Вы тут

Ці можна верыць білбордам, або Калі насамрэч спачыла прападобная Еўфрасіння Полацкая


У апошнія гады ўсё часцей датай смерці прап. Еўфрасінні Полацкай называецца 1167 год. Гэтая дата трапіла не толькі ў розныя беларускія энцы-клапедыі і даведнікі, а адтуль — у падручнікі і навукова-папулярную літаратуру, але нават і ў артыкул аб Еўфрасінні Полацкай у такім аўтарытэтным выданні, як Праваслаўная энцыклапедыя. У Мінску вісяць нібыта асветніцкага зместу плакаты (білборды), якія сцвярджаюць менавіта 1167 год як дату скону Прападобнай.

Разам з тым царкоўная традыцыя шанавання, адлюстраваная, да прыкладу, у віленскім (1640) і кіеўскім (1643) выданнях «Полуустава», у якасці даты смерці прап. Еўфрасінні Полацкай дае 1173 год.

Складанасць навуковай крытыкі і верыфікацыі абедзвюх гэтых дат заключаецца ў тым, што ў вядомых спісах Жыція Прападобнай год смерці не названы (што цалкам чакана для жыційнага аповеду, створанага паводле мастацкага канону хрысціянскай культуры), а якія-небудзь іншыя дакументальныя сведчанні (тыпу полацкіх летапісаў, пацерыка, грамат адпаведнага зместу і да т. п.) не захаваліся. Аднак дата, якая адсутнічае ў жыційным тэксце, можа быць даволі дакладна рэканструявана ў гісторыка-культурным кантэксце, вельмі дакладна адлюстраваным старажытным полацкім агіябіёграфам1. Для гэтага неабходна вызначыцца з мэтай і абставінамі, а значыць, — і з часам паломніцтва прап. Еўфрасінні ў Іерусалім, для чаго трэба толькі ўважліва прачытаць захаваныя спісы Жыція.

Нагадаю, дата 1167 год як час спачыну прападобнай полацкай ігуменні была прапанаваная некалі А. А. Мельнікавым [3, с. 96—97] у якасці гіпотэзы. Асноўным аргументам даследчыка ў абарону такой здагадкі было ўказанне ў тэксце Жыція (у тых, зразумела, спісах, дзе гэты эпізод наогул прысутнічае), што на шляху ў Іерусалім «срете ю (Еўфрасінню. — Л. Л.) царь (візантыйскі імператар Мануіл Камнін. — Л. Л.), идый на Угры, с великою честию посла ю в Царьград» (218—219)2, а апошні ваенны паход Мануіла на Венгрыю адбыўся ў 1167 годзе.

Аднак ні ў адным з вядомых цяпер спісаў Жыція не пазначана, што Мануіл ішоў «на уграў» менавіта вайной. Прыведзеныя мной ніжэй факты дазваляюць пераканацца ў тым, што сцвярджэнне А. А. Мельнікава памылковае — у Жыціі гаворка ідзе не пра апошні ваенны паход імператара Мануіла «на уграў».

Перш за ўсё гэта даказваецца храналагічна: вядома, што Вялікдзень 1167 года, які прыйшоўся на 9 красавіка, Мануіл, пра што паведамляе і сам А. А. Мельнікаў, спасылаючыся на К. Грота [1, с. 370], правёў у Сілімбрыі (Σηλυμβρία), адтуль рушыў у Філіпопаль  (грэч. Φιλιππούπολη, тур. Filibe, балг. Плоўдзіў), дзе і прымаў венгерскіх паслоў. Такім чынам, калі сустрэча Еўфрасінні і Мануіла адбылася, як меркаваў А. А. Мельнікаў, у 1167 г., то гэта магло здарыцца дзесьці на шляху імператара з Сілімбрыі ў Філіпопаль.

Аднак па сведчанні Жыція (і гэта сведчанне аднастайна ва ўсіх вядомых цяпер рэдакцыях!), Еўфрасіння дасягнула Іерусаліма не пазней чым за 3 дні да таго як злегчы ў смяротнай хваробе, бо Прападобная тры дні запар прыходзіла да Гроба Гасподняга: «И вниде во град, и иде ко Гробу Господню. И пришедши поклонися и целова Гроб Господень и сущии с нею. И покади Гроб Господень златою кадильницею и многоразличными фимияны и изыде. И обита у святое Богородици в Руском манастыри. И во второй день иде второе ко Гробу Господню и такоже створи: поклонися и целова и, покадивши, изыде. В третий же день то же створи и, давши злата много и поставивши кадилницу злату на Гробе и многоразличныя фимияны» (219).

