Вы тут

Нацыянальнаму мастацкаму — 80, альбо Невядомыя факты пра галоўную культурную скарбніцу краіны


Наша стагоддзе здольнае здзіўляць неверагодным тэхнічным прагрэсам, уражваць магчымасцямі і дасягненнямі грамадства ў розных сферах. Але жыццё хутка змяняецца, мы нават не заўсёды можам злавіць момант, калі надвор’е стала іншае. Напэўна, адзінае, што дае адчуць супакаенне ці, наадварот, узрушэнне, — мастацтва, якое ў кожны перыяд развівалася па-рознаму, але, тым не менш, засталося вечным.


Фота Кастуся Дробава

Сёлета Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі споўнілася 80 гадоў. Да гэтага часу ён стаў адным з найбагацейшых музеяў Усходняй Еўропы, набыў значны статус. Яго збор налічвае больш за 30 тысяч экспанатаў, якія фарміруюць 20 разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: нацыянальнага мастацтва і помнікаў мастацтва краін і народаў свету. Экспануючы і рэстаўрыруючы мастацкія творы, наша культурная скарбніца папулярызуе мастацкую спадчыну краіны.

Складана назваць установу культуры, якая б для ўзбагачэння нацыі і папулярызацыі на міжнародным узроўні гістарычных і сучасных каштоўнасцей беларусаў рабіла больш. У віншаванні, накіраваным калектыву Нацыянальнага мастацкага музея, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў галоўны дом беларускага мастацтва скарбніцай духоўнай культуры краіны. І сёння Нацыянальны мастацкі, бясспрэчна, — эталон для многіх музеяў не толькі Беларусі, але і свету.

З фондавых экспанатаў у музеі можна ўбачыць толькі тры працэнты твораў. Таму праз некалькі гадоў у Мінску з’явіцца Музейны квартал, які будзе уяўляць сабой цэлы комплекс Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і аб’яднае чатыры будынкі: Кірава, 25; Леніна, 20; Леніна, 22; Карла Маркса, 24. Апошні далучылі да квартала ў 2014-м.

Работы па стварэнні квартала вядуцца з 2010 года. Справа рэалізоўвалася павольна  — па меры паступлення фінансавання. Але падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» кіраўнік дзяржавы даручыў паскорыць будаўніцтва. Па словах генеральнага дырэктара мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, першую чаргу будаўніцтва спадзяюцца завяршыць ужо ў 2020 годзе.

Зараз музей  — гэта вялікая платформа, дзе можна рэалізоўваць разнастайныя праекты. Але ж не трэба забываць, што ў гэтага будынка вялікая і багатая гісторыя, якая не сціраецца часам, а, наадварот, дзякуючы дзейнасці супрацоўнікаў захоўваецца і застаецца вечнай. Навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, якая нямала гадоў прысвяціла працы ў музеі, расказала карэспандэнту «ЛіМа» 5 невядомых гісторый, звязаных з галоўнай культурнай скарбніцай краіны. Яны наглядна дэманструюць, што ў жыцці не бывае нічога выпадковага.

Пачатак

— Гэтая гісторыя звязана з першым дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Мікалаем Пракопавічам Міхалапам (узначальваў музей з 1939 па 1941 год). Памятаю, калі толькі прыйшла ў музей працаваць, праводзячы экскурсію, мы пачыналі заўсёды з 1944 года, калі дырэктарам стала Алена Аладава. Мікалая Пракопавіча не згадвалі. Потым ад старэйшых супрацоўнікаў я даведалася: музей быў створаны ў 1939 годзе. Гісторыя будынка тады не была апісана зусім. Фактычна мы яе прапісалі ў апошнія гады, пачынаючы з 2000-х.

