Вы тут

Рэха сяброўства Уладзімір Караткевіч — Міхаіл Рылко


Калісьці жыў на вуліцы Жыровіцкай у Слоніме ў прыватным доме былы журналіст «Знамя юности», «Голасу Радзімы», «Гродзенскай праўды», калекцыянер і цікавы чалавек Міхаіл Рылко (1934—2012). Аб’ездзіў некалі ўсю Гродзеншчыну, напісаў некалькі кніг, сярод якіх — «Чайкоўскія», «Красный поезд», «Слонім» (у суаўтарстве), «Рэнесанс беларускага мястэчка».


На сустрэчы ў Валеўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна (справа налева Міхась Петрыкевіч, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч). 1960-я гады. Фота друкуецца ўпершыню.

У 1997 годзе са сваіх калекцый слонімец стварыў этнаграфічны музей-майстэрню «Беларускае мястэчка», на аснове якога дзейнічала культурна-асветнае таварыства «Вечавыя званы». Я часта бываў у яго хаце-музеі, шмат гутарыў з Міхаілам Іванавічам. Гэта быў вельмі апантаны жыццём чалавек, энцыклапедыст. Але найбольш уражвала вялікая калекцыя старых рэчаў: ад кніг і паштовак да розных гаспадарчых прылад, прасаў, посуду, гадзіннікаў, карцін, сярпоў і клямак. Яны былі ўсюды: у пакоях хаты, у хлеўчуку, на гарышчы. Цяпер у хаце гэтай жывуць іншыя людзі. Памерла і яго жонка Ірына Рылко. А дачка ўсё нажытае прадала і жыве ў Польшчы.

А тады сярод наведвальнікаў было шмат пісьменнікаў. Часта гасцілі Віктар Шымук, Юрась Свірка, Алесь Ставер, Раман Тармола, Сцяпан Кухараў, Гаўрыіл Шутэнка ды іншыя. «Ужо колькі год, як мы з табой, Міхась, знаёмы, і я не ведаў, які ты ў сваёй чысціні і справядлівасці чалавек і літаратар, і патрыёт-беларус, які ўмее шанаваць дружбу і прыняць госця ў сваёй хаце. Такіх людзей, улюбёных у сваю справу, якія не шкадуюць сіл і таленту для шчасця і працвітання роднага краю, Бацькаўшчыны трэба ўсяляк падтрымліваць...» Такі запіс пакінуў яму паэт Сцяпан Кухараў на адной са сваіх кніг.

А з Уладзімірам Караткевічам Міхаіл Рылко пазнаёміўся на адным са школьных вечароў у Слоніме на пачатку 1970-х. Школьнікі чыталі вершы. Але Караткевіч не вельмі ўважліва іх слухаў. І раптам ён усхапіўся, схіліўся ў той бок, дзе хлопчык пачаў чытаць свой верш пра снежныя гонкі на лыжах. Лыжы ў яго аказаліся тупаносымі. І Уладзімір Караткевіч спытаў у школьніка, хто «змайстраваў» яму той нос, а потым перапытаў, ці сам ён гэта зрабіў, ці настаўніца? Паэту спадабаўся вобраз, а Міхаіл Рылко, які сядзеў недалёка, той вобраз не зразумеў. І спытаў у Караткевіча, ці не занадта «падручны» ва ўжыванні той вобраз. «А можа, я пытаюся пра нейкае глупства?»  — дадаў Міхаіл Рылко. Караткевіч шчыра рассмяяўся і сказаў, што ніякага тут няма глупства. «І каб упэўніцца ў тым, варта да “тупаносых” дабавіць яшчэ “востраносых”, а можа нават і “бязносых”, каб ажывіць верш», — дадаў Уладзімір Сямёнавіч.

З Уладзімірам Караткевічам Міхаіл Рылко сустракаўся ў Слоніме яшчэ некалькі разоў.

А жонка Міхаіла Ірына Рылко неяк пад восень паехала ў Ялту на адпачынак. І... сустрэлася нечакана з Караткевічам, які адразу яе пазнаў. Ірына Рылко не магла сагрэцца пад не вельмі ласкавымі промнямі восеньскага сонца. Каб хоць неяк развесяліць жанчыну, Уладзімір Караткевіч напісаў экспромцік: «Я ляжу на пляжу і ад холаду дрыжу». Пляжніцы нічога не заставалася, як толькі весела рассмяяцца.

Яны доўга размаўлялі, жартавалі, што аж пачулі рыбакі, якія пачаставалі іх юшкаю. Мясцовыя аматары рыбы, як аказалася, даўно ведалі Уладзіміра Сямёнавіча. Запрасілі Ірыну з Уладзімірам пакатацца на баркасе, выйсці ў адкрытае мора. І тыя пагадзіліся…

У Міхаіла і Ірыны Рылко шмат гадоў захоўвалася кніга Уладзіміра Караткевіча «Мая Іліяда» з аўтографам: «Мілым Ірыне і Мішы — з боскага цудоўнага Слоніма. — Уладзімір, 24.04.71.». Дзе яна цяпер — невядома.

Сяргей ЧЫГРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».