Вы тут

Як беларускія пратэзы дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі весці паўнавартаснае жыццё


46-гадовы Дзмітрый Краўцэвіч большую частку свайго жыцця носіць пратэз галёнкі. 35 гадоў ён атрымлівае гэтыя прыстасаванні ў Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры. Пачынаў, калі яны былі драўляныя і шынна-скураныя, а зараз карыстаецца сучасным — з вуглепластыкавай ступнёй. Такі пратэз дазваляе весці актыўны лад жыцця: Дзмітрый займаецца бегам, ездзіць на веласіпедзе і нават катаецца на каньках. Высокай актыўнасці ад мужчыны патрабуе і работа — ён інструктар у плавальным басейне (дарэчы, Дзмітрый — прызёр Параалімпіяды ў Афінах, ён заваяваў бронзавы і сярэбраны медалі ў плаванні). Пратэзам беларускай вытворчасці ён цалкам задаволены, яго хапае на тры-чатыры гады, хоць, згодна з заканадаўствам, асноўны пратэз бясплатна мяняецца раз на два гады, рабочы — раз на тры. Пры гэтым паходка такога чалавека нічым не адрозніваецца, і пра яго інваліднасць можна і не здагадвацца. Напярэдадні Дня інвалідаў мы пабывалі ў цэнтры і паглядзелі, як тут дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі весці паўнавартаснае жыццё.


Ваш пратэз — наша праблема

— Мы асвоілі практычна ўсе тэхналогіі, якімі валодаюць сусветныя лідары, і пастаянна ў іх вучымся, укладваем вялікія сродкі ў адукацыю нашых супрацоўнікаў, — расказвае намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК, праводзячы журналістаў па цэхах Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра. — Мы вывучаем сусветныя тэндэнцыі ў пратэзаванні і можам рабіць такія ж пратэзы, як робяць нашы нямецкія калегі — пытанне толькі ў камплектацыі.

Сучасны пратэз складаецца з некалькіх модуляў: куксапрыёмнай гільзы, рэгуліровачнай часткі і ступні.

— 90 % поспеху — гэта куксапрыёмная гільза. Мы можам вырабляць іх з айчынных матэрыялаў. Гільзы выконваюцца з вуглепластыку, з акрылавых смол. Гэта дазваляе зрабіць іх трывалымі і адначасова лёгкімі, — тлумачыць урач-траўматолаг-артапед Яўген БЯРВІНСКІ.

Яшчэ аднаму пацыенту цэнтра, Генадзю Мікалаевічу з Брэста, за 30 дзён, якія ён будзе знаходзіцца ў стацыянарным аддзяленні, падбяруць тры пратэзы: асноўны, рабочы і купальны. Мужчына таксама шмат гадоў, пасля таго як з-за няшчаснага выпадку страціў нагу, жыве з пратэзам. Але ранейшы спосаб жыцця яму ўдалося захаваць, у прыватнасці, застацца ў прафесіі (працуе кухарам).

— Зараз пацыент у тэставым пратэзе. Ён выкарыстоўваецца для падгонкі куксапрыёмнай гільзы. Мы можам бачыць зоны празмернай і недастатковай нагрузкі і рэгуляваць тэставую гільзу. Затым вырабляецца пастаянная гільза. Калі вы ўбачыце чалавека з такім пратэзам на вуліцы, вы нават не заўважыце яго інваліднасць, — расказвае Яўген Бярвінскі і просіць пацыента прайсціся.

Для фіксацыі пратэза выкарыстоўваецца сіліконавы лайнер, які не слізгае па скуры. Калі раней лайнер служыў ахоўным механізмам, дык цяпер ён можа выконваць і крапежную функцыю. На ім прымацаваны спецыяльны металічны штыр, які фіксуецца ў замок, і пратэз надзейна трымаецца.

Зніжаем вагу каляскі

На прадпрыемстве вырабляюцца самыя розныя тэхнічныя сродкі рэабілітацыі — ад калясак да артапедычнага абутку, палак, хадункоў, бандажоў, пратэзаў малочнай залозы і бялізны для іх умацавання.

— Наша навінка — каляска для дзяцей з ДЦП, мы яе распрацавалі сумесна з польскімі калегамі. Ёсць лінейка пакаёвых калясак рознай ступені функцыянальнасці, у тым ліку і каляскі актыўнага тыпу, — дэманструе вырабы галоўны інжынер прадпрыемства Ігар ХАЛОПІЦА.

