Вы тут

У Лондане фінішуе конкурс "Міс свету"


Напрыканцы года разнастайныя міжнародныя форумы прыгажосці працягваюць вызначаць самых-самых. Напрыклад, тытул Miss Supranational 2019 нядаўна атрымала прадстаўніца Тайланду Антонія Порсілд, новай "Міс Сусвет" стала актыўная змагарка супраць гендэрнай няроўнасці Зазібіні Тунзі з Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі. А ўжо ў гэту суботу ў сталіцы Вялікабрытаніі пройдзе фінал найстарэйшага і, бадай, самага маштабнага ў гэтай сферы конкурсу "Міс свету" – 112 прэтэндэнтак на адну карону.


Прадстаўніца нашай краіны Анастасія Лаўрынчук ("Міс фота" на нацыянальным конкурсе прыгажосці 2018-га) знаходзіцца ў Лондане з 20 лістапада і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх прамежкавых этапах, за якія налічваюцца дадатковыя балы ў барацьбе за галоўны тытул. Напрыклад, беларуска ўвайшла ў топ самых спартыўных удзельніц. А выпрабаванні ў намінацыі "Спорт", між іншым, былі сур'ёзныя, не дзеля птушачкі: чаўночны бег, 60-метровы спрынт, скачкі ў даўжыню, а таксама эстафета, дзе, па трапным выразе арганізатараў спаборніцтва, некаторыя канкурсанткі паказалі вынік, якім мог бы ганарыцца нават знакаміты бягун Усейн Болт.

Таксама Анастасія Лаўрынчук стала пераможцай у групавым этапе шматсупенчатага інтэлектуальнага турніру "Head to Head", які правярае эрудыцыю, кемлівасць і знаходлівасць удзельніц, актыўную жыццёвую пазіцыю і ўменне яе абгрунтаваць. Беларуска падчас інтэрв'ю расказала пра сваю дабрачынную дзейнасць – падтрымку сем'яў-усынавіцеляў у вырашэнні шэрагу праблем, з якімі прыёмныя бацькі і дзеці сутыкаюцца штодня. Па выніках гэтага конкурсу дзяўчына ўвайшла ў лік 19 самых інтэлектуальных прыгажунь свету і зноў-такі атрымала дадатковыя бонусныя балы.

Падтрымаць нашу зямлячкі і дадаць ёй балаў у барацьбе можна і ў інтэрнет-галасаванні за "Міс глядацкіх сімпатый", якое праходзіць на афіцыйным сайце конкурсу. На дадзены момант у ім лідзіруюць дзяўчаты з Украіны, В'етнама, Непала і Бангладэш, у якіх больш чым 10% галасоў за кожную.

Наогул, праграма знаходжання ў Лондане для канкурсантак надзвычай насычаная, некаторыя дзяўчаты нават параўноўваюць яе з армейскімі зборамі. Акрамя штодзённага спаборніцтва ў розных намінацыях, трэніровак, рэпетыцый, здымак, інтэрв'ю і фотасесій, прыгажуні з усяго свету знаёмяцца з брытанскай культурай і традыцыямі, удзельнічаюць у шматлікіх дабрачынных праектах – напрыклад, яны сталі спецыяльнымі госцямі каляднай сямейнай вечарынкі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Акрамя таго, дзяўчаты пабывалі ў Вестмінстарскім палацы і пілі чай у Палаце лордаў, наведалі спектакль Нацыянальнай оперы, а таксама Оксфардскі ўніверсітэцкі  саюз, дзе ўзялі ўдзел у публічнай дыскусіі, ці мусіць прыгажосць быць узнагароджанай гэтак жа, як розум, спартыўныя здольнасці або творчыя таленты. У прыватнасці, дэлегацыя ўдзельніц "Міс свету" распавяла пра свае дабрачынныя праекты і валанцёрскую працу, якой займаецца практычна кожная з дзяўчат, пра тое, што ў дадзеным выпадку прыгажосць непадзельная са спагадлівасцю і міласэрнасцю, таму важнай складовай конкурсу з'яўляецца гуманітарны праект "Прыгажосць з мэтай", які штогод збірае дзясяткі мільёнаў долараў на дабрачынныя мэты і змяняе да лепшага жыццё многіх людзей у больш чым 140 краінах. "Нашы тытулы, здольнасці – яны не маюць значэння самі па сабе, важна тое, для чаго, з якой мэтай мы іх выкарыстоўваем", – рэзюмавала дзеючая "Міс Свету" Ванеса Понсе дэ Леон з Мексікі.

Фінал 69-га міжнароднага конкурсу " Міс Свету", нагадаем, адбудзецца 14 снежня ў выставачным цэнтры ExCeL London. У Беларусі тэлеверсію вялізнага шоу у гэты ж дзень пакажа тэлеканал АНТ.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота missworld.com і Instagram канкурсанткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?