Вы тут

Акцэнты венскай восені


Гэта падзея была чаканай, бо ў апошні час не адзін раз гаварылася пра маючы адбыцца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аўстрыю. І вось сёння ён — ужо факт, які адбыўся. У першай дэкадзе лістапада Вена сустракала Кіраўніка беларускай дзяржавы з усімі адпаведнымі гэтаму высокаму рангу візіта ўшанаваннямі і пратакольнымі атрыбутамі цырыманіялу. Асаблівасць яго яшчэ і ў тым, што венскія сустрэчы недвухсэнсоўна акцэнтуюць увагу назіральнікаў на магчымасці больш актыўнага развіцця не толькі аўстрыйска-беларускіх адносін. Гаворка можа ісці пра новы еўрапейскі кантэкст падобных узаемасувязяў. Але менавіта беларуска-аўстрыйскі адлік у дадзеным выпадку вельмі паказальны.


Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Ван дэр Белен

Пачынаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аўстрыйскую Рэспубліку з ускладання вянка да помніка савецкім воінам, якія загінулі пры вызваленні Аўстрыі ад фашызму. Манумент устаноўлены на плошчы Шварцэнбергплац у Вене яшчэ ў жніўні 1945 года. Краіна, захаваўшы яго, падае вельмі паважлівы прыклад беражлівага стаўлення да мінулага. І вось Аляксандр Лукашэнка, які суправаджаўся аўстрыйскай ротай ганаровай варты, усклаў вянок да гэтага помніка. Вельмі глыбокі па сутнасці і па сэнсе цырыманіял. Дарэчы, відавочныя паралелі з удзелам некаторы час таму аўстрыйскага Прэзідэнта ў адкрыцці мемарыяла ў Трасцянцы пад Мінскам — у памяць пра загінулых там у гады вайны ад рук нацыстаў у тым ліку грамадзянах Аўстрыі. Вось такі аб’ядноўваючы момант з мінулага, які ўзмацняе веру ў тое, што ў будучыні паразуменне мае ўсе шанцы быць трывалым. Але які ж дзень сённяшні ў двухбаковых адносінах, напрыклад, у дзелавым партнёрстве?

Беларуска-аўстрыйскі таваразварот летась перасягнуў мяжу ў сто семдзесят мільёнаў долараў. У параўнанні з папярэднім годам некалькі асеў, але ў 2019‑м зноў набыў тэндэнцыю росту. Зрэшты, значна каштоўней не проста гандаль, а супрацоўніцтва больш высокага парадку. Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі. Толькі ў мінулым годзе з гэтай краіны прыцягнута інвестыцый амаль на трыста мільёнаў долараў, у першай палове 2019‑га — яшчэ каля двухсот мільёнаў. У Беларусі працуе больш за восемдзесят прадпрыемстваў з аўстрыйскім капіталам. Найбольш буйныя з іх на слыху. Гэта «Кроноспан», «БелТолл», альянс «Райффайзен» і «Приорбанк», мабільны аператар «А1».

Так што ёсць усе падставы меркаваць, што цяперашні візіт Прэзідэнта ў Аўстрыю стане стымулам для яшчэ больш дынамічнага развіцця міждзяржаўнага дзелавога ўзаемадзеяння. Гэтаму, несумненна, паспрыяе і беларуска-аўстрыйскі эканамічны форум, які прайшоў у Вене, дзе на экспертным узроўні абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў сферах фінансаў, транспарту, лагістыкі, высокіх тэхналогій. Стала відавочным, што ўзаемную цікавасць уяўляе з сябе паглыбленне інвестыцыйнага супрацоўніцтва як у межах ужо існуючых сумесных прадпрыемстваў, так і ў кантэксце стварэння новых. Што тычыцца палітычных мерапрыемстваў у ходзе візіту, то яны праходзілі ў палацы Хофбург — афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Аўстрыі. Там адбылася ўрачыстая цырымонія сустрэчы высокага беларускага госця. На перамовах з Федэральным прэзідэнтам Аляксандрам Ван дэр Беленам Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Аўстрыя — найважнейшы і надзейны партнёр Беларусі ў Еўропе. А пасля сустрэчы, падводзячы яе вынікі, Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да аўстрыйскага калегі з такімі словамі:

