Вы тут

«Пяць гадочкаў Пеця вучыўся на бюджэце...»


Што было, — было. Адзін мужчынка ў ЗАГС прыйшоў — з пашпартам і пачкам грошай. «Хачу, — кажа, — нацыянальнасць змяніць». — «У вас тут, — чытае загадчыца, — напісана беларус. Вы хацелі б што іншае?» — «Не, хай застаецца тое ж... Толькі наперадзе адно слоўка дадайце: «Новы».


З гэтым складанасцяў у чалавека, відаць, не ўзнікла, таму ён іншай праблемай задаўся: наняў спецыяліста, каб аблічыў, колькі дроў на зіму спатрэбіцца. Той доўга, з выездам на месца, вывучаў праект, нешта мераў, лічыў колькасць пакояў, печак-камінаў, вокнаў... А ўрэшце выдаў: ад 30 да... 300 кубаметраў. «Колькі-колькі?! — не паверыў вушам той новы. — За што я грошы плаціў? Чаму такая лічба прыблізная?» — «Дык скуль ёй дакладнай быць, калі ніхто не ведае, якая будзе зіма?»

Адно зразумела (прычым кожнаму) — яна будзе! І, відаць, таму апошні конкурсны здымак (можна яшчэ раз глянуць на верхні) падштурхнуў да творчасці многіх чытачоў: ва ўсякім разе, подпісаў — хоць каўшамі бяры! І ў кожным — нешта ёсць! А зрэшты, чытайце самі:

Пасля здаўна святых Пакроў,

Калі зямля адпачывае,

Пашчыраваць ля пабудоў

Пара, нарэшце, наступае.

Міхась прачысціў дымаход

(Спачатку свой, затым —

суседчын),

Каб сустракаць зімы прыход

Не абы-як — па-чалавечы.

Згадзіцеся, пахвальная пазіцыя! Не дзіва, што ёй, вось такой, прысвяціла свае радкі не толькі спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, але і спадар Мікола Кісель з Мінска:

Камінар такі смяльчак —

Бач, забраўся на вільчак:

Ранкам панядзелка

Трубы чысціць дзеўкам.

А ў іншых — не вам казаць — пасля выхадных свае гараць...

Зрэшты, тут і вось зараз не столькі пра іх, — з «падачы» спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне:

Рады Ганна з Мойшам,

Што сусед харошы,

Дымаход пачысціў

І падладзіў юшкі

Без капейкі грошай,

Нават без чакушкі!

Гэткія ж у людзей і сваякі бываюць. Прыклад патрэбен? Ды калі ласка:

Кліч ад цешчы быў як SОS...

На яго й ляцеў Хвядос,

«Сеўшы» мігам ля трубы,

Комін чысціў — не абы...

Зараз будзе печка грэць,

Не капціць і не дымець —

Небяспека знішчана,

Дымаход ачышчаны! —

радуецца за цешчу спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны, а Валянціна Гудачкова з Жыткавіч дык найбольш за камінара, бо:

Гаварыла так кума:

«Будзе пляшачка віна

І з вяндлінкай бутэрброд,

Як прачысціш дымаход».

Ясь згадзіўся...

Добра жыць!

Можа, бізнес свой адкрыць?

Ну чаму б і не, калі першапачатковы капітал амаль не патрэбен, вытворчыя памяшканні — таксама. Нават рэкламная абвестка ўжо гатовая: спадарыня Кусянкова прыдумала — задарма аддае:

«Чышчу коміны ад сажы!

Дзе патрэбна, там падмажу...

І вазьму зусім няшмат!»

Коля ў вёсцы — нарасхват.

Па якой прычыне, можна было б не тлумачыць, але ж спадар Віктар Сабалеўскі з Узды гэта зрабіў і нават перспектыву ўбачыў:

Многа ў вёсцы дымаходаў, —

«Верхалазаў?

Хіба Коля», —

Ад чаго (і з кожным годам)

За паслугу просіць болей:

То натуры, то валюты,

А як будзе спрытны,

За работу атрымае

Не адну паўлітру!

Што (на першы погляд), вядома ж, выгадна і таму (нават з таго ж канверта) —

...Хоць Мікола і з дыпломам,

Быць не хоча аграномам:

Прадаваў на рынку кветкі —

Разваліўся бізнес гэткі.

Каб не стацца дармаедам,

Плёў кашы з суседам-дзедам.

Дзед — памёр.

Няма больш пары.

Дык спрабуе камінарам...

Іншая рэч, ці так гэта проста?

