Вы тут

Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. У. Мясніковіча


Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

Сёння завяршае работу шостае скліканне Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А значыць, можна падвесці асноўныя вынікі нашай дзейнасці.


За час работы склікання адобрана 283 законы, прынята да ведама 15 дэкрэтаў. Сенатарскі корпус актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні найважнейшых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, пастаўленых кіраўніком дзяржавы. У дзяржаўныя органы накіравана больш за 70 ініцыятыў Савета Рэспублікі па ключавых прыярытэтах пяцігодкі: занятасць, інвестыцыі, экспарт, лічбавізацыя, маладзёжная палітыка. Большасць з іх знайшла адлюстраванне ў нарматыўных прававых актах па лібералізацыі бізнесу, сумесным плане дзеянняў урада і Нацыянальнага банка на 2020 год. Хачу падзякаваць кожнаму з вас за актыўную дзяржаўную пазіцыю, вашы прапановы.

Многія задачы, якія стаялі перад Саветам Рэспублікі, удалося вырашыць дзякуючы канструктыўнаму і зладжанаму ўзаемадзеянню з урадам, дзяржорганамі, мясцовымі органамі ўлады. У сваёй дзейнасці мы абапіраліся на думкі кіраўнікоў прадпрыемстваў, навукоўцаў, экспертаў. З іх удзелам праведзена больш за 40 мерапрыемстваў Савета Рэспублікі: круглых сталоў, пасяджэнняў секцый навукова-кансультатыўнага савета, выязных пашыраных пасяджэнняў, парламенцкіх слуханняў.

Павышэнню якасці заканатворчага працэсу закліканы садзейнічаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», у падрыхтоўку якога Савет Рэспублікі ўнёс шмат сістэмных ініцыятыў. Нашы прапановы па прагназаванні наступстваў прыняцця законапраектаў, уключаючы ацэнку іх рэгулюючага ўздзеяння на ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасці, пакетным прынцыпе падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, правядзенні прававога маніторынгу ўлічаны і па сваёй сутнасці з'яўляюцца інавацыйнымі ў законапраектнай дзейнасці.

Сур'ёзная работа праведзена па ўдасканаленні заканадаўства ў інвестыцыйнай, бюджэтна-падатковай, фінансавай сферах. Прапановы Савета Рэспублікі выкарыстаныя Саветам Міністраў пры дапрацоўцы пакета прагнозных дакументаў на 2020 год, фарміраванні Праграмы дзейнасці ўрада на 2018—2020 гады, плана дзеянняў па стварэнні ўмоў для развіцця эканомікі, у іншых сістэмных дакументах.

Значная частка разгледжаных нарматыўных прававых актаў накіравана на забеспячэнне эфектыўнасці рэальнага і фінансавага сектараў эканомікі. Гэта законы аб інвестыцыйных фондах, аб натуральных манаполіях, валютным рэгуляванні і валютным кантролі, электрасувязі, супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі і многія іншыя.

У Савет Міністраў унесены прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы ўладальніцкага нагляду, распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, прававога рэгулявання карпаратыўнай адказнасці кіраўнікоў гаспадарчых таварыстваў і членаў іх калегіяльных органаў кіравання.

Члены Савета Рэспублікі ўзялі актыўны ўдзел у распрацоўцы новай рэдакцыі Падатковага кодэкса і ўзгадненні пазіцый дзяржаўных органаў і бізнес-суполкі па гэтым важным нарматыўным прававым акце. Пасяджэнне прэзідыума навукова-кансультатыўнага савета, якое мы правялі ў Магілёве ў верасні 2019 года з шырокім колам удзельнікаў, дазволіла вызначыць далейшыя кірункі ўдасканальвання падатковага заканадаўства.

Значны блок законаў, адобраных Саветам Рэспублікі, нацэлены на вырашэнне пытанняў у сацыяльнай сферы. У іх ліку папраўкі ў Працоўны кодэкс і новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса. Многія нашы прапановы ўлічаны пры карэкціроўцы заканадаўства ў галіне аховы здароўя, адукацыі, навукі, турызму.

Ключавой ініцыятывай шостага склікання стаў маніторынг заканадаўчага забеспячэння рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, іншых найважнейшых рашэнняў кіраўніка дзяржавы.

Калегі!

