Вы тут

Раім схадзіць


TEDxMinskWomen, Кінафестываль «Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць», Літаратурны сняданак «Што паспеў напісаць Якуб Колас», Вечар без гвалту і іншае — афіша «Звязды» з 3 па 9 снежня.


Кінафестываль «Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць»

Дзе: Піянер, г. Мінск, вул. Энгельса, 20

Калі: 1 – 10 снежня

Колькі каштуе: бясплатна

З 1 па 10 снежня ў Мінску пройдзе 12-ы штогадовы кінафестываль «Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць», арганізаваны Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь.

Фестываль традыцыйна праводзіцца напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня — у гадавіну прыняцця Генеральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Усе карціны, уключаныя ў праграму кінафоруму, — гэта гісторыі пра шляхі да свабоды і роўнасці ў годнасці і правах.

Адкрываецца фэст 1 снежня моладзевай драмай беларускага рэжысёра Улады Сяньковай «II» («Два»). Сусветная прэм'ера фільма адбылася ў кастрычніку гэтага года на Варшаўскім кінафестывалі, дзе ён быў уганараваны спецыяльнай згадкай журы конкурсу «Вольны дух» як «смелы, адважны і свежы расказ гісторыі, якая звяртаецца да жорсткай рэальнасці сацыяльнай ізаляцыі».

Першы паказ стужкі ў Беларусі адбыўся на 26-м Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у секцыі «Спецыяльныя паказы», ​​дзе яна таксама была высока ацэненая крытыкамі і гледачамі за смеласць у раскрыцці паднятых тэм.

Працягнуць праграму фільмы, якія таксама ўжо паспелі атрымаць прызнанне гледачоў і прафесійнай супольнасці: «Па палавой прыкмеце» (ЗША, 2018), «За марай» (Швецыя, 2017), «Таварыш дзіця» (Эстонія, 2018), «Падарожжа ў Ерусалім» (Германія, 2018), «Дыямантына» (Партугалія, 2018),«Маладыя полькі» (Бразілія, 2019), «Стэфан Цвейг» (Аўстрыя, Германія, Францыя, 2016), «Лайла М» (Нідэрланды, 2016), «Саамская кроў» (Нарвегія, Данія, Швецыя, 2016). Гэтыя карціны звяртаюць увагу да гісторыі правоў чалавека і распавядаюць пра лёсы нашых сучаснікаў.

Уваход на ўсе сеансы бясплатны. Квіткі можна атрымаць у касе кінатэатра з 1 па 10 снежня (штодзень з 16:00). Бліжэйшы паказ фільма «II» ( «Два») у Мінску адбудзецца 11 снежня ў 19:00 у кінатэатры «Масква».

Фестываль праводзіцца пры садзейнічанні пасольстваў Нідэрландаў, ЗША, Швецыі, Эстоніі, а таксама Інстытута імя Гётэ ў Мінску і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.


Вечар без гвалту

Дзе: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19

Калі: 3 снежня, 17:00

Колькі каштуе: бясплатна

Сёння сітуацыя ў Беларусі становіцца горш: у 2018 годзе ад гвалту ў сям'і загінула 48 чалавек. А вось за першае паўгоддзе 2019 года — ужо 55 чалавек.

У гэты вечар без гвалту вы зможаце:

  • Падпісаць і адправіць больш за 300 паштовак! (17:00 – 21:00)
  • Паслухаць лекцыю-дыскусію: «Гендэрны гвалт – гэта толькі пра жанчын?» (19:30 – 20:00)
  • Паглядзець выставу «Кожная трэцяя» (17:00 – 21:00)

Абавязкова прыходзьце і адпраўце сваю паштоўку ў гонар «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту».


Галасы (не)псіхіятрычны фестываль

Дзе: Галерэя TUT.BY, г. Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57

Калі: 3 снежня, 19:00

Колькі каштуе: вольныя ахвяраванні

(Не)псіхіятрычны фестываль «Галасы» – гэта платформа, якая аб’ядноўвае ўсіх, хто ставіцца неабыякава да тэмы псіхічнага (не)здароўя.

Спецыялісты-псіхіятры, псіхатэрапеўты, псіхолагі ды супрацоўнікі служб рэабілітацыі ў свабодным фармаце адкрытых лекцый, семінараў, размоваў на розныя тэмы распавядуць пра важныя моманты ў псіхіятрычнай сферы, а таксама адкажуць на ўсе вашыя пытанні, звязаныя з праблемамі псіхікі і пошукам іх вырашэння.

Фестываль адкрыюць падзеі на тэму «Дэпрэсія. Суіцыд. Самапашкоджанні».

У праграме:

  • Лекцыі спецыялістаў.
  • Зваротная сувязь са спецыялістамі «тут і зараз».
  • Інфармацыя пра тое, дзе можна атрымаць годную даступную дапамогу.
  • «Антыдэпрэсіўныя праграмы» (музыка, трэнінг, арт-тэрапія).

Усе сродкі будуць накіраваныя на развіццё цэнтра рэабілітацыі для людзей з захворваннямі псіхікі opensoul.by і на развіццё нефармальнай (па-за) псіхіятрычнай платформы «Галасы».


