Вы тут

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?


Амаль кожны дзень вытворцы прапануюць нам новыя тавары — суперэфектыўныя пральныя парашкі, неверагодных колераў дэкаратыўную касметыку, модныя дзіцячыя цацкі і іншае. Але наколькі ўсе яны бяспечныя для чалавека і навакольнага асяроддзя?

У сённяшнім быце немагчыма абысціся без хімічных прадуктаў — тавараў, вырабленых з хімічных рэчываў і прэпаратаў. Дзякуючы такой вытворчасці на прылаўках з'яўляюцца бытавая хімія, будаўнічыя матэрыялы, розныя віды касметыкі і нават дзіцячыя цацкі. Пры гэтым многія з такіх тавараў могуць утрымліваць рэчывы, небяспечныя для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя. Давайце разбірацца разам.


Па словах старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі Навукова-практычнага цэнтра гігіены Святланы ПЯТРОВАЙ, толькі пасля таго, як спецыялісты ўпэўняцца, што адносна тавараў выконваюцца ўсе неабходныя патрабаванні бяспекі, прадугледжаныя ў Адзіных санітарна-эпідэміялагічных і гігіенічных патрабаваннях да прадукцыі (тавараў), якая падлягае санітарна-эпідэміялагічнаму нагляду (кантролю), такія тавары выпускаюцца на рынак.

— У 2021 годзе павінен увайсці ў сілу адпаведны тэхнічны рэгламент Еўразійскага эканамічнага саюза, які будзе рэгуляваць распаўсюджванне ўсёй хімічнай прадукцыі на тэрыторыі пяці краін — удзельніц ЕАЭС — яе вытворчасць, наменклатуру, імпарт, экспарт і іншае, — кажа Святлана Пятрова. — Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да ўводу ў дзеянне гэтага дакумента, праводзіцца інвентарызацыя ўсёй хімічнай прадукцыі, якая знаходзіцца ва ўжытку на тэрыторыі Беларусі.

Прадухіліць небяспеку

Каб вызначыць, чым небяспечнае асобнае хімічнае рэчыва для здароўя чалавека і наваколля, яно класіфікуецца і ацэньваецца ў адпаведнасці са ступенню рызыкі, якую ўяўляе. На аснове гэтай інфармацыі спецыялісты вырашаюць, абмежаваць у выкарыстанні, забараніць ці патрабаваць знайсці замену пэўным хімікатам.

Цацкі з перапрацаванага пластыку цяжка адрозніць неспецыялісту. Звычайна яны вельмі танныя, цёмнага колеру, шурпатыя навобмацак. Матэрыял мае глухі гук, такі ж, як корпус камп'ютара ці тэлевізара.

Вельмі важна, каб пра небяспеку, якую нясуць тыя ці іншыя хімікаты ў таварах, ведалі самі спажыўцы. У гэтым дапаможа маркіроўка.

— Калі чалавек бачыць надпіс, што, напрыклад, пральны парашок можа выклікаць раздражненне вачэй, то ён, зразумела, не павінен адмаўляцца выкарыстоўваць такі парашок, але пры яго прымяненні трэба пазбягаць кантакту гэтага рэчыва з вачамі, — тлумачыць Святлана Пятрова.

Што датычыцца бытавой хіміі (сродкаў па доглядзе адзення, памяшканняў, аўтамабіляў), то пры яе выкарыстанні трэба дакладна выконваць інструкцыю, не браць лішняга, захоўваць толькі да заканчэння тэрміну прыдатнасці, нічога не змешваць і, галоўнае, трымаць далёка ад дзяцей.

Есць і натуральная альтэрнатыва для бытавой хіміі. Для чысткі посуду, выдалення плям, дэзінфікавання выдатна падыдуць харчовая сода, сок лімона, воцат, кукурузны крухмал (майцэна).

Шкодныя рэчывы могуць утрымлівацца нават у любімых цацках вашых дзяцей.Фота Ванесы Майлс.

Сцеражыцеся фенолаў!

Зменшыць небяспеку ад шкодных рэчываў можна не толькі праз правільнае выкарыстанне тавараў, але і праз выбар «чыстай» прадукцыі. Якіх жа рэчываў трэба пазбягаць у інгрэдыентах тавараў?

