Вы тут

На тэлеканале «Беларусь 1» стартуе вялікая прэм'ера — серыял «Прыгонная»


На тэлеканале «Беларусь 1» з 12 снежня стартуе вялікая прэм'ера — серыял «Прыгонная» (Украіна, 2019) ад рэжысёраў Максіма Літвінава і Фелікса Герчыкава. Папулярнасць яе некаторыя крытыкі параўноўваюць нават з турэцкім «Раскошным векам» і бразільскай «Рабыняй Ізаўрай», але гісторыя гэтая па-свойму непаўторная і мае ўласнае каларытнае гучанне.


Як адзначылі ў дырэкцыі Белтэлерадыёкампаніі, на выбар серыяла «Прыгонная» для паказу паўплывала інфармацыя пра высокія рэйтынгі ў тых краінах, дзе ён ужо прайшоў: «Ёсць спадзяванне, што сюжэт кінакарціны, пераканаўчая ігра акцёраў, а таксама яскравыя касцюмы і месцы дзеяння не пакінуць абыякавымі і беларускую публіку».

Серыял «Прыгонная» — гістарычная касцюмаваная драма, у якой падзеі адбываюцца ў ХІХ стагоддзі ў Нежыне. Паводле сюжэта нас чакае гісторыя дзяўчыны Кацярыны Вярбіцкай, якая хоць і прыгонная багатага памешчыка Чарвінскага, але зусім не падобная на сялянку, бо мае бездакорныя манеры, валодае некалькімі мовамі, умее іграць на фартэпіяна і нават піша карціны. Вядома, усё гэта дзякуючы выхаванню хроснай маці — жонкі Чарвінскага. Гераіня быццам знаходзіцца на мяжы, дзе з аднаго боку шляхта і інтэлігенты, а з другога — прыгонныя сяляне. І што самае важнае, яна закахалася ў шляхціца Андрэя Касача, якому яна не роўня. Менавіта дзеля кахання і магчымасці здабыць волю дзяўчыне давядзецца перажыць смерць блізкіх, не згубіцца ў паніцы народнага паўстання, а таксама не раз абараняць свой гонар.

Усяго ў серыяле было задзейнічана больш за 200 персанажаў (у тым ліку 20 цэнтральных герояў). На ролю галоўнай гераіні праходзілі пробы дзяўчаты з Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, Беларусі і Швецыі, але атрымала яе расійская актрыса Кацярына Кавальчук. Сама выканаўца галоўнай ролі ў адным з інтэрв'ю адзначыла, што яна ў некаторых момантах падобная да сваёй гераіні, нягледзячы нават на два стагоддзі ў часавым вымярэнні, і сучасным дзяўчатам ёсць чаму павучыцца ў яе: «Трэба больш любіць і паважаць сябе. Тады так было пабудавана жыццё, а цяпер усё больш адкрыта, усё лягчэйшае, прасцейшае. З аднаго боку — гэта класна, з іншага — перашкаджае любіць сябе. А калі любоў і павага да сябе адсутнічаюць, то гэта замінае жыць шчасліва і атрымліваць задавальненне ад кожнага дня. Таксама дзяўчаты таго часу не дазвалялі нікому абражаць сябе, бо гэта лічылася ганебным. А цяпер на нас могуць накрычаць, напрыклад, і такое стаўленне ўспрымаецца нармальна».

Здымкі серыяла (а цяпер здымаецца трэці сезон) праходзілі ў разнастайных лакацыях на тэрыторыі Украіны. Каб дакладна перадаць атмасферу, стваральнікі карціны адмовіліся ад штучных дэкарацый. Сярод месцаў, дзе разгортваюцца падзеі ўсёй гісторыі, можна ўбачыць Кіева-Пячэрскую лаўру, Нацыянальны музей народнай архітэктуры і побыту Украіны ў Пірагове, здымалі таксама і ў сядзібе графіні Уваравай, у Шакаладнай хатцы (сядзіба Магілеўцава ў Кіеве), у Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку «Качанаўка» і шэрагу іншых каларытных мясцін.

Першы сезон касцюмаванай драмы стваралі на працягу года, у эфіры ўкраінскага тэлебачання гледачы ўбачылі яго мінулай зімой. На 2020-ы запланаваны здымкі працягу гісторыі. Сусветная прэм'ера тэлесерыяла адбылася сёлета летам у Польшчы. Наогул правы на экранізацыю набылі і ў шэрагу іншых краін. Таксама быў прадстаўлены першы англамоўны трэйлер шматсерыйнай кінакарціны пад назвай «Lоvе іn сhаіns» («Каханне ў аковах»). У пачатку года выйшла нават кніга ў дзвюх частках паводле гэтага серыяла, бо папулярнасць кінакарціны набірае абароты і цікавасць да яе павялічваецца з кожным сезонам.

Першыя серыі на тэлеканале «Беларусь 1» чакайце 12 снежня ў 10.50, 12.10 і вечарам у 18.35, 19.20.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Свабода і каханне цаной выпрабаванняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?