Гісторыя цукразамяняльнікаў пачалася ў 1879 годзе, калі ў лабараторыі амерыканскага прафесара Рэмсена хімік Фальберг праводзіў свае эксперыменты. Аднойчы падчас абеду ён звярнуў увагу на незвычайны смак хлеба — той здаўся яму занадта салодкім. Але прысутныя ніякай салодкасці не адчувалі. Тады Фальберг зразумеў, што салодкі не хлеб, а яго пальцы: перад абедам ён займаўся з прэпаратам са складанай назвай «сульфамінбензойная кіслата». Вынаходца памчаў у лабараторыю праверыць здагадку, і яна пацвердзілася: злучэнні сульфамінбензойнай кіслаты сапраўды былі дзівосна салодкія. Так быў сінтэзаваны сахарын. Рэчыва з такімі ўласцівасцямі хутка знайшло прымяненне: падчас Першай сусветнай вайны цукру катастрафічна не хапала. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя Наркамздраў дазволіў вырабляць сахарын і ў СССР.
Прайшоў час, і праз больш чым стагоддзе пасля выпадковага адкрыцця Фальберга попыт на падсалоджвальнікі стаў вялікі як ніколі. Многія цукразамяняльнікі не маюць энергетычнай каштоўнасці, да таго ж вельмі эканамічныя: адзін пластыкавы кантэйнер можа замяніць ад 6 да 12 кілаграмаў цукровага пяску. Але, нягледзячы на гэта, імі не варта захапляцца. Чаму гэтага не трэба рабіць, расказала загадчык аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Сухавер.
— Усе замяняльнікі цукру можна ўмоўна раздзяліць на дзве групы: натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя — а гэта фруктоза, сарбіт, ксіліт — цалкам засвойваюцца арганізмам і, як і звычайны цукар, забяспечваюць чалавека энергіяй. Яны бяспечныя, але, на жаль, каларыйныя, — тлумачыць Кацярына Сухавер. — Большасць сінтэтычных замяняльнікаў (сахарын, цыкламат, аспартам, ацэсульфам калія, сукразіт) энергетычнай каштоўнасці не маюць і не засвойваюцца арганізмам. Але згадайце, які апетыт у вас разыгрываецца пасля таго, як вы выпіваеце бутэльку нізкакаларыйнай колы ці праглынаеце 2-3 «дыетычныя» дражэ. Адчуўшы салодкі смак, страўнікава-кішачны тракт рыхтуецца да атрымання вугляводаў. Але мы адправілі ў яго нуль калорый. І арганізм у даўгу не застанецца, і любы вуглявод, які трапляе ў страўнік на працягу сутак пасля гэтага, выклікае нязвыклае пачуццё голаду.
Давайце разгледзім варыянты, якія нам прапануюць замест цукру.
— Эксперты дагэтуль не даюць адназначнага адказу, як падсалоджвальнікі ўплываюць на арганізм. Але ўсё больш звестак сведчыць пра тое, што яны здольны парушаць гарманальны баланс, аказваць негатыўны ўплыў на ўзровень цукру ў крыві, спрыяць страце кантролю над апетытам і нават парушаць кішачную мікрафлору. Таму мая парада: захацелася салодкага — звярніце ўвагу на правераныя і натуральныя прадукты — мёд і сухафрукты, — раіць Кацярына Сухавер.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: ecology.md
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.