У свой час паміж Мікалаем Міхалапам і Аленай Аладавай узнік канфлікт. Гэтыя два кіраўнікі адзін аднаго не зразумелі. Маладая Алена Васільеўна працавала ў Карціннай галерэі Мінска. Калі пачалася вайна, музейшчыкі чакалі загад аб эвакуацыі. Загад не паступаў, тады самі пачалі пакаваць рэчы. Чакалі, калі прыедуць грузавікі, каб вывозіць экспанаты. Але ўсе грузавікі былі накіраваны на партыйныя архівы. Панавала паніка, людзі беглі. Вядома, не да музея. Тады Аладава і Міхалап пагрузілі самае каштоўнае ў скрыні і схавалі іх разам са слуцкімі паясамі (якіх было 48) у сцірты для дроў.

Калі Мінск пачалі бамбіць, зразумелі: справа зацягваецца. Горад гарэў. Стала відавочна, што з Мінска трэба бегчы: было небяспечна. Думалі, што рабіць з музеем і як быць. Параіўшыся, вырашылі закрыць яго на ключ. Накіраваліся ў Калодзішчы. Селі там на платформу, якую пачалі бамбіць. Аладава саскочыла і схавалася ў лесе. Дайшла да Магілёва. Адтуль была эвакуіравана ў Саратаў з сям’ёй. Міхалап застаўся на платформе. Але Алена Васільеўна падумала, што сям’я Міхалапа саскочыла з цягніка, ён застаўся ў Мінску і выдаў немцам схаваныя скрыні.

Калі Алена Васільеўна вярнулася ў Мінск у 1944 годзе, нічога ў схованцы не было. Людзі расцягнулі дровы. Яна вырашыла, што ва ўсім вінаваты Мікалай Пракопавіч, бо не змог як дырэктар наладзіць эвакуацыю. Таму ні аднаго твора Мікалая Міхалапа ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея пасля не было.

Ён быў графікам і мастаком-керамістам. У музей не прыходзіў. Пасля 1944 года стаў працаваць у Архітэктурна-праектным інстытуце, займаўся будаўніцтвам Мінскага фаянсавага завода. Такім чынам, Алена Аладава і Мікалай Міхалап не перасякаліся.

У пэўны перыяд калектыў музея быў збянтэжаны, мы хацелі знайсці работы Міхалапа, каб змясціць у музеі. Знайшлі нашчадкаў, у іх былі простыя керамічныя работы. Яго творы засталіся толькі на Мінскім фаянсавым заводзе, які ўжо стаў банкрутам, і ў суседнім Нацыянальным гістарычным музеі, якому аўтар прадаваў і дарыў свае работы. Уладзімір Іванавіч Пракапцоў пайшоў да дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея і папрасіў паказаць творы Міхалапа. У іх была ваза «Бульба». У гістарычным яна заўсёды захоўвалася ў запасніках.

Уладзімір Іванавіч сказаў дырэктару: «Навошта вам гэтая ваза, якую вы ніколі не выстаўляеце? Дайце нам, мы яе ў экспазіцыю паставім». Спачатку музей супраціўляўся. Але па загадзе Міністэрства культуры вазу ўсё ж перадалі Нацыянальнаму мастацкаму музею, дзе яна цяпер і выстаўлена.

Гісторыю гэтую мала хто ведае, але важна, што сёння творы першага дырэктара ёсць у музеі. Гэта гістарычная справядлівасць праз гады. Раней у музеі былі толькі бюсты Алены Аладавай і Юрыя Карачуна, а Уладзімір Пракапцоў замовіў яшчэ і бюст Мікалая Міхалапа скульптару Святлане Гарбуновай, якая зрабіла яго па фатаграфіях. Цяпер у нас тры партрэты дырэктара. Мы гэтым ганарымся. Дарэчы, у Нацыянальным мастацкім за 80 гадоў змянілася толькі чатыры дырэктары.

Упэўненасць

Генрых Семірадскі «Давер Аляксандра Македонскага лекару Філіпу», 1870.

— Менавіта Алена Аладава з яе бязмежнай энергіяй умела рабіць музей сапраўдным цэнтрам культуры. У 50-я гады рынак карцін быў вельмі хісткі, Алена Васільеўна змагла зрабіць так, што ў нашай краіны з’явіўся цудоўны музей. Яна ўмела набываць карціны, была цэнтрам мастацкіх варункаў.