Хвароба, як вядома, доўжылася 24 дні да самага скону прападобнай 23 мая —
так даносіць традыцыя царкоўнага шанавання полацкай ігуменні. Гэта значыць, што ў Іерусаліме полацкія паломнікі павінны былі апынуцца не пазней за
28/29 красавіка.

Але такім чынам застаецца не больш за 20 дзён на тое, каб Мануіл з Сілімбрыі дайшоў да Філіпопаля (ці прайшоў хаця б частку гэтага шляху да месца сустрэчы з абозам полацкіх пілігрымаў), каб Еўфрасіння сустрэлася з Мануілам, каб пасля сустрэчы з візантыйскім імператарам полацкая ігумення наведала Канстанцінопаль, дзе, мяркуючы па яе дзеянням, правяла не адзін дзень: «пришедши и вшедши в великую церковь Святыя София, и поклонися та же и всем святым Божиим церквам, и благословися от патриярха, и покупивши разноличныя фимияны и кадильницу злату» (219), а пасля добралася да Іерусаліма і там, згодна сведчанню Жыція, па меншай меры, тры дні запар прыходзіла да Гроба Гасподняга і толькі пасля гэтага «посещением Божиим впаде в недуг и нача болети» (219). Наўрад ці трэба даказваць, што адолець такі шлях усяго за тры тыдні (ці нават менш) абсалютна немагчыма ў тую эпоху — дастаткова зірнуць на карту.

Разам з тым Жыціе, першапачатковы тэкст якога ствараўся відавочцам падзей (ці, па меншай меры, са слоў відавочцы), адлюстроўвае зусім іншыя гістарычныя абставіны, якія з дзіўнай дакладнасцю ўпісваюцца ў пасхалію менавіта 1173 года.

Адыход Еўфрасінні ў паломніцтва супаў (і, думаецца, невыпадкова) з вельмі значнымі для палітычнай гісторыі Еўропы падзеямі. 4 мая 1172 года памёр кароль Венгрыі Іштван III, старэйшы сын вугорскага караля Гезы II з дынастыі Арпадаў (пам. 1162) і каралевы Фружыны (Еўфрасінні Мсціслаўны), дачкі Мсціслава Уладзіміравіча Вялікага, унучкі Уладзіміра Манамаха, г. зн. стрыечнай, па маці, сястры Еўфрасінні Полацкай.

Каб лепей разумець гэтую сітуацыю, неабходна прыгадаць наступныя падзеі: у 1146 годзе ў 16-гадовым узросце Еўфрасіння Мсціслаўна пабралася шлюбам з вугорскім каралём Гезай II з дынастыі Арпадаў і стала венгерскай каралевай Фружынай. У іх нарадзілася сямёра дзяцей, з якіх двое сыноў сталі пасля каралямі Венгрыі. Геза II памёр у 1162 годзе, і каралём Венгрыі стаў яго старэйшы сын — стрыечны пляменнік полацкай ігуменні — 14-гадовы Іштван.

Наступны па ўзросце сын караля Гезы і Еўфрасінні Мсціслаўны, Бела III, быў усяго на год маладзейшы за Іштвана, але, паколькі не быў першынцам, не меў правоў на Венгерскі прастол.

Праз два гады (1163) 16-гадоваму каралю Іштвану III прыйшлося адправіць брата Белу заложнікам у Канстанцінопаль пры заключэнні міру з Візантыйскім імператарам Мануілам I Камнінам. А ў 1164 годзе Мануіл пачаў вайну за «бацькоўскую спадчыну» Бэлы і адваяваў у Вугорскага каралеўства Харватыю, Далмацыю і спрэчную вобласць Сірмій, якія далучыў да Візантыйскай імперыі. Мануіл, у якога не нарадзілася сыноў, вельмі ласава паставіўся да Белы. А той вырас сапраўдным волатам (быў больш за 2 метры ростам і дужы целаскладам). Бела вывучыў грэчаскую мову, атрымаў добрую адукацыю, прыняў новае, праваслаўнае, імя Аляксей. Мануіл I бачыў у Беле свайго спадкаемцу, пра што абвясціў
афіцыйна ў 1165 годзе. Беле быў прысвоены тытул дэспата — самы высокі  на той час пасля імператарскага; дачка імператара Марыя была аб’яўлена яго нявестай і будучай імператрыцай.

