Вы тут

Анатоль Ліс: Ствараць новыя вытворчасці, рабочыя месцы — задачы першай чаргі


Сёння Брэсцкая вобласць адзначае 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС адказаў на пытанні нашага карэспандэнта пра дасягненні і набыткі вобласці, пра новыя праекты і перспектывы асобных рэгіёнаў у традыцыйнай рубрыцы «Звязды», прысвечанай развіццю краіны за 25 гадоў.


— Звычайна напярэдадні юбілейных дат прынята падводзіць вынікі і гаварыць пра перспектывы. Не будзем парушаць традыцыю і цяпер. Анатоль Васілевіч, чым, на ваш погляд, можа ганарыцца Брэсцкая вобласць? Дзе яна дасягнула найлепшых вынікаў? У чым наогул асаблівасці нашай Берасцейшчыны?

— Сярод абласцей Беларусі Брэсцкая вылучаецца найбольш спрыяльнымі ўмовамі надвор'я для высокапрадукцыйнай сельскагаспадарчай вытворчасці. І гэты прыродны дар мы максімальна выкарыстоўваем. Традыцыйна з году ў год вобласць займае першыя пазіцыі ў рэспубліцы па вытворчасці прадуктаў харчавання з малака і мяса. Па экспарце сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання рэгіён таксама на першым месцы ў краіне.

Структура прамысловага комплексу накіравана на перапрацоўку мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны. Таму асноўным валаўтваральным сегментам вобласці з'яўляецца перапрацоўчая прамысловасць, у першую чаргу вытворчасць харчовых прадуктаў і напояў. Далёка за межамі вобласці і краіны любяць і ведаюць прадукцыю такіх брэндаў, як «Санта Брэмар», «Савушкін прадукт», «Брэсцкія традыцыі» і інш. Перавагу названым маркам пакупнік аддае дзякуючы іх натуральнасці і высокай якасці.

Як і ва ўсёй краіне, у нас актыўна развіваецца ІТ-галіна. На тэрыторыі рэгіёна функцыянуюць тры навукова-тэхналагічныя паркі: «Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк», «Тэхнапарк «Палессе» ў Пінску, «Фермент» у Ляхавіцкім раёне. Рэзідэнтамі тэхнапаркаў з'яўляюцца 70 арганізацый, 54 з якіх выпускаюць прадукцыю і выконваюць работы, якія адпавядаюць V і VІ тэхналагічным укладам. Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк — найбуйнейшы суб'ект інавацыйнай структуры і галоўны бізнес-інкубатар вобласці. Парк акумулюе інавацыйна актыўныя прадпрыемствы, якія здольны падняць навуковы складнік эканомікі рэгіёна на новы ўзровень. На базе тэхнапарка створаны ўнікальны стартап-цэнтр у Брэсце, дзе любы прадпрымальнік можа атрымаць патрэбнае абсталяванне, памяшканне, інфармацыйныя і кансультацыйныя паслугі, а таксама садзейнічанне ў пошуку партнёраў, атрыманні фінансавых рэсурсаў, і абмяняцца вопытам з іншымі прадпрымальнікамі.

Да асаблівасцяў, альбо адметнасцяў, рэгіёна можна аднесці яго геаграфічнае становішча. Па тэрыторыі вобласці праходзяць два еўрапейскія аўтамабільныя транспартныя маршруты: Е30 Берлін — Варшава — Брэст — Мінск — Масква; Е85 Клайпеда — Вільнюс — Кобрын — Бухарэст — Александропаль (Грэцыя), якія звязваюць парты Балтыйскага і Міжземнага мораў. Нашы чыгуначныя магістралі злучаюць краіны Заходняй Еўропы з краінамі СНД, краіны Балтыі і Украіну. Аэрапорт Брэста мае статус міжнароднага, здольны прымаць і абслугоўваць цяжкія самалёты. Актуальным для вобласці выглядае функцыянаванне лагістычных цэнтраў, якіх у нас пяць. Працягваецца работа па развіцці трансгранічнага калідора для прасоўвання брэнда «Грузавыя саставы з Кітая ў Еўропу» ў адпаведнасці з кітайскай праграмай будаўніцтва «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху».

