Вы тут

Навукоўцы спрабуюць перамагчы старасць


Ці, прынамсі, крыху яе «прытармазіць». Яны пратэсціравалі на людзях «лекі ад старасці», і падобна на тое, што яны працуюць, але сцвярджаць з абсалютнай упэўненасцю ніхто, вядома, не бярэцца.


Старэнне цягне за сабой мноства хвароб. Асабліва з гадамі павялічваецца рызыка ўзнікнення захворванняў, звязаных, зразумела, з узростам — сардэчна-сасудзістых, раку і дэменцыі. Навукоўцы з медыцынскага каледжа пры Дрэксельскім універсітэце ў Філадэльфіі вырашылі праверыць, ці атрымаецца ў іх запаволіць старэнне.

Рапаміцын першапачаткова быў адкрыты як антыбіётык, але хутка стаў выкарыстоўвацца як імунадэпрэсант. Яго ўжываюць для таго, каб пазбегнуць непрымання органаў пры трансплантацыі. Група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Крысціяна Села правяла клінічныя выпрабаванні рапаміцыну на скуры рук 36 добраахвотнікаў. У выніку прэпарат паменшыў колькасць старых клетак на скуры і палепшыў знешні выгляд рук паддоследных.

У 2006 годзе ўпершыню было паказана, што рапаміцын падаўжае жыццё эўкарыёт. У 2009 годзе навукоўцы зафіксавалі павелічэнне максімальнай працягласці жыцця мышэй, якім давалі прэпарат: самак на 14 %, самцоў — на 9. Калі рэчыва трапляе ў арганізм, яно блакуе бялковы комплекс TОR, які адказвае за рост і размнажэнне клетак. Гэтае блакіраванне дазваляе запавольваць натуральны працэс старэння клеткі. Сёлета навукоўцы ўпершыню выпрабавалі дзеянне рапаміцыну на людзей — да гэтага правяраць прэпарат на людзях не рашаліся, баючыся пабочных эфектаў.

Для эксперымента адабралі 36 чалавек, старэйшых за 40 гадоў, з прыкметамі старэння скуры. Кожнаму з іх выдалі два віды крэму: для правай і левай рукі. Адзін з іх утрымліваў невялікую канцэнтрацыю рапаміцыну, другі складаўся з плацэба. Удзельнікі павінны былі наносіць крэм на рукі перад сном раз на адзін-два дні. Эксперымент доўжыўся восем месяцаў. Да яго канца дайшлі толькі 19 удзельнікаў, астатнія перасталі выходзіць на сувязь або адмовіліся ад удзелу. 13 чалавек далі згоду на аналіз крыві, што дазволіла пацвердзіць, што ў іх крыві не ўтрымліваецца рапаміцын.

Клінічнае паляпшэнне знешняга выгляду скуры было адзначана ў некалькіх удзельнікаў, а імунагістахімічны аналіз выявіў паляпшэнне стану скуры і на гісталагічным (тканкавым) узроўні. Было выяўлена, што колькасць старых клетак, якія не дзеляцца, на руках, што мазалі крэмам з прэпаратам, зменшылася ў тры разы. Таксама навукоўцы адзначылі візуальныя паляпшэнні: на руках паддоследных сталі менш праступаць вены і сухажыллі, а колькасць маршчын зменшылася.

Пры гэтым ніякіх прыкмет запалення або паталогій выяўлена не было. Даследчыкі заключылі, што рапаміцын здольны змагацца са старэннем скуры нават у невялікіх канцэнтрацыях. У далейшым навукоўцы спадзяюцца атрымаць больш звестак пра механізмы ўплыву гэтага прэпарату на клеткі чалавека.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.