Вы тут

Па слядах аднаго здымка


Год таму да 95-годдзя «Маладняка» на першай старонцы лістападаўскага нумара «ЛіМа» было надрукавана легендарнае фота з І Усебеларускага з’езда пісьменнікаў, дзе ёсць выявы амаль усіх сяброў літаратурнай суполкі. З таго часу рэдакцыя атрымала не адно паведамленне ад чытачоў: яны пазнавалі сваіх родзічаў, сваякоў, удакладнялі інфармацыю пра іх. Не так даўно прыйшоў да нас і ліст ад Яўгеніі Дзяркач з аграгарадка Кляннік Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Вось некаторыя вытрымкі з яго: «...Маю гэткі ж здымак, і іншыя, якія тычацца аднаго пісьменніка з ліку забытых. Гэта — Мікола Нікановіч, якому я даводжуся ўнучатай пляменніцай. На фотаздымку яго няма, магчыма, таму, што ў гэты час ён знаходзіўся на службе ў Чырвонай Арміі. Але ёсць яго сябры-маладнякоўцы».


Мікола Нікановіч

Пра жыццё пісьменніка, дзе былі і перамогі, і паразы, і хвіліны акрыленасці, і моманты роспачы і тугі, можна было б напісаць раман. Пра тое, якім ён запомніўся, расказала Яўгенія Дзяркач. Яна вельмі шануе памяць пра таленавітага родзіча. У сталым веку жанчына пераехала з горада ў вёску, дзе напрыканцы ХІХ стагоддзя было «фамільнае гняздо» яе продкаў па матчынай лініі  — Уладзіміра і Юліі Нікановічаў.

Мікола, будучы пісьменнік, нарадзіўся 2 красавіка 1902 года і быў трэцім дзіцём у сям’і. У сялянскай сям’і, паводле інфармацыі з пісьменніцкіх даведнікаў. Але гэтыя звесткі памылковыя. Яўгенія Дзяркач, зацікавіўшыся лёсам Міколы Нікановіча і ўласнай радаслоўнай, працавала ў архівах, каб адшукаць звесткі пра сям’ю. Яна знайшла дакументы, дзе значыцца, што Уладзімір Нікановіч быў адстаўным фельдфебелем царскай арміі, а ў Кляннік пераехаў загадваць віннай лаўкай. З ім пераехала і жонка Юлія, у дзявоцтве Астрэйка. Паходзіла яна з мяшчанскага асяродка, мела гімназічную адукацыю. Былі ў яе родзе і пісьменнікі. Відаць, Міколу пісьменніцкі дар перадаўся менавіта ад маці. Адзін з братоў Юліі, дарэчы, быў артыстам драматычнага тэатра.

Калі Міколу было 8 гадоў, бацька загінуў. Апякунства над малым узяў муж старэйшай сястры Вольгі Сцяпан Пашкевіч. Даў яму пачатковую адукацыю, потым уладкаваў ва Ігуменскую гімназію, пасля сканчэння якой Мікола стаў працаваць у Клянніку настаўнікам. Тады ж і праявіўся пісьменніцкі талент: пачаў пісаць вершы, нарысы, апавяданні, дасылаў у рэдакцыі. Першая публікацыя была ў «Савецкай Беларусі» ў 1923 годзе. Уступіў у «Маладняк» (што стала сюжэтам аднаго з апавяданняў). Гэтыя часы былі найбольш плённыя і натхнёныя ў жыцці Міколы Нікановіча. Разам з сябрамі-пісьменнікамі, сярод якіх быў маладняковец Васіль Каваль і іншыя, ён прыязджаў у родную вёску. Асабліва любілі слухаць расповеды Міколавага дзеда Міхалкі, які застаў прыгоннае права. На матэрыяле тых расповедаў потым пісалі творы. Так выйшла кніга «Пад прыгонам», асобнік якой і падарылі дзеду Міхалку...

