Вы тут

У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Прэмія HR–брэнд Беларусь 2019»


Новыя падыходы ў рабоце з персаналам

Сучасныя кадравыя службы – гэта не толькі справаводства, але і фарміраванне каманднага духу.

У Мінску адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Прэмія HR–брэнд Беларусь 2019», які прайшоў ужо шосты год запар. Сёлета на конкурс была пададзена рэкордная колькасць заявак: 64 праекта ад 46 беларускіх і міжнародных кампаній, з якіх 15 прадстаўляюць ІТ-сферу. Праекты намінантаў былі прысвечаны такім тэмам, як рост асобы і прафесійнае навучанне супрацоўнікаў унутры кампаніі, ацэнка персаналу, а таксама абмяркоўвалася аўтаматызацыя HR-працэсаў. З некаторымі праектамі прапануем пазнаеміцца чытачам.


Адрадзіць прэстыж вытворчасці

Стэрэатып: вытворчасць — гэта цяжкая праца, пыл, шум, сціплыя бытавыя ўмовы і інш. — вельмі жывучы. Фразай «пойдзеш працаваць на завод» бацькі да гэтага часу палохаюць дзяцей.

Прыватнае навукова-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «АДАНІ» паставіла перад сабой амбіцыйную задачу: адрадзіць прэстыж працы на вытворчых прадпрыемствах. З гэтай мэтай для жадаючых паглядзець і «памацаць» арганізацыйныя працэсы, якія паспяхова функцыянуюць, і паназіраць за жыццём сучаснага высокатэхналагічнага вытворчага прадпрыемства тут запусцілі праект «Прамысловы турызм — экскурсія на АДАНІ». Сёлета з 1 чэрвеня па 17 кастрычніка прадпрыемства наведалі больш за 100 прадстаўнікоў розных кампаній. Па рэкамендацыі гасцей на прадпрыемства прыйшлі працаваць два спецыялісты.

Прадпрыемства таксама расчыніла дзверы перад старшакласнікамі і студэнтамі. У выніку каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак былі гасцямі, практыкантамі, стажорамі, а чацвёра сталі маладымі спецыялістамі ў гэтай кампаніі.

Забяспечыць кадрамі рэгіёны

Святлана ШАПАРАВА, дырэктар ПРАЦА ТUT.BY, арганізатар конкурсу «Прэмія HR-брэнд» у Беларусі адзначыла, што шэсць гадоў камерцыйныя банкі былі актыўнымі ўдзельнікамі спаборніцтва, летась да іх далучыўся ААТ «ААБ Беларусбанк», а ў гэтым годзе — адразу з трыма праектамі ААТ «Белаграпрамбанк».

Праект «Акадэмія талентаў» гэтага дзяржбанка накіраваны на працаўладкаванне выпускнікоў устаноў адукацыі ў рэгіёнах і закліканы максімальна выкарыстоўваць патэнцыял маладых спецыялістаў і выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў на карысць рэгіёнаў Беларусі. Тым самым спрыяць павышэнню эканамічнай актыўнасці суб'ектаў гаспадарання і якаснаму развіццю кампетэнцый ўчорашніх выпускнікоў. Адным з галоўных дасягненняў усяго гэтага праекта будзе планамерная змена пакаленняў у банку.

Адрасная дабрачыннасць

Намінацыя «Вялікае сэрца» заснаваная пры падтрымцы генеральнага партнёра конкурсу –– брэнда KFC, прадстаўленага ў Беларусі кампаніямі ТАА «Бел Фуд Сэрвіс» і ТАА «КрэатыўФудС–Усход». Здавалася б, прычым тут дабрачыннасць і праца з персаналам? Але менавіта ўдзел у такіх праектах спрыяе згуртаванню калектываў. «Заўважаем якасны пераход ад спробаў кампаній разава вырашыць нейкую сацыяльную праблему да стратэгічнага прыняцця карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, — падкрэсліў Сяргей ДУЦІН, генеральны дырэктар ТАА «Бел Фуд Сэрвіс». — Гэта паказчык сталасці беларускага бізнесу. Вядома, што даходы тых, хто прыняў КСА, растуць у тры разы хутчэй, чым тых, хто не займаецца дабрачыннасцю».

Сярод цікавых праектаў, прадстаўленых у намінацыю, можна адзначыць фарміраванне добраахвотніцкага руху ў дапамогу дзецям ўнутры кампаніі ЗТАА «ЭПАМ Сістэмс». Супрацоўнікі вырашылі рабіць дабро і дастаўляць яго адрасна. Ужо два гады яны збіраюць рэчы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і тымі, якія засталіся без апекі бацькоў, па спісах, якія прадастаўляюць медработнікі, выхавальнікі, каб дапамога была сапраўды карыснай. Напярэдадні Новага года дзеці пішуць лісты Дзеду Марозу, якія публікуюць ва ўнутранай сацыяльнай сетцы супрацоўнікаў кампаніі, і яны самі выбіраюць, для каго купяць падарунак, аб чым паведамляюць калегам. За два гады айцішнікі выканалі больш за 300 дзіцячых жаданняў і перадалі інтэрнатам неабходныя рэчы: цацкі, канцтавары, тэхніку, вопратку.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прадастаўлена арганізатарамі конкурсу «Прэмія HR-брэнд Беларусь 2019»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».