Анатоль ЛІС віншуе Таццяну ХАЛАДОВІЧ з перамогай на II Еўрапейскіх гульнях.

Калі гаварыць пра кірункі, дзе нам трэба прыкласці большыя намаганні з выкарыстаннем пералічаных мною асаблівасцяў вобласці, то гэта, несумненна, развіццё турызму — у тым ліку медыцынскага, аздараўленчага, аграэкатурызму і іншых яго відаў. Тут ёсць пэўныя вынікі, але мы бачым нашмат большы патэнцыял, асабліва цяпер, калі атрымалі перавагі бязвізу.

— Прапаную пагаварыць пра турызм больш падрабязна. Белавежская пушча, а таксама Брэсцкая крэпасць даўно сталі брэндамі нашага рэгіёна і забяспечваюць устойлівую плынь турыстаў. Што зроблена ў апошнія гады для павелічэння патоку, якія перспектывы адкрываюцца з рэалізацыяй новаўвядзенняў у галіне турызму?

— Турыстычная індустрыя, якая сфарміравалася ў апошнія гады, спрыяе развіццю рэгіянальнай эканомікі, можна сказаць, яна — частка эканомікі. Падводзіць вынікі бягучага года пакуль рана, падчас навагодніх і зімовых канікул мы адзначаем павышэнне турыстычнай цікавасці. Але ж нават па выніках дзевяці месяцаў назіраем значны рост экспарту турыстычных паслуг. Лібералізацыя працэсу ўезду, альбо, прасцей кажучы, бязвіз, павялічыла паток турыстаў. Гэта надало імпульс развіццю гасцінічнага бізнесу. Нават на нашы аграсядзібы з адкрыццём бязвізу прыехала ў 2,6 раза больш замежных турыстаў. А ўплыў на развіццё эканомікі можна праілюстраваць такой лічбай: на створаныя прадпрыемствы ў сферы турыстычных паслуг працаўладкавана 1100 чалавек.

Мы ўжо назіраем узрастанне актыўнасці малога і сярэдняга бізнесу, пайшлі інвестыцыі ў гэтую галіну. Менавіта бязвізавы рэжым стаў імпульсам для рэалізацыі інвестыцыйнага дагавора па будаўніцтве атэля Hаmрtоn bу Hіltоn. З яго адкрыццём Брэст стаў першым абласным цэнтрам краіны, дзе з'явіўся атэль буйнога міжнароднага брэнда.

Як вядома, 10 лістапада ўвайшоў у сілу Указ № 300, які аб'яднаў бязвізавыя тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Важным для Брэсцкай вобласці з'яўляецца магчымасць выхаду праз суседнюю Гродзенскую вобласць на турыстычныя рынкі краін Балтыі, для якіх, у сваю чаргу, адкрываецца прамы калідор у Брэст праз Белавежскую пушчу. Яшчэ ў нашых замежных гасцей з'яўляецца магчымасць не толькі пабываць у пагранічных раёнах, але і ўбачыць унікальнасць палескіх балот, наведаць старажытны Пінск, паглядзець сядзібы, палацы, музеі Івацэвіцкага, Бярозаўскага, Баранавіцкага раёнаў. Мы рыхтаваліся да рэалізацыі Указа, таму план мерапрыемстваў на найбліжэйшы час уключае будаўніцтва, рэканструкцыю і ўвод у эксплуатацыю 35 аб'ектаў турыстычнай індустрыі, правядзенне трох дзясяткаў турыстычных мерапрыемстваў, стварэнне новых турыстычных маршрутаў, сцяжын, экскурсій.

Мы заўсёды чакаем гасцей і на «Мотальскія прысмакі», і на «Спораўскія жарты» ды «Спораўскія сенакосы», якія ўжо набылі статус міжнародных, на розныя спартыўныя спаборніцтвы такога ж маштабу, культурныя мерапрыемствы. Чакаем і, спадзяюся, як след прывячаем.

