Вы тут

Інтэрнэт і гаджэты — інструмент, які патрабуе выканання тэхнікі бяспекі


Рэальная гісторыя, якая здарылася сёлета з юнай мінчанкай... Ёй у сацыяльнай сетцы ад незнаёмага кантакта з дзявочым профілем прыйшла прапанова — атрымаць бясплатныя сцікеры і «галасы». Яна пагадзілася, бо патрабавалася ўсяго толькі паведаміць новаспечанай «сяброўцы» нумар свайго тэлефона, пасля чаго пацвердзіць згоду пры дапамозе SMS. За пяць хвілін ёй прыйшло 18 такіх пасланняў, на якія дзяўчынка адказала. Кожная з іх каштавала шэсць рублёў. Але гэта стала вядома толькі пасля таго, як рахунак на телефоне апусцеў і дзяўчынка паведаміла пра здарэнне сваім бацькам. Тыя хутка звярнуліся ў праваахоўныя органы: акаўнт зламысніцы быў заблакаваны, а мабільны аператар вярнуў амаль усе грошы. «Гэта добры канец гісторыі, але, на жаль, так здараецца далёка не заўсёды», — канстатуе Вольга КОРСУН, аўтар і кіраўнік сацыяльнага праекта «Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі. Netka.by».

Як абараніць свайго сына або дачку, не ставячы пад пагрозу іх давер? Як правільна наладзіць гаджэты падлетка, каб засцерагчы ад небяспечнага кантэнту? Якія метады выкарыстоўваюць маніпулятары ў сеціве, каб дамагчыся сваіх мэт? Пра ўсё гэта ішла размова на пятай гарадской канферэнцыі #GіrlSafety, якую арганізавала Акадэмія крэатыўных тэхналогій ІT Prіncess пры падтрымцы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.


Самыя неабароненыя

Ёсць статыстыка, паводле якой 44 % дзяцей праводзяць у сеціве больш за дзесяць гадзін у суткі. Даследаванні паказваюць, што найбольш уразлівая катэгорыя карыстальнікаў інтэрнэту — дзяўчаты-падлеткі. Яны значна больш адчувальныя да крытыкі, чым хлопчыкі. І калі нешта посцяць у сваіх акаўнтах у сацыяльнай сетцы, вельмі чакаюць «лайкаў» і пазітыўных каментарыяў. Менавіта дзяўчаты цяжка перажываюць псіхалагічныя праблемы: труцяць сябе таблеткамі, алкаголем, хімічнымі рэчывамі.

Па звестках «Лабараторыі Касперскага», на пытанне «Ці хвалюецеся вы, што інтэрнэт акажа негатыўны ўплыў на вашых дзяцей?» 95 % бацькоў у Расіі адказваюць: «Хвалюемся». Калі ж спытаць: «А што вы робіце, каб засцерагчы іх?», высвятляецца: большасць нічога не робяць — толькі хвалююцца. Між іншым, 58 % дзяцей паведамляе, што яны НЕШТА ХАВАЮЦЬ ад бацькоў з таго, што робяць у інтэрнэце.

А вось вынікі апытання «Лабараторыі Касперскага», праведзенага нядаўна ў нашай краіне: у 57 % беларускіх дзяцей ва ўзросце ад сямі да дзевяці гадоў ужо ёсць уласны смартфон або планшэт. А да 15—18 гадоў іх колькасць вырастае да 97 %. Пра тое, што іх сыны і дочкі карыстаюцца тымі ці іншымі сацыяльнымі сеткамі, паведаміла 74 % бацькоў.

Правілы «выжывання»

Адна з найбольш частых пагроз, з якімі дзеці і падлеткі сутыкаюцца ў сеціве, — крадзеж грошай. Вольга Корсун патлумачыла, як не трапіць у фінансавыя пасткі, на прыкладзе «казачнай гераіні» дзяўчынкі Алесі.