Пачысціць комін яшчэ трэба ўмець, — заўважае спадар Іван Сіманёнак з Пастаў, — бо найболей сажы (нярэдка спрасаванай) «залягае» досыць нізка, амаль на ўзроўні юшкі. Але ж да яе і дабіраліся, і вычышчалі. І для гэтага ўсяго і трэ было, што ладны груз, кілаграмаў на пяць, моцная вяроўчына і елачка. А венік у коміне — гэта нейкая дурата, дзіцячая забава...

Адкуль:

Стась нагараваўся

З комінам над хатай,

Марна упіраўся

З венікам рагатым...

Дзецюку-мужчыну

Тут любы дарадзіць —

Слабенькім начыннем

Коміны не гладзяць!

З парадай наконт рыштунку выступае і спадарыня Гудачкова. «У мяне амаль такая ж труба, як на гэтым здымку», — заўважае яна. І дае цалкам прымальную параду:

Венік сажу не бярэ?

Нечым адкалупваць?

Трэба, хлопча, па трубе

Малатком пастукаць.

Альбо іншы спосаб пашукаць. А ўжо дзе? Падказкі ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Смелы і вясёлы

На каньку прымак,

Ды нейкі ж неталковы —

Усё ў яго не так!..

Калі не цяміш, Вася,

Як і што рабіць,

У цешчы пацікаўся —

Скажа, так і быць!

А зрэшты, шукаць інфармацыю ў людзей старэйшых маладыя цяпер не любяць. У іх — іншыя аўтарытэты:

Паўдня шукаў Афоня

Парады у смартфоне!

Бубніў адтуль прафесар

Пра трубы і кампрэсар...

А ўрэшце баба Капа

Звязала венік з лапак,

І ўнук

такой мятлою

Расправіўся з бядою.

Бо трэба... І ўжо даўно, як лічыць спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны:

Хаты цепліць нам пара —

Адступіла восень.

Нават кот прыйшоў з двара

І пагрэцца просіць.

Можа, на сваю галаву?.. Баялі, адзін вайсковец (зараджаючым на флоце служыў) на пабыўку ў вёску прыехаў. Матуля з той радасці і чарку яму наліла, і ад пуза накарміла... Да грубкі хлапчына ледзьве адпоўз; па звычцы падпаліў, узяў на калені катка і газету (можа, нават нашу...), пагладзіў, нешта пачытаў ды і задрамаў, шчаслівы — не ўбачыў, як з печкі вугольчык пстрыкнуў...

Што далей было, чытаць трэба хутка. Маці ў крык: «Агонь!» Сын — на ногі, ката — у печ, дзверцы на «замок», сам у струнку: «Гармата к бою гатова!»

Каб вось гэтак мы — да зімы. А то ж, згадзіцеся, халады часам заспяваюць знянацку, дзякуючы чаму той кот зусім не пацярпеў, бо, паводле спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка,

Печку затапіў Пятрок —

Штось на хату прэ дымок:

Ну зусім ніякай цягі...

Гаспадар —

а нуль увагі,

Што ў трубе, навідавоку,

Пасяліліся сарокі.

З тога ж канверта — яшчэ адна актуальная прычына:

Каля печы — дым, гамонка.

Не уцяміць зранку жонка:

— Мусіць, нам у каляду

Хтосьці «вынайшаў» бяду,

Якой зроду не было:

Палажыў на комін шкло?!

...Але ж — згледзелі чытачы (за што рэспект і ўважуха, як кажа моладзь) і безліч іншых тэм, часам — зусім нечаканых.

«Давайце яшчэ раз прачытаем «Мойдодыра», — прапануе спадар Мікалай Старых з Гомеля, — і звернем увагу на радкі:
«А нечистым

Трубочистам —

Стыд и срам!»

На думку спадара Міколы, не варта абражаць людзей, якія робяць хай брудную, але ж патрэбную справу.

Ад яго ж і слушная «папраўка»:

Майдадыр ты наш

шаноўны —

Чысціні баец галоўны,

Каб не праца камінара,

Люд цярпеў бы

ад пажараў...

Хто працоўных зневажае,

Мусіць, сораму не мае?!

Хоць часам — на жаль і на думку спадарыні Чыгрынавай — тыя самыя працоўныя іншага і не заслугоўваюць:

Развал у гэтай хаце

Зрабіўся не за раз,

Рабочых з біржы працы

Прымалі у калгас.

Жылі тут пустадомкі,

І запар...

тры сям'і,

Што хлеб шукалі лёгкі

І доўгія рублі.

З таго ж канверта і дасціпнае:

Не бурай дах парвала,

Трубу не гнуў віхор,

Шабашка працавала, —

Ёй ганьба і дакор...

Але ж аб'ект прынялі,

Хоць зроблена так-сяк,

Бо ўмела налівалі

Гарэлку і каньяк.

