Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Помніць імёны свае

І не сцерці з памяці лічбы

— Саўчыц Інайда Пятроўна, — пры знаёмстве прадставілася старшыня гарадской арганізацыі «Дзеці вайны».

— Як-як? — перапытаў я.

— Інайда Пятроўна, — з усмешкай паўтарыла жанчына. — Што — нечаканае імя?.. Маме яно таксама не падабалася: у царкве перахрысціла мяне на Ганначку, а ў побыце звала Інай.

Цётка Інайды Пятроўны — Людміла Фролаўна Цітавец, якая прысутнічала пры гэтай размове, — растлумачыла, што пляменніца нарадзілася, можна сказаць, у канцлагеры, што роды прымала немка, і яна ж выбрала імя. Парадзісе Ефрасінні Фролаўне Прылуцкай нічога не заставалася, як згадзіцца.

Пад фашысцкім каваным ботам

Да вайны сям'я Прылуцкіх з дзевяці чалавек жыла на хутары каля возера Белага, што ў Жыткавіцкім раёне. Прыгажосць там — вачэй не адвесці. Здавалася, толькі жыві, радуйся вольніцы, працуй ды спадзявайся на лепшае.

Такі ў людзей быў настрой, пакуль не грымнула вайна, не з'явіліся новыя гаспадары, не сталі рабаваць, расстрэльваць, вешаць... Не дзіва, што многія з палешукоў пайшлі ў партызаны.

— У полымі вайны, — расказвае Інайда Пятроўна, — загінулі мой бацька Пётр Сцяпанавіч, дзед Фрол Віктаравіч, два дзядзькі Косця і Міхал, цётка Ганна. Выжылі — бабуля Стэфаніда Бенядзіктаўна, мая мама і цёткі Людміла і Марыя, хоць якое там было жыццё, — пастаянная душэўная калатня, бо чужынцы ўвесь час лютавалі. Толькі і чуваць было, што там людзей пастралялі, там спалілі хаты, а то і цэлыя вёскі.

Да іх хутара бяда дайшла ў сакавіку 1942 года, калі на дым сышло ўсё нажытае, і Прылуцкія з пустымі торбамі пайшлі ў Жыткавічы.

Прытулак ім далі знаёмыя, а вось работы нідзе не было, таму Марыя і Франя (маці Інайды Пятроўны) ўладкаваліся ў нямецкі шпіталь прыбіральшчыцамі. З тых няшчасных заробкаў сям'я і выжывала, а яшчэ — гаравала, што немцы разам з людзьмі спалілі вёскі Дзякавічы, Поўчын...

Лютуючы і ў адказ на рашучае наступленне Чырвонай Арміі, 20 чэрвеня 1944-га яны ўжо ў райцэнтры спехам сагналі людзей у калоны, пад брэх аўчарак пагрузілі ў таварняк. За марудлівасць цяжарную Франю Прылуцкую адзін з фрыцаў агрэў бізуном, ды так, што яна ледзь утрымалася на нагах і потым доўга кульгала.

Канцлагер КІС

— На пачатак вайны мне было адзінаццаць гадоў, — згадвае цётка Інайды Пятроўны Людміла Фролаўна, — і я добра ўсё памятаю. Праз трое сутак мы апынуліся ў горадзе Штутгарце-Гедэльфінген у канцлагеры КІС. Там было шмат баракаў на 30-40 чалавек — з трох'яруснымі нарамі і адным умывальнікам. Кожны з нявольнікаў атрымаў драўляныя калодкі (на ногі) і паласатую робу з надпісам ОST. Прозвішчы-імёны ўсіх былі занесены ў спецыяльны журнал, а людзям прысвоены нумары. У мамы ён быў 1797, у мяне — 1798... Карыстацца сваімі імёнамі катэгарычна забаранялася.

Лагер быў абнесены калючым дротам. На вышках — узброеныя ахоўнікі. Многія з іх былі з захопленых тэрыторый Польшчы, Украіны, Расіі і лютавалі ў бараках куды горш, чым немцы: выслужваліся, збівалі без дай прычыны...

А працавалі вязні на заводзе, у дзве змены, па 12 гадзін. І гэта — пасля кубка чорнай кавы без цукру на снеданне і чарпака баланды ў абед... Кожную раніцу і вечар на пляцы, у любое надвор'е, праводзілі пераклічку, высвятлялі прычыны адсутнасці таго ці іншага нумара (хворых і памерлых было шмат). У выніку вязні маглі доўга стаяць пад дажджом ці снегам, потым — у мокрым адзенні — падалі спаць ці ішлі на работу.

