Вы тут

Сяргей Давідовіч: Тэмы падказваюць жыццё і землякі


Мастацкая галерэя Сяргея Давідовіча ў Лагойску ніколі не пустуе. Сюды прыходзяць пазнаёміцца з яго творамі і дарослыя, і дзеці, і госці райцэнтра. Гэты аб'ект урачыста адкрылі сем гадоў таму, і напачатку тут налічвалася чатыры залы. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 50 карцін жывапісца і шэсць скульптур, якія ён падарыў гораду. А сёлета галерэя прырасла яшчэ адной залай і больш чым 60 палотнамі.


— Кіраўніцтва Мінскай вобласці жыве не хлебам адзіным. Дзякуючы дапамозе абласных улад і з'явіўся гэты мастацкі аб'ект. А цяпер яшчэ новы падарунак — дадатковае памяшканне, што дазволіла папоўніць экспазіцыю, — выказвае задаволенасць ганаровы грамадзянін Лагойска, а таксама Мінскай вобласці Сяргей Давідовіч. — У нас ёсць хлеб і да хлеба. А вось такія духоўныя куточкі ў Беларусі павінны быць. Таму што людзям пасля работы патрэбна аддушына. Наведвальнікі прыходзяць сюды з дзецьмі, сем'ямі, кожны чалавек бачыць у маіх карцінах мноства падтэкстаў. Яны разважаюць пра сваё месца ў жыцці, пра што хацеў сказаць аўтар. І, паверце, пакідаюць галерэю іншымі людзьмі.

— Як нараджаюцца палотны, адкуль бярэцца натхненне? — пацікавілася ў майстра.

— Ніводзін чалавек не можа быць па-за жыццём сваёй краіны, малой радзімы, грамадства. І тэмы мне таксама падказвае само жыццё. Напрыклад, адна з галоўных тэм — чарнобыльская трагедыя, наш вечны боль. З чарнобыльскай выстаўкай я аб'ездзіў ледзьве не паўсвету. Быў у Злучаных Штатах Амерыкі, у многіх краінах Еўропы. Мае карціны збіралі не толькі шматлікіх наведвальнікаў, але і грошы для аздараўлення чарнобыльскіх дзяцей, — канстатуе мой суразмоўнік.

Хвалюе мастака і рэлігійна-філасофская, хрысціянская тэматыка як веруючага чалавека і проста грамадзяніна. У 2006 годзе Сяргей Давідовіч з благаславення Мітрапаліта Філарэта распісаў купал новага храма ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Жукаўка Мінскага раёна, за што быў узнагароджаны медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага. Імя беларускага жывапісца занесена ў 100-томную энцыклапедыю «Мастакі ўсіх часоў і народаў», якая выдадзена ў Мюнхене ў 1997 годзе.

Сяргей Давідовіч нарадзіўся ў вёсцы Карпілаўка Лагойскага раёна. «Гэтая зямля дала мне жыццё, акрыліла, зрабіла творчым чалавекам. І я вяртаю ёй свой доўг за гэта. Таму і неабыякавы я да вясковага жыцця, побыту, традыцый, звычаяў сялян, што і адлюстроўваю ў сваёй творчасці. Мяне натхняюць вясковыя людзі — духоўна багатыя, незласлівыя, гаваркія».

Менавіта ім прысвечана адна з зал. Ёсць тут і жартаўлівыя вясковыя сюжэты. Накшталт «не дайшоў дадому»: каля сабачай будкі спіць добра выпіўшы муж, над ім схілілася абураная жонка. Аднойчы ў галерэю зайшоў наведвальнік, доўга стаяў перад карцінай, а потым падышоў да аўтара і сказаў, маўляў, паглядзеў на сябе збоку, больш не буду піць, каб не страціць чалавечае аблічча, як герой гэтага сюжэта. Так што карціны Давідовіча не толькі паказваюць заганы грамадства, але і выхоўваюць людзей, дапамагаюць стаць на шлях выпраўлення. Шмат палотнаў мастак прысвяціў спорту, бо Беларусь — спартыўная краіна. Рэпрадукцыі яго карцін дэманстраваліся на трох Алімпіядах.

Сяргей Давідовіч не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, пачаў пісаць творы ў пяцьдзясят гадоў. І за адносна кароткі перыяд дабіўся славы і прызнання. Яго персанальныя выстаўкі ладзяцца не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Латвіі, Літве, Германіі, ЗША. Карціны нашага земляка знаходзяцца ў многіх музеях свету, у прыватных калекцыях. Адна з яго работ належала экс-прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу.

Сяргей Давідовіч валодае талентамі скульптара, літаратара. Ён выдаў 11 тамоў твораў, куды ўвайшлі шматлікія паэмы, апавяданні, казкі, вершы. На падыходзе — 12-ы.

А мастацкую галерэю ў Лагойску наведала шмат славутых людзей, якія пакінулі свае запісы ў кнізе гасцей, у тым ліку і нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.