  • Гіпахларыд натрыю, хлор — прычына захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, спрыяе ўзнікненню атэрасклерозу, анеміі, гіпертаніі, алергічных рэакцый, адмоўна ўздзейнічае на скуру і валасы, павышае рызыку захворвання на рак.
  • Фасфаты трапляюць у вадаёмы, спрыяюць узмоцненаму ўтварэнню сіне-зялёных водарасцяў, якія прыводзяць да атручванняў. Забруджванне гэтымі рэчывамі пітной вады прыводзіць да невыношвання цяжарнасці, родавых траўмаў, пухлін страўнікава-кішачнага тракту, павышэння колькасці захворванняў і зніжэння працягласці жыцця.
  • Аніённыя паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР) выкарыстоўваюць у якасці «ачышчальнікаў» у шампунях і іншых мыйных сродках (у складзе яны значацца як sodіum laurylsulfate (SLS), sodіum laureth sulfate (SLES). Яны выклікаюць парушэнні імунітэту, алергію, паражэнні мозгу, печані, нырак, лёгкіх.
  • Фенолы і крэзолы вельмі едкія, выклікаюць дыярэю, галавакружэнне, парушэнне функцый нырак і печані.
  • Кароткачасовае ўздзеянне нафтавых дыстылятаў можа прывесці да расстройства зроку, доўгачасовае — да парушэнняў функцыянавання нервовай сістэмы, нырак і скурных хвароб.
  • Нашатырны спірт у сродках для ачысткі шкляных паверхняў прыводзіць да раздражнення вачэй, дыхальных шляхоў, выклікае галаўныя болі.
  • Фармальдэгід — прычына моцнага раздражнення вачэй, горла, скуры, дыхальных шляхоў і лёгкіх.
  • Нітрабензол выклікае абясколерванне скуры, задышку, ірвоту, у асабліва цяжкіх выпадках — смерць.
  • Шкодныя для дзяцей такія нафтапрадукты, як мінеральныя маслы (mіneral oіl, lіquіd paraffіn, petrolatum lіquіd і іншыя).
  • Парабены — кансерванты, якія выкарыстоўваюцца ў касметыцы. Іх наяўнасць можа стаць прычынай няправільнага развіцця плода і парушэнняў рэпрадукцыйнай функцыі.
  • Бісфенол-А ўтрымліваецца ў таварах з пластыку, выклікае парушэнні ў эндакрыннай сістэме.

Небяспечнымі могуць стаць і тавары з перапрацаванага пластыку: кантэйнеры, канцылярскія тавары, мэбля, элементы гарадскіх збудаванняў, адзенне і абутак, пакрыццё для дарог, смеццевыя пакеты, вырабы для саду і іншае. Праблема ў тым, што новыя прадукты, створаныя з удзелам другаснай сыравіны, утрымліваюць тыя ж дабаўкі, што і зыходныя тавары (напрыклад, камп'ютары, тэлевізары і іншае электроннае і электрычнае абсталяванне), у тым ліку небяспечныя рэчывы. Трапляючы ў арганізм чалавека з перапрацаванага пластыку, стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗы) здольныя паражаць рэпрадукцыйную сістэму, перашкаджаць дзеянню гармонаў, негатыўна ўплываць на разумовае развіццё, увагу, памяць у дзяцей і іншае.

Лялька з сюрпрызам

Кожная цацка, што рэалізуецца ў нашай краіне, павінна мець сертыфікат адпаведнасці Еўразійскага эканамічнага саюза (Мытнага саюза), наяўнасць якога гарантуе адпаведнасць цацкі патрабаванням бяспекі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак». Сертыфікат можа атрымаць як мясцовы, так і замежны вытворца.

— Каб атрымаць такі сертыфікат, тавар правяраецца ў акрэдытаваных лабараторыях, — расказвае загадчык лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталля ГРЭКАВА. — Так, цацка павінна мець пэўныя арганалептычныя паказчыкі: пах у межах дапушчальных велічынь (а для маленькіх дзяцей і прысмак), не павінна выдзяляць шкодныя хімічныя рэчывы. Некаторыя цацкі даследуюцца на выдзяленне ў паветранае і воднае асяроддзе, усе на канцэнтрацыю цяжкіх металаў.

Хімікаты ўздзейнічаюць на чалавека праз розныя каналы: насаглотку, лёгкія, скуру і раны. Яны могуць выклікаць вострую ці хранічную інтаксікацыю, здольныя біяакумулявацца — збірацца ў жывых арганізмах. Некаторыя асобна ўзятыя хімікаты, якія не аказваюць адмоўнага эфекту на людзей, іншыя жывыя арганізмы і наваколле, пры іх адначасовым уздзеянні могуць «складвацца» і павялічваць сваё дзеянне.

Праходзяць выпрабаванні такія тавары і па цэлым шэрагу фізічных фактараў: узровень напружанасці электрастатычнага і электрамагнітнага поля, узровень гуку, лакальнай вібрацыі і іншыя.