Выстава «Пад небам Грузіі і Беларусі»

Дзе: Мастацкая галерэя Універсітэт культуры, г. Мінск, пл. Кастрычніцкая, 1

Калі: па 8 снежня, аўт–сб: 11:00–19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Праект прымеркаваны да 25-годдзя ўстанаўлення двухбаковых дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Грузіяй і арганізаваны мастацкай галерэяй «Універсітэт культуры» сумесна з Пасольствам Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь.

Экспазіцыя прадставіць карціны адных з найлепшых прадстаўнікоў сучаснага беларускага і грузінскага жывапісу ва ўсёй разнастайнасці яго напрамкаў, жанраў, тэхнік і вобразаў. Грузінскі бок будзе прадстаўлены такімі мастакамі, як Леанід Данэлія, Тамара Мацвеенка-Батакова, Кахабер Гагохія. Беларускі жывапіс прадставяць Валянцін Губараў, Сяргей Рымашэўскі і Андрэй Смаляк.

Мэтай дадзенага сумеснага культурнага праекта з'яўляецца ўзбагачэнне мастацтва дзвюх краін, садзейнічанне ўмацаванню і развіццю творчага супрацоўніцтва, а таксама знаёмства гледача з сучаснымі напрамкамі грузінскага і беларускага выяўленчага мастацтва.


Літаратурны сняданак «Што паспеў напісаць Якуб Колас»

Дзе: Кафэ Філіні, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 36

Калі: 7 снежня, 10:00

Колькі каштуе: 30 BYN

7 снежня ў 10:00 у кафэ Feelini літаратуразнаўца Ганна Севярынец правядзе літаратурны сняданак «Што паспеў напісаць Якуб Колас».

Няма чалавека, якому б са школы не падабалася «Новая зямля». Але менавіта за гэты твор Коласа пляжылі некаторыя сучаснікі, менавіта з гэтага раману смяялася літаратурная моладзь. Як гэта сталася і што насамрэч даў Колас беларускай літаратуры? Ці маем мы сёння магчымасць чытаць ягоныя творы так, як яны былі напісаныя? Мы і па сёння не ведаем свайго класіка такім, які ён быў.

Вы зможаце перачытаць «Новую зямлю» і адшукаць любімы верш Якуба Коласа.

Інфармацыя пра лектара: Ганна Севярынец – педагог, літаратуразнаўца, пісьменнік. Аўтар кніг «Дзень святога Патрыка» і «Гасцiнiца Бельгiя».

Даведкі: +375447097224


TEDxMinskWomen

Дзе: ОК16, Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, корпус 27

Калі: 7 снежня, 14:00

Колькі каштуе: 40–80 BYN

7 снежня на TEDxMinskWomen2019 пяць «смелых і бліскучых» беларусак падзеляцца сваімі ідэямі ў галіне сацыяльнага прадпрымальніцтва, экалогіі, даўгалецця і мастацтва каліграфіі. Упершыню на адну сцэну TEDx выйдуць спікеры ва ўзросце ад 13 да 70 гадоў.

Каманда, якая c 2014 года праводзіць падзеі TEDx у Мінску, запрашае ўсіх не прапусціць штогадовую канферэнцыю TEDxMinskWomen. Удзельнікаў чакае ўнікальная магчымасць стаць часткай глабальнай падзеі TEDWomen 2019, далучыўшыся да трансляцыі з Палм Спрынгс (ЗША), і пачуць жывыя выступы беларускіх жанчын-спікераў.

Як і на ўсіх канферэнцыях TEDx, важная частка падзеі — гэта абмеркаванне ідэй, нефармальныя зносіны і знаёмства з цікавымі людзьмі. Па словах ліцэнзіята Ганны Казловай, TEDx не проста дае гледачам магчымасць пачуць бліскучых спікераў. Адна з задач падзей, якія праводзяцца па ліцэнзіі TEDx, — стварыць тую самую натхняючую атмасферу знакамітай канферэнцыі TED, якая дазваляе кожнаму ўдзельніку выявіць і сфармуляваць уласную ідэю, дастойную распаўсюду.

Тэма TEDWomen 2019 — «Bold + Brilliant», або «Адважныя і бліскучыя». Арганізатары надаюць асаблівую ўвагу асляпляльным ідэям выбітных прадпрымальнікаў і інаватараў, лідараў, якія прымаюць смелыя рашэнні, тых, хто толькі робіць свае першыя крокі ў адзіночку, і, тых, хто нястомна падтрымлівае і адстойвае інтарэсы жанчын.

Гледачам TEDxMinskWomen2019 трэба будзе ўбачыць адну з сесій глабальнага форуму ў ЗША. Выступленні будуць транслявацца на англійскай мове і пасля кожнага з іх перакладчык коратка выкладзе асноўны змест. Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі змогуць першымі пазнаёміцца ​​з ідэямі выбітных беларускіх спікераў.

