Вы тут

Алег Румо: Мы чакалі свята, і мы яго атрымалі


Парламентарыі шостага і сёмага скліканняў падзяліліся з журналістамі сваімі думкамі і эмоцыямі ад сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.


Алег Румо, член Савета Рэспублікі шостага і сёмага скліканняў:

— Мы чакалі свята, і мы яго атрымалі. Мне вельмі прыемна, што кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку той рабоце, якую праводзілі парламентарыі шостага склікання і, у большай ступені, эмацыянальны зарад на нашу далейшую работу. Цалкам зразумела, што Прэзідэнт перш за ўсё зацікаўлены, каб захавалася пераемнасць. Ён зацікаўлены ў тым, каб наш парламент працягваў паступальнае развіццё, каб у яго ўлівалася свежая кроў, каб людзі, якія прыйшлі, фантанавалі ідэямі. Задача ж адна — каб людзі жылі лепей, каб эканоміка расла, і тады ніякія ворагі нам не страшныя.

Заканатворчасць — справа сапраўды не простая, але важна, што прыйшлі людзі з вопытам, ёсць каму падказаць, ёсць каму адкрыць вочы, каб паглядзелі з іншага боку. Бо той, хто жыве ў сваім свеце, ён аперыруе тымі паняццямі, якія яму блізкія. Для мяне гэта — інтарэсы ўрачоў, пацыентаў, сям'і. Свет значна шырэйшы. Ёсць знешні контур краіны, унутраны контур. І ёсць калегі, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, ёсць педагогі, айцішнікі... Вельмі важна, каб усе разам мы прымалі тыя рашэнні, якія будуць карысныя не толькі ўрачам, але і ўсяму грамадству.

Наталля Гуйвік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў:

— Вельмі прыемна было на апошнім пасяджэнні атрымаць узнагароду з рук кіраўніка дзяржавы. Сем гадоў работы ў найвышэйшым заканадаўчым органе краіны, вядома ж, з'яўляюцца для маёй працоўнай дзейнасці самай значнай вяршыняй. Рэч у тым, што я, юрыст па адукацыі, прайшла шлях да суддзі, а ў парламенце займалася заканатворчасцю. Усе свае веды я накіравала на стварэнне тых законаў, якія неабходныя нашаму грамадству, нашай дзяржаве, і ў першую чаргу — маім выбаршчыкам.

Ганаруся тым, што ўсе мае ініцыятывы, якія выказвала падчас работы ў парламенце, былі падтрыманы з боку як калег, так і іншых органаў улады. Напрыклад, укараненне інстытута медыяцыі. Адпаведны закон быў прыняты ў 2013 годзе, уступіў у сілу ў 2014-м, і я ўсе гэтыя гады прасоўвала інстытут медыяцыі, тлумачыла людзям, як ім можна скарыстацца, якія гэта мае перавагі.

Наша камісія, пачынаючы з 2016 года, працавала над вельмі важнай сацыяльнай праблемай, звязанай з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. — «Зв.»). Мы праманіторылі правапрымяняльную практыку і выйшлі з ініцыятывай карэкціроўкі падыходу да яе выкарыстання. Спатрэбілася шмат часу, каб упэўніць у гэтым іншыя органы ўлады.

Я выступала за ўнясенне новых нормаў у Адміністрацыйны кодэкс. У прыватнасці, аб устанаўленні адказнасці за раскрыццё персанальнай тайны. На заканадаўчым узроўні абараняла пенсіянераў-ваеннаслужачых. Шмат працавалі над праектам закона аб абароне жывёл...

Што датычыцца акругі, кажу паклаўшы руку на сэрца: уся мая перадвыбарная праграма — і першая, і другая — выкананая і перавыкананая. Будаўніцтва мемарыяльнага комплексу «Урочышча «Пяскі» на месцы масавага пахавання савецкіх ваеннапалонных, партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Полацка падыходзіць да завяршэння, 9 мая плануецца яго адкрыццё. За інфармацыйную падтрымку гэтага праекта вялізная падзяка газеце «Звязда». Палова сродкаў на будаўніцтва праекта была ахвяравана людзьмі
і арганізацыямі. Гэта мая самая вялікая перамога, бо займалася гэтым, яшчэ калі была старшынёй Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў.

