Вы тут

«Звязда» распавядае, як у Беларусі рэабілітуюць анкахворых


Паведамленне анкалагічнага дыягназу ў любога чалавека выклікае псіхалагічны крызіс, і каб пераадолець яго, трэба ад некалькіх месяцаў да 1,5 года. Як псіхолагі і псіхатэрапеўты анкадыспансераў вучаць з ім спраўляцца, якія ўскладненні ўзнікаюць пасля аперацый, прамянёвай і хіміятэрапіі, дзе анкахворыя могуць прайсці рэабілітацыю і каму яна паказана, а таксама што самае цяжкае ў жыцці пасля таго, як лячэнне скончана, расказалі ўрачы-анколагі, псіхатэрапеўты і рэабілітолагі.


Псіхалагічны крызіс у дадатак да дыягназу

— Анкалагічнае захворванне заўсёды прыходзіць знянацку, і чалавек страчвае кантроль над сваім жыццём. Ён існуе з адчуваннем нявызначанасці, звыклая карціна свету цалкам разбураецца. Надыходзіць псіхалагічны крызіс, які адчуваецца як абсалютная бязвыхаднасць, бездапаможнасць, — расказвае загадчык медыка-псіхалагічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Эвеліна Сінкявічутэ. — Справа ў тым, што з псіхалагічнымі крызісамі кожны чалавек сутыкаецца пастаянна на працягу жыцця. Але калі размова ідзе пра маштабную падзею, напрыклад цяжкае захворванне, то запускаюцца доўгія механізмы адаптацыі — ад двух-трох месяцаў да 1,5 года. Нельга сказаць, што псіхалагічны крызіс — гэта адназначна дрэнна, ён неабходны, каб чалавек выпрацаваў іншыя навыкі ў новай жыццёвай сітуацыі. Сутыкаючыся з любой цяжкасцю, мы імкнёмся неяк з ёй справіцца. З анкалагічным дыягназам таксама неабходна справіцца. Мы вучым гэтаму пацыентаў.

Ірына ЖЫХАР перажыла тры анказахворванні. Фота Таццяны Ткачовай.

Трэба адзначыць, што ў РНПЦ анкалогіі псіхалагічную дапамогу хворым прапаноўваюць на кожным этапе: як падчас абследавання і лячэння, так і пасля. І калі пацыент пагаджаецца, з ім працуюць спецыялісты. У клініцы псіхалагічны крызіс выяўляюць пры дапамозе «тэрмометра дыстрэсу». Гэта суб'ектыўная ацэнка пацыентам узроўню свайго стрэсу ў дадзены момант і вызначэнне сфер жыцця, якія ўплываюць на такое адчуванне. Такі скрынінг на наяўнасць дыстрэсу важны як для пацыента, так і для псіхолага, псіхатэрапеўта, і для ўрача-анколага. Ён дапамагае сфарміраваць індывідуальны падыход да пацыента і максімальна паўплываць на якасць яго жыцця ў лепшы бок.

Праводзіцца ў клініцы і сямейнае кансультаванне, псіхалагічная дапамога аказваецца сваякам хворага.

— Якасць жыцця аднаго чалавека ўплывае на жыццё іншых членаў сям'і. І калі хварэе нехта адзін, разам з ім пакутуюць усе, бо ў такой сітуацыі немагчыма заставацца раўнадушным і абыякавым, — кажа Эвеліна Сінкявічутэ. — Усім вядомы этапы перажывання гора: спачатку стадыя адмаўлення і шоку, затым агрэсіі, торгу, дэпрэсіі і апошняя стадыя — прыняцця. Члены сям'і, блізкія перажываюць усе гэтыя этапы, але не заўсёды яны супадаюць у розных людзей. Таму псіхалагічная дапамога неабходна блізкім, сваякам, сужыцелям.

Але галоўнае, што павінны памятаць і хворыя, і іх блізкія, — для сучаснай медыцыны многія анкалагічныя дыягназы — не прыгавор.

— Паведамленне анкалагічнага дыягназу нярэдка ўключае ў свядомасці чалавека такую тоеснасць — «Рак = смерць». Справа ў тым, што ў рэальнасці гэта не так. Медыцына рухаецца наперад у лячэнні анкалагічных захворванняў, а падсвядомасць пацыента сфарміравана 20-30 гадоў таму, калі на працягу жыцця назапашваліся нейкія веды. Малая інфармаванасць у пытаннях лячэння анкалогіі вядзе да таго, што ў няведанні чалавек выстройвае пэўныя страшныя ілюзіі. І пры такім мысліцельным працэсе, безумоўна, непазбежны моцны псіхалагічны крызіс, — тлумачыць Эвеліна Сінкявічутэ.

Прадухіліць ускладненні

Паралельна з работай з псіхолагамі пацыент павінен праходзіць і рэабілітацыю. Яна пачынаецца адразу пасля хірургічных аперацый і звычайна праводзіцца ў анкалагічных стацыянарах.

