Вы тут

Як праходзіць чарговая рэпетыцыя дэбютантаў першага «Венскага балю з А1 у Купалаўскім тэатры»


Нядзельнай раніцай у холе сталічнага Палаца культуры прафсаюзаў шматлюдна: больш за дваццаць пар юнакоў і дзяўчат малююць на падлозе нябачныя кругі і квадраты, сінхронна перацякаюць з аднаго танцавальнага па ў другое, паўтараючы рухі венскага вальса. «Там, там-тарам, там-тарам!» — гучна ставіць акцэнты харэограф, нагадваючы, у які бок рабіць паварот і як прыгожа трымаць кісці рук. Пры гэтым харэограф у спартыўным абутку, а практычна ўсе дзяўчаты — у туфлях на абцасах, каб адразу прызвычаіцца да правільных рухаў і каб запасу трываласці хапіла на цэлую танцавальную ноч. Так праходзіць чарговая рэпетыцыя дэбютантаў першага «Венскага балю з А1 у Купалаўскім тэатры».


Ангажэмент

Дэбютанты ўдзельнічаюць у імпрэзе бясплатна — больш за тое, ім дапамагаюць і з танцавальнай падрыхтоўкай (цягам чатырох тыдняў праходзяць майстар-класы плюс абавязковыя штодзённыя «дамашнія заданні»), і з падборам бальных убораў (для дзяўчат гэта белыя сукенкі да падлогі, для хлопцаў — Black Tіe, чорныя фракі альбо смокінгі).

...Удзельнікі пад кіраўніцтвам беларускага харэографа Аляксея Кісялёва і яго памочнікаў ужо некалькі тыдняў вучаць кадрылю, паланэз і венскі вальс. 40 чалавек, ці 20 пар, — асноўны склад, ёсць яшчэ каля дзесяці дублёраў — на той выпадак, калі нехта знянацку захварэе ці наўпрост не справіцца з нагрузкай. Сярод удзельнікаў, расказваюць куратары праекта, ёсць студэнты і аспіранты, былы вайсковец, аматар гістарычнай рэканструкцыі, ёсць нават праграміст адной з кампаній — арганізатараў балю — прычым на рабоце да апошняга не ведалі, што юнак падаў заяўку!

І ўсё ж унутраны чарвячок сумневу не дае спакою: ну дзе моладзь ХХІ стагоддзя, пакаленне dіgіtal, і дзе венскі баль стагоддзя ХІХ? Задаю пытанне ў лоб самім дэбютантам: «Навошта вам гэта трэба?»

«Трапіць на баль — гэта была мая мара! — ззяе ўсмешкай супрацоўніца аднаго з беларускіх банкаў і магістрантка Анастасія. — Аб'яву пра адбор знайшла нават не я, а мае бацькі — і, згадаўшы, як мы з татам танцавалі ў Аўстрыі каля тэатра вальс, я вельмі захацела паўдзельнічаць. А калі даведалася, што трапіла ў лік дэбютантаў з больш чым шасцісот чалавек — гэта і радасць, і гонар адначасова, і разуменне таго, што ў цябе адказная і пачэсная роля. Абавязкі дэбютантаў насамрэч нескладаныя і вельмі цікавыя, а памяць застанецца, мяркую, на ўсё жыццё».

Выпускнік Ваеннай акадэміі, пілот па прафесіі, Раман крыху губляецца і спачатку гаворыць пра сябе «мы», але хутка выпраўляецца: «Для чаго нам баль? Знайсці новых сяброў, пашырыць кола стасункаў — мы ж яшчэ маладыя людзі, паспеем дома наседзецца, а зараз час прыгод і новых захапленняў. Раней мне даводзілася ўдзельнічаць у оперным балі, і сябры падказалі паспрабаваць тут — вось, прайшоў. Што адчуваю? Сапраўднае захапленне! І насамрэч мы ўжо з многімі пасябравалі, так што зададзеную праграму выконваю».

Танцуюць усе

— Дзяўчаты, кружымся лёгка — вы феі, вы сняжынкі! — распараджаецца педагог, і дзяўчаты зноў і зноў утвараюць на паркеце рознакаляровую завіруху, прагінаюцца, выконваючы разам з партнёрамі «балансэ», без якога немагчыма ўявіць венскі вальс. Дзве гадзіны рэпетыцыі пралятаюць як імгненне, і пакуль дэбютанты пераадзяваюцца для заняткаў па этыкеце, цікавімся ў харэографа: «Як вам вучні, здольныя?» — «Вельмі здольныя, з лёту разумеюць і паўтараюць рухі, якія я паказваю. З імі не трэба стаяць і гадзіну разбіраць асобныя фігуры: мы іх вывучылі літаральна на першым занятку, а цяпер толькі спалучаем у цэльную кампазіцыю, даводзім да аўтаматызму, каб танцавалася лёгка і нязмушана. І хоць музыка ў нас няпростая і «левабаковы» вальс нам, якія звыклі да правабаковага руху, таксама даецца складана, але спраўляемся», — хваліць сваіх падапечных Наталля.