Таму другая мая гісторыя звязана з Аленай Васільеўнай і трыма партрэтамі: Марыяны Весялоўскі, Кшыштафа Весялоўскага і іх прыёмнай дачкі Грызельды Сапегі. Грызельда памерла, калі ёй было 19 гадоў. Яе прыёмныя бацькі гаравалі: выгадавалі дзяўчынку, і яна так рана пайшла з жыцця. Вырашылі ў гонар яе пабудаваць касцёл у Гродне. Замовілі фундатарскія партрэты ўсёй сям’і.

Пасля вайны, калі Алена Аладава збірала калекцыю, стала шукаць гэтыя партрэты. Прачытала інвентары, паехалі ў Брыгіцкі касцёл у Гродна. Паглядзелі ўсё, знайшлі разьбы, скульптуры, фрэскі, але партрэтаў не было.

Алена Васільеўна не магла супакоіцца. Вырашыла паехаць другі раз. Аблазіла гарышча, нічога не знайшла. У касцёле быў склеп, які з часам завалілі смеццем. Яго ўжо спрабавалі пачысціць, але аднаго з супрацоўнікаў касцёла ўкусіў шалёны пацук. З тых часоў туды ніхто не спускаўся.

Аладава, даведаўшыся, што ёсць склеп, папрасіла, каб яе туды адвялі. Узяла рыдлёўку (паехала ў Гродна з галоўным захавальнікам Пятром Герасімовічам, у якога пасля фронту была адна рука) і пачала разграбаць смецце. Праз некаторы час натрапіла на ўваходныя дзверы ў склеп. Узрадавалася: зразумела, што ніхто туды не заходзіў.

Дзверы знайшлі, але праход быў вельмі малы. Яна туды ў літаральным сэнсе пралазіла. Хоць сама Алена Васільеўна была маладой маці, паслаць туды галоўнага захавальніка з адной рукой не магла, таму ўсё зрабіла сама. Там і знайшла партрэты, якія знаходзіліся ў страшным стане. Гэта была сапраўдная перамога, якая стала гісторыяй не на адно стагоддзе. Усе работы Аладава прывезла ў Мінск і адправіла на рэстаўрацыю. Імі займаліся каля 15 гадоў. У выніку наш музей мае ў сваёй калекцыі тры выдатныя партрэты. Гэта не проста гісторыі Аладавай або Нацыянальнага мастацкага. Такія факты паказваюць, наколькі прафесія музейшчыка можа быць цяжкай і небяспечнай.

Будынак

— Наш будынак, безумоўна, унікальны. Ён быў спецыяльна спраектаваны для музея. Даручылі яго архітэктару, які не меў вышэйшай архітэктурнай адукацыі, франтавіку Міхаілу Бакланаву. Яго апякаў у той час Іосіф Лангбард. Яны разам зрабілі кінатэатр «Перамога», і

Бакланаў зразумеў, што пад кіраўніцтвам Лангбарда зможа стварыць мастацкі музей. Бакланаў першапачаткова спраектаваў музей у іншым месцы: хацеў, каб гэта быў сапраўдны храм мастацтва. Галоўны архітэктар не згадзіўся. Настойваў, каб будынак музея быў блізка да праспекта Незалежнасці. Прыбудову да будынка Міністэрства замежных спраў з фантанамі, тэрасамі не зразумеў.

У выніку Бакланаў зрабіў нам фасад брутальны, мужны, з вялікімі калонамі. Меркавалі яшчэ пусціць фрыз, але на яго не хапіла грошай. На дварэ 1957 год. Барацьба з празмернасцямі. Бакланаў вырашыў, што звонку гэта будзе храм, але ўнутры зробіць усё больш сціпла. Там, на яго думку, патрэбна нешта паэтычна ўзвышанае. Менавіта тады быў спраектаваны інтэр’ер вестыбюля. Але ён нагадваў інтэр’ер вестыбюля Адміралцейства, зроблены Захаравым. Калі паглядзець на фотаздымкі, не адразу можна знайсці адрозненні.

