Вы тут

Сяргей Нябесны вызваляў гарады-героі Новарасійск, Керч, Севастопаль і з баямі прайшоў паў-Еўропы


Старшыню Рэчыцкага раённага Савета ветэранаў Вячаслава Папова я заспеў у яго кабінеце якраз тады, калі ён рыхтаваўся пачаць абход удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, павіншаваць іх з 75-годдзем вызвалення Беларусі, даведацца, у якой канкрэтнай дапамозе яны маюць патрэбу. Першы візіт ён запланаваў да Сяргея Рыгоравіча Нябеснага. Я напрасіўся пайсці да ветэрана разам з ім.


 

72 гады па жыцці з любімай жонкай.

Нябесныя жывуць у райцэнтры на вуліцы Леніна, і гаспадыня Настасся Фёдараўна адразу паведаміла, што іх саюзу ўжо 72 гады. Пажаніліся пасля таго, як Сяргей Рыгоравіч дэмабілізаваўся з арміі. І пахвалілася яшчэ, які ў маладосці быў ён спрытны ва ўсіх справах. Вось спытайце яго (кажа нам), колькі Сяргей Нябесны захопнікаў-фрыцаў на той свет адправіў. І за што сам Сталін восем падзяк яму аб'явіў.

Сяргей Рыгоравіч спрабаваў сказаць жонцы, што не з таго з гасцямі гаворка пачалася, але тут на стале апынуўся ўзнагародны ліст з апісаннем яго подзвігу ў сакавіку 1945 года пры вызваленні Чэхіі. «У баях за населены пункт Аламоўц тав. Нябесны быў прызначаны старшым разведгрупы. Пад агнём варожага кулямёта фарсіраваў раку Марава, у распачатым баі быў паранены, але працягваў змагацца з праціўнікам. У гэты час праязджала аўтамашына з нямецкімі салдатамі. Тав. Нябесны кінуў у машыну тры гранаты і забіў 5 нямецкіх афіцэраў і каля 20 нямецкіх салдат. За час баявых дзеянняў Нябесны ўзяў у палон 7 нямецкіх салдат і 2 афіцэраў. За што быў прадстаўлены да ордэна Славы ІІІ ступені».

Сяргей Нябесны ў жніўні 1945 года.

— Узнагародны ліст падпісаў камандзір 1337-га горна-стралковага ордэна Суворава трэцяй ступені палка 318-й горна-стралковай дывізіі Павел Паўлавіч Карабельшчыкаў. Выдатны гэта быў чалавек, строгі, чулы і справядлівы, вельмі любіў салдат. Апошні раз я сустрэўся з ім і яшчэ некалькімі сваімі баявымі таварышамі — Валодзем Шваенкам, Андрэем Дзегцярэнкам і іншымі — у 1983 годзе ў Наварасійску на 40-годдзі вызвалення горада, — кажа Сяргей Рыгоравіч і паказвае альбом «Героі Вогненнай зямлі — удзельнікі дэсанту на Эльціген».

— А наогул, як вы апынуліся на фронце, Сяргей Рыгоравіч? — перапыніў я аповед ветэрана. — Якія яшчэ ўзнагароды маеце?

Тут слова зноў узяла Настасся Фёдараўна:

— Вам цікава будзе даведацца, што бацька Сяргея Рыгоравіча, гарачы данскі казак Рыгор Ананьевіч Нябесны, быў храбрым байцом Першай коннай арміі Будзённага, а ў Рэчыцы закахаўся ў мясцовую жыхарку Кацярыну Ігнатаўну Казлову. У яе ад першага шлюбу былі сыны Барыс і Рыгор, якія, дарэчы, закончылі Вялікую Айчынную вайну ў званнях падпалкоўніка і маёра, і дачка Ніна (светлая памяць ім). А Сяргей нарадзіўся ў 1924 годзе і Рыгора Ананьевіча не памятае, бо той пакінуў сям'ю і вярнуўся на Дон. Цесных роднасных сувязяў паміж Нябеснымі і Казловымі не было. А што воінская доблесць майго мужа ад яго бацькі — дык гэта факт.

— Дык ты ўжо заадно і пра сябе раскажы, — усміхнуўся Сяргей Рыгоравіч.

— А што, раскажу. У вайну, калі яна пачалася, мне было 14 гадоў, і наша сялянская сям'я жыла ў вёсцы Смычок Буда-Кашалёўскага раёна. Насёрбаліся гора пры немцах па самую завязку. Добра, што ў Германію ў рабства не загналі. Дзякуй старасту Зянькевічу, які заўсёды папярэджваў людзей пра аблавы. Выратоўваліся ў прыдняпроўскіх лазняках і балацянках. Брат мой Дзмітрый быў танкіст, прапаў без вестак, а Васіль — радыст быў, вярнуўся з вайны з ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За адвагу». Памёр небарака. Ды і я не якая там «кыш-варона». 22 гады адпрацавала поварам пры вайсковай часці і ўзнагароджана медалём «За доблесную працу». Чым не пара Сяргею Рыгоравічу?

Ветэран у россыпе баявых узнагарод.