Так-так, будучых дэбютантаў, якім выпала адкрыць новае для нашай краіны культурнае мерапрыемства, спецыяльны бальны камітэт адбіраў з больш чым 600 ахвотных — анкеты ад хлопцаў ва ўзросце 18—26 гадоў і дзяўчат, якім ад 16 да 23, прыйшлі з усіх рэгіёнаў Беларусі. На вочным сумоўі, куды дапусцілі аўтараў 200 самых грунтоўных і цікавых заявак, ацэньваліся не толькі танцавальныя навыкі, але і агульны кругагляд, актыўная жыццёвая пазіцыя, культурны ўзровень прэтэндэнтаў — напрыклад, іх прасілі вызначыць стыль тых ці іншых мастацкіх палотнаў. Дарэчы, практычна ніхто з гэтым заданнем не справіўся. Таму арганізатары ў мэтах лікбезу прывялі дэбютантаў у Нацыянальны мастацкі музей, а вядомы ў Мінску «музейны стэндапер», акцёр, радыёвядучы, навуковы супрацоўнік і экскурсавод Мікіта Моніч зрабіў гэты культпаход незабыўным.

Рэверанс на развітанне

У праграме падрыхтоўкі і заняткі па культуры паводзін, прычым не толькі на балі (як запрашаць на танец або адмаўляць у ім, куды падзець клатч, хто адказны за памылкі ў танцы і чаму нельга танцаваць з адным кавалерам больш чым тры разы), але і ў побыце. Вось і цяпер заснавальніца Школы этыкету Аксана Зарэцкая звяртае ўвагу:

— Найчасцей, заходзячы ў пакой, дзе ўжо знаходзяцца іншыя людзі, многія робяць адну і тую ж памылку — адварочваюцца, калі зачыняюць дзверы. Але гэтага рабіць не трэба, інакш вы паказваеце непавагу да прысутных. Запомнілі? Добра, тады хадзем на лесвіцу, будзем вучыцца падаваць даме руку на прыступках.

Тут абсалютна ўсе заданні — практычныя: сказаць адно аднаму камплімент і з годнасцю падзякаваць, правільна зрабіць і прыняць падарунак, рассадзіць гасцей у машыне з улікам сваяцкіх і сяброўскіх стасункаў, цывілізавана згладзіць наспяваючы канфлікт або выйсці з яго і г. д. Нават у агульнапрынятых дзеяннях ёсць столькі нюансаў, што сесці ў лужыну і адчуць сябе булгакаўскім Шарыкавым у кватэры прафесара Праабражэнскага лягчэй лёгкага. «Дзякуй вялікі! А давайце яшчэ правядзём заняткі па сталовым этыкеце!» — просяць вучні.

Месяц інтэнсіву — насамрэч вельмі мала, каб засвоіць тонкасці этыкету. Зрэшты, Аксана бачыць сваю галоўную задачу не ў гэтым: «Мне б хацелася не столькі чамусьці навучыць, колькі пасеяць зерне, прабіць тую лакуну, у якую з часам будзе сцякацца ўсё больш ведаў, нарастуць сталактыты і сталагміты разумення культурных з'яў, любові да мастацтва, да кніг, да тэатра і кіно, умення атрымліваць з класічных твораў інфармацыю, якая дапамагае ў паўсядзённым жыцці, — пераадоленні стрэсу, рэакцыі на хамства ці, наадварот, праяве клопату і ўвагі. Гэта ўсё ўжо створана рукамі скульптараў і пэндзлямі мастакоў, апісана ў літаратуры, перададзена ў тэатральных пастаноўках, трэба толькі ўмець счытваць культурныя коды. Да гэтага трэба ісці, няхай сабе маленькімі крокамі. Бо каб ацаніць мастацкія глыбіні вялікіх твораў, патрэбны пэўны культурны бэкграўнд, нагледжанасць, начытанасць, якую трэба ў сабе выхоўваць, у тым ліку праз стасункі з цікавымі людзьмі. Венскі баль — адна з такіх цудоўных магчымасцяў, якую атрымалі нашы дэбютанты, і я спадзяюся, што яны скарыстаюцца ёй напоўніцу».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК


Калі вярстаўся нумар

Найсвяжэйшая навіна: баль пройдзе ў іншы час і ў новым фармаце! Арганізатары прынялі запрашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь далучыцца да правядзення Венскага балю ў Палацы Незалежнасці 27 снежня. Пры гэтым, па задумцы рэжысёра, баль будзе ўлічваць традыцыі класічных венскіх баляў у Аўстрыі. Дэбютанты, якія раней прайшлі конкурсны адбор, атрымаюць магчымасць выступіць перад гасцямі мерапрыемства.

Кампанія А1 бярэ на сябе абавязак па аказанні дабрачыннай дапамогі грамадскаму аб'яднанню «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусі» і пералічыць на адрас установы сродкі, эквівалентныя палове сумы, якую меркавалася выручыць ад продажу квіткоў на «Венскі баль у Купалаўскім», — дабрачынная місія праекта, такім чынам, будзе выкананая. Тыя ж, хто ўжо набыў білеты на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім», змогуць вярнуць грошы ў касе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў тэрмін з 4 да 20 снежня 2019 года.

Загаловак у газеце: Кавалеры запрашаюць дам, або Баль як культурны код

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.