Гісторыя першая. Да чаго цікаўнасць і страх Алесю прывесці могуць?

— Адзін з самых распаўсюджаных відаў махлярства зусім немудрагелісты: дзіцяці прыходзіць паведамленне ў месенджары ці ў сацыяльных сетках, або на нейкім сайце малое бачыць, як усплывае акенца з прапановай: «Даведайся, хто заходзіў на тваю старонку «УКантакце». Гэта можа быць таксама паведамленне пра тое, што выйшла нейкая сакрэтная серыя папулярнага серыяла (мультфільма), прапанова прайсці нейкі круты тэст, які ўжо выканалі ўсе сябры. Змест можа быць любы, галоўнае — зачапіць увагу дзіцяці, — папярэджвае Вольга Корсун. — Яно пераходзіць па спасылцы, а там яго просяць увесці свае даныя, сярод якіх ёсць нумар тэлефона. На апошні прыходзіць SMS з просьбай пацвердзіць, што ты не робат, або паведаміць пра свой узрост для атрымання кода актывацыі. І як толькі дзіця гэта зробіць, разам з SMS з яго тэлефона будуць спісаны сродкі. Ёсць два варыянты: у першым можа аднаразова «зляцець» з рахунку вялікая сума. У другім на ўладальніка нумара афармляецца без яго згоды платная падпіска: у такім выпадку грошы будуць спісвацца штодня, — гэта не так кідаецца ў вочы, але праз пэўны час бацькі будуць непрыемна здзіўлены тым, што рахунак пусты, і пачнуць высвятляць, куды маглі знікнуць фінансавыя сродкі.

Таксама махляры могуць сыграць на нашых страхах — дасылаюць паведамленне «Праверка бяспекі»: «Даведайся, ці ёсць твая картка ў базе хакераў». А далей прапануюць увесці яе нумар, код CVC2 ад карткі і націснуць «Праверыць». Так зламыснікі атрымліваюць доступ адразу да ўсіх грошай.

Гісторыя другая. Стань самым крутым, або Як ганарыстасць дзяўчынцы Алесі нашкодзіла.

Карыстальнік атрымлівае ў сеціве паведамленне кшталту: «Прапампуй свой статус у гульні!!!», «Атрымай супер-бонус!!!», «Падніміся ў рэйтынгу» і г. д. Пра тое, што паслуга платная, часцей за ўсё не згадваецца. Далей патрабуецца аўтарызавацца на сайце — увесці нумар мабільніка і адказаць на SMS або ўвесці код, атрыманы на сайце. Грошы спісваюцца, але ні статусаў, ні новых «крутасцяў» няма. Таму цяпер у доме Алесі з'явілася наступнае правіла: ніколі не ўводзіць нумар свайго мабільнага тэлефона і не адпраўляць SMS незнаёмцам, не абмеркаваўшы гэта з бацькамі.

Бясплатны сыр

Гісторыя трэцяя. Як Алеся па спасылках сумніўных пераходзіла.

Дзіця атрымлівае ў сеціве паведамленне, дзе яго запрашаюць прайсці па спасылцы, каб паглядзець паштоўку, атрымаць падарунак, пралічыць сумяшчальнасць з аднакласнікам Максам і гэтак далей. Каб выклікаць давер, могуць выкарыстоўвацца ўзламаныя акаўнты сяброў ці фальшывы адрас адміністрацыі сайта. Вынік — спісаныя з рахунку грошы.

— Не ўпэўнены — не націскай! Любы ліст, SMS, галасавое паведамленне, якія штурхаюць да паспешлівых дзеянняў, павінны вас насцярожыць, — папярэджвае Вольга Корсун. — Не паддавайцеся на маніпуляцыі. Калі вам прапанова ці просьба сябра здалася падазронай, лепш асабіста звязацца з ім па тэлефоне.

Гісторыя чацвёртая. Як дзяўчынцы Алесі незлічоныя багацці абяцалі.

