Вы тут

Драма мовай танца


 «Ганна Карэніна» ўпершыню ў рэпертуары Вялікага


Балетная прэм’ера сезона! Класіка сусветнай літаратуры на галоўнай беларускай сцэне: «Ганна Карэніна» ўпершыню ў рэпертуары Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Сусветна вядомы раман Талстога і геніяльная музыка Чайкоўскага. Для балетмайстра-пастаноўшчыка гэта вялікая адказнасць — расказаць трагічны сюжэт знанага аўтара ў музычным суправаджэнні шэдэўра сімфанічнага мастацтва. Вольга Костэль замахнулася на манументальнае палатно і вырашыла паказаць драму мовай танца з новага боку. Паставіць Ганну Карэніну на пуанты асабліва няпроста пасля балета Шчадрына з непаўторнай Маяй Плісецкай у галоўнай ролі. Але менавіта так атрымліваюцца пастаноўкі, якія ўваходзяць у гісторыю.

Увасобіў у жыццё ідэю разам з Вольгай Костэль дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў. Паводле яго слоў, музыка Чайкоўскага перадае шматграннасць рускай душы. А адначасовае напісанне і рамана, і музыкі як нельга лепш адлюстроўваюць сітуацыю і канфлікт таго часу

— Калі я ставіла спектакль, то перш за ўсё мяне хваляваў момант шчырых пачуццяў. Раней стараліся паказаць гісторыю любоўнага трыкутніка. Я ўзняла канфлікт — маці і палюбоўніцы, — патлумачыла Вольга Костэль. — Гэта тое, што Ганна не магла ў сабе сумясціць. Я старалася гэты канфлікт максімальна раскрыць за кошт прысутнасці яе сына. У юнага артыста — сапраўды важная роля, ён не стаіць на заднім плане.

Ставілася мэтай захаваць дух мінулай эпохі, што ў стваральнікаў спектакля атрымалася: вытанчаныя ўборы, чароўны рух артыстаў балета, якія перадаюць найтанчэйшыя адценні пачуццяў і перажыванняў, цікавыя знаходкі ў дэкарацыях і святле ствараюць атмасферу шыкоўнага балю, таямнічага кутка для сустрэч закаханых. Цудоўная музыка настолькі па-майстэрску ўплеценая ў агульную канву спектакля, што гледачы не заўважаць швоў. Няма адчування дысанансу.

— Спектакль  — пра канфлікт жывога чалавека і механічнага грамадства, жывога пачуцця і псеўдамаральнасці,  — адзначыла балейтмайстарпастаноўшчык. — Ганна — жанчына моцная, і застаецца такой да канца, цалкам усведамляючы як свае ўчынкі, так і іх наступствы. Яна не прымае пазіцыі ахвяры. Мы сённяшнія жывём так сама складана, як героі Талстога. Як наогул у такіх сітуацыях трэба сябе паводзіць? Замест арыгіналаў нам пастаянна падсоўваюць эрзац і кажуць: гэта і ёсць шчасце. А калі прыходзіць бяда, людзі шукаюць адказы на свае пытанні менавіта ў Талстога.

У першым дзеянні шмат кахання і страсці, а ў другім, як водзіцца, надыходзіць момант расплаты. Грамадства пагарджае галоўнай гераіняй, ёю пачынае гнясціся і некалі палкі закаханы. У сям’і таксама замест падтрымкі яна становіцца непажаданай персонай. Якімі выразнымі сродкамі перадаць пакуты душы галоўнай гераіні? Сплаў танца, музыкі, акцёрскай гульні складана апісаць, як і момант, калі руйнуюцца мары, здраджваюць блізкія, няма падтрымкі і надзеі... Гэты момант не пакідае гледачоў абыякавымі. Спектакль рухаецца да трагічнага фіналу. Апускаюцца асвятляльныя прыборы, з’яўляюцца клубы дыму і гукі, што сімвалізуюць набліжэнне жалезнага монстра, які знішчыць галоўную гераіню, а далей  — нечаканы ход рэжысёра-пастаноўшчыка, які варта ўбачыць на ўласныя вочы.

Усе сцэны ў новым спектаклі  — нібы літары, што паўсталі з несмяротнага рамана: вось дамавітая Долі Аблонская (Ганна Фокіна) у атачэнні дзяцей і нязноснага Сцівы (Антон Краўчанка), а вось наіўная Кіці Шчарбацкая (Вікторыя Трэнкіна), побач з ёю Левін (Канстанцін Геронік). Яна кахае Вронскага (Ігар Аношка), а той заглядаецца на замужнюю Карэніну (Ірына Яромкіна).

