Вы тут

Формула памяці


Незабыўныя фрагменты гісторыі ў палітры творчасці беларускіх аўтараў


Алесь Лось «Красавік, ранак». 2002 г.

Апошнім часам Палац мастацтваў у Мінску ўсё часцей здзіўляе публіку не толькі разнастайнымі праектамі, але і маштабам выставак. Толькі 13 лістапада на адной з найбуйнейшых выставачных пляцовак сталіцы адкрыліся адразу чатыры творчыя праекты, якія складана абысці ўвагай.

1. Самы маштабны з іх  — праект «Графіка+», які можа ўразіць разнастайнасцю творчых падыходаў традыцыйнай беларускай школы. Секцыя «Графіка»  — адно з найстарэйшых творчых аб’яднанняў Беларускага саюза мастакоў. Сёння яна аб’ядноўвае больш за 80 мастакоў, якія асноўным відам сваёй творчасці лічаць графічнае мастацтва.

Гэтая творчая прастора заўсёды была зонай свабоды і эксперыментаў. Жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, апошнім часам — яшчэ і відэамастацтва і інсталяцыя — дадатковыя грані творчай асобы мастакоў-графікаў.

Выстаўка «Графіка+» дае магчымасць мастакам секцыі, акрамя графікі, прадэманстраваць розныя бакі сваёй творчасці. Яна прысвечана 90-годдзю знакамітых мастакоў-графікаў  — членаў секцыі: народнага мастака Арлена Кашкурэвіча (1929—2013) і заслужанага дзеяча мастацтваў Людвіга Асецкага (1929—2005).

Беларуская арт-суполка заўсёды ганарылася айчыннай школай графікі. Ніколі не пачуеш водгукаў дрэнных, негатыўных — толькі добрыя. Сапраўды, у краіне ёсць людзі, якія змаглі ў гэтым кірунку дасягнуць высокага прафесіяналізму, што засведчылі не толькі ў нас, але і за мяжой. І гэты факт выклікае гонар. Старшыня секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга лічыць, што, нягледзячы на поспехі ў развіцці айчыннай школы, трэба карыстацца досведам розных краін, але не губляць індывідуальнасці.

— Праект увабраў усё самае лепшае, што было зроблена ў графіцы за мінулыя гады,  — расказвае Андрэй Басалыга.  — Аўтары няспынна працавалі і рыхтаваліся да гэтай падзеі. Малюнак, акварэль, эстамп, магчымасці лічбавых тэхналогій  — творцы спрабавалі зачапіць тэхнікай, ідэяй, філасофскім падыходам і індывідуальнасцю. Паколькі пад праект была выдзелена абмежаваная тэрыторыя выставачнай прасторы, патрабаванні да твораў былі высокія. Работы адбіраліся па якасці і па часе напісання.

Удзел узялі прадстаўнікі розных пакаленняў. Работы маладых творцаў побач з творамі знакамітых беларускіх графікаў ніколькі не саступаюць. Розныя пакаленні захапіліся адной ідэяй. Гэта нагода для не аднаго дыялогу.

— Паколькі ў выстаўцы прымаюць удзел прадстаўнікі маладога пакалення, можна казаць пра давер да іх, — падкрэслівае Андрэй Басалыга.  — У маладога аўтара з’яўляецца стымул і цікавасць. Выстаўляць сваю творчасць разам з творамі такога мэтра як, напрыклад, Арлен Кашкурэвіч, — гэта сапраўды дасягненне. Але зараз мне не хочацца дзяліць мастакоў на пакаленні. Мы ўсе калегі і ў гэтай прасторы — на роўных. У дадзеным выпадку вучацца не толькі маладыя, але і знакамітыя майстры графікі спрабуюць зразумець, чым жыве моладзь, як адчувае жыццё. Хоць наша школа дастаткова моцная, мы не павінны замыкацца толькі ў яе рамках. Калі варыцца ва ўласным соку, кроў будзе застойвацца. Павінны быць і запазычанні, і погляды ў сусветную прастору графічнага мастацтва. Трэба не баяцца мяняцца, а нашай школе  — спакойна ўспрымаць такую з’яву, як трансфармацыя.

