Вы тут

У Мінску праходзіць ІV Беларуская трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва


Гэтага чакалі тры гады, а творы дэманструюцца толькі 10 дзён.

Праўда, з размахам: у Палацы мастацтва праходзіць ІV Беларуская трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Тац­ця­на Мак­ля­цо­ва-Якаў­ле­ва. «Бе­лы шум» (сет­ка, па­пе­ра). Фота Ларысы ЦІМОШЫК

У мастакоў ёсць не толькі фарбы! Мастацкія творы могуць быць вырабленыя з металу, нітак, тканін, скуры, шкла... Ды і наогул усе магчымыя матэрыялы могуць спалучацца паміж сабой, утвараючы неверагодную кампазіцыю, што здольная не проста аздабляць прастору (у сэнсе дэкарыраваць), а напаўняць яе думкай ці вобразам. Сутнасцю. Пазначаючы прысутнасць чалавека ў свеце. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, што паказвае сучасная Беларусь, здолела здзейсніць неверагоднае. Яно і традыцыю захоўвае, але і, адштурхоўваючыся ад яе, дае волю фантазіі — сягае ў марах ці не да касмічных вышынь, спрабуючы пераадольваць прасторы.

Не, безумоўна, гэта ўсё цікава найперш тут і цяпер. А шмат якія творы наогул просяцца ў хату на сцяну, асабліва ў халады — габелены, напрыклад. Дый ліхтарыкі каляровыя абяцаюць больш святла ў кароткі дзень. Мастацкае шкло зачароўвае простасцю, але ў той жа час напоўненасцю формаў — вось пад такія вазы і кветкі не патрэбныя. Формы могуць згадвацца, быць невідавочнымі, але праз іх аўтары нібыта загадваюць нам шараду. Ці наогул гуляюць у хованкі — варта прайсціся між розных плоскасцяў, якія падзяляюць прастору, каб адчуць яе бясконцыя магчымасці ды не згубіцца...

Дэкаратыўна-прыкладному мастацтву трэба прастора — і яму яе далі. Палац мастацтва захоплены творцамі, якія бачаць у традыцыі глебу для развіцця наватарскіх пошукаў. Для іх эксперымент каштоўны тым, што дапамагае традыцыйным тэхнікам жыць і развівацца. У гэтым арганічным суіснаванні — вялікая мудрасць: тут няма супярэчнасцяў, а ёсць узаемадапаўненне. Адсюль і агульнае ўражанне: мастацтва шмат, і яно грэе, стварае атмасферу, гарманізуе прастору. Вось і старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца не хаваў захаплення ад работ творцаў, што працуюць у гэтым кірунку: «Вы тыя, хто мяне заўсёды радуе, заўсёды і здзіўляе». Старшыня секцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Саюза мастакоў, куратар выставак Ірына Кузняцова пагадзілася: экспазіцыя атрымалася прыгожая.

Натуральна, што тэрмін у тры гады (як праводзіцца трыенале) дазваляе назапасіць твораў і выбраць сапраўды найлепшыя, па-майстэрску створаныя і неардынарныя, сярод якіх ёсць адмысловыя арт-аб'екты, інсталяцыі. У той жа час асобным міні-сусветам у межах вялікай экспазіцыі з'яўляецца выстаўка міні-тэкстылю, у якой бяруць удзел і майстры з Украіны.

— Трыенале мы арганізавалі як свята дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкага тэкстылю. Гэтая вялікая выстаўка — паказчык стану кірунку на сённяшні дзень. Радуе, што майстры ў актыўным пошуку, уключаюцца новыя матэрыялы, можна бачыць новыя мастацкія рашэнні, — адзначае кіраўнік секцыі мастацкага тэкстылю, куратар выстаўкі Вольга Рэднікіна. — І тэкстыль не стаіць на месцы. Добра бачыць, як працуюць маладыя мастакі, таму што натхняцца можна як у сваіх сталых калег, так і ў моладзі. Вельмі даўно ў нас не было асобных праектаў па міні-тэкстылі. Але ў Еўропе гэта даволі папулярны кірунак, біенале тэкстылю праходзяць рэгулярна. Мы спадзяёмся, што таксама выйдзем на двухгадовы цыкл і ўключымся ў міжнародны рух, што аб'ядновае творцаў, якія працуюць у гэтай тэхніцы. Асабіста мяне радуе, што можна пабачыць шырокі спектр мастацкіх рашэнняў. Міні-тэкстыль — удзячная глеба для апрабацыі новых матэрыялаў: дазваляе гэта зрабіць мабільна, а ў такім фармаце можна хутка адчуць нечаканыя рашэнні. Таму патрэбныя рэгулярныя выстаўкі.

Сёння ўжо не трэба даказваць, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — самадастатковы кірунак, такі ж, як і станковы жывапіс, напрыклад, ці графіка. Хоць і былі часы, калі гэта разумелі не ўсе нават у творчым асяродку, а ў тым жа Палацы мастацтва для ДПМ была адведзена асобная зала. Цяпер залы мала, і справа зусім не ў колькасці...

— Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва больш складанае паводле сваёй мовы — яна больш абагульненая, не прамая, — адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштейн. — І ў творцаў гэтага кірунку заўсёды быў больш шырокі погляд, яны існавалі не ў сваіх жывапісных ці скульптурных келлях, а ў вялікай прасторы інтэр'ераў, розных — на стыку — тэхнік і матэрыялаў. Сённяшняя выстаўка — вялікая карціна гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое ў нас знаходзіцца цяпер на самым піку: ні ў якім іншым мастацтве не робіцца столькі эксперыментаў. Гэта візітоўка беларускага мастацтва, тое, што з гонарам можа прадстаўляць сваю краіну.

І краіна павінна пра гэта ведаць, бачыць, разумець.

Гран-пры трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прысуджана Святлане Баранкоўскай, Таццяне Макляцовай-Якаўлевай (праект «Белы шум»).

У намінацыі «Захаванне традыцый» адзначаны:

За работу з керамікай, шклом, металам і ў іншых тэхніках — Тамара Васюк (1-е месца), Таццяна Малышава (2-е месца), Фаіна Хамініч (3-е месца).

За работы, выкананыя ў тэхніках габелену, ткацтва, роспісу па тканіне і іншых тэхніках мастацкага тэкстылю — Ала Непачаловіч (1-е месца), Галіна Крываблоцкая (2-е месца), Наталля Лісоўская (3-е месца).

У намінацыі «Наватарства»:

Найлепшыя работы, выкананыя ў тэхніках керамікі, шкла, металу, дрэва ды іншых стварылі Мікалай Кузьміч (1-е месца), Вольга Сазыкіна (2-е месца), Жанна Марозава (3-е месца).

Адпаведна ў тэхніках габелену, ткацтва, роспіс па тканіне, вышыўцы ды іншых тэхніках мастацкага тэкстылю месцы размеркаваліся такім чынам: Вольга Рэднікіна, Алена Обадава, Настасся Арайс.

У намінацыі «Інсталяцыя» пераможцамі сталі Таццяна Козік, Ірына Кузняцова, Хрысціна Высоцкая.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: На стыку тэхнік і матэрыялаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.