Беларусь атрымае 90 мільёнаў долараў на будаўніцтва кацельных і цеплавую мадэрнізацыю жылля
У найбліжэйшыя пяць гадоў у краіне плануецца пабудаваць новыя ці рэканструяваць дзейныя кацельныя для выкарыстання драўнянага паліва — у праекце ўдзельнічаюць 34 арганізацыі.
У Гродзенскай і Магілёўскай абласцях таксама пройдзе комплексная цеплавая мадэрнізацыя каля 250 жылых дамоў са згоды і з прыцягненнем сродкаў насельніцтва. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Валянцін ТАТАРЫЦКІ пасля падпісання пагаднення аб пазыцы з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця.
Як растлумачыў Валянцін Татарыцкі, для ўдзелу ў праекце абраны жылы фонд з цепласпажываннем на ўзроўні 210 кВт*г/год. Па выніках праекту плануецца знізіць яго да 90 кВт*г/год. Палову затрат па мадэрнізацыі бярэ на сябе дзяржава, палову — домаўладанне.
«Гэта другое пагадненне, якое падпісвае Беларусь у рамках праекта «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання». Яно дапаможа значна прасунуцца ў сферы энергазберажэння, вырашаць экалагічныя пытанні, сацыяльныя праблемы ў сферы ЖКГ», — адзначыў старшыня камітэта.
Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр КРЭМЕР падкрэсліў, што ўпершыню галоўныя рашэнні па праекце прымаюць не фінансавыя арганізацыі і нават не ўлада — вырашальнае слова за беларусамі, уласнікамі кватэр.
«Для Міжнароднага банка праект асаблівы не толькі ў эканамічным сэнсе — бо краіна будзе эканоміць грошы на імпарце газу, — але і на сусветным узроўні: Беларусь зможа зрабіць унёсак у скарачэнне выкідаў парніковых газаў», — сказаў Аляксандр Крэмер. Ён паведаміў, што бакі рыхтуюць чарговы праект — па цеплавой мадэрнізацыі ўжо грамадскіх будынкаў.
Праект «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання» ў Беларусі рэалізуецца за кошт пазык Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця пры падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду.
Варвара МАРОЗАВА
Фота minsknews.by
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.