Аднак у 1169 годзе другая жонка імператара Мануіла, нарэшце, нарадзіла яму сына. Бела неадкладна быў пазбаўлены тытула дэспата і статуса спадчынніка, а яго змовіны з Марыяй Камнін скасаваны. Але Бела па-ранейшаму карыстаўся павагай імператара. Яму быў прысвоены больш сціплы ў параўнанні з тытулам дэспата, але таксама важкі тытул кесара, а яго жонкай (у 1170 г.) стала Агнес дэ Шацільён (у Венгрыі — каралева Ганна) — зводная сястра візантыйскай імператрыцы Марыі Антыахійскай. Такім чынам, імператар Мануіл і Бела сталі
сваякамі.

На пачатку 1172 года Іштван III Венгерскі прымаў свайго хроснага бацьку Людовіка VII Французскага, які ажыццяўляў паломніцтва ў Святую зямлю. Іштван бачыў у ім саюзніка ў барацьбе супраць Візантыі. Але нечакана Іштван захварэў і раптоўна памёр (4 сакавіка), не пражыўшы і 25 гадоў. Гісторыкі не выключалі і не выключаюць, што смерць Іштвана III была неяк звязана з нараджэннем спадчынніка ў імператара Мануіла. Пасля нараджэння сына Мануіл стаў бачыць у Беле не свайго пераемніка, але прыдатнага стаўленіка на Венгерскі прастол.

Кароль Іштван памёр, калі яго жонка была цяжарная. Хлопчык, які з’явіўся на свет пасля смерці бацькі, памёр неўзабаве пасля нараджэння. Падазравалі атручэнне маладога караля і забойства немаўляці. Галоўным падазраваным быў, вядома ж, імператар Мануіл Камнін. Таму полацкая ігумення мела ўсе падставы непакоіцца за жыццё сваёй сродніцы — удавы-каралевы Фружыны-Еўфрасінні…

Венгерскі прастол павінен быў заняць наступны па старшынстве сын Фружыны і Гезы — Бела III. Аднак, ведаючы пра моцны ўплыў на Белу візантыйскага імператара Мануіла I, венгерская арыстакратыя, а таксама каралева-ўдава Фружына-Еўфрасіння, малодшы брат Геза і арцыбіскуп Эстаргомскі Лукаш усяляк перашкаджалі гэтаму. Тым не менш, атрымаўшы ад візантыйскага імператара ваенную і грашовую дапамогу, Бела вярнуўся ў Венгрыю, пераадолеў аказанае яму супраціўленне і 13 студзеня 1173 быў абвешчаны венгерскім каралём.

Ці не гэтыя падзеі вымусілі Еўфрасінню Полацкую паспяшаць з адыходам у Іерусалім і пайсці больш цяжкім «зімнім шляхам», а не па вадзе? Магчыма, даведаўшыся пра тое, што імператар Мануіл мае намер наведаць Венгрыю, Прападобная захацела сустрэцца з ім, каб прасіць аб бяспецы сваёй стрыечнай сястры, нібы прадчуваючы наступныя падзеі1. Пасля таго, як гэтае пытанне было ўладжана з імператарам, полацкая ігумення накіравалася ў Канстанцінопаль, каб заручыцца падтрымкай яшчэ і патрыярха. І толькі потым, «благословившись у патриарха» (219), як сведчыць Жыціе, яна адправілася ў Святую Зямлю.

Можна меркаваць, што і Мануіл Камнін, «с великою честию посла ю в Царьград» да патрыярха не проста ў знак павагі да сваячкі імператарскай сям’і. Магчыма, абяцаўшы полацкай ігуменні прасачыць за бяспекай яе сястры (ці нават хроснай дачкі?) Фружыны Вугорскай, імператар прасіў і саму прап. Еўфрасінню аказаць яму паслугу.