— Я ведаю розныя тэндэнцыі ў Еўрапейскім саюзе ў плане Беларусі. Можа быць, не сёння, не заўтра, але паслязаўтра дакладна вы будзеце ганарыцца тым, што калісьці прыехалі ў Беларусь, паглядзелі на гэтую краіну, пераканаліся ў тым, што яна не чужая для Еўропы. Вы гэта казалі, калі прыязджалі з жонкай і сказалі, што тут жывуць годныя людзі. Вы ніколі не пашкадуеце пра гэта. Беларусь — цэнтр Еўропы. Беларусь — еўрапейская краіна, і яе палітыка накіравана на выключна мірныя, дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны не толькі з суседзямі — Расіяй, краінамі Балтыі, Украінай, Польшчай, але і з даўнімі, праверанымі нашымі сябрамі, якой з’яўляецца ваша выдатная і багатая краіна.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў абсалютную паспяховасць праведзеных перамоваў, якія прадэманстравалі блізкасць падыходаў дзвюх дзяржаў па асноўных сучасных праблемах:

— Нам цікавы аўстрыйскі досвед у многіх сферах, які цалкам можа быць выкарыстаны і ў Беларусі. Мы высока цэнім намаганні Вены, скіраваныя на навядзенне мастоў паміж асноўнымі геапалітычнымі цэнтрамі, зніжэнне напружанасці ў Еўропе і свеце. Мінск ставіць такія ж мэты ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці. Канстатуем, што разам здольныя ўнесці важкі ўклад у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Варта адзначыць, што ў ходзе сустрэчы дасягнута дамоўленасць працягваць сумесную працу ў рамках міжнародных арганізацый.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў: Беларусь падтрымае кандыдатуру Аўстрыі на выбарах у склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН на 2027–2028 гады.

Безумоўна, гэты візіт мае сэнс разглядаць не толькі як важную вяху ў развіцці беларуска-аўстрыйскага ўзаемадзеяння. Не меншае значэнне ён мае для актывізацыі дыялогу Беларусі ды Еўрапейскага саюза ў цэлым, які ў апошні час набывае ўсё больш канструктыўны характар. Наша краіна высока цэніць падтрымку Аўстрыяй беларускіх намаганняў па развіцці адносін з Еўрасаюзам, які з’яўляецца для Беларусі другім па значнасці гандлёвым партнёрам. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў:

— У апошні час, у тым ліку дзякуючы актыўнай працы аўстрыйскага старшынства ў 2018 годзе, Еўрасаюз становіцца для нас таксама важкім палітычным ды інвестыцыйным партнёрам. Толькі за апошнія два гады аб’ём фінансавай падтрымкі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі ды развіцця праектаў у беларускім дзяржсектары дасягнуў сямісот мільёнаў еўра. Мы актыўна працуем з Еўрасаюзам паводле шматлікіх праграм у сферах экалогіі, энергаэфектыўнасці, уладкавання межаў, рэгулявання міграцыі, падтрымкі дзяржкіравання.

Аляксандр Лукашэнка і Вольфганг Саботка

Як вядома, у гэтым годзе Беларусь і ЕС зацвердзілі праекты пагадненняў па спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на тое, што яны будуць падпісаны ў бліжэйшы час. Такім чынам, Беларусь паслядоўна выступае за развіццё дыялогу з Еўропай у розных фарматах. Кіраўнік дзяржавы звярнуў на тое асаблівую ўвагу:

— Нас з Аўстрыяй аб’ядноўвае імкненне да развіцця «Усходняга партнёрства» як цэласнага, гнуткага і эфектыўнага інструмента супрацоўніцтва ў рэгіёне. Пры гэтым яно не скіравана супраць інтарэсаў трэціх краін. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтым праекце і нядаўна агучыла свае прапановы аб перспектывах дадзенай ініцыятывы пасля 2020 года. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў беларуска-аўстрыйскага дзелавога ўзаемадзеяння насычаная гісторыя, і гэта добры падмурак для больш актыўнага супрацоўніцтва ў сучаснасці.