— Рэабілітацыйныя цэнтры бяруць звычайна пацыентаў 3-й клінічнай групы — да яе адносяцца тыя, хто скончыў лячэнне і з'яўляецца практычна здаровым. А гэтаму папярэднічае доўгі час: хірургічная аперацыя, правядзенне 6-8 курсаў хіміятэрапіі з 21-дзённымі перапынкамі, прамянёвая тэрапія на працягу месяца. Усё займае да 8-9 месяцаў, — расказвае ўрач-анколаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Валянціна Суравікіна. — Пацыентаў з пасляаперацыйнымі, хіміятэрапеўтычнымі, прамянёвымі ўскладненнямі рэабілітацыйныя цэнтры не бяруць. Што рабіць такім хворым? На базе нашага цэнтра няма рэабілітацыйнага аддзялення. Гэты клопат кладзецца на фізіятэрапеўтычны кабінет. У штаце ўсяго адзін урач-фізіятэрапеўт, дзве медсястры, тры інструктары-метадысты па ЛФК і масажыст. Вельмі малыя сілы, якія ажыццяўляюць вялікі аб'ём работы. За 10 месяцаў гэтага года праз яго прайшло 1050 першасных пацыентаў і ў 5-6 разоў больш паўторных, якія звяртаюцца як амбулаторна, так і ў стацыянары.

Рэабілітацыю пажадана пачынаць ужо на другі дзень пасля аперацыі. Гэта лячэбная фізкультура ў ашчадным рэжыме, а таксама масаж, неабходны, каб зняць ацёк пасляаперацыйных тканак і прадухіліць развіццё кантрактур і лімфедэм. Праз невялікі прамежак часу выконваецца лакальная магнітатэрапія, каб зняць запаленне і ацёк.

— Ёсць цяжкія пацыенты, асабліва ў аддзяленнях вертэбралогіі і нейрахірургіі. Самыя цяжкія, на мой погляд, хворыя з пухлінамі галавы і шыі: ім выконваюцца аперацыі, якія калечаць. Людзям даводзіцца вучыцца нанава дыхаць, гаварыць, глытаць. Гэта стрэсавыя сітуацыі, і тут без аддзялення медыка-псіхалагічнай падтрымкі не абысціся. У рэабілітацыйныя цэнтры такіх пацыентаў на стадыі 3-й клінічнай групы не бяруць. Ім не паказаны фізіятэрапія, гімнастыка. Звычайна пытаюць: «Што яны будуць там рабіць? Есці, адпачываць, дыхаць свежым паветрам?» Так! Чамусьці мы не ўлічваем, што ім неабходна псіхалагічная дапамога. Але пры накіраванні ў рэабілітацыйныя цэнтры гэта, на жаль, не з'яўляецца паказаннем для рэабілітацыі. Лічыцца, што яна праводзіцца ва ўстановах, дзе пацыент назіраецца, і дома. Калі чалавек жыве ў вёсцы, якая псіхалагічная дапамога яму будзе аказвацца? — акрэсліла праблему Валянціна Суравікіна.

Хворым з пухлінамі галавы і шыі на базе РНПЦ праводзяцца аперацыі па пластыцы мяккіх тканак, сківічна-тваравая рэканструкцыя, пратэзаванне. Усё робіцца бясплатна. Гэтак жа, як і эстэтычная рэабілітацыя пры выдаленні малочнай залозы, — жанчына аплачвае толькі кошт імплантаў. Паралельна пры жаданні пацыенткі праводзіцца карэкцыя другой малочнай залозы.

Пацыенты з анкалагічным дыягназам праходзяць рэабілітацыю пераважна ў РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў Гарадзішчы. Часам іх накіроўваюць у рэабілітацыйны цэнтр, які размяшчаецца ў Атоліне (Мінскі раён).

— Часта рэабілітацыйныя працэдуры прызначаюцца амбулаторна. Але не кожны можа вазіць сваю бабулю з умоўнага Крупскага раёна на амбулаторную рэабілітацыю да нас. Размясціць у стацыянары мы таксама не можам — ложкі ў нас заняты пацыентамі, якія маюць патрэбу ў аперацыі. Таму мы накіроўваем такіх пацыентаў у Атоліна. Нядаўна на тэрыторыі нашага цэнтра ўступіла ў строй гасцініца. Спадзяёмся, што можна будзе праводзіць рэабілітацыю амбулаторна для тых, хто пражывае ў ёй. Для беларусаў пражыванне каштуе каля 20 рублёў у суткі, — падзялілася думкамі анколаг.

Паводле яе слоў, 60 % пацыентаў, якім праводзіцца прамянёвая тэрапія, праходзяць паралельна і раннюю рэабілітацыю на базе РНПЦ анкалогіі. Прамянёвая тэрапія доўжыцца месяц і лічыцца прафілактычнай працэдурай. У гэты час пацыент ужо амаль здаровы і знаходзіцца ў 3-й клінічнай стадыі. Медыкі ўбачылі ў такім падыходзе вялікую карысць: адсутнасць ранніх ускладненняў.