Вядома, што з 1170 года кафедра праваслаўнага Іерусалімскага патрыярха пуставала2. На пачатку 1173 года ў Канстанцінопаль наведаўся настаяцель Патмоскага манастыра Лявонцій, які, будучы прадстаўлены Мануілу I як годны кандыдат для вышэйшага служэння, неўзабаве быў прызначаны на пасад Іерусалімскай Царквы
як патрыярх Лявонцій II. У сувязі з гэтым не выключана, што Прападобнай (як блізкай сваячцы многіх еўрапейскіх уладароў) магло быць прапанавана звярнуцца да каталіцкага Іерусалімскага патрыярха Амальрыка Нэсля (1157—1180) з запытаннем аб магчымасці пражывання ў Іерусаліме праваслаўнага патрыярха. Можа быць, менавіта на гэтыя перамовы і «благословися от патриярха» Канстанцінопальскага прап. Еўфрасіння, выпраўляючыся з Царграда ў Святую зямлю.

Такім чынам, у прападобнай полацкай ігуменні пасля прыходу да сцен Іерусаліма была і яшчэ адна (гл. ніжэй) прычына адправіць «слугу своего Михаила тогда сущему патриярху (гэта значыць да лацінскага патрыярха Амальрыка Несля, бо іншага патрыярха тады ў Іерусаліме не было. — Л. Л.), глаголющи: «Владыка святый! створи милость на мне, повели да отворят ми ся врата Христова» (219). Але, трэба думаць, што далейшыя перамовы з лацінянамі поспеху не мелі, паколькі патрыярх Іерусалімскі Лявонцій, які неўзабаве адправіўся на месца свайго служэння, вымушаны быў, як вядома, увайсці ў Іерусалім пад выглядам простага багамольца [2].

Магчыма і іншае меркаванне. Вядома, што Іерусалімам у гэты час кіравалі рыма-каталіцкія каралі; падчас паломніцтва Прападобнай Іерусалімскім каралём быў Амальрых I (ці, у іншай агласоўцы, Аморы I), які быў жанаты на пляменніцы Мануіла Камніна, а акрамя таго меў далёкае сваяцтва з полацкімі Святаславічамі праз Генрыха Французскага, жанатага на стрыечнай прабабцы Еўфрасінні — Ганне Яраслаўне (дачцэ Яраслава Мудрага). Вядома і тое, што на пачатку 1173 г. (калі мне ўдалося дакладна сінхранізаваць розныя храналагічныя стылі) Аморы наведваў свайго сваяка Мануіла Камніна, атрымаў ад яго багатыя падарункі і зброю, пасля чаго вярнуўся ў Іерусалім, каб пасля 23 мая 1173 г. адправіцца ў ваенны паход на Дамаск і потым Банійас. Не выключана, дарэчы, што Мануіл прапанаваў прап. Еўфрасінні далучыцца ў Канстанцінопалі да світы Амальрыха Іерусалімскага для большай бяспекі...

Але вернемся да Пасхаліі. Вялікдзень у 1173 прыходзіўся на 8 красавіка. Вызначэнне гэтай даты тлумачыць адразу некалькі невытлумачальных без яе падзей. Перш за ўсё — нечуваную для святой дзёрзкасць прасіць, каб асабіста для яе былі адкрыты «вароты Хрыстовы» (гаворка ідзе, відавочна, аб Залатых варотах1, якія адкрываліся ў перыяд панавання ў Іерусаліме крыжакоў толькі двойчы на год — у дзень памяці пра дзеі імператара Іраклія2 і ў Нядзелю кветную, або
Ваій, ва ўспамін Уваходу Гасподняга ў Іерусалім).

Гэтая беспрэцэдэнтная дзёрзкасць тлумачыцца ў дадзеным выпадку, мабыць, тым, што Еўфрасіння мела намер быць у Іерусаліме менавіта да Вербніцы
(у 1173 годзе — 1 красавіка), каб разам з натоўпамі пілігрымаў увайсці ўслед за Госпадам у Святы Горад — зямны сімвал-правобраз Нябеснага Іерусаліма. Аднак палачане — магчыма, з-за затрымкі перамоў з візантыйскім імператарам, — трохі спазніліся. Ведаючы, што да наступнай Вербнай нядзелі ёй не дажыць, Еўфрасіння і адважылася папрасіць каталіцкага Іерусалімскага патрыярха адчыніць ёй «Хрыстовы вароты» і, усведамляючы ступень сваёй дзёрзкасці, шчыра прасіла Госпада: «…Не вмени ми сего въ грех, занеже изволих по стопам Твоим ходити и внидох во Святый Град сий!» (219)1.