Беларуская арт-прастора добра падрыхтавана і чакае такой штогадовай падзеі ў выставачным калейдаскопе. Многія нашы мастакі-графікі ўжо даўно шырока вядомы ва ўсім свеце. І шматлікія міжнародныя ўзнагароды — таму пацвярджэнне. Значыць трэба і нам ведаць, бачыць і цаніць сваіх майстроў графікі.


2. Другая па маштабе выстаўка ў Палацы мастацтваў прысвечана творчасці вядомага мастака Вiктара Цiханава (1955—2018), чый жывапіс непарыўна асацыіруецца са шматжанравасцю. Ён ствараў не толькі жывапісныя палотны, але і фрэскі, вітражы, мазаікі. Яго яркія вядомыя садова-паркавыя пейзажы часам параўноўваюць з карцінамі французскага постімпрэсіяніста Поля Сіньяка.

Вiктар Цiханаў нарадзiўся ў вёсцы Пукшына на Вiцебшчыне. Скончыў Рэспублiканскую школу па музыцы i выяўленчым мастацтве, у 1978-м — аддзяленне манументальнага жывапiсу Беларускага тэaтральна-мастацкага iнстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмiя мастацтваў). З 1984-га  — сябра Саюза мастакоў. Знакавымi ў творчасцi сталi работы ў aдноўленай iм тэхнiцы разнога ляўкаса. Сярод першых работ — партрэт бабкі Ганны i дзеда Сцяпана, пазней энцыклапедычныя Мiкола Гусоўскi i Францыск Скарына, партрэт Кастуся Калiноўскага i iншыя. Быў у Вiктара Цiханава i пeрыяд, звязаны з iканапiсам: роспiсы праваслаўнага храма вёскі Сямятычы (Польшча), алтарная iкона «Хрышчэнне Гасподняе» храма Марыi Магдалiны ў Мiнску. Пасля шматлiкiх манументальных аб’ектаў у тэхнiцы вiтражу, мазаiкi, фрэскi мастак прыйшоў да жывапiсу пазнавальных у яго адметнай манеры краявiдаў.

Пуантылiзм як стыль не стаў самамэтай для Вiктара Цiханава. Праца з мазком рознага маштабу хутчэй прыйшла ад гульнi ў рознакаляровую смальту i маленькiх кропак вiтражнага шкла. Пасля раннiх шэра-ссiвелых беларускiх краявiдаў сапраўдны прарыў святла i колеру лiтаральна захлынуў мастака ў Iспанii ў 1994 годзе. Пасля працы i шматлiкiх выставак у Iспанii палiтра аўтара кардынальна змянiлася.

Кожная вандроўка аўтара вылiвалася ў новую серыю твораў. Так з’явiлiся «Швейцарскi цыкл», «Восень у Баварыi», серыi палотнаў з Сербii i Славакii. Пасля вяртання з гор беларускiя прасторы з люстэркамi рэчак i азёраў зноўку вабiлi мастака. Складаная i балючая тэма Чарнобыля знайшла свой водгук у творчасцi. Паездкi ў забароненую зону адлюстравалiся ў аўтарскiм фiльме «Сум пакiнутых вёсак» i аднайменным праекце, якi быў прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкiм музеi ў 2007 годзе.

Святло можна назваць галоўнай тэмай пуантылiстычнага жывапiсу Вiктара Цiханава. Гэта мiгценне першага снегу на коўдры жоўтага лiсця, блiкi на вадзе беларускiх ручаёў i Мiжземнага мора. Нават калi за аснову абраны чорны квадрат, мазком праступае святло.


3. Трэцяя выстаўка ўяўляе сабой сінтэз жывапісу і графікі «Залессе. Алесь Лось. Яўгенія Ліс».

Яўгенія Ліс «Сустрэча». 3 серыі «Жаночыя мары». 1998

Чым больш роляў мы на сябе прымяраем, тым больш рухаемся наперад і пазнаём свет.