Калі Бакланаў спраектаваў гэты прыгожы, лёгкі вестыбюль, прыйшла каманда прыёмшчыкаў і сказала: «Нейкі ён у вас не савецкі атрымліваецца». Папрасілі гэтую савецкасць перадаць у архітэктуры нейкім чынам. І тады (мы толькі нядаўна заўважылі) ён вырашыў вестыбюль упрыгожыць пяціканцовымі зорачкамі. Іх складана ўбачыць. Нядаўна адна з зорак адарвалася і ўпала. Тады мы ўбачылі, як выглядаюць зблізку гэтыя легендарныя зоркі.

Карціна

— У нас пастаянна экспануецца карціна Генрыха Семірадскага. Алена Аладава аднойчы расказала гісторыю, звязаную з набыццём гэтай карціны. Яна ніколі не была зацікаўлена ў тым, каб Семірадскі быў прадстаўлены ў нашым музеі.

У адной з народных артыстак СССР у Маскве яна знайшла дыпломную працу Васілія Сурыкава. Перад набыццём палатно трэба было ацаніць на камісіі ў Траццякоўскай галерэі. У той час камісію ўзначальваў Уладзімір Кеменаў, які пісаў доктарскую дысертацыю па Сурыкаву. Ён адмовіў Аладавай у тым, каб работу Сурыкава павезлі ў Мінск. Палатно засталося ў Траццякоўскай галерэі.

Аладава была абураная. Доўга сварылася з камісіяй. Але Кеменаў уладальніцы карціны заплаціў больш. Наўзамен ёй аддалі твор антаганіста Сурыкава  — Генрыха Семірадскага, забытага мастака акадэмічнага плана. Аладава прыняла гэтую работу, але засталася незадаволеная сітуацыяй, бо на палатно Сурыкава палявала доўга. Семірадскага не вельмі любіла.

Прайшло некалькі дзясяткаў гадоў. І знайшліся новыя факты ў біяграфіі Семірадскага. Ён нарадзіўся ў Харкаве, але яго бацькі  — у Навагрудскай губерні. Цётка яго была аўтарам знакамітай кнігі «Гаспадыня Літоўская». Аказваецца, Семірадскі часта прыязджаў пад Мінск і тут жа знайшоў сваё каханне  — стрыечную сястру. Ажаніўся з ёй. Пасля з жонкай з’ехаў у Італію, дзе адкрыў майстэрню, разбагацеў і пабудаваў там мармуровы палац. Па кошце яго работы потым перавышалі творы Сурыкава.

Атрымалася так, што, хоць Генрых Семірадскі лічыцца польскім мастаком, ён нам не чужы. Карані яго адсюль. Тут ён зрабіў некалькі фотаздымкаў і малюнкаў. Гэта якраз той мастак, які мае дачыненне да беларускай гісторыі. Атрымалася, Аладава ўзяла карціну, яшчэ не разумеючы, што гэты чалавек мае дачыненне да Беларусі.

Габелен стагоддзя

— Габелен стагоддзя  — самы вялікі экспанат, які не можа захоўвацца ў нашым музеі, таму што нам належыць толькі трэцяя яго частка. Гэты габелен Аляксандр Кішчанка рабіў на сродкі спонсараў.

Калі габелен не змаглі прадаць, яго трэба было акупіць. Паўстала пытанне закупкі. На дварэ — 90-я. Грошай у дзяржавы не было. І доўгі час габелен ляжаў проста ў майстэрні мастака. А яго трэба было час ад часу разгортваць, праветрываць. Таму ўдава аўтара перадала габелен на Барысаўскі камбінат, дзе ёсць вялізныя цэхі.