З Пасхаліі 1173 года тлумачыцца таксама і згадка водаасвячэння на Іардане, куды, захварэўшы, не змагла пайсці Прападобная. Даследчыкаў гэты эпізод Жыція звычайна здзіўляе, паколькі яны звязваюць яго выключна са святам Богаяўлення, у які Еўфрасіння, вядома, ніяк не магла апынуцца ў Іерусаліме. Але гаворка ў Жыціі ідзе зусім не пра Хрышчэнне Гасподне і нават не пра паломніцкія рытуалы абмывання ў вадзе Іардана, а аб Малым асвячэнні вады, якое адбываецца на Іардане ў дзень Прапалавення Пяцідзясятніцы, што прыпадае на сераду
4-га тыдня пасля Вялікадня.

У 1173 годзе  Прапалавенне прыходзілася на 2-е мая, гэта значыць акурат за 21—23 дні да скону Прападобнай, якая праляжала ў хваробе, згодна Жыцію,
24 дні. Таму яна і не змагла «пайсці на Іардан» разам з усімі сваімі спадарожнікамі. І гэта яшчэ адзін доказ таго, што полацкі агіябіёграф вельмі дакладна выклаў факты гістарычнай рэальнасці, і што ў царкоўнай традыцыі правільна захоўваецца дата скону прападобнай полацкай ігуменні — 1173 год.

Нарэшце, неабходна вырашыць і пытанне пра дакладны дзень скону прап. Еўфрасінні. У розных спісах Жыція падаюцца 23, 24 або 25 мая. Гэты разнабой, думаецца, выкліканы дзвюма акалічнасцямі.

Першая: розніца ў суткі (23 або 24; 24 або 25) магла адбыцца з-за розных тыпаў сутачнага злічэння, выкарыстаных аўтарамі тых крыніц, на аснове якіх рэдагавалася Жыціе (бо арыгінальны яго тэкст, як вядома, не захаваўся). У царкоўным ужытку суткі лічацца з вячэрні да вячэрні, на той падставе, што і пры стварэнні свету спачатку быў вечар, а потым раніца (гл. Быц. 1:5); у мірскім жа ўжытку суткі лічыліся звычайна ад світання да світання. Такім чынам, калі Прападобная сканала ўвечары альбо ўначы (пасля вячэрні), то па царкоўным падліку гэта былі ўжо наступныя суткі, а па свецкім — усё яшчэ папярэднія, што і магло быць адлюстравана ў розных крыніцах: скажам, у царкоўнай Службе, пролажнай Памяці, Спаса-Праабраженскім патэрыку і г. д. захавалася «царкоўная» дата, а ў полацкім княжацкім летапісанні — «свецкая». Аддаўшы перавагу адной з названых вышэй крыніц, пазнейшы рэдактар мог выбраць дату па сваім меркаванні, а іншую палічыць памылковай. А магло адбыцца і так, што рэдактар увогуле меў толькі адну з гэтых крыніц.

Другое: варта ўлічваць гісторыю тэкста Жыція, а менавіта тое, што яно, створанае ў канцы XII ст., вядома цяпер толькі ў спісах, не старэйшых за пачатак XVI ст. і да таго ж пацярпеўшых вельмі значнае рэдагаванне. Так што разбежку ва ўказанні дня скону прап. Еўфрасінні можна растлумачыць і ўласна тэксталагічна: да прыкладу, пры перадачы лічбаў 23 і 25 кірылічныя абазначэнні адзінак у іх (адпаведна літара-лічбамі е і г) пры дрэннай фізічнай захаванасці спісу маглі быць пераблытаны перапісчыкам; але ўстанавіць, якое з гэтых чытанняў памылковае, пры цяперашнім стане тэксталагічных даследаванняў Жыція немагчыма.

