Вы тут

Адбылася прэм'ера дакументальна-ігравога фільма «Спадчына».


Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэм'ера дакументальна-ігравога фільма «Спадчына». 52-хвілінная кінастужка расказвае пра культурныя дасягненні Беларусі за часы яе незалежнага існавання.


Фота Ганны Занкавіч.

Іміджавая карціна наглядна дэманструе, як беларусам удалося аднавіць цэлыя пласты нацыянальнай культуры, дзякуючы якой нашу краіну цяпер ведаюць ва ўсім свеце. Здымала «Спадчыну» кінастудыя «Беларусьфільм» сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Рэжысёрам кінастужкі выступіла тэледакументаліст Людміла Клінцова, а над сцэнарыем працавала гісторык, пісьменніца Ларыса Голубева.

— 25 гадоў для гісторыі — імгненне, а для дзяржавы — складаны перыяд станаўлення і развіцця. Былі спрэчкі адносна таго, пра што расказваць, і я адстойвала меркаванне, што культура, створаная беларускім народам і створаная для нашага народа, — гэта галоўнае, — расказвае аўтар сцэнарыя фільма Ларыса Голубева. — Што адметнага ў нашай культуры за гэты час? Я назвала б два моманты: першы — прызнанне, што беларуская культура шматнацыянальная, і другі — нельга ўявіць беларускую культуру без нашых суайчыннікаў за мяжой. І ў фільме мы імкнуліся паказаць: немагчымае — магчыма.

«Я ўвогуле лічу, што культура — гэта нацыянальная бяспека. Таму што культура фарміруе свядомасць грамадзян. Калі чалавек ведае культуру, то яго радзіма, не толькі малая, а ўвогуле Беларусь, становіцца вельмі важнай і каштоўнай», — агучвае з экрана свае думкі рэжысёр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін.

Фільм пункцірна, але дакладна распавядае пра тое, з якімі цяжкасцямі беларусам давялося сутыкнуцца на пачатку 90-х, калі руйнаваліся эканамічныя сувязі, узнікала мноства сацыяльных праблем, і як у гэтых абставінах прымаліся знакавыя рашэнні аб падтрымцы нацыянальнай культуры. Крок за крокам адсочваецца і дэманструецца гісторыя аднаўлення матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў Беларусі. Асобны акцэнт стваральнікі зрабілі на тэме адраджэння гістарычнага аблічча краіны і будаўніцтва знакавых аб'ектаў, якія сёння лічацца нашай візітнай карткай, — Нацыянальнай бібліятэкі, музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Не абмінулі ўвагай і Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, Мірскі і Нясвіжскі замкі, рэканструкцыю Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага мастацкага музея і шэрагу іншых аб'ектаў. У прыватнасці, упамінаецца аднаўленне некаторых духоўных святынь, сярод якіх крыж Еўфрасінні Полацкай, Слуцкае Евангелле. Адлюстраванне ў кінастужцы знайшлі вытокі і традыцыі — абрады і фальклор, а таксама сучаснае захаванне і папулярызацыя спадчыны нашымі суайчыннікамі, якія ў розныя часы выехалі за мяжу, але і там працягваюць шанаваць беларускую культуру.

— Агляд гісторыі — фармат не з лёгкіх, таму што, шукаючы яркія моманты для сюжэтнай лініі, не заўсёды ўдаецца адлюстраваць усё тое, пра што хочаш расказаць, бо ёсць хронаметраж кінастужкі. У фільме мы быццам паказваем справаздачу за пэўны перыяд жыцця, і я хацела зрабіць гэта прыгожа. Імкнулася стварыць свайго роду візуальныя «паштоўкі», якія гледачы запомняць, — тлумачыць кінарэжысёр Людміла Клінцова. — Гэта першая мая работа на «Беларусьфільме». Таму цікава, як вынік ацэніць глядач: ці ўдалося данесці важнасць імён і здабыткаў нашай культуры, ці ўзнікне ў кагосьці жаданне больш даведацца пра нашу спадчыну? Зразумела, фільм атрымаўся роўны, з некаторымі эмацыянальнымі ўсплёскамі і, як я кажу, момантамі ўдачы. Напрыклад, калі здымалі эпізод пра слуцкія паясы, можна было б абмежавацца проста здымкамі тэхнікі, але мы сустрэліся з людзьмі, якія сёння захоўваюць яе і працягваюць ствараць прыгажосць, і тады захацелася паказаць іх...

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Нам засталася «Спадчына»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.