Праз гады паўстала пытанне аб наданні габелену статусу гісторыкакультурнай каштоўнасці. Так і адбылося. Таму сёння вывезці габелен для продажу без дазволу Міністэрства культуры ніхто не можа.

Я памятаю, як мы арганізоўвалі камісію з вядучых мастакоў нашай краіны, паехалі глядзець габелен на Барысаўскі камбінат. Была пастаўлена ўмова: габелен не можа належаць толькі сям’і. Тады было прынята рашэнне падзяліць яго на тры часткі: адна належыць спонсарам, другая — сям’і, трэцяя — музею. Мы забралі верхнюю частку. Вядома, ніхто не будзе рэзаць твор мастацтва, але мы ведаем, што яго вярхушка — гэта спадчына ўсёй Беларусі.

За гэты час у Мінску было ўзведзена мноства будынкаў, якія б сталі выдатным масцам для габелена: Нацыянальная бібліятэка, буйныя гасцініцы, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны... Сёння гэты габелен нідзе не прапісаны. Хоць для яго проста патрэбна асобная зала. Атрымліваецца, што габелен-прывід не можа знайсці сабе месца. Ён ацэнены ў 1 мільён 750 тысяч долараў. Гэта ўнікальны твор. Барысаўскі камбінат не можа такі саткаць. З кожным годам кошт габелена расце.

 Незабыўная Надзя

Надзя Лежэ з міністрам культуры БССР Юрыем Міхневічам і Аленай Аладавай. 1967

Беларуска Надзея Хадасевіч-Лежэ была прадстаўніцай авангарда і цвёрдай камуністкай, удзельніцай французскага супраціву ў гады Другой сусветнай і сяброўкай савецкага міністра культуры Кацярыны Фурцавай. Яна дапамагла прывезці ў СССР «Мону Лізу» і перадала ў Мінск творы мастацтва на сотні тысяч долараў (у тым ліку керамічныя работы Пікаса). Яе называлі феноменам беларускай куьтуры. Нядаўна ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся міжнародны выставачны праект «Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч», у якім прадстаўлены экспанаты з прыватных калекцый Францыі і фондаў Нацыянальнага мастацкага.

Ураджэнка Віцебшчыны Надзея Хадасевіч-Лежэ вядомая і як мастачка з рознабаковым дарам (станковы жывапіс, графіка, мазаіка), і як жонка і папулярызатар творчасці аднаго з найбуйнейшых мастакоў Францыі першай паловы ХХ стагоддзя Фернана Лежэ. Надзя Лежэ выступала ініцыятарам і арганізатарам выставак савецкіх мастакоў у Францыі, аказвала падтрымку суайчыннікам. Наведаўшы ў 1960-я — пачатку 1970-х гадоў Савецкі Саюз (у тым ліку і сваю родную Беларусь), яна падарыла музеям мноства бясцэнных прадметаў мастацтва. Так, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі атрымаў ад яе ў якасці дару 360 факсімільных рэпрадукцый з карцін вядомых еўрапейскіх майстроў. Таксама Надзея Хадасевіч падарыла музею шэраг сваіх графічных твораў і работ Фернана Лежэ.

Выставачны праект «Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч» стаў маштабнай культурнай падзеяй, якая знаёміць беларускага гледача як з творчасцю вядомай мастачкі, так і з яе падзвіжніцкай дзейнасцю ў сферы папулярызацыі сусветнага мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 твораў (жывапіс, гуашы, малюнкі, літаграфіі і шаўкаграфіі) з французскіх прыватных сховаў, у тым ліку спадчыннікаў мастачкі.

Куратар выстаўкі Святлана Пракоп’ева адзначыла, што задача міжнароднага праекта  — максімальна поўна і шырока прадставіць творчасць майстра.