Пакаёвая каляска разлічана на пяць гадоў, каляска актыўнага тыпу — на чатыры гады, з электрапрыводам — на шэсць гадоў. Пры гэтым пераадольваць перашкоды, спускацца па прыступках, з'язджаць з бардзюраў людзей з абмежаванымі магчымасцямі вучаць у спецыялізаваным адукацыйна-рэабілітацыйным цэнтры пры прадпрыемстве. Штогод тут вырабляецца каля 150 калясак актыўнага тыпу, каля 120 калясак з электрапрыводам. Дарэчы, беларуская каляска з электрапрыводам каштуе 2600 рублёў. Цяпер у цэнтры працуюць над новай яе мадэллю, якая зможа праходзіць да 40 кіламетраў без падзарадкі акумулятара, — гэта дазволіць камфортна праязджаць істотныя адлегласці. Штогод тут выпускаюць ад сямі да васьмі з паловай тысячы калясак розных відаў. Гэта цалкам закрывае патрэбу беларускага рынка і дазваляе выходзіць на рынкі збыту за мяжой. У прыватнасці, прадпрыемства другі год супрацоўнічае з Азербайджанам і вядзе перамовы з Узбекістанам.

— Мы актыўна ідзём па шляху аблягчэння канструкцыі. Увесь час наракалі, што нашы каляскі цяжкія. З 17-18 кілаграмаў мы знізілі вагу да 11-12. Для гэтага ў канструкцыі выкарыстоўваем магніевыя колы, трубкі ў канструкцыі рамы маюць таўшчыню ўсяго 0,8 мм. У сусветна вядомага вытворцы Otto Bock вага супастаўляльная, — кажа генеральны дырэктар Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра Уладзімір КАЛЕВІЧ.

Цэх пашыву артапедычнага абутку — адзіны ў краіне, дзе наладжана масавая вытворчасць вырабаў ручной работы. Гэта яшчэ адзін від запатрабаванай прадукцыі цэнтра. Без яго не могуць абысціся людзі з паталогіямі ступняў. Абутак шыецца па індывідуальных заказах. І падабраць яго могуць людзям з самымі рознымі дэфармацыямі ступняў — укарачэннем, слановасцю, а таксама дзецям з ДЦП і іншым (усяго каля 20 відаў паталогій). Штомесяц абутнікі цэнтра вырабляюць да тысячы пар. Каштуе адна такая ад 120 рублёў, пры гэтым нямецкі аналаг — 1,5 тысячы еўра.

Кожны год у цэнтры дапамагаюць 65 тысячам пацыентаў з рознымі наступствамі траўмаў і цяжкіх хвароб. Частка з іх праходзіць праз стацыянарнае аддзяленне, дзе ім распрацоўваюць комплексную праграму рэабілітацыі, падбіраюць і вырабляюць пратэз, вучаць хадзіць. Інструктары займаюцца з імі ў басейне і трэнажорнай зале, робяць масаж і фізіяпрацэдуры. У спецыялізаваным адукацыйна-рэабілітацыйным цэнтры можна атрымаць і прафесію. Тут навучаюць па шасці спецыяльнасцях, у прыватнасці, абутнікаў, майстроў па манікюры, мастакоў-афарміцеляў.

Новае ў заканадаўстве

У Беларусі жыве 570 тысяч чалавек з інваліднасцю, у тым ліку 33 тысячы дзяцей. Гэта каля 6 % насельніцтва. Першую, самую цяжкую групу мае амаль 90 тысяч чалавек, другую — 260 тысяч, трэцюю — 188 тысяч.

— Калі ў савецкія часы палітыка ў адносінах да інвалідаў мела пераважна медыцынскую накіраванасць, то цяпер мы перайшлі да сацыяльнага аспекту. Наша задача — сацыяльна інтэграваць такіх людзей у грамадства, у тым ліку праз забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі, — кажа Аляксандр Румак.

Людзі з інваліднасцю ў залежнасці ад медыцынскіх паказанняў могуць атрымаць у тэрытарыяльных органах па працы і сацыяльнай абароне 72 віды сродкаў рэабілітацыі. Такія сродкі, як каляскі, пратэзы, артапедычны абутак і іншыя выдаюцца бясплатна. Некаторыя, напрыклад смартфоны для невідушчых, аплачваюцца часткова.

— Мы падрыхтавалі праект пастановы Саўміна, які прадугледжвае кампенсацыю за сродкі рэабілітацыі, што людзі з інваліднасцю набываюць самастойна. У пералік уключылі пакуль 11 такіх сродкаў. У Расіі, напрыклад, дзейнічае кампенсацыйны прынцып: людзі самі набываюць неабходнае, а дзяржава затым вяртае ім грошы. Мы захаваем наш ранейшы прынцып, але дадзім людзям і самім магчымасць набываць неабходнае і кампенсаваць частку трат, калі іх не задавальняюць тыя сродкі, што выдаюцца. Праект дакумента падрыхтаваны, праходзіць узгадненне з зацікаўленымі ведамствамі і, магчыма, налета будзе прыняты, — расказаў Аляксандр Румак.

З 570 тысяч інвалідаў 200 тысяч знаходзяцца ў працаздольным узросце. З іх 110 тысяч мае рэкамендацыі для працаўладкавання. І толькі каля 60 % працуе.

— Праект закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі» прадугледжвае шэраг мер для стымуляцыі працаўладкавання. Гэта і навучанне, і перападрыхтоўка, і ўладкаванне за кошт броні (квот). Закон знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў і рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні на вясенняй сесіі, — паведаміў намеснік міністра.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».