Як доўга вілася гэтая вяровачка, невядома, але ж канец ёй (паводле спадара Сабалеўскага) настаў:

Янку новая мятла

Ў камінары замяла:

Кіраваў, нібы, лясгасам,

СВК і камунгасам —

Горла драў аж да знявагі,

На рабочых — нуль увагі...

А пазбавіўся пасад —

І такой вось працы рад.

А зрэшты, ёю, як лічыць моладзь у асобе васьмікласніцы СШ № 3 г. Вілейка Карыны Цанунінай, тут якраз і не пахне:

Павер, чытач мой дарагі,

Не будзе іншай тут работы,

Бо гэты ўнук Бабы Ягі

Ізноў рыхтуецца да ўзлёту.

І для гэтага

Адабраў у Бабы Ёжкі

Сродак транспартны ўнук,

Па-над вёскаю пагойсаў,

Нібы ластаўка ці жук.

Ды за комін зачапіўся,

І куды падзеўся понт:

Трэба тэпаць з гэткай высі

Да Кашчэя ў капрамонт.

Гэта — зноў жа — спадар Сабалеўскі, а следам за ім і спадарыня Наталля Шкут са Светлагоршчыны:

Ёсць мятла...

Сюды б і ступу,

Лахманы і «макіяж».

Не глядзелі б зараз тупа:

Скуль жа гэты персанаж?

Досыць нечаканы адказ на такое пытанне ў спадарыні Чыгрынавай:

Пяць гадочкаў Пеця

Вучыўся на бюджэце.

Далей — размеркаванне,

Як тэст на выжыванне,

У слабенечкі калгас...

І жытло — на першы час.

Іншы, згадзіцеся, спалохаўся б — вось такога дома, жытла (можна яшчэ раз зірнуць на здымак), а гэты — здымаем капялюш — не: чым можа, чысціць свой комін, збіраецца жыць і працаваць. Аптыміст: на такіх, кажуць, шмат што атрымаецца, бо галоўнае для іх — не здавацца, выйсце шукаць з любой, нават, здавалася б, самай безнадзейнай сітуацыі, якую ўбачыла на здымку тая ж спадарыня Кусянкова:

Не звяртала Вера

Ўвагі на Валеру,

Тады гэты вастраслоў

З боку «цешчы» падышоў:

Комін ёй падладзіў —

Без віна, без грошай...

І прызнала Ўладзя:

Будзе зяць харошы.

Засталося дачку пераканаць...

Тую ж любоўную лінію адшукалі на здымку і сужэнцы Астроўскія з Мінска

Ходзяць чуткі, што у Яся

Ёсць суседачка Настасся

І ён ходзіць не абы...

Ўжо дабраўся да трубы.

А што будзе — паглядзім —

Паміж ёй і паміж ім.

...А зрэшты, вернемся (з падачы спадарыні Гудачковай) да таго, з чаго пачалі вось гэты агляд:

Кажуць вучаныя людзі,

Што зімы болей не будзе...

Толькі веры ў гэта мала —

Трубы чысцім дасканала.

Дроўцы сушым у запас —

МНС пахваліць нас.

Мо нават прэмію выдасць, бо не ўсё ж прадпісанні пакідаць ды штрафы налічваць за тое, што (паводле сужэнцаў Астроўскіх)

Мы жывём, як павялося,

Больш з надзеяй на Авося.

Хоць Авось той —

не вяльможа

І нашкодзіць гэтак можа...

Так што грэбуй ці не грэбуй,

А трубу пачысціць трэба!

Вось на гэтай аптымістычнай ноце і завяршылі б чарговы агляд, калі б не вынікі.

Такім чынам, паводле вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра самотную бландзінку-маляра (гл. нумар «Звязды» ад 2 кастрычніка) напісалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска і Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, спадары — тры Міколы — Касмачэўскі з Наваполацка, Кісель з Мінска і Старых з Гомеля, а таксама Валерый Гаўрыш з Чавус... З чым, павагаўшыся, згадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2020 года накіроўваецца ў слаўны горад Чавусы.

Хочаце, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо аформіць падпіску, альбо ўважліва паглядзець на чарговы здымак, прыдумаць да яго подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных і кароткіх — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на перамогу мае кожны! Як той казаў, некалі мы сустрэнем шчасце, а пакуль будзем сустракаць Каляды і Новы 2020...

Спадзяёмся, разам?

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.

Палітыка

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх

Спікер верхняй палаты акрэсліла асноўныя задачы, якія стаяць перад сёмым скліканнем Савета Рэспублікі.

Эканоміка

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Значную ўвагу на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пачалі звяртаць даўно, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.