Вы тут

Бесклапотнасць пры карыстанні піратэхнічнымі вырабамі часам прыводзіць да жудасных наступстваў


Нягледзячы на тое, што да Новага года застаецца амаль месяц, вечаровы спакой раз-пораз ужо парушае гук ад петардаў. За прыгожымі візуальнымі эфектамі, аднак, стаіць істотная рызыка. Варта дапусціць усяго адну памылку — і наступствы могуць быць вельмі сумныя.


Хоць снежань толькі пачынаецца, але адзін інцыдэнт са святочнай выбухоўкай ужо здарыўся. У Мінскім гарадскім упраўленні па надзвычайных сітуацыях расказалі, што адбылося гэта на мінулых выхадных. Дванаццацігадовы хлопчык гуляў каля свайго дому. Ён знайшоў петарду, высыпаў адтуль порах і падпаліў яго. Скончыліся гэтыя эксперыменты апёкам рагавіцы вока і твару 1-й і 2-й ступені. Малога шпіталізавалі.

Паляваў на крата з петардай

Нягледзячы на тое, што летась навагодняя піратэхніка не выбіла ніводнай аконнай шыбы і не падпаліла ніводнага аўтамабіля, людзі ўсё ж пацярпелі. За мінулы снежань і пачатак студзеня гэтага года ў краіне адбыліся 34 няшчасныя выпадкі, звязаныя з памылкамі пры запуску піратэхнічных вырабаў. Сярод траўміраваных — 11 дзяцей. Паказальна, што гэтыя лічбы амаль удвая меншыя, чым за год да таго.

І не заўжды такія траўмы звязаныя з шумным святкаваннем. Напрыклад, летась 11 снежня ў прыёмны пакой Пінскай цэнтральнай раённай бальніцы прывезлі 49-гадовага мужчыну. Выбухам петарды яму адарвала фалангу пальца. Але інцыдэнт адбыўся каля гадзіны дня. Які сэнс запускаць петарду ў гэты час, калі ніякіх светлавых эфектаў не будзе відаць? Прычына, як аказалася, была не забаўляльная, а гаспадарчая. Пацярпелы намагаўся такім рызыкоўным спосабам расправіцца з кратом. Для гэтага ён падпаліў петарду і хацеў яе кінуць у нару, але не паспеў. І піратэхнічны выраб разарваўся ў руцэ.

Пік няўдалых запускаў піратэхнікі з сумнымі наступствамі традыцыйна прыйшоўся на 1 студзеня. У тым ліку — і з дзецьмі, якіх дарослыя бяруць з сабой на вуліцу. А дзясятай гадзіне першага дня новага 2019 года ў Жлобіне бацька запусціў петарду ў двары жылога дома. Нешта пайшло не так — святочная выбухоўка не ўзарвалася, а ўпала на зямлю. Да петарды падбег яго двухгадовы сын, падняў яе — і ў гэты момант прылада спрацавала. Хлопчыку, можна сказаць, яшчэ пашанцавала — яго шпіталізавалі ў бальніцу з рванай ранай пальца левай рукі і тэрмічным апёкам твару.

А вось у Брэсце 14-гадовая дзяўчына пацярпела ад чужой неабачлівасці. Каля поўначы 5 студзеня яе прывёў у бальніцу бацька. Школьніца патлумачыла, што незадоўга да таго яна праходзіла побач з кінатэатрам. Якраз у гэты час нехта запусціў там петарду. Вынік — апёк першай ступені павека левага вока.

Бесклапотнасць часам прыводзіць і да горшых наступстваў. Каля поўдня першага снежня мінулага года ў Ляхавіцкую цэнтральную раённую бальніцу прывезлі 35-гадовага мужчыну з выбуховай траўмай бакавой паверхні грудной сценкі. Траўма — як падчас баявых дзеянняў. Няўжо такое магла нарабіць піратэхніка? Аказалася, што магла, і вельмі проста. Як патлумачыў сам пацярпелы, петарда выбухнула ў... нагруднай кішэні.

А больш за ўсіх дасталося 16-гадоваму юнаку з вёскі Малькавічы Ганцавіцкага раёна. Яго даставілі ў раённую бальніцу з апёкамі рагавіцы вачэй другой ступені, кантузіяй вочных яблыкаў, апёкам першай ступені скуры твару, ранамі вуснаў. Апёк трэцяй ступені быў дыягнаставаны нават каля калена. Прычынай усяго гэтага стаў феерверк, які разарваўся дачасна...