— Мама расказвала, — зноў уступае ў размову Інайда Пятроўна, — што побач з заводам за калючым дротам трымалі палонных французаў, палякаў, югаславаў. Ім было трохі лягчэй, бо прыходзіла хай невялікая, але ж гуманітарная дапамога па лініі Чырвонага Крыжа... Нашых ваеннапалонных трымалі асобна і — літаральна — марылі голадам. Адзін з нявольнікаў, калі іх пераганялі ў іншае месца, пацягнуўся, каб сарваць гронку вінаграду... Яго прашылі аўтаматнай чаргой і пакінулі вісець на агароджы.

— Вашу маму як цяжарную, магчыма, вызвалялі ад цяжкай працы? — пытаю Інайду Пятроўну.

— Не, што вы! Яна ўкалвала нароўні з іншымі! І гэта яшчэ нічога, бо яе ганялі на завод і калі нарадзіла... Я ж, маленечкая, заставалася ў бараку адна, без догляду, і мама вельмі баялася, што калі буду плакаць, то мяне проста заб'юць... На шчасце, я была спакойная: нікому не перашкаджала. Тым не менш маму не пакідала трывога, і яна нейкім чынам пранікла ў кабінет да начальніка канцлагера (што вязням катэгарычна забаранялася), папрасіла пакінуць яе прыбіральшчыцай тэрыторыі. Як ні дзіўна, той пайшоў насустрач, і мама потым малілася за ягонае добрае сэрца.

— А як атрымалася, што роды ў яе прымала фрау?

— Мама казала, што ў лагер іншым разам прыходзілі месцічы, каб з ліку вязняў выбраць сабе парабкаў, памочнікаў па гаспадарцы. У мамы быў вялікі жывот, але тая немка ўзяла яе ў свой дом. Магчыма, з чыста прафесійнага інтарэсу (фрау была ўрач-гінеколаг), магчыма, з чыста жаночай салідарнасці альбо і спагады, бо потым тая ж немка забяспечвала маму пялюшкамі і, нанач адпраўляючы ў лагер, прывязвала ёй пад пахі што-нішто з прадуктаў... Тым самым, як і начальнік лагера, яна рызыкавала сваім жыццём.

Дома і салома ядома...

Вязняў канцлагера КІС вызвалілі амерыканцы. Яны прапаноўвалі ім пасяліцца ў Штатах альбо ў нейкай іншай краіне, галоўнае — не вяртацца ў сваю, бо там разруха і голад. Але Прылуцкія, як і абсалютная большасць грамадзян былога Савецкага Саюза, верылі, што дома і салома ядома, а чужына і ёсць чужына...

Калі б яны ведалі, што іх чакае на радзіме, то ніколі не вярнуліся б. Іх, учарашніх нявольнікаў, прывезлі ў Мазыр, а далей (часам за сотні кіламетраў) кожны дабіраўся як мог, прычым на спагаду зусім не разлічваў. Хутчэй, наадварот: іх сустракалі варожа, бо яны, маўляў, «працавалі на немцаў».

У Жыткавічах, адкуль вывозілі ў лагер, Прылуцкім адмовілі ў прапісцы. Учацвярых (старая хворая маці, дзве сястры і маленькае дзіця) яны прайшлі яшчэ 30 кіламетраў да свайго папялішча. Ні блізкіх, ні родных, ні жытла, ні работы там не было, улады адвярнуліся...

— Мая мама, — кажа Інайда Пятроўна, — пражыла доўгае і цяжкае жыццё, памерла летась у няпоўныя 96 гадоў. Яна была вельмі моцная жанчына, умела і рабіла ўсё: сама пабудавала зямлянку з печкай, у якой жылі аж восем гадоў, потым — хацінку. Сеяла, жала, шыла, ткала, дапамагала ўсім: калі яна клалася спаць, я ніколі не бачыла.

...Удзячная ёй дачка, скончыла школу рабочай моладзі, атрымала спецыяльнасць, выйшла замуж, нарадзіла двух дзяцей, працавала. У 2008 годзе па запрашэнні царкоўнай абшчыны наведала Германію, выступала перад навучэнцамі школ і каледжаў.

Адзін з хлопцаў тады спытаў: як пасля ўсяго перажытага былыя вязні ставяцца да немцаў як нацыі? Яна сказала: што было, тое было і сышло ў гісторыю, якую трэба ведаць і помніць. Што да беларусаў, то ў іх няма нянавісці да нямецкай нацыі: так, у Германіі былі фашысты, аднак былі і спагадлівыя, чулыя людзі. Як і ў Беларусі: хапала патрыётаў, але ж сустракаліся і здраднікі... Галоўнае цяпер — жыць у міры, дапамагаць адно аднаму, сябраваць: не дапускаць, каб жахі мінулай вайны паўтарыліся.

