29 верасня, аўторак

Вы тут

Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі стартавала з перамогі на дамашнім чэмпіянаце свету


Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі стартавала з перамогі на дамашнім чэмпіянаце свету, а ўчора сустрэлася з галоўнымі сапернікамі за выхад у эліту — зборнай Латвіі. Латышы таксама пачалі мінскі турнір з упэўненай вікторыі, атрымаўшы перамогу над датчанамі, таму ўчарашні матч насіў прынцыповы характар у барацьбе за першае месца ў групе.


Пасля першага дня спаборніцтваў чэмпіянату беларуская зборная лідзіруе па эфектыўнасці гульні ў большасці (40 працэнтаў), хоць матч з Аўстрыяй не стаў для нашых хлопцаў лёгкай прагулкай, а ў галоўнага трэнера Дзмітрыя Дудзіка засталіся пытанні да сваіх падапечных. «Не змаглі мы, трэнеры, дастукацца да гульцоў, растлумачыць усю сур'ёзнасць патрабаванняў да камандных дзеянняў. Спадзяёмся, цяжкая перамога, на арэлях, прымусіць за ноч нашых добрых, сапраўды таленавітых гульцоў пераасэнсаваць сам працэс выступлення на чэмпіянаце свету. Трэба папрацаваць, каб дасягнуць пастаўленай мэты», — зазначыў настаўнік пасля гульні са зборнай Аўстрыі і выказаў надзею, што ў матчы з Латвіяй гэтых момантаў ужо не будзе.

Арганізатары турніру ў Мінску паведамілі, што сярэдняя наведвальнасць матчаў у першы дзень склала 2799 балельшчыкаў. Гэта найлепшы вынік маладзёжных чэмпіянатаў свету ў першым дывізіёне за апошнія гады. Дарэчы, папярэдні рэкорд належаў таксама Беларусі: у 2010 годзе на паядынкі маладзёжнага першынства ў Бабруйску ў першы дзень прыйшло амаль 3800 балельшчыкаў.

Каб дасягнуць такога выніку, беларускія арганізатары пастараліся на славу, акрамя відовішчнага хакея, чым заўсёды адрозніваюцца маладзёжныя чэмпіянаты, у Мінску балельшчыкі могуць знайсці сабе забавы для душы і ў перапынках. На «Чыжоўка-Арэне» арганізаваны фуд-корты і пункты гандлю атрыбутыкай з лагатыпамі чэмпіянату, пад гэта аддадзена практычна ўсё фае першага паверха. Таксама ёсць фота-зоны, каб усе ахвотныя змаглі захаваць момант не толькі ў сваёй памяці, але і на фота. На другім паверсе размясцілася ўсё для дзяцей — гульнявыя зоны, магчымасць памаляваць, пагуляць у настольны хакей, нанесці аквагрым.

Высокі ўзровень чэмпіянату адзначаюць ужо і госці. «Усё выдатна! Упэўнены, хлопцам падабаецца гуляць на такой класнай, вялікай арэне. Я ўжо быў у Мінску два ці тры гады таму са зборнай U-18, так што выдатна зноў апынуцца тут і адчуць топ-узровень», — адзначае трэнер нарвежцаў Андэрс Ёсе. «Ніколі раней не бываў у вашай краіне, але пакуль падстаў для расчаравання не было. Здаецца, усё на самым высокім узроўні», — расказаў нападаючы нарвежскай дружыны Понтус Фінстад.

Чэмпіянат працягваецца, і заўтра зборная Беларусі згуляе са зборнай Нарвегіі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота hосkеу.bу

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.