Асабістае жыццё Міколы было пакручастае: кахаў мясцовую дзяўчыну Анэлю, яна ж была закаханая ў іншага. Але замуж выйшла за Нікановіча, перайшла да яго жыць. Нарадзіліся дзве дачкі: Вольга і Маргарыта. Міколу ж запрасілі на працу ў Мінск, у рэдакцыю «Чырвонай змены». Уладкаваўшыся, атрымаў кватэру, хацеў забраць у сталіцу і сям’ю. Жонка не паехала, засталася з дзецьмі ў вёсцы. Разышлася з Міколам і выйшла замуж за таго, каго даўно кахала. Мікола ж ажаніўся другі раз у Мінску: Вольга была супрацоўніцай той жа рэдакцыі... Нарадзіўся сын Валодзя. Здавалася б, вось яно, шчасце: улюбёная праца, узаемнае каханне, жаданае цяпло сямейнага ачага, дзе любяць і чакаюць, незалежна ад таго, якія поспехі ў цябе на службе...

У 1933 годзе ў адным з нумароў «Чырвонай Змены» быў надрукаваны артыкул, дзе крытыкавалася палітыка Сталіна. З гэтай нагоды ўсе супрацоўнікі выдання былі арыштаваныя і прызнаныя ворагамі народа. Падчас следства іх трымалі ў турме на Валадарскага. Адразу ж на рэдакцыю наклалі арышт і ўвесь наклад, што быў у друку альбо планаваўся ў друк, знішчылі. Кнігі, якія ўжо былі выдадзены, сабралі па бібліятэках і знішчылі таксама. А іх было нямала: зборнікі апавяданняў «Золак» (1926), «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929), аповесці «Мяцеліца» (1930) і «У паўстанцаў» (1931)... Прысуд быў такі: Міколу выслалі ў Растоў-на-Доне, а жонку з дзіцём выселілі з кватэры і забаранілі пражываць у Беларусі (яна з’ехала на Украіну, адкуль паходзіла). У Растове Мікола працаваў карэспандэнтам газеты, а як пачалася вайна, пайшоў на фронт...

Рэдактарскі калектыў «Чырвонай змены» падчас сустрэчы з Уладзіславам Галубком (сядзіць першы злева). Мікола Нікановіч стаіць першы справа. 1929 г.

Пасля сваякі атрымалі даведку, што ў кастрычніку 1944 года Мікола Нікановіч прапаў без вестак на тэрыторыі Чэхаславакіі. Былі спробы адшукаць яго сляды: сваякі пасылалі запыты ў росшук, але там толькі пацвярджалі ранейшую інфармацыю. Рэабілітавалі пісьменніка ў 1956 г. Жонка звярнулася ў творчую арганізацыю  — там сабралі ўсе матэрыялы, якія па ім засталіся, і выдалі кнігі «Летнім днём» (1960) і «Светлая даль» (1985) (апошняя  — з уступным артыкулам Міхася Мушынскага).

Рукапісы пісьменніка захоўваліся ў вёсцы. Маці берагла іх, хавала ў куфры, заклаўшы розным начыннем (спачатку — каб не знайшлі следчыя з органаў, пасля  — падчас вайны). Але ў вайну не было чаго есці... Юлію звалі да сябе сваякі з іншай вёскі — усё ж гуртам лягчэй ператрываць любыя нягоды. Яна адмовілася ад пераезду: вартавала спадчыну сына... Не здолела: памерла ад голаду... У хаце, дзе яна жыла, пасля вайны зрабілі амбулаторыю. Там не было чым паліць печку: так і згарэлі знойдзеныя ў куфры паперы… Пляменніца пісьменніка ў 1953 годзе, наведаўшы амбулаторыю, заўважыла на падлозе некалькі спісаных аркушаў, падняла іх і гаворыць санітарцы: «Гэта ж рукапісы дзядзькі Міколы! Што ж ты робіш?» Тая адказала, што больш нічога не засталося, усё спалілі…

Яўгенія адшукала Уладзіміра Нікановіча, сына пісьменніка ад другога шлюбу (ён жыў у Растоўскай вобласці), размаўляла з ім па тэлефоне. Сустрэцца не паспелі: Уладзімір памёр. Вядома пра яго тое, што жыў адзінокім.

Матэрыял падрыхтавала Яна БУДОВІЧ

Фота — з прыватнага архіва Яўгеніі Дзяркач

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».