— Калі рэабілітацыю не праводзіць, развіваюцца, напрыклад, лімфедэмы (ацёк канечнасці). Яны бываюць розныя: 1, 5, 20, 40 сантыметраў. Толькі ўявіце розніцу паміж рукамі ў 40 сантыметраў! І такіх пацыентаў у нас, на жаль, шмат. Ім можа дапамагчы толькі хірургічнае ўмяшанне. Мы ўвесь час спадзяёмся, што пацыентаў стане менш, але, на жаль, бачым адваротную сітуацыю. Таму хацелася б, каб у нас было больш рэабілітацыйных цэнтраў, бо нашым пацыентам патрэбны дапамога і падтрымка. Ведаю, што ёсць планы па іх будаўніцтве.

Дарэчы, у структуры інваліднасці дарослага насельніцтва новаўтварэнні займаюць другое месца. Паказчык, паводле інфармацыі вучонага-сакратара РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Аляксея Разуванава, 17,8 на 10 тысяч насельніцтва. Сярод людзей працаздольнага ўзросту — 11,3 на 10 тысяч насельніцтва.

Каб трапіць у цэнтр...

РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі прымае пацыентаў з усёй краіны. Большасць з іх паступае на ранні этап з хірургічных стацыянараў — мінскага гарадскога анкадыспансера і РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Тут ёсць два рэабілітацыйныя аддзяленні на 110 ложкаў.

— Паказанні для правядзення ранняй медыцынскай рэабілітацыі адразу пасля заканчэння радыкальнага лячэння дастаткова шырокія, — тлумачыць загадчык анкалагічнага аддзялення № 2 РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Ганна Вараб'ёва. — Да нас прыязджаюць пацыенты з такімі паталогіямі, як рак малочнай залозы, мочапалавой сістэмы (жанчыны і мужчыны), бронхаў, лёгкіх, органаў стрававання (страўніка, стрававода, кішэчніка, шчытападобнай залозы). Акрамя рэабілітолагаў, дапамогу аказваюць псіхолагі і псіхатэрапеўты, фізіятэрапеўт, інструктары па ЛФК, неўролагі, отарыналарынголагі, фанапед, які дапамагае ў аднаўленні голасу.

Акрамя ранняй стацыянарнай рэабілітацыі, тут праводзіцца і позняя — для тых, у каго падчас радыкальнага лячэння развіліся ўскладненні і на працягу года пацыент не аднавіўся. На працягу першых трох-пяці гадоў з моманту ўзнікнення ўскладнення такія хворыя маюць права на рэабілітацыю ва ўмовах стацыянара. Тут працуюць і школы пацыента, дзе вучаць правільным паводзінам на працягу далейшага жыцця і даюць рэкамендацыі.

А гарантыі?..

Як важна змяніць свой лад жыцця і што ў гэтым самае складанае, расказала дырэктар Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця», анкапацыентка, якая перажыла тры анкалагічныя захворванні, Ірына Жыхар.

— Мая пацыенцкая біяграфія пачыналася якраз з аддзялення пухлін галавы і шыі дваццаць шэсць гадоў таму. Вялікі прагрэс у тым, што сёння ёсць сківічна-тваравая рэканструкцыя. Пухліна, якая была ў мяне, пагражала стратай твару. Лячэнне пасля другой хваробы — раку малочнай залозы — доўжылася не 8-9 месяцаў, а год і тры месяцы плюс пяць гадоў гармонатэрапіі. Таму чалавека, больш зацікаўленага ў аднаўленні, напэўна, не знайсці. І тут вельмі складана прыняць, што новы лад жыцця — гэта назаўсёды. Ты павінен кожны дзень рабіць зарадку, піць пэўныя лекі, здаваць аналізы, праходзіць абследаванні. І задача нашай арганізацыі — расказваць пра гэта пацыентам, дапамагчы прыйсці да новых навыкаў, засвоіць іх і зрабіць часткай жыцця. У нас вельмі моцныя харчовыя і іншыя звычкі, якія з'явіліся з дзяцінства. Напрыклад, смажанае сала з бульбай — гэта не значыць, што ад яго варта адмовіцца назаўсёды, але ўжываць можна толькі як выключэнне з правілаў. Важна, каб цябе падтрымлівала сям'я, калі ты сам мяняешся. Калі вы робіце гэта разам, тады вяртання да мінулага не будзе. Многія пацыенты пытаюць: «А калі я ўсё буду рабіць, як рэкамендуеце, гэта гарантыя, што буду жыць?» Стапрацэнтнай гарантыі тут, на жаль, няма.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Развітацца з ракам і жыць далей

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.