На працягу двух гадзін глядач бачыць узлёты і падзенні герояў рамана, калі ў адной сям’і — шчасце, у іншай зразумела — бяда. І так па коле. У эпіцэнтры ўсяго Ганна Карэніна, якая не можа выбраць: быць з сям’ёй або аддацца запалу. У спектаклі атрымалася ўсё. І сапраўды, уражвае гарачае адажыа Ганны і Вронскага. У нейкі момант гледачу можа здацца, што ён бачыць нешта забароненае. А пакуты Ганны ў карціне, калі Вронскі яе вязе, а сын Сярожа спрабуе ўтрымаць, і зусім выклікаюць слёзы.

Вядучы майстар сцэны балета Вялікага тэатра Беларусі Антон Краўчанка распавёў, што першапачаткова рэпеціраваў ролю Карэніна, але яго самога ўражвалі пачуццёвыя адажыа Вронскага і Ганны. І вось воляю лёсу ўсё змянілася.

— На сцэне глядач убачыць два ўзрушальныя адажыа Вронскага і Ганны. Першае — больш гарачае, другое — халоднае. Пасля першага, упэўнены, не застанецца пытанняў, чаму Ганна кінулася з галавой у адносіны, — упэўнены Антон Краўчанка.  — Думаю, што кожны ў спектаклі знойдзе нешта сваё.

Канфлікт паміж Ганнай і яе мужам Аляксеем Карэніным на сцэне разгараецца вельмі моцна, а пакутуе ад гэтага сын Сярожа. Дарэчы, адна з самых кранальных і эмацыянальных сцэн спектакля звязана з расставаннем маці і сына. Галоўнай гераіні не ўдаецца ўраўнаважыць у сабе іпастасі маці і палюбоўніцы. Выбар аказваецца трагічны...

Пастаноўка «Ганны Карэнінай» у Вялікім тэатры Беларусі была задумана некалькі гадоў таму. Па прызнанні Вольгі Костэль, першыя думкі пра балет узніклі шэсць гадоў таму, а крышталізацыя канцэпцыі заняла каля трох гадоў. Важна, што ўжо на самым пачатковым этапе працэс стварэння быў падтрыманы неабыякавымі людзьмі: на фарміраванні лібрэта адбіліся плённыя зносіны з перакладчыкам і драматургам Ірынай Герасімовіч, больш глыбокаму асэнсаванню твораў Чайкоўскага дапамагалі гутаркі з кампазітарам Кастусём Яськовым. Далей на працы сканцэнтравалася асноўная пастановачная група.

Музычная кампазіцыя балета «Ганна Карэніна» фарміравалася паступова і была ў выніку істотна перагледжана ў параўнанні з зыходным праектам. Першапачаткова планаваны матэрыял — тры апошнія сімфоніі Чайкоўскага — быў дапоўнены часткамі сімфоній «Манфрэд» і «Зімовыя мроі». Нязменным застаўся прынцып беражлівага падыходу да музычнага тэксту: часткі сімфоній практычна не падвяргаліся скарачэнню і ніяк не відазмяняліся.

— Мы можам шмат разважаць пра Чайкоўскага як культурную з’яву, але кампазітар кожны раз нараджаецца тады, калі гучыць яго музыка, — упэўнены дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў.  — І кожны раз інтэрпрэтацыя, умовы выканання ствараюць новае яго аблічча. Музыка Чайкоўскага перадае сам дух часу рамана «Ганна Карэніна». Аб’ядноўваючы творы Чайкоўскага і Талстога, мы аб’ядноўваем эстэтыку літаратурнай і музычнай моў таго часу.

Сцэнаграфія напоўнена сімваламі: месца дзеяння  — вакзал — сімвалічная прастора разыходжання шляхоў, разрыву сямейных адносін; люстэрка — унутранае адлюстраванне герояў, іх сумленне; валізкі  — атрыбуты вакзала і метафарычны выраз тых цаглінак, з якіх складваюцца сямейныя каштоўнасці.

«Ганна Карэніна»  — назва для Вялікага тэатра Беларусі новая. І, тым не менш, гэты балет стаў ужо для тэатра спектаклем асаблівага лёсу — апошняй работай галоўнага мастака Аляксандра Касцючэнкі, які пайшоў з жыцця за некалькі месяцаў да прэм’еры. У сцэнаграфіі майстар хацеў увасобіць і адмысловы каларыт, і пранізлівы твор Талстога, і сімволіку дарогі, і дыялектыку ўнутраных і знешніх адлюстраванняў, і саму псіхалогію разрыву — адносін і жыццяў.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».