Усё прапісана ў інструкцыі

— Кожны год мы разам з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў удзельнічаем у рэйдах, падчас якіх выкрываюцца факты гандлю нелегальнай піратэхнікай. Або калі яна захоўваецца неналежным чынам, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

Летась у гандлёвым пункце індывідуальнага прадпрымальніка з Лепеля амаль 12 тысяч піратэхнічных вырабаў захоўвалася з парушэннем правіл бяспекі. Гаспадара аштрафавалі, а святочную выбухоўку на 1050 рублёў канфіскавалі. Але куды большы «ўлоў» чакаў рэйдавую групу на сталічным праспекце Ракасоўскага. Індывідуальны прадпрымальнік не знайшоў для схованкі піратэхнікі лепшага месца, як падвал у доме, дзе жыў. Кошт канфіскаванай маёмасці склаў каля 20 тысяч рублёў.

— Даўно адменена правіла, згодна з якім гандляваць піратэхнікай можна было толькі 45 дзён на год. Таму няма ніякага сэнсу купляць яе «пра запас» скрынямі. Тым больш што ў цесным памяшканні іх нярэдка і паставіць праблематычна. На балкон яе выносіць нельга, таму што яна адсырэе. У выніку петарды або ўвогуле не спрацуюць, або салюты і феерверкі пачнуць паводзіць сябе нестандартным чынам. Каля сцен, дзе праходзіць сістэма ацяплення, размяшчаць святочную выбухоўку таксама нельга. Быў у нас выпадак, калі з-за моцных маразоў тэмпература цепланосьбіта была пададзена на максімум і ад гэтага адбылася дэтанацыя, — успамінае Віталь Навіцкі.

Сертыфікаваная піратэхніка абавязкова мае пры сабе інструкцыю або на рускай, або на беларускай мове. Там у максімальна зразумелай форме тлумачацца ўсе правілы абыходжання з небяспечным вырабам.

— Калі жаданнем пайсці па «нелегальную» піратэхніку кіруе думка купіць штосьці такое, што немагчыма набыць у афіцыйным пункце продажу, то тут будзе чакаць неспадзяванка. Піратэхніка чацвёртага і пятага класаў не выкарыстоўваецца ў грамадзянскім абарачэнні. Яе прымяняюць толькі на масавых мерапрыемствах, дзе з ёй працуюць выключна кваліфікаваныя супрацоўнікі. У рознічны ж продаж паступае піратэхніка першага, другога і трэцяга класаў. Падзел ідзе згодна з аб'ёмам выбуховага рэчыва, якое закладваецца ўнутр, і далёкасцю палёту, — тлумачыць спецыяліст.

Калі прааналізаваць медыцынскія зводкі, звязаныя з атрыманнем траўмаў ад піратэхнікі, то ўсё грунтуецца па двух фактарах — чалавечым і заводскім браку. З першым усё зразумела — дзесьці была парушана інструкцыя па запуску. Зарад прагарэў вельмі хутка і прагучаў выбух. А вось як быць тады, калі, здаецца, усё зроблена правільна, а замест маляўнічага салюту чуецца толькі глухое шыпенне?

— Увогуле падчас запуску адлегласць да найбліжэйшых пабудоў, дрэў, ліній электраперадачы, аўтамабіляў ці проста выпадковых мінакоў мусіць быць не меншай за трыццаць метраў, — нагадвае прадстаўнік МНС правілы бяспекі. — Запускаць піратэхніку мусіць толькі абсалютна цвярозы чалавек — на жаль, кожны год бываюць выпадкі, калі апёкі ад няўдала запушчанай петарды атрымліваюць людзі нападпітку, не здольныя поўнасцю кантраляваць працэс. Дзяцей нельга блізка падпускаць да месца плануемага выбуху. Калі ж зарад не спрацаваў, то трэба пачакаць паўгадзіны, а пасля адкрыць інструкцыю. У залежнасці ад тыпу вырабу рэкамендацыі звычайна простыя — або засыпаць пяском, або асцярожна заліць вадой. І ні ў якім разе не нагінацца над імі, каб не атрымаць прамы ўдар у твар.

І абмежаванні на перамяшчэнне

У Дзяржаўным мытным камітэце адзначылі, што ўсе піратэхнічныя вырабы ўнесены ў пералік тавараў двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаны пры стварэнні ўзбраення або вайсковай тэхнікі. Таму нават для асабістых патрэб перамяшчаць іх фізічным асобам праз граніцу забаронена. Дазволеную рэгламентамі Еўразійскага саюза піратэхніку на тэрыторыю Беларусі могуць увозіць індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы пры наяўнасці спецыяльных дакументаў, якія выдаюцца МНС.

Са святочнай выбухоўкай таксама нельга заходзіць у метро. Пункт 68 Правіл перавозак метрапалітэнам без выключэнняў катэгарычна забараняе яе транспартаваць «падземкай». Гэта значыць, што калі такія рэчы будуць знойдзены падчас дагляду асабістых рэчаў, то вас на перон станцыі не пусцяць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Салют з наступствамі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.