— Вядома, прыезд замежнікаў на экскурсію ці адпачынак да нас спрыяе іміджу рэгіёна. І на Брэстчыне ёсць што паказаць. Не грэх згадаць, напрыклад, што клопаты па адраджэнні спадчыны пачаліся яшчэ ў канцы 80-х гадоў (Ружанскі палац), але ж асноўная работа зроблена менавіта за апошнюю чвэрць стагоддзя. Што яшчэ з вядомых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны «стаіць у чарзе» на вяртанне нашчадкам?

— Згаданы Палацавы комплекс у Ружанах стаў гонарам як Пружанскага раёна, так і вобласці ў цэлым. Пра яго многа сказана і напісана. Там пабывалі турысты з шэрагу краін свету. Работа па рэстаўрацыі аб'екта не скончана, яна будзе працягнута з часам. Цяпер асаблівая ўвага ўдзяляецца рэстаўрацыі Косаўскага палаца-паркавага ансамбля, аднаго з найпрыгажэйшых у рэгіёне. Першая чарга яго здадзеная, там працуе музей.

Вядуцца работы ў іншых раёнах вобласці. Напрыклад, на аднаўленне радавой сядзібы Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна сёлета накіраваныя сродкі з фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва.

На тэрыторыі вобласці ёсць гісторыка-культурная каштоўнасць, якая патрабуе тэрміновых кансервацыйных мерапрыемстваў, — капліца-ўсыпальніца роду Ажэшкаў. Капліца знаходзіцца ў Закозелі Драгічынскага раёна. Не так даўно праведзены першачарговыя супрацьаварыйныя работы, вырашаецца пытанне прыцягнення сродкаў для кансервацыі ўнікальнага помніка архітэктуры.

Нашы славутасці, такія як Ружанскі палац, сядзіба Міцкевіча ў Завоссі, музейны комплекс Напалеона Орды ў Варацэвічах, нярэдка становяцца месцам правядзення свят, міжнародных творчых сустрэч, розных фестываляў.

— Цікавымі, змястоўнымі фестывалямі Брэстчына славіцца даўно. Але ж відавочна, каб была песня, трэба, каб быў хлеб. І хлеб тут — паняцце першаснае. Як вядома, наша вобласць аграрная, і ў многім карціна сацыяльна-эканамічнага развіцця абумоўлена станам і развіццём сельскагаспадарчай галіны. Думаю, ёсць сэнс нагадаць асноўныя паказчыкі работы галіны і сказаць колькі слоў пра кірункі яе развіцця.

— Гэты год для сельскагаспадарчай галіны вобласці завяршаецца з нядрэннымі вынікамі. За дзесяць месяцаў тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгаспрадпрыемствах і сялянскіх альбо фермерскіх гаспадарках склаў 106,4 працэнта пры сярэднерэспубліканскім паказчыку 103,1 працэнта. Вытворчасць малака павялічылася на 6,7 працэнта, прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы — на 4,1 працэнта, птушкі — на 3,9, вытворчасць яек — на 4. Гэтыя вынікі забяспечаны ў асноўным за кошт росту прадукцыйнасці жывёлы: сярэдні ўдой на карову павялічыўся на 303 кілаграмы і склаў 5134 кілаграмы, сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы падрасла на 13 грамаў і склала 664, а свіней — на 63 грамы і складае цяпер 698 грамаў.

Вобласць лідзіруе ў рэспубліцы па тэмпах росту вытворчасці малака, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы, сярэднім удоі на карову, прывазе цялят і свіней. Вышэйшая за сярэднерэспубліканскую атрымалася і ўраджайнасць асноўных сельгаскультур. Усё пералічанае і складае дабрабыт нашых гаспадарак, фарміруе даходы працаўнікоў вёскі. Таму для далейшага развіцця галіны планамерна абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу гаспадарак, укараняем у вытворчасць сучасную тэхніку і тэхналогіі, павышаем прадукцыйнасць працы. Пералічанае дасць магчымасць нарошчваць аб'ёмы, паляпшаць якасць прадукцыі, скарачаць затраты і павялічваць выручку.

