Узаемны тавараабарот Беларусі з самым значным партнёрам у Прыволжскай федэральнай акрузе па выніках 2018 года наблізіўся да аднаго мільярда трохстот мільёнаў долараў (агульная лічба гандлю з усёй Расіяй у мінулым годзе склала больш за 35 мільярдаў). Такія значныя сумы ў гандлі з гэтай рэспублікай Расіі ствараюць сумесныя праекты ў нафтагазавай сферы і машынабудаванні. Як зберагчы такі вопыт і павялічыць патэнцыял супрацоўніцтва, абмяркоўвалі Прэзідэнт Рэспублікі Татарстан Рустам Мініханаў і Аляксандр Лукашэнка.
«Каб захаваць і прымножыць гэты годны вынік, нам трэба шукаць новыя пункты росту. Галоўным вектарам узаемадзеяння ў гэтым кірунку бачыцца павелічэнне аб’ёмаў інавацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Ведаю, што вы робіце ў сваёй працы асноўны акцэнт на ўкараненне ў практыку перадавых тэхналогій і навуковых дасягненняў. Мы прытрымліваемся тых жа крытэрыяў», — заўважыў на перамовах кіраўнік Беларусі.
На гэтых прынцыпах развіваецца кааперацыйны праект «МАЗа», «МТЗ», «Амкадора», «БелАЗа» з татарстанскім холдынгам «РарыТЭК» па стварэнні газаматорнай тэхнікі. За апошнія два гады сабрана амаль 200 аўтобусаў на газе. У 2020 годзе будзе выраблена яшчэ столькі ж адзінак падобнай тэхнікі.
Але гэта не ўсе высокатэхналагічныя перспектыўныя праекты Беларусі з Татарстанам. Сумесна з Мінскім маторным заводам прасоўваецца работа па вытворчасці чатырох- і шасціцыліндровых газавых рухавікоў для трактароў МТЗ і машын «Амкадор». У перспектыве плануецца пераход на гэты від паліва самазвалаў «БелАЗ».
«Гэтыя прыклады пацвярджаюць, што мы абралі шлях не канкурэнцыі, а партнёрства. Развіваецца самадастатковае ўзаемадзеянне — ствараюцца новыя працоўныя месцы, прадастаўляюцца роўныя магчымасці для прадпрыемстваў Беларусі і Татарстана. Распаўсюджванне гэтага паказальнага вопыту на іншыя рэгіёны Расіі забяспечыла б большую аддачу ад эканамічнага дыялогу», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
На перамовах бакі вызначылі задачу на будучыню — дасягнуць гадавога ўзроўню тавараабароту ў два мільярды долараў. Прывесці да росту двухбаковага гандлю можа паглыбленне кааперацыі ў машынабудаванні, рэалізацыя новых праектаў у галіне інавацый. Прэзідэнт звярнуў увагу, што пры жаданні магчыма пазбегнуць і адмноўнага сальда для Беларусі ў гандлі, якое ўзнікае з-за пакупкі нафты.
Падзякаваў Прэзідэнт і за разумнае, партнёрскае стаўленне да «МАЗа», нягледзячы на існаванне заводу «КамАЗ»: «Вы не лабіруеце, так, ведаеце, у тупую КамАЗ, бачучы, што дзесьці МАЗ пераўзыходзіць яго. А дзесьці, можа, КамАЗ не выпускае такую прадукцыю. Асабліва з газаматорнага паліва».
Беларусь гатова наладзіць супрацоўніцтва з ІТ-паркам Татарстана
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што краіна мае сур’ёзныя магчымасці ў галіне нана- і біятэхналогій, а беларускі Парк высокіх тэхналогій з’яўляецца адным з найбуйнейшых кластараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў галіне распрацоўкі камп’ютарных прадуктаў.
«Мы гатовы наладзіць цеснае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы з казанскім ІТ-паркам і іншымі навукова-вытворчымі цэнтрамі Татарстана», — запэўніў лідар Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым пытанні па нафце
Ключавым кірункам супрацоўніцтва Беларусі і гэтага рэгіёну Расіі застаецца нафтахімічны сектар, на долю якога прыпадае палова тавараабароту. «Добра, што вы сёння прыехалі. Мы якраз вядзём з Расіяй дыялог па выбудоўванні супрацоўніцтва ў галіне нафты. Я думаю, што сённяшняя размова (а мы аб гэтым пагаворым) будзе вельмі важнай не толькі ў інфармацыйным плане, але і ў сувязі з работай у гэтым сектары», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь прапаноўвае пабудаваць у Татарстане смеццеперапрацоўчы завод
Перспектывамі для больш шырокага ўзаемадзеяння валодае і сфера экалагічнай бяспекі. У 2019 годзе Расія ўключыла ў парадак дня актуальнае ва ўсім свеце пытанне перапрацоўкі адходаў і другаснай сыравіны. «У гэтай сферы мы гатовы з вамі супрацоўніцаць аж да будаўніцтва смеццеперапрацоўчых заводаў „пад ключ“, калі вас гэта зацікавіць. У нас аналагічнае прадпрыемства функцыянуе ў Брэсце. Вы ці вашы спецыялісты могуць яго паглядзець», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі і Татарстана ёсць вялікія магчымасці і перспектывы для прасоўвання сумесных рэгіянальных праектаў, кантактаў медыцынскіх і адукацыйных устаноў, моладзевых арганізацый. Прэзідэнт падзякаваў татарскім гасцям за стварэнне камфортных умоў для беларускай каманды ў Казані, дзе праходзіў чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве «Worldskills-2О19». Дзякуючы ў тым ліку і цёпламу прыёму гаспадароў беларусы паказалі добрыя вынікі ў катэгорыях «Тэхналогіі праектавання ў будаўніцтве» і «Прамысловы дызайн».
У тэму
Татарстан гатовы да сумеснай работы з Беларуссю па здабычы нафты.
Гэтая ідэя для захавання беларускай школы здабычы нафты гучала на ранейшых перамовах. «Аляксандр Рыгоравіч планаваў атрымаць магчымасць узяць радовішча, і мы разам з партнёрамі планавалі работаць. Гэта ідэя не сышла, яна засталася. Ён яе сёння таксама агучыў, і мы гатовы да гэтай работы», — паведаміў журналістам Рустам Мініханаў.
Падчас візіта ў Беларусь Рустам Мініханаў правёў сустрэчу ў мінскай мячэці з актывам татарскай суполкі, наведаў прадпрыемства «БелАЗ», дзе сам змог апрабаваць самазвал за рулём. Пасля сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Татарстана правёў перамовы па нафтахіміі з прэм’ер-міністрам Беларусі.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.
Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.