 

 

Літаратура:

 

1. Грот, К. Из истории Угрии и славянства в XII веке (1141—1173) /К. Грот. — Варшава: Тип. Марии Земкевич, 1889. — 424 с.

2. Леонтий II Иерусалимский — [Электронный ресурс] / Открытая Православная энциклопедия — Режим доступа: http://drevo-info.ru/articles/3388.html#b2 — Дата доступа: 13.02.2018.

3. Мельнікаў, А. А. Еўфрасіння Полацкая // З неапублікаванай спадчыны /
А. А. Мельнікаў. — Минск: Четыре четверти, 2005. — С. 14—315.

 

 

1 Агіябіягрáфія — літар. святажыццяпіс; у традыцыі Рускай Праваслаўнай Царквы — жыціе (ад грэч.: аγιος — святы; βίος — жыццё; γράφω — пішу).

2 Мы карыстаемся спісам Жыція: Расійская дзяржаўная бібліятэка: Валакаламскі збор, Ф.113, № 632 (Рэдакцыя зборнікаў, вар.1), які, як даказаў А. А. Мельнікаў, найбольш блізкі да архетыпу. Цытаты прыводзяцца па выданні: 3, с. 210—221. Тут і далей адсылкі да публікацыі падаюцца ў тэксце ў дужках.

1 Нагадаю: у 1186 г., праз некалькі гадоў пасля смерці імператара Мануіла (пам. 1180) Бела III затачыў сваю маці Фружыну-Еўфрасінню Мсціслаўну ў крэпасці Бранічава, а яшчэ праз тры гады (1190) выслаў у Візантыю. Неўзабаве яна апынулася манахіняй манастыра іанітаў у Іерусаліме, і там жа памерла ў 1193 г.

2 Вядома, што ў выніку Першага крыжовага паходу (1099) у Святой Зямлі быў створаны Лацінскі патрыярхат, чыя рэзідэнцыя з 1099 да 1187 знаходзілася ў Іерусаліме; праваслаўныя патрыярхі ў гэты перыяд працягвалі прызначацца, аднак пражывалі ў Канстанцінопалі.

1 Пасля захопу Іерусаліма туркамі, султан Сулейман I загадаў у 1541 г. наглуха закласці Залатыя вароты, каб перашкодзіць уваходу Месіі, які, паводле юдэйскай традыцыі, менавіта праз гэтую браму падчас Другога прышэсця ўвойдзе ў Іерусалім. Унутры брамы былі ўладкаваны мячэці, а звонку султан загадаў размясціць мусульманскія могілкі, праход праз якія, па яўрэйскай традыцыі, забаронены юдэйскім святарам; тым самым султан спадзяваўся перашкодзіць увайсці ў горад прароку Іллі, які павінен абвясціць прыход Месіі.

2 Верагодна, у Суботу сырапусную, паколькі менавіта пад гэтым днём у грэчаскім Сінаксары апавядаецца, што візантыйскі імператар Іраклій (610—640) пасля шасцігадовай знясільваючай вайны з персідскім царом Хазроем, даў зарок Богу не есці мяса ўвесь тыдзень перад Вялікім постам, а калі яму ўдасца адолець персаў, то ўвесці такую сядміцу ва ўжытак перад Вялікім постам. Перамога была здабыта. Сырапусная сядміца ўвайшла ў Царкоўны статут.

Паводле падання, імператар Іраклій пасля перамогі над персамі хацеў было заехаць у Залатыя вароты Іерусаліма з трыумфам, на баявым кані, але пры яго набліжэнні вароты самі сабой зачыніліся і пачуўся з неба голас: «Ісус увайшоў у гэтыя вароты сціпла, гэтак жа належыць уваходзіць і імператару». Тады Іраклій спешыўся і зняў абутак, пасля чаго вароты адчыніліся і ўпусцілі яго ў горад.

1 Пар.: «И сказал Господь: ворота эти будут затворены, не отворятся, и никакой человек не войдет ими. Ибо Господь, Бог Израилев, вошел ими, и они будут затворены». (Иез. 44:2).

У выпадку, калі полацкія паломнікі прыбылі ў Іерусалім у свіце Іерусалімскага караля, то просьба да каталіцкага патрыярха адкрыць Залатыя вароты, хутчэй за ўсё, сыходзіла ад Аморы I.

“Полымя” №5, 2019

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.