Я сыходжу з парламента з пачуццём выкананага абавязку і з чыстым сумленнем.

Міхаіл Мілаванаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання:

— Сёння адбылося завяршэнне пэўнага перыяду жыцця. Але не самога жыцця. Я набыў багаты вопыт падчас работы ў Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. Мне нібыта ўсё было зразумела, але гэтая сустрэча з кіраўніком дзяржавы — падмацаванне адказаў на пытанні, якія мяне хвалююць як чалавека, як грамадзяніна. Да гэтага я ўсё жыццё прапрацаваў на тэлебачанні, здымаў пра нашу краіну, спадзяюся, што і далей буду там працаваць.

Мне вельмі прыемна, што Прэзідэнт з намі развітаўся, што адначасова павітаў новых дэпутатаў. Як заўсёды, кіраўнік нашай дзяржавы ідзе ад жыцця, робіць усё па-чалавечы. Усё, што ён кажа, мне зразумела. Гэта прыемна. Пачуццё цудоўнае. Я задаволены.

Валянціна Курсевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага і сёмага скліканняў:

— Сёння кіраўніком дзяржавы былі агучаны пытанні дэмаграфічнай бяспекі, сямейнай палітыкі, над якімі нам і далей належыць працаваць. Сям'я ў нас павінна стаяць у аснове ўсяго, вельмі важна захаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, каб нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Меры, якія ўжо прыняла дзяржава, працуюць: у нас з кожным годам павялічваецца колькасць шматдзетных сем'яў. Але хацелася б, каб гэтая тэндэнцыя стала ўстойлівай, каб мы пераадолелі негатыўныя з'явы ў нашай дэмаграфіі.

Вось-вось паступіць у Палату прадстаўнікоў фундаментальны закон аб ахове здароўя. Мы будзем яго рыхтаваць да першага чытання. Наперадзе шмат цікавай работы.

Людміла Канановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага і сёмага скліканняў:

— Адбылася канструктыўная, дзелавая размова ў сардэчнай, цёплай атмасферы. Прыемна пачуць словы падзякі і важна пачуць словы ў дарогу, пажаданні поспеху ў далейшай рабоце. Самае галоўнае — мы, як сказаў Прэзідэнт, павінны стаць прагрэсіўным цэнтрам заканадаўчай ініцыятывы. У партфелі парламента дастаткова шмат праектаў, над якімі належыць працаваць у сёмым скліканні. Напэўна, галоўны дакумент — Канстытуцыя, таму перад намі вельмі сур'ёзная адказнасць па ўнясенні змяненняў, дапрацоўцы, мадэрнізацыі Асноўнага Закона.

І тое, што ў аснове ўсяго — чалавек, — таксама вельмі важна. Нам аказаны давер, мы павінны яго апраўдаць. Усе законы павінны праламляцца праз патрэбы нашых выбаршчыкаў, іх інтарэсы і запыты.

Жанна Стаціўка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага і сёмага скліканняў:

— Галоўны аспект у прамове Прэзідэнта — чалавек. Усё для чалавека, у імя чалавека і дзеля чалавека. І гэта вельмі сугучна рабоце Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, у якой я збіраюся працягнуць працаваць. Калі казаць пра законапраекты, то частка з іх пераходзіць з мінулага склікання ў новае. Гэта і карэкціроўка ўжо дзеючага заканадаўства, і новыя ідэі, планы.

Сённяшняя сустрэча задала высокую планку для нашай работы. Лічу, што для тых, хто абраны другі раз, гэта яшчэ большая адказнасць. Бо мы ўжо ведаем гэту работу і разумеем, што павінны зрабіць нашмат больш, чым раней. Цяпер памылак увогуле не можа быць. Тады мы навучаліся. Цяпер будзем падказваць новаабраным дэпутатам, дапамагаць адаптаваць іх багаты вопыт да заканатворчай дзейнасці.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.