Вы тут

Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Кашпераў: Пагадзіўся на дачу з-за цудоўных мясцін


Вядучы майстар сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Кашпераў за больш чым паўвекавую кар'еру пераўвасабляўся ў розных герояў. І заўсёды — геніяльна, ні ў адной ролі не паўтарыўся! А па-за сцэнай ён клапоціцца пра сабаку і кошку, любіць сваё лецішча і рыбалку.


— Аляксандр Барысавіч, вы ж — карэнны мінчанін. А дача ваша ўласная ці засталася ў спадчыну?

— Мая. Больш таго, я тут, у садовым таварыстве «Сябры», — адзін з першых дачнікаў. Я тады служыў у Тэатры юнага гледача, быў яшчэ малады акцёр. І вось уявіце: участкі даюць народным ды заслужаным артыстам і мне прапануюць! А я добра ведаў гэтыя месцы, бо ездзіў сюды з сябрамі на рыбалку. Таму, па-першае, пагадзіўся на дачу з-за цудоўных мясцін, а па-другое — ну хто ж бы ў той час адмовіўся ад таго, што даюць? А ў маіх бацькоў не было лецішча. Дачнікам быў дзед, а мяне малога, ды і ў падлеткавым узросце, зусім туды не цягнула.

— А потым, калі свой кавалак зямлі з'явіўся?

— Не скажу, што адразу адчуў сябе такім гаспадаром: тут дом пастаўлю, тут агарод пасаджу. Кажу ж, што найперш было замілаванне гэтымі мясцінамі. Паступова будаваў дом, абжываўся. Я шмат што раблю сваімі рукамі, таму лазня яшчэ, як кажуць, не даведзена да кандыцыі.

Так за размовамі мы і прыехалі ў знакамітае таварыства творчых работнікаў «Сябры», што пад Мінскам, паблізу ад Астрашыцкага Гарадка. Першым з машыны выскачыў Чып — вядома ж, тут для сабакі раздолле. А мяне здзівілі дагледжаны агарод і мноства кветак.

— Тэатр, антрэпрыза, кіно і выкладчыцкая работа ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — гэта ж вялікая нагрузка! Калі паспяваеце займацца дачай, ды яшчэ так удала для чалавека, які вырас «на асфальце»?

— Ведаеце, не разумею я такога адпачынку: прыйсці дадому, легчы на канапу і ўключыць тэлевізар. Летам тут фактычна жыву, а ў астатні час даволі часта прыязджаю. Заўсёды ж ёсць работа: узімку — снег расчысціць, увосень — сад давесці да ладу. Тут я адпачываю нават тады, калі займаюся агародам ці нешта майструю. У мяне шмат сяброў. Бывае, што прыедуць, мы талакой папрацуем, а потым ужо адпачываем у такім класічным дачным варыянце: шашлыкі, свая садавіна...

У працу на агародзе я ўцягнуўся неяк паступова. Па-першае, стала цікава, па-другое, мы ж становімся больш адукаваныя і разумеем, што куплёныя садавіна і агародніна нашпігаваныя «хіміяй». Іх жа вырошчваюць на продаж, каб болей грошай зарабіць, і трэба, каб яны як мага даўжэй захоўвалі таварны выгляд. А свой агарод — гэта экалагічна чыстая прадукцыя. Ніякай «хіміі»! Вось, напрыклад, якое ўгнаенне выкарыстоўваю: бяру крапіву, ваду і, прабачце, курыны памёт. У нас тут ніхто жыўнасць не трымае, але ж можна дамовіцца з гаспадарамі з суседняй вёскі. Вось калі гэты «кактэйль» настаіцца, падкормліваю расліны.

— А куды гэта падзеўся Чып і чаму кошка не выходзіць да гасцей?

— У Чыпа тут шмат сяброў — пэўна, пабег павітацца, але ён заўсёды вяртаецца дадому. З кошкай — іншая справа. Яна ў мяне дзяўчынка з характарам. Нейкім чынам апынулася тут у нас, была нічыя. Думаю — забяру сабе. З самага пачатку яна катэгарычна адмовілася ехаць у Мінск. Мы з Чыпам прывозілі ёй ежу, ну і жыллё я зладзіў, каб было куды хавацца ў непагадзь. Потым яна прывяла патомства, і я для ўсіх кацянят знайшоў добрыя рукі. Праз нейкі час свавольніца ўзяла моду сыходзіць з дому. Цяпер гэта агульная кошка ўсяго таварыства: жыве то ў адных суседзяў, то ў другіх, а то дамоў на нейкі час вернецца. Добра, што людзі ў нас тут спагадлівыя да братоў меншых.

— Хто даглядае гадаванцаў, калі з'язджаеце на кіназдымкі?

— Ёсць у мяне добры сябар — ён, дарэчы, кансультуе і па будаўнічых справах. Вось Валера і забірае Чыпа, прыязджае сюды і кошку пакарміць.

— Добра, калі лецішча недалёка ад горада...

— Гэта сапраўды так. Ад пад'езда да брамкі — дваццаць кіламетраў. Таму калі ёсць некалькі вольных гадзін, еду сюды. У нас тут шмат хто жыве круглы год. Я вось таксама думаю прыстасоўваць дом, уцяпляць яго, каб можна было заставацца і на зіму. Тым больш што цяпер знізіўся тарыф на газ для пенсіянераў, праўда, непрацуючых.

— Мусіць, і рыбалка тут добрая?

— Нядрэнная, але часцей ездзім з сябрамі далей. Мая кампанія любіць так капітальна паехаць — дні на два. На Браслаўскіх азёрах ёсць любімыя месцы. Па шчырасці, колькасць трафеяў не надта хвалюе. Задавальненне атрымліваеш ад самога працэсу — калі ты на досвітку сядзіш з вудай у неверагоднай цішыні і такой шчымлівай прыгажосці... А ўвечары — сяброўская гутарка каля вогнішча. Вось з такіх момантаў, на маю думку, і складаецца шчасце чалавека.

— Аляксандр Барысавіч, ці заўважаеце — змянілася стаўленне людзей да прыроды?

— Так, змянілася, і ў лепшы бок. Яшчэ якіх гадоў пятнаццаць таму мы маглі прыехаць на бераг возера і замест адпачынку мусілі прыбіраць смецце за папярэднікамі. Цяпер і людзі больш свядомыя, і, што вельмі важна, створаны адпаведныя ўмовы: у месцах адпачынку ёсць і адмысловыя пляцоўкі для вогнішча, і кантэйнеры для смецця...

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Аляксандра Кашперава

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».