Вы тут

Новыя пялетныя заводы пашыраць экспартны патэнцыял дрэваапрацоўчай галіны


Новыя пялетныя заводы дазволяць пашырыць экспартны патэнцыял дрэваапрацоўчай галіны і больш рацыянальна выкарыстоўваць лесасыравінныя рэсурсы. Адно з такіх прадпрыемстваў будуецца ў вёсцы Слабудка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.


Пілавінне і трэскі, якія ўтвараюцца пры дрэваапрацоўцы, стануць сыравінай для вытворчасці пялет.

— У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта — павышэння эфектыўнасці выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў — Міністэрствам лясной гаспадаркі вядзецца будаўніцтва шасці заводаў па вытворчасці пялет, — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Уладзімір ШУТ. — Яны пачнуць працаваць у першым паўгоддзі 2020 года на тэрыторыі Барысаўскага і Мазырскага вопытных, Пружанскага, Навагрудскага, Клічаўскага, Жыткавіцкага лясгасаў. Агульная гадавая магутнасць заводаў складзе каля 156 тысяч тон, у рэгіёнах будзе створана да 80 рабочых месцаў.

У міністэрстве чакаюць, што з выхадам на праектную магутнасць гэтыя заводы будуць перапрацоўваць каля 350 тысяч кубаметраў незапатрабаванай нізкаякаснай драўніны і 120—130 тысяч тон адходаў лесапілавання.

Што ж датычыцца завода ў вёсцы Слабудка, то, па словах дырэктара Пружанскага лясгаса Уладзіміра ЖАЎНЕРЧЫКА, прадпрыемства з дапамогай лініі літоўскай кампаніі Agregatas будзе вырабляць каля 20 тысяч тон пялет у год. З уводам у эксплуатацыю пялетнага завода разам з устаноўкай сушыльнага комплексу і ўжо дзеючай лініяй па дрэваапрацоўцы тут будзе створаны цэлы дрэваапрацоўчы комплекс.

Чаму сёння такая ўвага ўдзяляецца гэтай галіне? За апошнія дзесяць гадоў у краіне падвоіліся аб'ёмы лесанарыхтовак. І калі высакаякасная драўніна актыўна перапрацоўваецца, то нізкаякасная, якая таксама ўтвараецца пры лесанарыхтоўках, не заўсёды знаходзіць свайго спажыўца. Вытворчасць жа паліўных гранул з такой драўніны, а таксама з выкарыстаннем шчэпак і апілак, што ўтвараюцца пры вырабе піламатэрыялаў, дапаможа эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял лясных рэсурсаў.

Сёння нізкаякасная драўніна ў асноўным перапрацоўваецца ў трэскі, якія выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі на мясцовых міні-ТЭЦ, у сістэме ЖКГ і прадаюцца за мяжу. Дзейнічаюць у Беларусі і пялетныя вытворчасці, якія таксама працуюць з замежнымі партнёрамі. Але новыя заводы будуць больш магутныя: і па аб'ёмах інвестыцый, і па колькасці сыравіны, якую маюць перапрацоўваць.

Вытворчасць пялетнага завода, які будуецца ў Пружанскім раёне, складзе 20 тысяч тон пялет у год.

Як адзначаюць спецыялісты, пялеты карыстаюцца попытам за мяжой, таму плануецца, што 99 % прадукцыі новых заводаў будзе адпраўляцца на экспарт. Па словах Уладзіміра Шута, з выхадам на праектную магутнасць лесагаспадарчыя ўстановы атрымаюць каля 18 мільёнаў долараў валютнай выручкі штогод. Сёння прапрацоўваюцца пытанні паставак у Літву, Латвію, Швецыю, Германію, Аўстрыю, Італію.

Як адзначыў галоўны інжынер Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Віктар БРЫЛЬКОЎ, паколькі падобны завод — першы ў краіне, у працэсе праектавання, праходжання тэхнічных, экалагічных экспертыз узнікалі розныя складанасці. Але спецыяліст упэўнены: вопыт, атрыманы падчас рэалізацыі праекта ў Пружанскім раёне, дапаможа зрабіць хутчэйшым і лягчэйшым будаўніцтва астатніх заводаў.

У жніўні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка па выніках паездкі ў Старадарожскі раён даручыў распрацаваць праграму па забеспячэнні поўнай перапрацоўкі драўняных рэсурсаў. Размова ішла аб уцягванні ў абарот нізкаякаснай драўніны, прыдатнай для вытворчасці трэсак і паліўных пялет.

У канцы мінулага года было прынята рашэнне аб будаўніцтве шасці пялетных заводаў у краіне, а да канца 2021-га сіламі Мінлясгаса будзе пабудавана 12 пялетных заводаў. Будаўніцтва вядзецца за кошт асабістых сродкаў лясгасаў і крэдытаў. Распрацавана і Міжгаліновая праграма развіцця пялетных вытворчасцяў у Рэспубліцы Беларусь.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара і Мінлясгаса

Загаловак у газеце: Цяпло на экспарт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».