Творцы праяўляюць сябе ў розных формах мастацкай дзейнасці (а не толькі ў межах прафесійнай галіны, дзе атрымалі адукацыю). Адзін з такіх прыкладаў  — творчасць прафесійных мастакоў-графікаў Яўгеніі Ліс і Алеся Лася. Яўгенія адкрыла ў сабе талент рэжысёра батлеечнага тэатра, развівалася як актрыса, рабіла лялькі і пісала сцэнарыі. Алесь навучыўся рабіць музычныя інструменты і іграць на іх, аднавіў беларускую дуду, ліру, стварыў не адну музычную капэлу.

Выстаўка «Залессе. Алесь Лось. Яўгенія Ліс»  — адлюстраванне перыяду творчага жыцця маладых мастакоў у вёсцы Зарудзічы Залескага сельскага Савета. Батлейка памяняла ракурс творчасці мастакоў, якіх захапілі выраб лялек, напісанне новых сцэнарыяў для спектакляў, экспедыцыі і знаёмства з традыцыйнай музыкай і спевамі. Дзякуючы батлейцы, у Залессі з’явілася Школа мастацтваў у Палацы М. К. Агінскага, загучалі дуда і ліра карбовая, знайшліся цудоўныя народныя музыканты:  скрыпачы, цымбалісты, акардэаністы, якія адкрылі непазнаны свет народнай творчасці для мастакоў-графікаў. Не ўсё атрымалася зрабіць згодна з планам, але Залессе стала яшчэ адной акадэміяй жыцця, пазнання саміх сябе і наваколля.

Дамінантай выстаўкі стала тэма Дзядоў — калі мёртвыя прыходзяць да жывых. Гэта час успомніць пра тых творцаў, што былі разам з намі, сваякоў, родных, сяброў музыкаў. Гэта час ушанаваць памяць таленавітай мастачкі Яўгеніі Ліс, якая 10 гадоў таму адышла ў іншы свет.

Мастак не можа спыніцца ў творчых пошуках. Работы, выстаўленыя Алесем Ласём, інспіраваныя не толькі залескім перыядам жыцця,  — дэманструюць прыгажосць Налібоцкага краю і старой Літвы, у цэнтры якой месціцца яго сядзіба «Хутар Дудара» з адзіным у Беларусі жывым музеем музычных інструментаў і тэатрам «Батлейка», якія прыцягваюць сотні зацікаўленых гледачоў.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 жывапісных і графічных работ Алеся Лася і Яўгеніі Ліс, а таксама серыя малюнкаў лялек і самой батлейкі з фондаў Ленінградскага музея этнаграфіі народаў СССР, якія выкладчык кафедры графікі БДТМІ Людміла Міхайлаўна Кальмаева (сяброўства з ёй і паспрыяла захапленню яе народным лялечным тэатрам) зрабіла яшчэ ў 1966 годзе.


Ігар Гардзіёнак — Вольга Кірэва «Кветкавы накцюрн № 2». 2019 г

4. Апошняя выстаўка таксама мае вялікае значэнне для беларусаў. Праект «Праўда пра Курапаты» бярэ за душу. Дакументальна-мастацкая выстаўка адлюстроўвае гісторыю і сённяшні дзень старога хваёвага лесу на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска, дзе ў 1930-я гады былі расстраляны сотні тысяч ні ў чым не вінаватых мірных людзей — нашых продкаў і суайчыннікаў.

На выстаўцы прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, плакат, фотадакументы. Свае новыя творы паказалі вядомыя мастакі: Эдуард Агуновіч, Віктар Мікіта, Аляксей Марачкін, Ніна Сакалова-Кубай, Генадзь Драздоў, а таксама маладзейшае пакаленне сяброў Беларускага саюза мастакоў. Сярод іх — Усевалад Свентахоўскі, Наталля Піневіч, Уладзімір Лавецкі ды іншыя.

Падчас выстаўкі ў палацы мастацтваў адбыліся і яшчэ адбудуцца сустрэчы, экскурсіі і прэзентацыі кніжных выданняў. На ўрачыстым адкрыцці выстаўкі з прывітальным словам выступілі пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Аляксей Марачкін.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Незабыўныя фрагменты гісторыі ў палітры творчасці беларускіх аўтараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».