— Брэстчына мае добрыя напрацоўкі ў плане міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва. Што зроблена апошнім часам, якія праекты знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі?

— Сёння вобласць ажыццяўляе пастаўкі ў 100 краін свету. Калі, скажам, Расія, Украіна, Казахстан, некаторыя краіны Еўрасаюза з'яўляюцца нашымі даўнімі гандлёвымі партнёрамі, то важным выглядае адкрыццё новых рынкаў збыту. Апошнім часам у спіс партнёраў мы ўнеслі сем дзяржаў: Афганістан, Бангладэш, Гвінею, Каба-Вердэ, Кот-д'Івуар, Руанду, Эль-Сальвадор. Традыцыйна вобласць утрымлівае першае месца ў рэспубліцы па аб'ёмах экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання.

Адным з прыярытэтных кірункаў па экспарце з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва з Кітаем. З мінулага года, напрыклад, экспартныя пастаўкі ў КНР выраслі ў 1,4 раза.

У вобласці рэалізуецца цэлы шэраг буйных інвестыцыйных праектаў. Адзін з іх датычыцца вядомага вытворцы пластмасавых цацак — кобрынскага прадпрыемства «Палессе». Там будзе ўзведзены вытворча-складскі комплекс па выпуску пластмасавых вырабаў. Аўтаматызаваны складскі комплекс з'явіцца на прадпрыемстве «Санта Брэмар». З дапамогай амерыканскага інвестара ўзводзіцца прадпрыемства па вытворчасці зліткаў монакрышталічнага крэмнію ў Пінску. А расійскі інвестар укладвае сродкі для будаўніцтва ўчастка ліцця прадпрыемства «Брэстгазаапарат». У Баранавічах узводзіцца прадпрыемства па вырошчванні грыбоў, а ў Брэсце ААТ «Эполь Софт» вядзе будаўніцтва офіснага памяшкання для размяшчэння прадпрыемства сферы высокіх тэхналогій.

— Згаданыя вамі Пінск і Баранавічы ўвайшлі ў спіс гарадоў з паскораным сацыяльна-эканамічным развіццём. Што зроблена там і як будуць развівацца астатнія райцэнтры?

— У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны распрацаваны комплексныя планы па развіцці названых гарадоў. Варта сказаць, што ў Баранавічах і Пінску нямала зроблена за мінулы і бягучы гады. Цяпер у Баранавічах рэалізуецца 19 асноўных інвестыцыйных праектаў, 14 з іх з'яўляюцца прыярытэтнымі. На стадыі падрыхтоўкі яшчэ 16 праектаў. Баранавічы — прамысловы горад, таму асаблівая ўвага ўдзяляецца перааснашчэнню і мадэрнізацыі прамысловасці.

Дзякуючы ўкараненню тэхналогіі лічбавага друку на баваўнянай тканіне Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне ўжо прыступіла да выпуску інавацыйнай прадукцыі. Цяпер найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў Еўропе і краінах СНД мае поўны цыкл вытворчасці: ад перапрацоўкі бавоўны да выпуску гатовых швейных вырабаў. А росту цікавасці да прадукцыі пад маркай «Блакіт» на айчынных і замежных рынках паспрыяла рэалізацыя названага праекта.

На завяршальнай стадыі праект з прыцягненнем сродкаў інавацыйнага фонду аблвыканкама, які рэалізуецца на Баранавіцкім заводзе станкапрылад па арганізацыі вытворчасці самацэнтруючых такарных патронаў для высокатэхналагічнага металаапрацоўчага абсталявання. Пачатак вытворчасці запланаваны на снежань гэтага года. Ідзе падрыхтоўка двух інавацыйных праектаў на станкабудаўнічым заводзе, які з'яўляецца філіялам закрытага акцыянернага таварыства «Атлант».

