Вы тут

Святаром запаленая свечка


Калекцыя кірылічных кніг (выданні на царкоўнаславянскай мове) Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі налічвае амаль 550 асобнікаў XVI — пачатку XX ст. У асноўным гэта выданні, прызначаныя для богаслужэння.


Запіс, аркуш 472 адваротны.

Не выключэнне і Трыёдзь посная (Масква, 1630), якая здзівіла супрацоўнікаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі нечаканым рукапісным запісам. Гэтая кніга змяшчае парадак богаслужэння на працягу дзесяці тыдняў да Пасхі. Падчас службы спяваюцца каноны, якія складаюцца з трох песень, а назва Трыёдзь атрымалася ад грэчаскіх слоў «тры» і «песня».

Асобнік Трыёдзі поснай бібліятэка набыла ў 1984 г. у букіністычнай кнігарні № 2. Ранейшым яго ўладальнікам быў Фёдар Шкляраў (1925— 1988), стараабрадзец, самадзейны мастак, калекцыянер, заснавальнік Веткаўскага музея народнай творчасці. Фёдар Рыгоравіч паставіў на некалькіх старонках асобніка свой адмысловы штамп, на якім — графічная выява Багамаці і побач з ёй запаленыя свечкі. Пад выявай — надпіс: «Г. Ветка. ФЕДОР Шкляров».

На пачатку кнігі Ф. Шкляраў уклеіў дадатковы аркуш, на якім пазначыў папярэдняга ўладальніка: «№ 132.4. Марта 1974 г. книга принадлежала Кузьмину Ивану Дмитриевичу переплетных дел мастеру с дер. Тарасовка. Ф. Шкляров».

На асобніку — пераплёт, зроблены прыкладна ў XVII — першай палове XVIII стагоддзя з дошак, абцягнутых цёмна-карычневай скурай. Ён значна знасіўся, скура пацёрлася, фрагмент карашка згубіўся, адарваліся зашпількі. Хтосьці (магчыма, згаданы «пераплётных спраў майстар» з Веткаўскага раёна) крыху рэстаўрыраваў пераплёт, зрабіўшы новыя раменьчыкі для металічных зашпілек, але няўдала прыбіў іх да ніжняга вечка, у выніку чаго адламаўся кавалак дошкі.

Пераплёт. Трыёдзь посная (Масква, 1630)

Гартаючы старонкі асобніка, мы пабачылі, што нехта ў XX стагоддзі вельмі ўважліва яго чытаў і выкарыстоўваў у паўсядзённай практыцы. Відаць, гэта быў святар, які падрабязна пазначаў парадак выканання богаслужэння ў розныя дні. Яго запісы, зробленыя на палях, упарта ідуць праз усю кнігу. Амаль на кожным аркушы і сляды ад кропляў свечкі, пры якой раней чыталі кнігу.

І раптам… На адвароце аркуша 472 пад друкаваным тэкстам царкоўных спеваў ад рукі напісаны верш:

Когда-нибудь, страницы книг листая

на отдыхе от будничных забот,

седая память светлый вечер мая

из горькой тьмы забвенья принесёт.

 

Ты вспомнишь, как среди обыденно ленивых

и праздных будней злого торжества

прошла весна, прошла неторопливой

и гордою походкой божества.

У гэтых паэтычных радках — на жаль, высветліць іх аўтара не ўдалося  — духоўны настрой, якім падзяліўся з намі былы ўладальнік кнігі.

Алена ЦІТАВЕЦ, загадчыца сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі

Фота Алены Цітавец.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.