Вы тут

Як высветліць, ці прымае дзіця наркотыкі


Спецыялісты папярэджваюць: ужыванне наркотыкаў не мае ўзроставага цэнзу — прымаць іх некаторыя дзеці пачынаюць нават у дзесяць.


Фота: pixabay.com

Звяртаюцца ж па дапамогу непаўналетнія і іх бацькі, калі малым ужо мінула 16. Да гэтага часу ў асобных дзяцей ужо складаецца наркатычная залежнасць. За год адзін нарказалежны можа прыцягнуць у свой «чароўны свет» 10—12 сяброў.

Спрабуюць наркотыкі дзеці за кампанію, з цікавасці або проста таму, што ім няма чым заняцца. Заўважыць гэта бацькі могуць не адразу, а, калі здараецца, і занепакояцца, што нешта не так, то адмаўляюцца прызнаваць гэта. У выніку губляецца час, і выправіць становішча бывае амаль немагчыма. Таму нарколагі, псіхолагі, настаўнікі  скіраваны на аднолькава актыўную работу як з малалетнімі залежнымі, так і з іх бацькамі. Апошнія, на жаль, часта не хочуць далучацца да дапамогі, маўляў, вы спецыялісты — вось і ратуйце, а я не хачу, не ўмею і не магу.

Між тым толькі самыя блізкія людзі могуць першыя заўважыць праблему, і вельмі важна ўбачыць самую першую спробу.

— Калі ад дзіцяці не пахне алкаголем, але яно відавочна паводзіць сябе неадэкватна — гэта трывожны званок бацькам. Самы надзейны шлях праверыць, ці прымае малое наркотыкі, — здаць мачу, і рабіць гэта трэба тэрмінова, а не праз дзень-другі, — раіць Людміла ШПАКОЎСКАЯ, загадчык падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера. — Пры гэтым лепш, калі дзіця не здагадваецца, што яго правяраюць. Можна, напрыклад, сказаць, што з паліклінікі званілі, прасілі здаць аналізы. А самі завязіце аналіз на даследаванне (платнае) у дыспансер, дзе працуюць кругласутачна і ананімна.

Іншы шлях — прыйсці з аналізам на прыём да нарколага (таксама ананімна) і расказаць аб праблеме. Урач сам завязе аналіз у дыспансер, і бацькам гэта абыдзецца бясплатна. А пасля нарколаг яшчэ пракансультуе пра вынікі даследавання.

У аптэках таксама павінны быць тэсты на вызначэнне наркотыкаў: марыхуаны, псіхастымулятараў і опіумных рэчываў. Аднак галоўнае для бацькоў не вызначыць, што менавіта прымае дзіця, а ці робіць яно гэта ў прынцыпе. Выкарыстоўваюць тэсты таксама праз мачу. Тое, што цяпер ужываюць падлеткі, выводзіцца з арганізма хутка, так што правяраць трэба тэрмінова, па «свежых слядах».

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Аналізуйце гэта!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.