Вы тут

Навучальны цэнтр па тэхналогіі «Індустрыя 4.0» адкрылі ў Мінску


Сертыфікаваны навучальны цэнтр Festo (FACT) па тэхналогіях «Індустрыя 4.0» і мехатроніцы адкрыўся на базе каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе ў Мінску.


Ён стаў часткай вялікага праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Усяго на праект было накіравана каля 11,5 млн еўра.

Адкрыццю цэнтра папярэднічала карпатлівая работа Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі сумесна з прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі, а таксама з кампаніяй «Festo» — адным з сусветных лідараў у аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Яе вынікам стала распрацоўка ўнікальнага праекта — першага на постсавецкай прасторы навучальнага цэнтра, які прайшоў сертыфікацыю па міжнародных стандартах: яны прызнаюцца больш чым на 200 тысячах прамысловых прадпрыемстваў па ўсім свеце.

Магчымасці цэнтра FACT дазволяць працаваць з навучэнскай моладдзю, весці падрыхтоўку і перападрыхтоўку дарослага насельніцтва. Абсталяванне і праграмнае забеспячэнне дапамогуць сфарміраваць кампетэнцыі ў вобласці праектавання CP Lab і CP Factory, праграмавання, практычныя ўменні і навыкі работы з прамысловымі і мабільнымі робатамі і іншыя.

Студэнты будуць вучыцца планаваць і думаць стратэгічна. У цэнтры плануецца арганізаваць сеткавае навучанне і абмен вопытам у арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў па стандартах Wordskіlls. Будуць праходзіць заняткі ў тым ліку для навучэнцаў іншых каледжаў. Абсталяванне будзе задзейнічана на працягу ўсяго года. Для работы з навучэнцамі на базе цэнтра былі сертыфікаваныя пяцёра выкладчыкаў каледжа.

— Поспехі дзяржавы ў сацыяльна-эканамічнай сферы залежаць ад якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў па самых запатрабаваных прафесіях, — падкрэсліў падчас цырымоніі адкрыцця цэнтра міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Мы павінны не проста ісці ў нагу з часам, а апярэджваць яго, навучаць так, каб наш спецыяліст на вытворчасці мог у максімальна сціслыя тэрміны распачаць работу на абсталяванні прадпрыемства. Тут, у цэнтры, мы і будзем весці такую падрыхтоўку.

Праект «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі» рэалізуецца ў вядучых сектарах эканомікі, сярод якіх машынабудаванне, будаўніцтва, сфера абслугоўвання. Яго мэта — прывесці прапанову з боку сістэмы прафадукацыі ў адпаведнасць з патрэбамі рынку працы. Чакаецца, што гэта палепшыць перспектывы працаўладкавання моладзі і дарослага насельніцтва краіны і павысіць якасць і прывабнасць сістэмы прафесійнай адукацыі ў Беларусі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота арганізатараў

Загаловак у газеце: Кадры найвышэйшай кваліфікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».