Вы тут

Гарады і вёскі паступова прыбіраюцца да калядных свят


Кожны дзень тэлебачанне ды іншыя СМІ расказваюць нам, якія незвычайныя інсталяцыі, фотазоны, розныя навагоднія цікавінкі паяўляюцца ў сталіцы. Але ж і ў рэгіёнах адчуваецца набліжэнне свята. Асобныя райцэнтры, аграгарадкі, пасёлкі дзякуючы фантазіі і намаганням іх жыхароў ператвараюцца на вачах.


Брэст.

І хоць у ваколіцах Брэста снегу яшчэ наогул у вочы не бачылі — тут працягваюць цвісці хрызантэмы, а на Маларытчыне тыдзень таму зацвіла алыча, — абласны цэнтр павольна, але настойліва пагружаецца ў калядную ілюмінацыю. Магазіны, офісы, кавярні-рэстараны спаборнічаюць адно з адным у прыгажосці афармлення. Многія прывозяць еўрапейскія ідэі разам з іх атрыбутыкай (мяжа Еўрасаюза побач) ды ўпрыгожваюць свае ўстановы. Іншыя робяць упор на ўласную фантазію і ствараюць нешта эксклюзіўнае. Але з кожным днём на вуліцах горада становіцца больш навагодняй урачыстасці.

Запрацавалі калядныя кірмашы. Для іх у абласным цэнтры вызначана пяць асноўных пляцовак. Самая першая адкрылася ў сярэдзіне лістапада каля Цэнтральнага рынка. Навагодняя прадукцыя, тавары ад майстроў-рамеснікаў, цацкі, посуд прадаюцца ў стылізаваных драўляных дамках. Каля чатырох дзясяткаў такіх дамкоў з'явілася на традыцыйна кірмашовай вуліцы Гогаля, вядомай сваімі незвычайнымі ліхтарамі. Упершыню кірмашовай стала плошча Леніна. Тут і на прылеглай вуліцы Пушкінскай з'яўляюцца такія ж дамкі, дзе не толькі паступова разгортваецца святочны гандаль сувенірамі і падарункамі, але і хутка задымяцца гарачыя блінцы, наведвальнікам прапануюць духмяны чай, а таксама гарачы шакалад і глінтвейн. Яшчэ два кірмашы пачынаюць сваю работу ва ўсходнім раёне горада. Напрыклад, каля гандлёвага цэнтра «Экватар» арганізатары падрыхтавалі цікавую культурную праграму, якая пройдзе ў сапраўдным калядным шатры. Тут можна будзе не толькі глядзець, але і ўдзельнічаць у забаўлянках і пастаноўках. Тэматычны кірмаш арганізуюць і каля гандлёвага цэнтра «Алмі».

Тым часам гандляры ўжо дамаўляюцца з лясгасамі пра пастаўку жывых ёлак. Іх абяцаюць прадаваць на 15 пляцоўках, ва ўсіх мікрараёнах абласнога цэнтра. А вось пра галоўную навагоднюю ёлку камунальныя службы пакуль нічога не кажуць. Вядома, што яе афармленне будзе прынцыпова адрознівацца ад мінулагодняга, але чым — трымаецца ў сакрэце. У юбілейны для Брэста год камунальнікі абяцаюць здзівіць гараджан. Чакаць засталося нядоўга.

Не жадаюць адставаць ад абласнога цэнтра і маленькія гарады. Мікашэвічы Лунінецкага раёна, вядомыя сваім прадпрыемствам «Граніт», заўсёды прыгожа прыбіраліся да навагодніх свят.

Па­сё­лак Бе­ла­веж­скі.

— На гэты раз галоўная навагодняя інсталяцыя размесціцца на плошчы насупраць Дома культуры, — расказала намеснік старшыні Мікашэвіцкага гарвыканкама Ларыса АЛЬГОМЕЦ. — Усю работу бярэ на сябе РУВП «Граніт». На прадпрыемстве ёсць майстры віртуознай зваркі. З металічных прутоў яны зварваюць фігуркі аленяў, саней з казачнымі героямі, розных дрэў — і нашых, і экзатычных. Потым усё гэта арыгінальна падсвечваецца, і з'яўляюцца цэлыя казачныя сюжэты. Святочнымі днямі тут гуляюць моладзь, дзеці, ды і дарослыя, любяць рабіць сэлфі. Сёлета майстры рыхтуюць нешта новае, што стане святочным сюрпрызам для ўсіх гараджан.

Папрыгажэў перад святамі і пасёлак Белавежскі Камянецкага раёна. Прыбраліся офісныя будынкі, кавярні і крамы. Асабліва выдзяляецца кантора ААТ «Белавежскага». «А яшчэ ў нас жыхары дружна далучаюцца да святочнай кампаніі, — расказала старшыня Белавежскага сельвыканкама Жанна ХІЛЮЦІЧ. — Многія дамы ператвараюцца ў казачныя церамкі. Мы конкурс праводзім, адзначаем самыя цікавыя і арыгінальныя афармленні домаўладанняў. Ну а ёлку ўпрыгожваем талакой: устанаўлівае навагодняе дрэва ўчастак ЖКГ, а вось упрыгажэнні рыхтуе дзіцячая школа мастацтваў. Іх вырабы хэнд-мэйд, даволі вялікія, аб'ёмныя, заўсёды змястоўныя, часам незвычайныя, будуць радаваць нашых жыхароў усе святы».

У Целяханах Івацэвіцкага раёна эксклюзіўнае само навагодняе дрэва. Гэтым разам майстры ўчастка ЖКГ прывезлі з лесу жывую вялікую елку. Выкарчавалі яе з максімальным захаваннем каранёвай сістэмы і пасадзілі каля Дома культуры. Прыклад падгледзелі ў мясцовай царкве — некалькі гадоў таму святар разам з вернікамі пасадзіў ёлку ў двары храма, а цяпер яе толькі прыбіраюць да Каляд. «Такім чынам і дрэвы захоўваюцца, ды і з пахам жывой яліны ніякая пластыкавая ёлка блізка не параўнаецца», — заўважыла кіраўнік спраў Целяханскага сельвыканкама Алена КАЙЛЬ.

Рыхтуецца да свята Косаўскі замак, які правільна называецца «Палацава-паркавы комплекс». У адной з рэстаўраваных зал не так даўно пачаў работу музей. А перад самым святам наведвальнікаў прымуць гасцініца і рэстаран-бар. Так што сустрэць Новы год у будынку старадаўняга палаца становіцца цалкам рэальна.

Варта нагадаць, што менавіта на Брэстчыне жыве беларускі Дзед Мароз. У сваёй пушчанскай рэзідэнцыі разам са світай казачны Дзед поўным ходам прымае гасцей. Ён жа дазваляе «пропуск» Новага года праз дзяржаўную граніцу. Сёлета беларускія вартавыя граніцы таксама правядуць урачысты рытуал пастаноўкі загаду на «пропуск» 2020 года. Да яго застаецца менш за месяц.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Колер настрою — навагодні

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.