Асобая ўвага Саветам Рэспублікі як палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь удзялялася пытанням рэгіянальнай палітыкі. Ва ўрад накіраваны сістэмныя прапановы па паскораным развіцці рэгіёнаў, асабліва тых, што знаходзяцца ў аб'ектыўна складаных эканамічных умовах. Прапанаваныя меры, якія спрыяюць іх самаразвіццю, наданню адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам большай эканамічнай самастойнасці і інш.

Гэтыя ініцыятывы былі выпрацаваны на аснове аналізу стану спраў на месцах, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці, дзе я з'яўляюся ўпаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы.

Хачу таксама адзначыць работу членаў Савета Рэспублікі па вырашэнні мясцовых задач: добраўпарадкаванне, ЖКГ, павышэнне якасці аказання медыцынскіх паслуг, удасканальванне сістэмы адукацыі і інш. Усяго сенатарскім корпусам шостага склікання праведзена каля чатырох тысяч асабістых прыёмаў грамадзян, разгледжана амаль 16 тысяч зваротаў.

Актыўна развівалася наша супрацоўніцтва з мясцовымі Саветамі дэпутатаў. Усебакова вывучалася і падтрымлівалася дзейнасць асацыяцый, якія аб'ядноўваюць шэраг Саветаў дэпутатаў. Разлічваем, што назапашаны вопыт будзе карысны для Савета Рэспублікі сёмага склікання.

Найважнейшы прыярытэт для Савета Рэспублікі — работа з моладдзю. Нашы намаганні былі накіраваныя на развіццё маладзёжнага парламентарызму, падтрымку яркіх і таленавітых хлопцаў і дзяўчат, якія імкнуцца быць карыснымі сваёй краіне. Разлічваем на тое, што сёмае скліканне працягне гэту дзейнасць. Міжпарламенцкая асамблея СНД беларускі парламенцкі досвед работы з моладдзю рэкамендавала для выкарыстання краінам Садружнасці.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Насычаным быў міжнародны парадак дня шостага склікання. Упершыню Мінск стаў пляцоўкай для правядзення маштабных міжнародных парламенцкіх мерапрыемстваў — Парламенцкай асамблеі Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, пасяджэння Бюро Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады Усходняга партнёрства, Міжнароднага форуму нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

Традыцыйна пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі праводзіліся форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у рамках якіх падпісаны дзясяткі буйных камерцыйных кантрактаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве. У Мінску прайшоў І Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Пры садзейнічанні Савета Рэспублікі адбыўся Беларуска-Польскі дзелавы форум «Добрасуседства-2019». Усе гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі ўмацаванню міжнародных сувязяў з нашымі партнёрамі, павышэнню ролі міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

Цяперашняя сесія праходзіць напярэдадні 20-годдзя Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Савет Рэспублікі рабіў усё, што ад яго залежыць, каб развіццё інтэграцыі ажыццяўлялася з улікам нацыянальных інтарэсаў і строга на аснове прынцыпаў, закладзеных у Дагаворы.

1 студзеня 2020 года споўніцца пяць гадоў Дагавору аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС у 2020 годзе павінна надаць імпульс развіццю гэтага рэгіянальнага аб'яднання. Такая задача пастаўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам. ЕАЭС павінен стаць паўнавартасным эканамічным саюзам з роўнымі ўмовамі для ўсіх удзельнікаў. Наперадзе вялікая работа па фарміраванні агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў. Трэба павышаць прэстыж ЕАЭС, узмацняць яго ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржаў-членаў.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У наступным годзе мы адзначым 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Свята Перамогі было і застаецца свяшчэнным для людзей усіх пакаленняў. Савет Рэспублікі ўхваліў законапраекты, накіраваныя на ўзмацненне барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму, у тым ліку на ўзмацненне адказнасці ў гэтай сферы.

Паважаныя калегі!

За час работы ў парламенце вы атрымалі добры вопыт заканатворчай, міжпарламенцкай, кіраўніцкай дзейнасці. 30 членаў Савета Рэспублікі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

У склад сёмага склікання ўвайшлі 11 членаў Савета Рэспублікі шостага склікання. Спадзяёмся, што дзякуючы іх намаганням той зачын, які намі напрацаваны, будзе карысны і знойдзе эфектыўнае прымяненне ў рабоце нашых калег.

Разлічваем, што вы падзеліцеся сваім вопытам і ведамі з членамі Савета Рэспублікі новага склікання, працягнеце займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю і застаняцеся для Савета Рэспублікі надзейнымі памочнікамі ў сваіх рэгіёнах.

Дзякуй вам за работу!

Жадаю вам, вашым родным і блізкім здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Добры зачын на будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».