Сапраўды, у сучаснай Беларусі аўстрыйскі бізнес займае досыць трывалыя пазіцыі. Амаль пяцьсот кампаній з Аўстрыі супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі, каля ста з іх у той ці іншай форме прадстаўлены непасрэдна ў Беларусі. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень даверу аўстрыйскага бізнесу да краіны. Нездарма Аўстрыя даўно і трывала ўвайшла ў лік лідараў па аб’ёме інвеставання ў эканоміку Беларусі. Капіталаўкладанні штогод вылічаюцца сотнямі мільёнаў долараў. Напрыклад, летась гэтая лічба склала каля трохсот мільёнаў долараў. З удзелам аўстрыйскіх кампаній прапрацоўваюцца новыя праекты на суму больш за мільярд долараў.

Між тым не толькі эканоміка звязвае дзве краіны. На сустрэчы прэзідэнты не здолелі абысці ўвагай вельмі хвалюючую тэму. Аляксандр Ван дэр Белен расчулена дзякаваў у асобе Аляксандра Лукашэнкі ўсяму беларускаму народу за захаванне памяці пра ахвяр лагера смерці ў Малым Трасцянцы. У тым журботным месцы скончылі свой зямны шлях каля дзесяці тысяч аўстрыйскіх яўрэяў. Па словах Аляксандра Ван дэр Белена, да таго, як памяць пра ахвяраў была ўвекавечана ў Беларусі, пра саму гэтую фабрыку смерці ў Аўстрыі амаль нічога не было вядома. Аляксандр Лукашэнка на гэта сказаў:

— Мы разумеем, якое вялікае значэнне мае захаванне памяці пра ахвяраў Халакосту для аўстрыйскага грамадства. Таму аказалі падтрымку ініцыятыве Аўстрыі аб устаноўцы ў Мемарыяльным комплексе «Трасцянец» манумента «Масіў імёнаў» у памяць пра аўстрыйскіх грамадзян, знішчаных там гітлераўцамі ў гады Другой сусветнай вайны.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў сакавіку ён разам з былым Федэральным канцлерам Себасцьянам Курцам адкрыў гэты помнік. Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і ад усяго беларускага народа падзякаваў у асобе Федэральнага прэзідэнта ўсім аўстрыйцам, якія далучаныя да аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы.

Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў сваю чаргу цалкам пацвердзіў цікавасць сваёй дзяржавы да развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён адзначыў у размове з журналістамі, што на перамовах у вузкім і пашыраным складах былі абмеркаваныя тэмы палітычнага ўзаемадзеяння, захавання агульнай гістарычнай памяці, тэматыкі правоў чалавека. Спадар Ван дэр Белен канстатаваў пэўнае збліжэнне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, а візіт беларускага лідара назваў значнай часткай гэтага працэсу. Федэральны прэзідэнт закрануў і тэму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, падкрэсліўшы, што для Аўстрыі важна яго пашырэнне. Аўстрыйскі лідар звярнуў увагу на ўклад Беларусі ва урэгуляванне канфлікту ва Украіне, прадастаўленне пляцоўкі для перамоваў бакоў. Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Ван дэр Белен падкрэсліў, што Мінскія пагадненні праклалі сцежку, па якой можна знайсці шлях да вырашэння сітуацыі:

— Мы цэнім ваш інтарэс да паглыблення адносін і хацелі б сказаць, што гэта ўзаемна. Мы будзем заставацца ў кантакце. І гэта будзе не апошні візіт у Аўстрыю і Беларусь.

Так, адным з пунктаў вельмі насычанай праграмы візіту стаў Беларуска-Аўстрыйскі эканамічны форум. Перад яго пачаткам Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангам Саботкам. Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей аўстрыйскага парламента.