— Надзея Пятроўна звярталася да розных стылявых напрамкаў. Можна прасачыць яе творчы шлях ад ранніх работ, звязаных з супрэматызмам, праз кубізм, пурызм, сацрэалізм. Па сведчаннях спадчыннікаў, ёю былі створаны і перададзены ў СССР 82 мазаічныя пано. Спецыяльна да гэтай выстаўкі мной была праведзена даследчая работа і выяўлена месца знаходжання толькі 29 мазаік, шэсць з іх — у Зембіне. На жаль, некаторых ужо не існуе. Гэтая выстаўка павінна стаць адкрыццём: яна ўпершыню прадстаўляе жывапіс і графіку мастачкі ад 20-х да 80-х гадоў ХХ стагоддзя.

Надзея Лежэ «Кампазіцыя з лялькай і кнігамі».

У наш час захаваліся звесткі пра тое, што звязвала Надзею Хадасевіч-Лежэ і Пабла Пікаса. Яна апісвала, што кансультавалася ў яго, а ён кансультаваўся ў яе. Вядома, што Пікаса прадставіў свае творы на знакамітую выстаўку-продаж, якую Надзея Хадасевіч арганізавала ў 1945 годзе ў дапамогу ваеннапалонным і пацярпелым у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкім грамадзянам. Майстар бязвыплатна прадаставіў свае творы, і яны былі прададзеныя. Цікавы і той факт, што па эскізах Надзеі Хадасевіч-Лежэ вядомы куцюр’е П’ер Кардэн стварыў брошкі з каштоўных металаў, інкруставаных камянямі.

Надзея Хадасевіч-Лежэ спрабавала свае сілы ў розных мастацкіх кірунках, таму кожны наведвальнік выстаўкі знойдзе работу па душы. Напрыклад, у «“Дынамізме” на аранжавым фоне» і «Руху ў двух кірунках» немагчыма не адчуць узлёт і творчы парыў.

— Выстава цікавая шырокаму колу. Нават нічога не ведаючы пра мастачку, можна скласці яе паўнавартасны вобраз,  — патлумачыла Святлана Пракоп’ева.  — Тут прадстаўлена максімальна пашыраная біяграфія Надзеі Хадасевіч-Лежэ. Усе раздзелы выстаўкі маюць дадатковую інфармацыю, якая дазваляе зразумець знакавыя творы ў яе творчасці. Ёсць дзве відэазоны: першая ўяўляе прэзентацыю, прысвечаную мазаічным пано Надзеі Пятроўны, другая транслюе дакументальны фільм пра яе. А яшчэ — інтэрактыўная зона, дзе можна з дапамогай магнітнай дошкі і фігур стварыць сваю супрэматычную кампазіцыю.

15-гадовай дзяўчынкай Надзя выпадкова прачытала ў газеце, што ў адной са смаленскіх школ арганізавана мастацкая студыя, і рашуча накіравалася туды. Так яна трапіла да Уладзіслава Стржэмінскага і Кацярыны Кобра, знакамітых настаўнікаў-супрэматыстаў, і пачала ствараць супрэматычныя кампазіцыі. Вучылася Лежэ нядоўга: правяла ў смаленскай школе ўсяго два гады.

Надзея Лежэ «Супрэматызм № 1. Кампазіцыя з чорным кругам і чырвоным трохвугольнікам на белым фоне»

Як магла Надзя Лежэ, не маючы дастатковай адукацыі, дамагчыся такіх поспехаў у супрэматызме, застаецца загадкай. Але яна сама дае нам падказку: ёй часта дапамагалі беларускія арнаменты ручнікоў. Беларускія ткачыхі ўвасабляюць такія чорныя і чырвоныя фігуры (да таго ж добрай ткачыхай была яе маці).

Лежэ казала, што гэта дазваляла ёй нармальна ўспрымаць вельмі складаную тэорыю Стржэмінскага, якая ідзе ад Малевіча. Надзея ўспрымала філасофію Казіміра Малевіча выключна з пункту гледжання сялянкі, але была надзвычай здольнай.

Выстаўка мастачкі атрымалася экспрэсіўнай і пазвальнай. Тут шмат варыятыўнасці, пазнання, інтэрактыву.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Па старонках гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?