Уладзімір Пернікаў

Фота Дзмітрыя Чарняўскага


Успомнім мы — успомняць нас

За сваё жыццё я прачытаў мноства кніг. Люблю мастацкія, дакументальныя, навуковыя і — асобным радком — «Памяць», гістарычную хроніку, у якой звыш 150 тамоў.

Чым яны важныя? Тым, што створаны на аснове дакументаў з дзяржаўных і асабістых архіваў, навуковых даследаванняў, публікацый, успамінаў удзельнікаў і сведак шматлікіх падзей, што адбываліся ў жыцці беларусаў, тым, што да збору і падрыхтоўкі матэрыялаў прычыніліся мясцовыя краязнаўцы, работнікі архіваў, бібліятэк, музеяў, супрацоўнікі савецкіх органаў, журналісты, навукоўцы, рэдактары.

Вельмі важна, што ў хроніках пададзены прозвішчы загінулых: франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, мірных грамадзян — ахвяр фашысцкага тэрору. Там жа — спісы воінаў Чырвонай Арміі, пахаваных на тэрыторыі раёнаў, звесткі пра тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій, загінуў у Афганістане. Ёсць у кнігах і матэрыялы пра славутых землякоў — герояў працы, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, навукоўцаў...

Што важна, гэты праект пастаянна натхняе сучасных даследчыкаў на далейшыя пошукі, бо адкрываюцца некалі закрытыя архіўныя справы, з'яўляюцца новыя звесткі, даследаванні і, адпаведна, новыя імёны.

...Кажуць, што верная і дзейсная памяць падвойвае жыццё. Хочацца, каб нашы нашчадкі кіраваліся гэтымі словамі, каб звярталіся да выданняў хронікі.

Канстанцін Карнялюк, краязнавец, г. Віцебск


Весткі з месцаў

Каб адчуваць сябе беларусамі...

У нашай школе адбылося сапраўднае свята прыгожага пісьменства, на якое завітаў выдатны паэт, эсэіст, перакладчык, даследчык беларускай літаратуры, ды яшчэ і зямляк (родам з Зэльвеншчыны) Міхась Скобла.

Сваё выступленне перад старшакласнікамі госць пачаў з захаплення велічнымі асобамі, якіх даў сусветнай культуры беларускі народ, — з нашых Васіля Быкава, Максіма Багдановіча. А далей — загучалі вершы, і трэба было бачыць, як заіскрыліся дапытлівыя вочы падлеткаў ад іх хараства і меладычнасці, ад мудрасці простых слоў, прасякнутых любоўю да роднага краю, да матухны-зямлі...

Потым старшакласнікі самі падчас гульні «Нёман нябесны» паспрабавалі шукаць адказы на праблемныя пытанні, аналізаваць і такім чынам паглыбляць свае веды не толькі па беларускай літаратуры, але і па гісторыі, геаграфіі. Вялікую цікавасць слухачоў выклікала і прэзентацыя анталогіі «Галасы з-за небакраю» — з перакладамі з 50 моў свету, 658 аўтараў, 198 перакладчыкаў...

Напрыканцы дыялогу Міхась Скобла заклікаў падлеткаў любіць свой край, у любым кутку свету адчуваць сябе беларусамі і, вядома ж, быць вартымі гэтага ганаровага звання.

Валянціна Яткоўская, Таццяна Грэцкая, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 22,

г. Гродна


Вуснамі дзіцяці...

Новая дарога да Кіева

...Цікавая работа ў педагогаў. Вяду вось гурток па рускай мове і літаратуры — як правіла, у форме дыялогаў. Загадваю загадку: «Полон хлевец белых овец». Адгадку (рот і зубы) не ведае ніхто. Падказваю, што гэта ёсць амаль у кожнага чалавека.

— Мабільнік! — радасна выгуквае Максім.

Наступны занятак прысвечаны жывой прыродзе, назвам птушак, рыб, звяроў... Пытаюся:

— Дзеці, хто такі сазан?

Данік:

— Супергерой!..

Цікава атрымалася і з вядомай прыказкай: на дошцы я напісаў: «... до Киева доведёт» і папрасіў дзяцей замест шматкроп'я ўставіць слова, гэта значыць, адказаць на пытанне: што ж давядзе да гэтага горада?

Вучні сталі думаць, перабіраць самыя розныя варыянты, але ўсё было не тое... Падказваю ім:

— Першая літара я...

І...

Ніколі б не думаў, што ад вясковага другакласніка пачую ў адказ: 

— «Яндэкс»!

А яно ж і сапраўды — сёння гэтая сістэма пошуку давядзе не толькі да Кіева, але і да Антарктыды...

Так што новыя часы — новыя павевы. І гэта не толькі пра дарослых, але і пра дзяцей.

Максім Шастакоў, г. Гомель

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».