Прамысловыя прадпрыемствы Пінска рэалізуюць цяпер сем буйных праектаў. Закрытае акцыянернае таварыства «Амкадор-Пінск» асвойвае вытворчасць інавацыйнай прадукцыі, славуты «Пінскдрэў» ажыццяўляе два праекты па мадэрнізацыі фанернай вытворчасці з укараненнем энергакомплексу, ААТ «Кузлітмаш» наладжвае вытворчасць базавых вузлоў электрычных машын. Пінскія трыкатажнікі (ААТ «Палессе») летась рэалізавалі два праекты, цяпер яны выпускаюць інавацыйныя бясшоўныя вырабы і робяць новыя віды пражы фантазійнай структуры.

Разам з мадэрнізацыяй прадпрыемстваў развіваецца сацыяльная інфраструктура гарадоў. У Баранавічах і Пінску сваіх выхаванцаў прынялі новыя дзіцячыя садкі на 240 месцаў, завяршылася рэканструкцыя вакзала Баранавічы-Палескія. Важным кірункам дзейнасці бачыцца прыцягненне ў гаспадарчы абарот аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Цяпер на 21 з 23 індустрыяльных пляцовак, што сфарміраваны на базе такіх аб'ектаў у Баранавічах, з'явіліся новыя ўласнікі. На іх ажыццяўляюць дзейнасць 27 прадпрыемстваў з агульнай колькасцю занятых больш за 200 чалавек. У далейшым плануецца павялічыць колькасць рабочых месцаў яшчэ на 100. Новыя гаспадары арганізавалі розныя віды дзейнасці ў сферы вытворчасці прадукцыі і аказання паслуг.

У цэлым за гэты час у Баранавічах створана 57 новых мікраарганізацый і малых арганізацый, у Пінску — 54.

Апошнім часам вялікая ўвага ўдзяляецца скарачэнню міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. У першую чаргу актыўныя меры прымаюцца ў адносінах да рэгіёнаў, якія Мінэканомікі аднесла да адстаючых па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гаворка ідзе пра Ганцавіцкі, Драгічынскі, Маларыцкі раёны. І калі для ўсіх рэгіёнаў вобласці распрацаваны праграмы, якія ўмоўна назвалі Планамі індустрыялізацыі, то для названых раёнаў ёсць планы асобныя. Гэта комплекс мер па стварэнні ўмоў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Драгічынскага і Ляхавіцкага раёнаў, комплексны план развіцця Маларыцкага раёна, стратэгія развіцця Ганцавіцкага раёна.

Аблвыканкам лічыць сваёй задачай стымуляваць і падтрымліваць інвестыцыйную актыўнасць у рэгіёнах, асабліва тых праектаў, якія забяспечваюць стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў. Пад іх выдзяляюцца сродкі з абласнога інавацыйнага фонду. На сённяшні дзень у вобласці заключаны 262 інвестыцыйныя дагаворы на суму больш за два мільярды рублёў.

Варта сказаць, што для большасці райцэнтраў характэрная актыўная інвестыцыйная дзейнасць. Апошнім часам паспяхова мадэрнізуюцца прадпрыемствы мяса-малочнай галіны. Яны ўлічваюць змяненне попыту, кан'юнктуры рынкаў, падыходаў у галіне якасці і пастаянна вядуць работу па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасці. Ужо сёлета здзейснены шэраг буйных праектаў, у тым ліку на Лунінецкім малочным заводзе, на Пружанскім малочным заводзе і іншых прадпрыемствах. Закуплена абсталяванне па выпуску дзіцячага харчавання ў шкляной тары на Маларыцкім кансерваваагароднінасушыльным камбінаце.

Развіваецца мэблевая прамысловасць у раёнах. На арэндных плошчах ААТ «Івацэвічдрэў» замежным прадпрыемствам арганізавана новая вытворчасць мэблі. Створана 240 рабочых месцаў. Уся прадукцыя экспартуецца ў Германію. Варта сказаць, што і ў Жабінцы паспяхова ажыццёўлены немалы праект. Фірмай «Консул» тут узведзены завод па вытворчасці прэміксаў, суперканцэнтратаў і камбікармоў для маладняку сельскагаспадарчай жывёлы. Створана 46 рабочых месцаў, за дзесяць месяцаў выпушчана прадукцыі на суму каля 3,5 мільёна рублёў.