«Віншуем! Вы выйгралі суперпрыз!» — такія паведамленні атрымлівалі, напэўна, усе. Каб забраць свой падарунак, могуць папрасіць аплаціць нейкую «дробязь» — перасылку, мытныя пошліны і г. д. І калі падлетак мае доступ да карты, то цалкам магчыма, што ён можа перавесці 20 рублёў, каб атрымаць абяцаную тысячу! Або калі просяць адправіць SMS, то з рахунку спісваюцца грошы ці афармляецца платная падпіска.

Гісторыя пятая. Як Алеся на шантаж і пагрозы паддалася.

«Я ведаю, дзе ты жывеш. Калі не адправіш мне грошы, у цябе і тваіх бацькоў будуць праблемы», — дзіця такое паведамленне можа вельмі моцна напалохаць. Ці як варыянт: «Калі ты не заплаціш, то ўсе твае аднакласнікі і настаўнікі ўбачаць кампраметуючыя фоткі». Хутчэй за ўсё, ніякіх здымкаў у прыродзе не існуе або вымагальнік скарыстаўся фоташопам. Але хто будзе разбірацца, падробка гэта ці не? Усё роўна страшна за сваю «рэпутацыю».

— Таму ёсць вельмі важнае правіла, якога трэба абавязкова прытрымлівацца: я расказваю бацькам пра ўсе непрыемнасці, у якія трапляю, а яны мяне слухаюць і вучаць, як зрабіць так, каб сітуацыя больш не паўтарылася, — канстатуе эксперт. — І, дарагія бацькі, што б ні здарылася, паспрабуйце ўстрымацца ад істэрыкі «я ж табе казаў (казала)!!!», а старайцеся разам разабрацца ў сітуацыі.

Бязлітасны шопінг

Гісторыя шостая. Сабралася неяк Алеся ў сеціва па пакупкі, ды і засталася без грошай.

Каб больш гэтага не дапусціць, у доме дзяўчынкі з'явіліся і такія правілы:

1. Завядзіце банкаўскую картку, якую будзеце выкарыстоўваць толькі для пакупак у інтэрнэце. Не захоўвайце на ёй вялікія сумы і трымайце выключна з мэтай аплаты ў сеціве.

2. Карыстайцеся антывірусам. Такая праграма адразу пачне біць трывогу, калі сайт здасца ёй падазроным. Таксама яна будзе адсочваць з'яўленне на камп'ютары шкоднага праграмнага забеспячэння, якое можа выкрасці нейкія персанальныя звесткі.

3. Набывайце тавары толькі ў правераных месцах. А калі штосьці вельмі хочацца купіць у незнаёмай інтэрнэт-краме, папярэдне вывучыце водгукі іншых пакупнікоў.

4. Зрабіце скрыншот сайта.

5. Не ўводзьце лішніх звестак: лагіны, паролі ад банкаўскага кабінета ці пін-код ад банкаўскай карткі пры куплі ў інтэрнэце не патрабуюцца!

6. Карыстайцеся дадатковымі банкаўскімі паслугамі. Сёння ўсе банкаўскія ўстановы прапануюць SMS-інфармаванне аб аперацыях, якія былі здзейснены з вашай карткай. Гэта дазваляе кантраляваць уласныя грошы і хутка заблакаваць карту ў выпадку зламысных дзеянняў.

Між іншым, небяспека неабдуманых пакупак закранае і тых, хто цікавіцца анлайн-гульнямі: мяжа паміж віртуальнымі і рэальнымі грашыма хутка сціраецца. Пэўную небяспеку для сямейнага бюджэту ўяўляюць убудаваныя ў анлайн-гульні ўнутраныя пакупкі. Парада для бацькоў: каб засцерагчы сябе ад нечаканых выдаткаў, пераканайцеся, што дзіця не можа траціць грошы
з вашай карткі, прывязанай да анлайн-гульні, калі яно ў яе зойдзе. Адна англійская дзяўчынка чатырох гадоў, пакуль бацька варыў ёй макарону, патраціла больш за тысячу фунтаў, прычым ругаць яе за гэта было бессэнсоўна: яна проста гуляла і нават не ведала, што марнуе грошы, націскаючы на «так» і «купіць».