Спецыялісты таксама вывучаюць, ці можа аказваць цацка таксічнае ўздзеянне, напрыклад, выклікаць раздражненне скуры, слізіcтай абалонкі вока, наколькі яна бяспечная па мікрабіялагічных паказчыках. Для тавараў на мінеральнай аснове — набораў для творчасці, дзе ёсць пясок, гіпс, мел, — ацэньваюцца і радыялагічныя паказчыкі.

Акрамя таго цацкі праходзяць выпрабаванні на трываласць, вастрыню даступных кантаў, устойлівасць (цацкі, прадугледжаныя для язды), герметычнасць (надзіманыя цацкі), узгаральнасць (мякканабіўныя і карнавальныя цацкі) і многае іншае.

Прайшоўшы ўсе праверкі, цацка атрымлівае пратаколы выпрабаванняў, затым выдаецца сертыфікат адпаведнасці.

Касметыка для лялек можа выглядаць прывабнай і для чалавека, але нельга дапускаць яе выкарыстання дзецьмі.

Купляць у інтэрнэце — шкодзіць здароўю?

Але не ўсе цацкі, якія сёння прадаюцца ў нашай краіне, маюць такія дакументы.

— Ніхто не дасць гарантыю, што цацка, купленая праз замежныя інтэрнэт-крамы AlіExpress, ці ў падземным пераходзе, будзе бяспечная, — кажа Наталля Грэкава. — Таму калі бацькі вырашаюць купіць тую ці іншую цацку для свайго дзіцяці, не маючы адпаведных доказаў яе бяспекі, яны вельмі рызыкуюць.

Як выбраць бяспечную цацку?

  • Купляць тавары ў месцах арганізаванага гандлю.
  • Звяртаць увагу на ўпакоўку, наяўнасць на этыкетцы ўсёй патрэбнай інфармацыі (назва цацкі, яе вытворцы, пастаўшчыка, састаў сыравіны, узроставая адрасаванасць, указанні і папярэджванні).
  • Улічваць, для якога ўзросту прызначана цацка — для ранняга ці старэйшага. Па словах Наталлі Грэкавай, шмат трагічных выпадкаў звязана з тым, што дзеці гуляліся з цацкай, якая не адпавядала іх узросту.
  • Пры ўзнікненні сумненняў наконт якасці і бяспечнасці цацкі можна запытаць у прадаўца сертыфікат якасці, дзе пазначана ўся важная інфармацыя пра тавар. Калі прадавец не паказвае такі дакумент, гэта павінна насцярожыць.

У якасці цацак часам прадаюцца тавары, якія на самай справе цацкамі не з'яўляюцца, напрыклад, сувенірная прадукцыя. Такія тавары не праходзяць неабходных выпрабаванняў. Не пашыраецца дзеянне тэхнічнага рэгламенту і на «цацкі» для дзяцей з 14 гадоў — напрыклад, дроны, верталёты з радыёкіраваннем ды іншае.

Тэхрэгламент Мытнага саюза 005/2011 «Аб бяспецы ўпакоўкі» забараняе выкарыстоўваць упакоўку з другаснага пластыку для вытворчасці прадукцыі для дзяцей, напрыклад у дзіцячым харчаванні.

Існуюць праблемы і з правільным выкарыстаннем набораў касметыкі для лялек. Яны не адносяцца да касметычных сродкаў, таму такія цені ці памаду дзіця можа наносіць толькі ляльцы на вочы, а не карыстацца імі самому. Пры гэтым касметыка для дзяцей, як і іншыя касметычныя сродкі, павінна адпавядаць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы парфумерна-касметычнай прадукцыі».

Ад раздражнення да праблем з дыханнем

Шкодныя хімічныя рэчывы, што ўваходзяць у састаў цацкі (напрыклад, фармальдэгід ці фенол), могуць выклікаць алергічную рэакцыю, а пры працяглым уздзеянні — стомленасць, скурныя раздражненні, праблемы з дыханнем. Чым больш такіх цацак у акружэнні дзіцяці, тым мацнейшы ўплыў аказваюць хімічныя рэчывы.

— Модныя сёння слаймы, пасты для лепкі, якія звычайна маюць доўгі кантакт са скурай, могуць выклікаць алергічныя праявы, калі ўтрыманне якога-небудзь рэчыва з яго саставу перавышае нарматыў, — кажа Наталля Грэкава. — Таму калі вы ў пераходзе купілі такую цацку, зробленую з матэрыялаў незразумелага паходжання, без указання саставу, — яе бяспеку гарантаваць немагчыма.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Хімія ў хату

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.