Для нас ужо прывычнымі сталі цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, інкубатары малога бізнесу. Яны праводзяць інфармацыйна-тлумачальную работу, аказваюць фінансавую падтрымку пачаткоўцам. І гэта дае свае вынікі. Толькі за 10 месяцаў гэтага года па вобласці створана 650 мікра- і малых арганізацый, у тым ліку ў раённых цэнтрах. У той жа Жабінцы адкрыта будаўнічае прадпрыемства. На работу прынята 28 чалавек. У планах — экспарт будаўнічых паслуг у Польшчу. У Кобрыне зарэгістраванае прадпрыемства па вытворчасці зборных жалезабетонных канструкцый з 10 рабочымі месцамі, у Мікашэвічах дзевяць чалавек сталі займацца здабычай каменю для будаўнічых работ. Спіс можна доўжыць.

на Але не менш важным выглядае клапаціцца пра знешні выгляд населеных пунктаў, асабліва райцэнтраў, камфорт іх жыхароў. Хто не так даўно заязджаў у нашы гарады, абавязкова заўважыць гэты клопат. Пастаянна вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторый, рамонт дарог, пасадка дрэў і рэканструкцыя газонаў, абуладкаванне і рамонт спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак у раёне жылой забудовы. І трэба сказаць, што ў большасці рэгіёнаў вобласці, у тым ліку ў адстаючых, сёлета назіраецца істотнае нарошчванне аб'ёмаў прамысловай вытворчасці, экспарту тавараў, паляпшэнне фінансавых паказчыкаў дзейнасці арганізацый.

— Хацелася б пагаварыць пра тое, як падтрымліваецца малы бізнес, прыватная ініцыятыва грамадзян, асабліва жыхароў пасёлкаў, былых райцэнтраў, вёсак. Як зрабіць, каб і там з'яўлялася больш прадпрыемстваў, станавілася больш рабочых месцаў?

— Пачнём з таго, што ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016—2020 гады з пачатку бягучага года дадзены льготныя крэдыты за кошт сродкаў абласнога бюджэту 13 суб'ектам малога прадпрымальніцтва з рэгіёнаў на суму 708 тысяч рублёў. Гэтыя прадпрыемствы плануюць адкрыць 41 рабочае месца. Усяго ж сёлета на аказанне дзяржаўнай фінансавай дапамогі суб'ектам малога прадпрымальніцтва будзе накіравана 2,6 мільёна рублёў. Налета плануецца накіраваць 2,9 мільёна. У апошнія гады Брэстчына выглядае лідарам у краіне ў частцы фінансавай падтрымкі малога прадпрымальніцтва.

Сёння ў вобласці ёсць 78 зямельных участкаў — іх можна назваць таксама індустрыяльнымі пляцоўкамі з інжынернай і транспартнай інфраструктурай для размяшчэння на іх аб'ектаў па вытворчасці тавараў альбо аказання паслуг. Ёсць магчымасць набываць маёмасць, якая не выкарыстоўваецца. Пракансультаваць, падказаць, дапамагчы на самым пачатку могуць у цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, якіх дзейнічае 12. Значыць, для адкрыцця новага прадпрыемства альбо віду дзейнасці ўсё ёсць, патрэбны толькі жаданне і ўласная ініцыятыва.

І яшчэ. Органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выдаюць субсідыі для арганізацыі сваёй справы беспрацоўным грамадзянам. Такую дапамогу толькі сёлета атрымалі 153 чалавекі.

Акрамя таго, прадпрымальніцкую ініцыятыву жыхары невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасці цяпер могуць рэалізаваць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка альбо юрыдычнай асобы пры ўмовах уплаты адзінага падатку. Цяпер без лішніх фармальнасцяў можна прадаваць печыва, шыць адзенне, рамантаваць мэблю, абутак, аказваць шэраг паслуг, чым і займаецца больш за восем тысяч чалавек. Варта адзначыць, што расце колькасць рамеснікаў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.