Калі на перамовах з кіраўніцтвам Аўстрыі была пазначаная палітычная воля да збліжэння, то на форуме абмяркоўваліся канкрэтныя напрамкі развіцця дзелавога супрацоўніцтва. Акрамя таго, у сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы агучыў не толькі важныя для бізнесменаў пасылы, але і адкрыта выказаўся па цэлым шэрагу надзённых сусветных праблем і геапалітычных пытанняў. Аляксандр Лукашэнка расказаў аўстрыйскай аўдыторыі пра галоўныя прынцыпы ў супрацоўніцтве з Беларуссю. У прыватнасці, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краін ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял і як важна выбудоўваць з замежным бізнесам празрыстыя і ўзаемавыгадныя адносіны:

— Прыходзьце сумленна, адкрыта, празрыста. Калі мы дамовімся, заўсёды выканаем свае абавязацельствы. Дагавор даражэй за грошы! Вось галоўныя прынцыпы, якіх мы будзем прытрымлівацца ў рабоце з вамі.

Аляксандр Лукашэнка выступае перад удзельнікамі Эканамічнага форуму Аўстрыя-Беларусь

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што будучыня эканамічных адносін складаецца з вытворчай кааперацыі, развіцця сферы паслуг, такіх традыцыйна моцных для Беларусі і Аўстрыі галін, як нафтахімія, харчовая прамысловасць, машынабудаванне, транспарт, лагістыка, інфармацыйныя тэхналогіі:

— Нацыянальнай асаблівасцю беларусаў з’яўляецца тое, што мы грунтоўна і ўзважана падыходзім да прыняцця рашэнняў. Але аднойчы, калі мы ўдарылі са сваімі партнёрамі па руках, мы скрупулёзна выконваем узятыя на сябе абавязацельствы. Хачу запэўніць, што, усур’ёз зацікавіўшыся Беларуссю, аўстрыйцы ніколі не будуць расчараваныя.

Варта адзначыць, што, знаходзячыся ў Вене, Прэзідэнт Беларусі ў фармаце рабочай вячэры правёў таксама сустрэчу са старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнага савета Аўстрыі Себасцьянам Курцам.

***

А вось як Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі ў сталіцы Аўстрыі адказаў на пытанне пра магчымасць адмены ў Беларусі смяротнага пакарання: «Рэферэндум вырашыў гэтую праблему. Толькі рэферэндум можа яе адмяніць. Мы ў гэтым напрамку рухаемся», — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ЕС ад Беларусі ўжо патрабуе адмены смяротнага пакарання. «І, вядома, мы да гэтага абыякава ставіцца не можам, калі ўжо зусім шчыра. І вельмі часта праводзім апытанні з нагоды адмены смяротнага пакарання. Нічога з тых часоў, як пытанне было вырашана на рэферэндуме, не змянілася. Ці варта гэтае пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ? Думаю, не варта. Таму мы дамовіліся калісьці з палітыкамі ў Брусэлі ў гэтым кірунку працаваць разам. І выпрацавалі нейкі план, дарожную карту па працы з беларускім грамадствам. Мы ў гэтым напрамку рухаемся. Спешка тут можа толькі пашкодзіць», — адзначыў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне аўстрыйскай журналістцы, што падняла гэтую тэму, наконт таго, якое меркаванне грамадзян яе краіны з нагоды смяротнага пакарання. «Не ведаеце. У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі, з аднаго боку. Каб вось так патрабаваць ад кагосьці разважаць на гэтую тэму, трэба ведаць, што ў цябе думае грамадства па гэтым пытанні». Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў прыклад, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя адносіны з ЗША, Кітаем. «Пры сустрэчах вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Няхай гэта будзе таксама рытарычнае пытанне», — заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Уладзімір Міхайлаў

Фота БелТА

 

У 2018 годзе беларуска-аўстрыйскі таваразварот склаў 171,4 млн долараў — 96,6% да ўзроўню 2017 года. У студзені–верасні 2019 года аб’ём узаемнага гандлю ацэньваецца ў 131,5 млн долараў. Гэта 109,2% да аналагічнага перыяду папярэдняга года. Асноўныя пазіцыі беларускага экспарту — металапрадукцыя, мэбля, нафтапрадукты. З Аўстрыі ў Беларусь пастаўляюцца фармацэўтычная прадукцыя, машыны і абсталяванне, мэблевая фурнітура, харчовыя прадукты.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».