  • Кацярына Раманоўская — дырэктар па брэнду і камунікацыі кампаніі Flo Health.
  • Таццяна Андрэева ​​— People Experience Senior Manager у кампаніі EPAM, лідэр эка-кам'юніці kotiki_against_plastic і Валянціна Андрэева ​​(13 гадоў) — душа праекта kotiki_against_plastic і будучы сацыяльны прадпрымальнік.
  • Аляксандра Сцельмашонак — каліграф, графічны дызайнер, спецыяліст па міжкультурных камунікацыях, заснавальнік студыі каліграфіі «Эльф і пралеска».
  • Вольга Шатыка — кандыдат медыцынскіх навук, рэабілітолаг, у мінулым выкладчык Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у сучаснасці — мадэль, зорка Інстаграма і папулярызатар прынцыпаў здаровага даўгалецця.

Што такое TEDx

TEDx — гэта праект, які дапамагае лакальным супольнасцям і асобным людзям па ўсім свеце стаць часткай глабальнай супольнасці TED, аб'яднаць і ўцягнуць у дыскусію самых яркіх спікераў: навукоўцаў, прадпрымальнікаў, сацыяльных актывістаў, мастакоў, якія фарміруюць парадак заўтрашняга дня.

Канферэнцыі TEDx праводзяцца ў Мінску, як і па ўсім свеце, з 2009 года. Першая канферэнцыя з лакальнымі спікерамі прайшла ў снежні 2013 года. C 2014 да 2017 года TEDx у Мінску праходзілі пад маркай TEDxNiamiha, а з 2017 — пад брэндам TEDxMinsk.

Падзеі праходзяць у розных фарматах: невялікія мерапрыемствы TEDxMinskSalon, канферэнцыі для жанчын TEDxMinskWomen і вялікая штогадовая канферэнцыя TEDxMinsk, якая ў наступным годзе пройдзе ў Купалаўскім тэатры.


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Залатая раніца беларускага адраджэння»

Дзе: Музей гісторыі беларускай літаратуры, Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: па 18 студзеня, пн — аўт, чцв — сб з 9:30 да 17:30; серада з 9:30 да 19:00

Колькі каштуе: 3 BYN; для школьнікаў, студэнтаў – 1,5 BYN

1920–я гг. ХХ ст. — «залатое дзесяцігоддзе» — адзін з самых плённых перыядаў у развіцці нацыянальных літаратур былога Савецкага Саюза. Часам гэты перыяд называюць расстраляным адраджэннем (ва ўкраінскім літаратуразнаўстве), расстралянай літаратурай (у беларускім).

У літаратуру прыйшлі маладыя паэты, чыя творчая і грамадзянская свядомасць фарміравалася на скрыжаванні дзвюх галоўных ідэй — нацыянальнага адраджэння і рэвалюцыйнага пераўтварэння свету.

Пісьменнікі гуртаваліся на базе друкаваных выданняў — часопісаў. Кожная суполка мела на мэце паказаць сваё бачанне развіцця мастацкага метаду і яго рэалізацыю ў літаратуры. Экспазіцыя “Залатая раніца беларускага адраджэння” раскрывае літаратурны працэс Беларусі ў 1920-я гг. праз дэманстрацыю матэрыялаў, звязаных з галоўнымі літаратурнымі згуртаваннямі таго часу — «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», БелАПП.

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца шмат матэрыялаў — фотаздымкаў, дакументаў, лістоў, рукапісаў, кніжных выданняў і графікі тых часоў, што складуць аснову экспазіцыі. Акрамя гэтага, на экспазіцыі будуць змешчаны рэдкія дакументы з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кніжныя выданні бібліятэчкі часопіса “Маладняк” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Мерапрыемства прысвечана пісьменнікам-юбілярам 2019 года: А. Бабарэку, М. Лынькову, А. Якімовічу, М. Хведаровічу, П. Трусу, А. Дудару, З. Аксельроду, С. Дарожнаму, В. Маракову, Л. Калюгу, М. Лужаніну, З. Бандарынай, А. Куляшову.


Фільм «Чыстае мастацтва»

Дзе: Ракета, г. Мінск, зав. Рабочы, 3

Калі: з 2 снежня

Колькі каштуе: ад 6 BYN

Маляры ЖЭСа Зіна і Іна старанна зафарбоўваюць на сценах Мінска надпісы, пакідаючы пасля сябе рознакаляровыя прастакутнікі. Натхнёны яркімі фігурамі, мастак-абстракцыяніст Захар Кудзін выходзіць на гарадскі пленэр.

Зацікаўленыя мінакі, спрабуючы інтэрпрэтаваць творчасць Захара, выказваюць сваё меркаванне не толькі пра мастацтва. Назіраючы за нараджэннем арт-феномену, фільм з іроніяй і любоўю паказвае сучасную Беларусь і падымае пытанні, актуальныя не толькі для гэтай краіны.

Аб рэжысёры:

Максім Швед — юрыст-палітолаг па адукацыі. Паспяхова займаўся бізнесам, але потым зразумеў, што ў жыцці яму не хапае творчасці, таму і пачаў здымаць кіно. Акрамя таго, рэжысёр займаецца фатаграфіяй.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.