— Жыццё аграгарадкоў, вёсак у многім абумоўлена добраўпарадкаваннем населенага пункта, станам дарог, наяўнасцю аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. У нас зроблена, несумненна, шмат у гэтым кірунку. Якія перспектывы, што запланавана ў найбліжэйшы час?

— Цяпер у вобласці налічваецца 222 аграгарадкі. Іх развіццё ідзе ў адпаведнасці з планам, які распрацаваны на перыяд з 2017 да 2020 года. Асноўнымі яго мерапрыемствамі з'яўляюцца капітальны рамонт жылога фонду, добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый, мадэрнізацыя цеплавых сетак, асфальтаванне дарог, будаўніцтва станцый абезжалезвання, газіфікацыя жылога фонду — адным словам, паступова робіцца ўсё, з чаго складаецца якасць жыцця сельскага чалавека. Скажам, на сучасным этапе пра гэтую якасць нельга ўжо гаварыць без магчымасці атрымання паслугі шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт. Цяпер ідзе работа па ўкараненні такога сацыяльнага стандарту для населеных пунктаў з насельніцтвам 300 чалавек і вышэй. Калі нашы аграгарадкі атрымаюць указаную хуткасць інтэрнэту, можна будзе сказаць, што ўмовы іх жыцця не адрозніваюцца ад гарадскіх.

І яшчэ адно вельмі важнае пытанне, якое людзі найчасцей закранаюць падчас прамых ліній, выязных прыёмаў, у лістах і вусных зваротах, — стан дарог. Дарога ўяўляецца важнай для кожнага. Работа ў гэтым кірунку вядзецца пастаянна. За дзевяць месяцаў гэтага года адрамантавана амаль 229 кіламетраў дарог агульнага карыстання, на 15,7 кіламетра праведзены капітальны рамонт. Налета плануецца адрамантаваць 324,8 кіламетра дарог, у тым ліку 45,1 капітальным рамонтам.

— Ва ўсе часы і эпохі розныя гарады, краіны, асобныя рэгіёны праслаўлялі людзі: працаўнікі, асобы, дзеячы. Каго, на ваш погляд, можна згадаць напярэдадні 80-гадовага юбілею Брэстчыны, хто быў альбо з'яўляецца гонарам рэгіёна?

— Калі мы кажам, што Брэстчына вядомая многімі аб'ектамі, славутасцямі, добрымі справамі, то маем на ўвазе, што галоўныя іх стваральнікі і захавальнікі — людзі з іх працавітасцю, ініцыятывай, жаданнем зрабіць свой край лепшым. Каб назваць усіх альбо нават многіх, хто праславіў наш край, пачынаючы з папярэдніх эпох, ды дадаць герояў вайны і працы, лепшых працаўнікоў усіх без выключэння галін народнай гаспадаркі, спатрэбіцца цэлы нумар газеты. А можа, і не адзін. Таму напярэдадні юбілею варта будзе згадаць ганаровых грамадзян вобласці, якія ўдастоены гэтага звання за канкрэтныя справы і заслугі. У іх ліку двойчы Герой Сацыялістычнай Працы былы старшыня калгаса «Савецкая Беларусь» Камянецкага раёна Уладзімір Бядуля; двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Пётр Клімук; былыя кіраўнікі вобласці Яфрэм Сакалоў, Анатоль Зеляноўскі, Віктар Бурскі; Герой Беларусі, былы кіраўнік Брэстаблсельбуда, былы старшыня праўлення Нацбанка краіны Пётр Пракаповіч; былы намеснік старшыні Саўміна БССР, які курыраваў узвядзенне мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», Аляксандр Кічкайла; алімпійскія чэмпіёны Сяргей Макаранка і Юлія Несцярэнка; прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Осіпава; архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан — Ігар Корзун. Спіс гэты адкрыты, ён будзе папаўняцца новымі асобамі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: БЕЛТА

Загаловак у газеце: Брэсцкі напрамак інвестыцый, ІТ-тэхналогій і аграрнай вытворчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

Даша нарадзіла раней за тэрмін з дапамогай кесаравага сячэння. 

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.

Грамадства

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Расказала ўрач Наталля Карпук.

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.