Калі падлетак самастойна і свядома за свае грошы набыў нейкую цацанку ў анлайн- гульні, гэта нармальна. Галоўнае, каб ён мог патлумачыць, хоць у двух словах, навошта яна яму патрэбная і што ён збіраецца рабіць з «віртуальнай каштоўнасцю». Але калі ў падлетка прасочваюцца прыкметы інтэрнэт-залежнасці, гэта падстава задумацца, а чаго яму не хапае ў рэальным жыцці, і, магчыма, звярнуцца па дапамогу псіхолага.

7. Устанавіце дзіцяці ліміт на аплату тавараў і паслуг у інтэрнэце. У гэтым выпадку, нават калі вы станеце ахвярай махляроў, ёсць шанц пазбавіцца не ўсіх грошай адразу, а толькі невялікай сумы.

Самае каштоўнае

Гісторыя сёмая. Як Алеся навучылася фішынгавыя сайты распазнаваць.

— Фішынг — гэта крадзеж канфідэнцыяльных звестак карыстальнікаў: ад адрасоў электроннай пошты да рэквізітаў плацежных картак, — тлумачыць Вольга Корсун. — Ашуканцы робяць гэта пад рознымі добрапрыстойнымі падставамі: аўтарызацыя на сайце, неабходнасць «адпісацца» ад спаму ў электроннай пошце, аплата пакупкі па нізкай цане або з вялікай зніжкай, неабходнасць устанавіць новую праграму. Каб ахвяра добраахвотна раскрыла свае персанальныя звесткі, зламыснікі могуць выкарыстоўваць фішынгавыя сайты. Апошнія маюць шэраг прыкмет, якія іх адразу выдаюць. Нават недасведчаны карыстальнік можа за некалькі хвілін вызначыць, ці варта давяраць сайту, на якім ён апынуўся, рэквізіты сваёй аплатнай карткі. Папулярныя сайты прымяняюць шыфраванне SSL для перадачы даных карыстальнікаў. Пры выкарыстанні гэтай тэхналогіі адрас пачынаецца на «https://». А вось калі сайт інтэрнэт-крамы пачынаецца на «http://», гэта нагода ўсумніцца ў арыгінальнасці старонкі. Насцярожыць павінны граматычныя, арфаграфічныя і дызайнерскія памылкі, адрозненне структуры старонак у параўнанні з арыгінальным сайтам.

— Інтэрнэт і гаджэты — гэта ўсяго толькі інструмент, ад якога ніхто ўжо не адмовіцца. Інструмент класны, але ён таксама патрабуе выканання пэўнай тэхнікі бяспекі і ўдумлівага выкарыстання, — рэзюмуе каардынатар праекта GіrlSafety, сузаснавальнік ІT Рrіnсеss Асаdеmу, педагог Валянціна ЧЭКАН. — І калі мы заходзім у сеціва, варта памятаць: самае каштоўнае, што ёсць у нас і што трэба берагчы, — гэта персанальныя звесткі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як наладзіць бізнес у невялікім райцэнтры, дзе няма чыгункі

Як наладзіць бізнес у невялікім райцэнтры, дзе няма чыгункі

Уздзенскі касцёл, які пабудавалі ў канцы ХVІІІ стагоддзя, мясцовыя ўлады не адзін раз спрабавалі прадаць праз электронны аўкцыён, але ахвотных аднавіць помнік архітэктуры не знаходзілася. 

Спорт

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

У заключным матчы ЧЕ па гандболе зборная Беларусі згуляла ўнічыю з камандай Аўстрыі — 36:36