы ўжо гасцінна клікалі ў сваё нацыянальнае жытло. Каб змяніць краіну, дастаткова было зрабіць некалькі крокаў.

Адным з самых цікавых у межах фестывалю быў беларускі традыцыйны стэнд. Наведвальнікі мелі магчымасць атрымаць майстар-клас па пляценні нацыянальных паясоў. Справа няпростая, асабліва для чалавека, што не прывык да карпатлівай ручной працы. Гаспадары стэнда толькі ўсміхаліся і прапаноўвалі падсілкавацца — бабкай і бутэрбродам з чорнага хлеба і сала.

Штогод фестываль нацыянальных культур у Маладзечне найлепшым чынам падкрэслівае гатоўнасць беларусаў жыць у міры і згодзе, паказвае, як важна шанаваць свае карані, любіць зямлю, з павагай і ўвагай ставіцца адзін да аднаго, да звычаяў і традыцый іншых народаў. У нашай краіне пражываюць прадстаўнікі звыш 140 нацыянальнасцей, і ўсе знаходзяць агульную мову. Мы не шукаем адрозненні, але радуемся, што можам дзяліцца сваімі традыцыямі і дзякуючы гэтаму ўзбагачаць культуру.

Традыцыйна фестываль у Маладзечне прайшоў з вялікім размахам. Тут сабраліся людзі, якія ў першую чаргу цёпла ставяцца да захавання традыцый і спрабуюць быць разам, а не спаборнічаць. Гэты факт добра ўплывае на атмасферу і ўтульнасць падчас мерапрыемства. Удзельнікі змаглі ацаніць не толькі культуру адно аднаго, але і сяброўскую павагу паміж дыяспарамі. Усе абменьваліся падарункамі і цёплымі словамі.

Вельмі важна, што такіх мерапрыестваў, як фестываль нацыянальных культур, у краіне становіцца ўсе больш. Гэта сведчыць пра неабыякавасць і імкненне захаваць самае важнае — індывідуальнасць, непаўторнасць, якія дасталі ся нам ад папярэдніх пакаленняў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Падарожжа ў некалькі крокаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.