29 верасня, аўторак

Вы тут

Як пошта рыхтуецца да Новага года


Менш чым тры тыдні застаецца да надыходу 2020 года. Па ўжо даўняй традыцыі беларуская пошта рыхтуецца не толькі да гэтага свята, але і да Калядаў. Бо менавіта ў апошнія дні старога і першыя дні новага года шмат хто хоча павіншаваць сваіх блізкіх і родных. Але адна рэч — дасланае ў месенджары ці на электронную пошту паведамленне, і зусім іншая — падпісаная ад рукі паштоўка.


— Так, са з'яўленнем хуткасных варыянтаў перадачы інфармацыі функцыі паштоўкі крыху змяніліся, але прызначаная радаваць — яна адыгрывае сваю ролю і па гэты дзень, — кажа прэс-сакратар РУП «Белпошта» Вікторыя Джухунян. — Так шмат у ёй чалавечнасці, цяпла, чакання свята. Менавіта таму наша паштоўка — гэта не проста распрацаваны дызайн, растыражаваны на каляровым кардоне, а значна большае — жывыя эмоцыі, пачуцці, адносіны, самавыяўленне. Таму мы штогод распрацоўваем святочную калекцыю паштовак, картак, канвертаў каляднай і навагодняй тэматыкі.

Такім чынам, сёлета да выбару пакупнікоў — некалькі дзясяткаў святочных сюжэтаў. На паштоўках адлюстраваны выявы Дзеда Мароза, Снягуркі і кампазіцыі з ёлачнымі цацкамі, мандарынамі, гадзіннікамі, белымі мішкамі на лёдзе, снегірамі... Дызайн паштовай прадукцыі распрацоўваецца выключна з улікам тэхнічных магчымасцяў прадпрыемстваў паліграфічнай галіны. Сярод «фішак» — пластызоль белага і жоўтага колеру, цісненне гладкай каляровай і тэкстурнай фольгай, тэрмапад'ём. Усё гэта робіцца для таго, каб кожная паштоўка займела ўласны стыль. І — прыемная разыначка — вялікая частка святочнай прадукцыі аформлена па-беларуску.

Яшчэ 7 кастрычніка былі выпушчаны мастацкія маркіраваныя канверты «Са святам Божага Нараджэння!», «З Новым годам!» і «З Раством Хрыстовым і Навалеццем!» Іх тыраж склаў 60, 110 і 100 тысяч экзэмпляраў адпаведна.

Акрамя таго, 30 кастрычніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне паштовыя маркі «З Калядкамі!», «З Раством Хрыстовым!», «З Новым годам!». Маркі аддрукаваны тыражом 60 тысяч экзэмпляраў. Да таго ж былі адмыслова падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. Гэта мастацкая паштоўка, на ілюстраваным баку якой наклеена паштовая марка. Па сюжэце такая марка супадае з ілюстрацыяй карткі. Падстава, час і месца яе гашэння таксама мусяць адпавядаць сюжэту як карткі, так і маркі.

Навагоднюю паштовую прадукцыю можна купіць ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі Беларусі, а таксама ў інтэрнэт-краме shop.belpost.by
і на ярмарках-кірмашах у круглай і пасылачнай залах Галоўпаштамта ў Мінску.

На сувязі — Дзед Мароз

Дарэчы, на Галоўпаштамце арганізуюць адмысловую навагоднюю фотазону. У ёй гасцей стануць чакаць Дзед Мароз і Снягурка. На жаль, рабіць яны гэта будуць толькі па дзве гадзіны ў вызначаныя дні.

Расклад святочнага дзяжурства наступны. 20, 24 і 30 снежня казачныя персанажы чакаюць гасцей з 14 да 16 гадзін. Для тых, у каго не атрымаецца прыйсці ў гэты час, зарэзерваваны прамежак з 16 да 18 гадзін 26 снежня. Свята разлічана на сямейны фармат. Калі дарослыя змогуць сфатаграфавацца на памяць у святочнай атмасферы, то дзеці атрымаюць магчымасць падзяліцца з Дзедам Марозам і Снягуркай сваімі запаветнымі жаданнямі.

— Дарэчы, самыя цікавыя здымкі будуць апублікаваны ў групах РУП «Белпошта» ў сацыяльных сетках, — працягвае суразмоўца. — Для гэтага іх трэба апублікаваць з хэштэгамі #belpost і #белпочта. Між іншым, яркія навагоднія фотазоны арганізаваны і ў вылучаных аддзяленнях паштовай сувязі.

У круглай зале Галоўпаштамта ўстаноўлена спецыяльная скрыня. Напісаць пра свае пажаданні і мары можна наўпрост Дзеду Марозу і Снягурцы. Але для гэтага не трэба ехаць у Мінск з іншых гарадоў — навагодняе пасланне можна адправіць з любога аддзялення паштовай сувязі. Каб зрабіць гэта, трэба проста правільна ўказаць адрас: 225063, рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы (вёска Каменюкі, Брэсцкая вобласць). Праўда, да апошніх дзён года цягнуць з выкладаннем сваіх думак у эпісталярным жанры не варта. Практыка паказвае, што менавіта на іх і прыпадае асноўная колькасць адпраўленых паштовак. І Дзед Мароз проста не паспее прачытаць за гэты час тысячы дасланых лістоў.

16 снежня Дзед Мароз святкуе свой дзень нараджэння. Улюбёны казачны персанаж чакае, што хлопчыкі і дзяўчынкі адправяць яму маляўнічыя, цёпла напісаныя лісты з аповедамі пра сябе, зробленыя ў адыходзячым годзе добрыя ўчынкі. «Белпошта» дапаможа дзецям: у гэты дзень у вылучаных аддзяленнях сувязі будуць устаноўлены адмысловыя паштовыя скрыні, куды можна будзе апусціць ліст. І канешне ж, сфатаграфавацца на памяць.

А яшчэ кожны з нас можа далучыцца да невялікай, але вельмі пачэснай справы. Вось ужо шосты год «Белпошта» праводзіць спецыяльную акцыю «Падары дзіцяці радасць». Сутнасць яе простая — кожны чалавек можа аформіць дабрачынную падпіску на газеты і часопісы, якія будуць прыходзіць на адрас аднаго з дзіцячых дамоў або прытулкаў. За гэты час часцінку радасці чытання дзецям, з якімі жыццё абышлося не вельмі добра, падарылі ўжо тысячы дарослых. Сімвалічнае дрэва з яблыкамі, на якіх пазначаны імёны, узрост і адрас дзяцей, размешчана ў будынку Галоўпаштамта. Не заставайцеся ж убаку і вы!

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.