...Пасля восьмага класа Сяргей паступіў у школу фабрычна-заводскага навучання і, атрымаўшы спецыяльнасць электраманцёра, з аднагрупнікамі апынуўся ў горадзе Грозным, дзе браў удзел у пераабсталяванні нафтаперагонных заводаў. А тут — вайна, і ён, 17-гадовы, з такімі ж, як сам, вырашыў пайсці дабравольцам на фронт. У ваенкамаце сказалі: чакайце свайго часу. І ён прыйшоў: у сакавіку 1942-га Сяргей стаў курсантам 3-га Бакінскага пяхотнага вучылішча. Праз шэсць месяцаў яго расфарміравалі, бо ўзнікла пагроза захопу горада, і яго курсанты ўліліся ў склад Маскоўскай 103-й курсанцкай брыгады, што фарміравалася ў гарах Азербайджана. Яна была адпраўлена пад Новарасійск, які быў ужо ў руках фашыстаў. Немцы ўладарылі на раўнінах, а чырвонаармейцы атабарыліся ў гарах, адкуль начамі рабілі напады на іх.

Баявыя дзеянні для Сяргея Нябеснага пачаліся пад Геленджыком у складзе батальёна аўтаматчыкаў. У адной сутычцы з ворагам ён быў кантужаны і некалькі месяцаў праляжаў у ваенным шпіталі горада Сочы. Потым вяртанне на фронт, але ўжо ў складзе 318-й горна-стралковай Новарасійскай стралковай дывізіі, дзе быў прызначаны тэлефаністам пры яе штабе. А гэта значыць, што і ў час баёў, і ў перапынках паміж імі яму трэба было забяспечваць сувязь штаба з батальёнамі, палкамі і іншымі вайсковымі фарміраваннямі, якія знаходзіліся на перадавой. Нярэдка тэлефонны кабель пашкоджваўся пасля разрываў мінамётных ці артылерыйскіх снарадаў, і яго трэба было аднаўляць — дзе паўзком, дзе подбегам з катушкай на спіне. У час аднаго такога бою яго плечы секанула асколкам. На шчасце, раненне аказалася лёгкае, і праз 20 дзён знаходжання ў дывізійным медсанбаце Сяргей Нябесны вярнуўся ў строй. І трапіў, як кажуць, з агню ды ў полымя: у палкавую разведку. У час карэкціроўкі агню, пры начных аперацыях па здабычы «языка» небяспека заўсёды была вялікая. Нават ад сваёй палкавой артылерыі, якая, згодна з распрацаваным планам, у час разведкі боем біла па ворагу ўсімі наяўнымі гарматамі ў адно і тое ж месца, што давала разведчыкам магчымасць падпаўзаць пад самыя яе разрывы, а затым, калі яна пераносіла агонь наперад, штурмаваць акопы ці бліндажы. Крый божа крыху памыліцца ці прамарудзіць.

— У якія толькі сітуацыі не даводзілася трапляць на вайне, — уздыхае ветэран. — Не хацелася б успамінаць аб іх, але куды падзенешся. Хіба магчыма забыць, як у сакавіку 1945 года ў час захопу «языка» я, можна сказаць, быў за крок ад смерці, бо ў мяне гатовы былі стрэліць восем фрыцаў, ды я апярэдзіў іх? Усе яны там і леглі ад майго аўтамата. За гэта атрымаў свой другі медаль «За адвагу».

Заўважыўшы маю цікаўнасць да альбома «Героі Вогненнай зямлі — удзельнікі дэсанту на Эльціген», у якім таксама былі змешчаны фатаграфіі Нябеснага і яго баявых таварышаў, Сяргей Рыгоравіч патлумачыў, што такога населенага пункта цяпер няма. Пасёлку далі другую назву — Героеўскае — у памяць аб гераічных дзеяннях дэсантнікаў, якія фарсіравалі Керчанскі праліў у яго самай шырокай воднай прасторы, у жорсткіх баях захапілі плацдарм на Крымскім узбярэжжы і ўтрымлівалі яго. То было самае сапраўднае пекла, пра якое ветэрану не хочацца ўспамінаць.

Пасля вызвалення Керчы наперадзе былі Севастопаль, Балаклава. Баі ішлі такія, што гарэла зямля, паўсюдна тысячы і тысячы загінулых. Крымскі паўвостраў быў ачышчаны ад ворага, які адступіў на захад. У складзе 4-га Украінскага фронта Сяргей Рыгоравіч гнаў яго ў сваю бярлогу, адначасна вызваляючы польскія і чэшскія гарады і пасёлкі — Кошыца, Гуменне, Новы-Тарг, Аламоўц, Мараўская Острава.

Дайсці да Берліна яму не ўдалося, бо 16 красавіка 1945 года ў яго трапіла некалькі асколкаў гранаты, і дзень Перамогі ён сустрэў у шпіталі. Ратныя подзвігі ветэрана-інваліда адзначаны ордэнамі Славы трэцяй ступені і Айчыннай вайны першай ступені, двума медалямі «За адвагу», медалямі «За абарону Каўказа», «За перамогу над Германіяй».

Пасля вайны старшы лейтэнант запасу аднаўляў свой родны горад, працуючы электраманцёрам на электрастанцыі. У яго біяграфіі значыцца і работа кінамеханікам пасля вучобы на курсах у Мінску, загадчыкам нафтабазы ў саўгасе «Падалессе», электраманцёрам у вайсковай часці. За старанне ў рабоце ён мае каля дваццаці падзяк. Нябесныя выхавалі двух сыноў, аднаго з якіх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. У іх чатыры ўнукі і тры праўнукі.

У чэрвені франтавіку Сяргею Рыгоравічу Нябеснаму споўнілася 95 гадоў. Моцнага здароўя вам. Жывіце доўга-доўга. Усім на радасць!

Уладзімір Пернікаў

Загаловак у газеце: Такія гарачыя баі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?